Вы тут

Ядомыя хрызантэмы


Мы прывыклі бачыць у хрызантэме толькі вельмі прыгожую кветку. Як дэкаратыўная культура яна вядомая з глыбокай старажытнасці. Асабліва любяць і шануюць хрызантэму ў Кітаі і Японіі. Менавіта там з'явіліся і яе ядомыя формы. Цяпер хрызантэма як агародніна, зялёная расліна з рэзкім смакам, шырока вядомая не толькі на Усходзе, але і ў Амерыцы, Еўропе, у апошнія гады яна з'явілася ў Расіі, а магчыма, неўзабаве дабярэцца і да нас.

14-9

Агародная хрызантэма — аднагадовая расліна. Сцябло дасягае 1 м вышыні. Лістоў шмат, яны падоўжанай формы, мясістыя, перыстараздзельныя, зялёныя, з тонкім водарам. Кветкі — адзінкавыя, даволі буйныя, жоўтыя ці белыя. Зацвітаюць (адразу па некалькі кветак) прыкладна праз месяц пасля ўсходаў. Перыяд цвіцення працяглы — больш за два месяцы. Агародная хрызантэма — пластычная расліна, у нашых умовах можа вырошчвацца і ў абароненым, і ў адкрытым грунце. Яна холада- і засухаўстойлівая, але вельмі святлалюбная. Размнажаецца насеннем. Можа расці на рознай глебе, але аддае перавагу лёгкай.

Расліны ядомай хрызантэмы жыццеўстойлівыя, з высокай аднаўленчай здольнасцю — пасля абрывання лістоў хутка адрастаюць новыя. У Кітаі яе называюць «бясконцай раслінай».

Пасевы можна праводзіць у адкрыты грунт з ранняй вясны, але можна і пазней, бо гэта хуткаспелая культура — гатоўнасць да выкарыстання ў ежу наступае праз месяц пасля пасеву. У гэты час збіраюць далікатныя галінкі. Калі затрымацца з уборкай, галінкі грубеюць, а ў ежу выкарыстоўваюць лісты і кветкі.

Пры неабходнасці атрымаць насенне сеюць рана ці высаджваюць расаду. Для фарміравання насення гэтай хрызантэме патрабуецца ад 130 да 190 дзён. У адкрыты грунт насенне сеюць на градкі радком на адлегласці 55-70 см. Пасля з'яўлення ўсходаў, калі расліны падрастуць, іх прарэджваюць, пакідаючы паміж імі 25-30 см. Выдаленыя сеянцы выкарыстоўваюць для ежы.

Догляд хрызантэм просты і звычайны: праполкі і рыхленні. У ежу ўжываюць маладыя парасткі, лісце і кветкі чатырох відаў, часцей за іншых — увянчаную і мнагалістую. У Японіі і Кітаі існуе цэлы шэраг сартоў ядомых хрызантэм і рэцэптаў іх прыгатавання. Для нас гэтая культура новая, і пакуль нават у Расіі няма яе айчынных сартоў, але там ёсць ужо пэўныя формы.

14-12

Хрызантэма можа служыць дыетычным прадуктам харчавання. У яе лістах і кветках змяшчаецца шмат бэта-каратыну, вітамінаў В1, В2, РР, С; акрамя таго, там спрыяльны састаў мікраэлементаў: калій, кальцый, прысутнічаюць фосфар, натрый, жалеза. Лісце валодае спецыфічным прыемным пахам і пікантным смакам. Кветкі выкарыстоўваюцца не толькі ў ежу, але і для ўпрыгожвання страў.

Агародную хрызантэму добра ўжываць у сырым выглядзе (у салатах) разам з іншай гароднінай; у якасці прыправы; можна дабаўляць у супы, адварваць, тушыць і смажыць.

У Японіі пры выкарыстанні ў ежу кветак ядомай хрызантэмы іх спачатку вымочваюць у воцаце з цукрам. Суквецці валодаюць аздараўленчымі ўласцівасцямі: павышаюць устойлівасць да неспрыяльных умоў навакольнага асяроддзя, служаць прафілактычным сродкам супраць узнікнення ракавых захворванняў.

Ірына Тамковіч

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.