Вы тут

Як напоўніць малочныя рэкі?


У вёсцы Даўгінава, што ў Вілейскім раёне, я была гадоў пяць таму: наведала населены пункт па просьбе мясцовых жыхароў, якія скардзіліся, што малаказборшчыца разбаўляе малако вадой, ды і наогул увесь час заніжаецца працэнт яго тлустасці.

14-13

Пабываўшы тады на Вілейскім малаказаводзе, упэўнілася, што паказчыкі тлустасці малака ва ўсіх, хто здае яго з уласных падворкаў, як пад грэбень практычна аднолькавыя: 2,1—2,5%. Але такога насамрэч не магло быць! Ведала гэта з асабістага вопыту, паколькі вырасла ў вёсцы, а таксама ў свой час працавала на малочнатаварнай ферме падлікоўцам малака. Тлустасць яго залежыць ад пароды, індывідуальных якасцяў каровы, рацыёну і структуры кармоў, догляду, пары года. Нават стрэсы могуць уздзейнічаць на колькасць тлушчу ў малацэ...

Пасля публікацыі мне патэлефанавалі даўгінаўцы з падзякай: нарэшце ў нас навялі парадак. Малако з падворкаў пачаў збіраць індывідуальны прадпрымальнік, вельмі прыстойны чалавек, тлустасць малака ён вымярае на месцы індывідуальным прыборам, працэнт яе значна павысіўся. У выніку людзі сталі атрымліваць за здадзеную прадукцыю больш грошай. У вёсцы пачаўся ажыятаж: некаторыя жыхары, што не мелі каровы, купілі яе, у каго было дзве — абзавяліся трэцяй і нават чацвёртай....

І вось зноў званок з Даўгінава, зноў нараканні на тлустасць...

Станіслава Дударэвіч працавала ветэрынарным урачом у калгасе. Цяпер яна на пенсіі. Свойскую жывёлу трымала заўсёды, не адмовілася ад яе і сёння: у яе чатыры дойныя каровы і цялушка!

— Раней не было ніякіх пытанняў, тлустасць малака задавальняла. А цяпер мне, напрыклад, ставяць толькі базавую — 3,6%. Шмат губляю ў грошах. Але ж восенню тлустасць заўсёды вышэйшая. Я пакідаю для сябе ранішні надой, дык амаль што паўвядра смятаны збіраю.

— А як з кармамі? Самі нарыхтоўваеце? — пацікавілася ў Станіславы Станіславаўны.

— Цялят здаём у ААТ «Даўгінава», атрымліваем паўтара кілаграма збожжа за кілаграм жывой вагі і паўтары тоны сена (раней давалі па 3 тоны). Але гэтага малавата, каб пракарміць жывёлу: самі залужаем участак, апрацоўваем, косім траву, — адказвае яна. — Дзякуючы сваёй гаспадарцы я вывела ў людзі траіх дзяцей, усім дала вышэйшую адукацыю... Цяпер жа асабліва не дапаможаш, прыбытак ад малака ёсць, але не надта вялікі, — уздыхае жанчына.

Для Раісы Ніжнік, якая трымае дзвюх кароў, рагулі — сэнс жыцця. Сама не паесць, пакуль не заменіць ім падсцілку, не падоіць, не накорміць.

— Я па спецыяльнасці заатэхнік, таму ведаю, чым карміць жывёлу, каб было добрае і якаснае малако: даю канюшыну, уводжу ў рацыён кармавыя дабаўкі, у прыватнасці, філуцэн. — Мая дачка працуе на прадпрыемстве, дзе выпякаюць вафельныя стаканчыкі для марожанага. А для іх прыгатавання выкарыстоўваюцца мука першага і вышэйшага гатункаў, соль, алей. Крошкі, адходы можна выпісаць па прымальным кошце, — дык вось гэтай смакатой я частую сваіх гадаванцаў. І няўжо пры такіх кармах можа быць тлустасць толькі 3,6%? Раней жа выстаўлялі ад 3,8 да 4,6%.

Намеснік начальніка мясцовага паштовага аддзялення Тамара Казуля спачатку трымала дзвюх кароў. Калі дачка паступіла вучыцца, набыла яшчэ дзвюх.

— Як ішло вялікае малако, то за 10 дзён атрымлівала за здадзенае 2,5 млн рублёў, цяпер за дэкаду выходзіць паўтара мільёна, — падзялілася са мной жанчына. — Вядома, гэта добрая прыбаўка да сямейнага бюджэту. Але ж... шмат губляю на тлустасці: не дацягвае чамусьці да базавай. Атрымліваецца, чым больш здаеш малака, тым больш недабіраеш грошай.

Валянціна Більдзюг, як і папярэднія мае суразмоўцы, на пенсіі, але працягвае працаваць прадаўшчыцай у краме.

— Пакуль збываць сваю карміцельку не збіраюся, хоць базавай тлустасці не ставяць, — кажа яна. — Разумею, што не можа быць усё ідэальна. Але ж павінна быць нейкая сістэма.

Напрыклад, браць пробы малака на тлустасць не раз на 10 дзён, а часцей. Гэта будзе дысцыплінаваць людзей, выхоўваць у іх адказнасць і перад суседзямі, і перад дзяржавай. Нікому не прыйдзе ў галаву разбаўляць малако вадой ці выліваць у агульную ёмістасць забруджанае. Малаказдатчыкам хацелася б, каб прыбор для замеру быў непасрэдна ў машыне, як раней, каб кожны ахвотны змог асабіста ўпэўніцца, што яго не падманваюць. А ў лабараторыі па-за кантролем здатчыкаў можна што заўгодна напісаць...

— Тут можна і за людзей заступацца, і за прадпрымальніка Алега Асаёнка, — казалі іншыя. — Дзякуй, што пагадзіўся збіраць малако. У іншых вёсках людзі не ведаюць, куды яго збываць. А тут ніякіх праблем: прыехала машына і цэнтралізавана даставіла сырадой па месцы прызначэння. А што датычыцца людзей, то, безумоўна, яны лічаць, што малако ад яго кароў самае-самае. Але ж да кожнага кантралёра не паставіш. Найлепшы кантралёр — асабістае сумленне.

Як распавядае вядучы спецыяліст Даўгінаўскага сельскага Савета Наталля Мінчык, малако на тэрыторыі сельсавета збіраецца ў 21 населеным пункце. Яно закупляецца дзяржавай па ніжэйшых коштах у параўнанні з рознічнымі гандлёвымі цэнамі. Тым не менш людзям выгадна яго здаваць. Летась сельсавет заняў першае месца ў раёне па закупцы малака ў насельніцтва, атрымаў прэмію ў памеры 10 базавых велічынь. (За гэтыя сродкі набылі ксеракс, якім карыстаюцца як самі работнікі, так і ўсе ахвотныя жыхары.)

— У нас з індывідуальным прадпрымальнікам Алегам Асаёнкам склаліся добрыя адносіны. Але ж ёсць і праблемы. Напрыклад, прыходзяць людзі, скардзяцца на нізкую тлустасць. Разбіраемся. Да нядаўняга часу ў Алега Яўгенавіча быў абсталяваны пункт у суседнім Куранцы, дзе лабарантка рабіла аналізы. Калі ўзніклі спрэчныя пытанні, ён купіў новы сучасны апарат, які паказвае не толькі колькасць тлушчу, але і шчыльнасць, кіслотнасць, наяўнасць саматычных клетак. Узяў прадпрымальнік і новую лабарантку, якая будзе перыядычна выязджаць разам з вадзіцелем, што збірае малако, — распавяла Наталля Мінчык. — Думаю, калі ўзнікнуць нейкія праблемы, яна зможа некалькі разоў пераправерыць аналізы.

Наталля Віктараўна прывяла канкрэтную сітуацыю. Прыйшла ў сельскі Савет жанчына, паскардзілася, што заніжаюць тлустасць малака ад яе каровы. Узялі пробу паўторна — той жа самы вынік. Зноў не паверыла. І тады старшыня сельскага Савета павёз яе на малочнатаварную ферму, дзе ў яе прысутнасці правялі аналіз, які пацвердзіўся: тлустасць 2,0%.

Больш кабета не з'яўлялася: з фактамі не паспрачаешся...

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.