Вы тут

Любові хапае на ўсіх


Яна не вымяраецца запісам у пашпарце.

20 шматдзетных маці атрымалі высокую ўзнагароду — ордэн Маці — з рук старшыні Мінскага абласнога камітэта Сямёна Шапіры. Адной з іх стала Любоў Чагіна, маці пяці ўласных дзяцей, і шасці прыёмных.

Вялікая сям'я Чагіных жыве ў пасёлку Крынічны ў дзіцячай вёсцы «Вытокі». Іх трохпавярховы катэдж абкружаны сасновым борам. У двары растуць ружы і пахне грыбамі... А літаральна пяць гадоў таму яны ўдзесяцёх жылі ў мінскай трохпакаёўцы...

14-30

Дапамога — гэта дабравольная місія

— Калі ў нас было трое дзетак: Ангеліна, Валера і Руслан, мы жылі ў зусім маленькай кватэры, — распавядае маці-гераіня. — З цягам часу як шматдзетная сям'я пабудавалі трохпакаёўку, і нам здалося, што там занадта шмат месца — вырашылі ўзяць яшчэ дзіця. Першымі прыёмнымі дзецьмі якраз пасля Новага года сталі 3-гадовая Ганначка і яе гадавалы брат Жэня. Пасля з'явіўся 13-гадовы Валік. Праз нейкі час я даведалася, што ў доме дзіцяці ёсць маленькі хлопчык. Я доўгі час наведвала яго ў бальніцы, — так у нас з'явіўся 7-месячны Ігар, а праз год — 2-месячная Кіра, яго сястрычка. Тры гады назад абое малыя сталі нашымі роднымі дзецьмі. Затым у сям'ю прыйшлі 7-класніца Ганна і яе брат першакласнік Сяргей. Пасля з'явілася Марта, а ў канцы мінулага навучальнага года — Света і Таня.

Далейшы лёс сям'і склаўся так, што пляменнік Любові трапіў у прытулак. Хлопчык вельмі хацеў жыць з цёткай, але ж забраць яго адзінаццатым у кватэру было немагчыма ўжо проста фізічна. Якраз на той момант была створана дзіцячая вёска «Вытокі» ў Бараўлянах, і прыёмныя бацькі сталі там бацькамі-выхавальнікамі, забраўшы да сябе 14-гадовага пляменніка Уладзіка.

— Я вельмі люблю дзяцей. Мне шкада, калі яны апынаюцца ва ўмовах, што іх няма каму абараніць. Была б у мяне магчымасць, я ўсынавіла б усіх сваіх дзяцей, — расказала Любоў. — Усе яны ведаюць, што любоў не вымяраецца запісам у пашпарце, яны проста адчуваюць яе кожны дзень.

—  Гэта яе місія, напэўна, — дапамагаць людзям, яна ўсіх шкадуе, — дадае галава вялікага сямейства Дзмітрый Чагін.

Магчыма, такое жаданне дапамагаць сфарміравалася ў жанчыны яшчэ ў дзяцінстве. Хаця ў сям'і яе бацькоў было толькі двое дзетак (яна ды брат), доўгі час там знаходзілася стрыечная сястра Надзея, якая засталася без маці ў 16 гадоў.

— У мяне заўжды перад вачыма быў прыклад, што ёсць чалавек, якому патрабуецца дапамога, магчыма, таму я і прывыкла дапамагаць, — разважае Любоў Мікалаеўна. — Адносіны ў маёй уласнай сям'і будуюцца выключна на ўзаемнай павазе. Амаль усе дзеці называюць мяне мама, акрамя Тані і Светы, якія яшчэ не прывыклі да мяне з мужам. Шмат хто сустракаецца са сваімі роднымі бацькамі, сазвоньваецца з імі па тэлефоне. Мне так цікава чуць, як яны кажуць: «Мама, ты прыедзеш? Мне мама сказала, што цябе чакае».

Бацька і маці ў вачах дзіцяці

У вольны час дзеці любяць глядзець кіно, гуляць у настольныя гульні, спяваць у караоке.

Ганна любіць чытаць. Ангеліна вучыцца іграць на гітары, займаецца плаваннем, тэнісам, пачынала прафесійна займацца акрабатыкай, на ўсіх спаборніцтвах бегае за клас. Света добра малюе. Валера пляце з бісеру, танцуе брэйкданс. Руслан займаецца паркурам, спартыўным арыентаваннем. Марта вяжа кручком і робіць шмат сваімі рукамі.

Старэйшыя дзяўчаты ўжо паціху трэніруюць малых. Кіра як сапраўдная гімнастка дэманструе мне расцяжку ў шпагаце, а Ігар цудоўна малюе гуашшу.

— Самы вялікі аматар спеваў — мама, — выдае сакрэт Ангеліна. — Яна таксама добра шые і вяжа. На ўсе навагоднія ранішнікі стварае касцюмы сама, Ігар вось быў у мінулым годзе астролагам. Кіры нядаўна звязала кофту, а тата атрымаў цёплыя шкарпэткі.

— Тата вельмі добра і смачна гатуе. Яго каронная страва — плоў, які я вельмі хачу навучыцца гатаваць, — дзеліцца Ганна. — У мамы — гэта тварожныя пончыкі. І ўсе мы, хто старэйшы, умеем гатаваць мяса па-французску, мама навучыла.

Гатуюць, прыбіраюцца і адпачываюць Чагіны ўсе разам. У кожнага за сталом сваё месца.

— Мы гатуем у звычайных 6-літровых каструлях. Усё з'ядаецца адразу, назаўтра гатуецца новае. Мне вельмі дапамагаюць дзяўчаты, таму я не адчуваю, што аддаю кухні шмат часу. Яны ўсё ўмеюць: бліны смажаць, курыцу запякаюць, суп вараць. Руслан, які цяпер вучыцца ў БНТУ і жыве ў інтэрнаце, мне звоніць і пытаецца: «Мама, я не разумею, як мне гатаваць на аднаго? Колькі солі трэба і вады, каб макароны зварыць?» — смяецца Любоў Мікалаеўна.

Марскія прыгоды

Калі Чагіны кудысьці выязджаюць на адпачынак, стараюцца рабіць гэта ўсёй сям'ёй — проста ездзяць у два рэйсы.

— Прыязджаем мы, напрыклад, на Мінскае мора, з вады толькі і чуваць: «Мама, я тут!», «Мама, паглядзі, куды я заплыў!». І калі так крычаць усе па парадку, то іншыя адпачывальнікі пачынаюць азірацца, дзе ж тая мама, у якой столькі плыўцоў, — дзеліцца гісторыямі Любоў.

Маці-гераіня вельмі баіцца вады, таму перажывае, каб дзеці не адплывалі далёка. На адпачынку ў Сочы ў 2008 годзе здарыўся выпадак, які стаў для яе сапраўдным шокам.

— Мы адправіліся ў марское падарожжа на катары з Ангелінай і Русланам. Спыніліся пасярод мора, дзецям раздалі камізэлькі і прапанавалі паплаваць. І мае дзеці, не пытаючыся нічога, нацягнулі гэтыя камізэлькі і ўскочылі ў ваду. Я сама не ўмею плаваць, і была ў такой істэрыцы, што проста пачала крычаць, як убачыла гэта. А яны мне з вады адказваюць: «Мама, нам камізэлькі перашкаджаюць плаваць. Можна мы іх здымем?» Да берага вярталіся яны на надзьмутым крузе, які быў прычэплены да катара. У выніку дзеці адпачылі, а мама ледзьве не захварэла, — успамінае Любоў, якая цяпер успрымае гэта ўжо як жарт. З часам яна прызвычаілася, што ўсе яе дзеці рухавыя, смелыя і няўрымслівыя і з гэтым трэба проста мірыцца.

Валік цяпер жыве самастойна, але прыязджае да бацькоў на ўсе святы і выхадныя. Маці Ганны і Сяргея праз 1,5 года пасля пазбаўлення яе бацькоўскіх правоў, выправілася і аднавіла свой статус, нарадзіла яшчэ адну дзяўчынку. Хлопчык зараз жыве з ёю. 16-гадовая Ганна, якой на той момант было 14 гадоў, вырашыла застацца з новай маці. З абедзьвюма ў яе добрыя адносіны.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.