Вы тут

У Маскоўскім раёне сталіцы запусцілі бясплатныя курсы падтрымкі сем'яў і падлеткаў


Мы прывыклі, што тэрытарыяльныя цэнтры сацабслугоўвання насельніцтва актыўна займаюцца з пажылымі людзьмі. Ладзяць для іх гурткі самадзейнасці, праводзяць заняткі па ёзе, навучаюць замежным мовам. Але на падтрымку ў мясцовых цэнтрах могуць разлічваць не толькі пенсіянеры. Псіхолагі ТЦСАНа Маскоўскага раёна горада Мінска вырашылі запусціць бясплатныя трэнінгі для падлеткаў і маладых пар, каб дапамагчы тым справіцца з праблемамі, што ўзнікаюць штодня. Спецыялісты не баяцца, што курсы прыбавяць ім працы. Наадварот, самі ходзяць па школах і ў ЗАГС, каб запрасіць у групы зацікаўленых.

[caption id="attachment_105921" align="alignnone" width="600"]Ка­ман­да псі­хо­ла­гаў, якая вя­дзе кур­сы. Ка­ман­да псі­хо­ла­гаў, якая вя­дзе кур­сы.[/caption]

— Мне здаецца, калі людзі ідуць працаваць у сацыяльную сферу — гэта ўжо дыягназ, — жартуе псіхолаг ТЦСАНа Маскоўскага раёна Святлана МАЦУЛЕВІЧ. — Ты першапачаткова накіраваны на дапамогу і ў нейкай ступені альтруістычнасць, жадаеш штосьці змяніць. Запусцілі курсы і таму, што самі хочам развівацца, нам цікава апрацаваць новыя методыкі.

Сённяшнюю запатрабаванасць псіхолагаў спецыялісты тлумачаць тымі ўмовамі, у якіх мы жывём. Калі ў савецкія часы чалавек пераважна разглядаўся як частка грамадства, то цяпер робіцца факусіроўка на асобе. Некалі і сам лад жыцця быў іншы: за фізічнай працай не было часу на эмацыйныя праблемы.

Адна з задум псіхолагаў тэрытарыяльнага цэнтра — праводзіць сустрэчы сямейнага клуба, дзе будуць абмяркоўвацца асабістыя, дзіцяча-бацькоўскія тэмы. І справа не ў тым, што ў сённяшніх сужэнцаў праблем больш. Паводле слоў спецыялістаў, раней сямейнаму інстытуту была ўласціва стрыманасць. Калі ты ажаніўся, то гэта на ўсё жыццё. І людзі ў сітуацыі, у нейкай ступені, безвыходнасці, больш паблажліва пачыналі ставіцца да недахопаў другой паловы, мірыліся з імі. Цяпер лічыцца, што ўсё можна памяняць. І сужэнца ў тым ліку. Не сышліся характарамі — развяліся. Але непаразуменні будуць з'яўляцца, бо жаночая псіхалогія дыяметральна супрацьлеглая мужчынскай.

— Трэба не ўскладаць надзеі, а канкрэтна расстаўляць кропкі над і, — раіць загадчык аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Анастасія САРАГАВЕЦ.

— Шлюб — гэта поўнае пазнаванне чалавека, — дадае Святлана. — Толькі пасля вяселля людзі цалкам раскрываюцца. Да шлюбу яшчэ вядзецца гульня, мужчына і жанчына спрабуюць заарканіць адно аднаго.

— Беларуская статыстыка ўжо каторы год сведчыць аб вялікай колькасці разводаў. Можа і добра, што людзі, не знайшоўшы паразумення, разыходзяцца? — пытаю ў Святланы.

— Не думаю. Хаця б таму, што калі бацькі разводзяцца, траўмуюцца дзеці. За выключэннем асобных выпадкаў (калі, напрыклад, у сям'і ёсць месца гвалту), я за захаванне шлюбу. Тым больш у многіх сітуацыях гэта магчыма. Перашкаджае нежаданне працаваць над адносінамі.

Для падлеткаў у тэрытарыяльным цэнтры адкрываюць групу псіхалагічнай падтрымкі «Цяжкія пытанні». На сустрэчах, што будуць праходзіць у фармаце дыскусій і трэнінгаў, школьнікам падкажуць, як лепш з улікам іх здольнасцяў арганізаваць навучанне і вольны час, як не паддацца дэпрэсіі ў няпростых сітуацыях. Паводзіны дзяцей у падлеткавым узросце, тлумачаць псіхолагі, з большага абумоўлены не характарам, а ўзроставымі зменамі. Раздражняльнымі школьнікаў робяць гармоны. Бацькам у гэты перыяд не варта пастаянна крытыкаваць падлеткаў. Лепш паклапаціцца, каб быў надзейным асяродак, дзе дзіця праводзіць свой час.

— Як працаваць з падлеткамі? Іх трэба навучаць па прынцыпе роўны роўнаму. Гэта самы дзейсны метад узаемадзеяння з дзецьмі ў такім узросце. І ў нашага псіхолага Кацярыны гэта добра атрымліваецца. Яна ходзіць цяпер па бацькоўскіх сходах, набірае групу, — расказвае Анастасія Сарагавец.

Яшчэ адзін цікавы курс, які вырашылі запусціць у ТЦСАНе, называецца «Мастацтва быць жанчынай». І, паверце, ён не пра тое, як правільна варыць баршчы і сустракаць мужа ўвечары.

— Нагадваем жанчынам, што трэба любіць сябе, — расказвае пра курсы Святлана. — У сучасных жанчын шмат абавязкаў, такая напруга, што пра сябе часам забываюць. Хацелася б адцягнуць увагу ад гэтага рэжыму нон-стоп.

Падобныя платныя трэнінгі (дзень заняткаў ад вядомых гуру можа абысціся больш за 100 долараў!), трэба сказаць, карыстаюцца папулярнасцю. Чаму? «У нас мужчын менш за жанчын, а кахання і шчасця хочацца кожнай, — усміхаецца Святлана. — Цяпер прыходзіш у любы рэстаран і бачыш, наколькі нашы дзяўчаты яркія. На гэтым фоне складана вылучацца. Нават прыгожыя і цікавыя жанчыны могуць адчуваць сябе няўпэўнена».

Спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра кажуць, што цурацца псіхолагаў і думаць, што іх паслугі толькі для хворых, — глупства. Стрэсы, выгаранні, унутрыасобасныя канфлікты бываюць у кожнага. Калі праблемы не прапрацоўваць, узнікае незадаволенасць, азлобленасць. Але ў сілах псіхолагаў змяніць гэты негатыўны настрой.

Звязацца са спецыялістамі і запісацца на курсы можна па тэлефоне 8(017) 372-25-36.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».