Вы тут

Ямчэй за любое імя


Супадзенне, але з кола знаёмых нашай сям'і дачка дагэтуль зусім неразборліва вымаўляе толькі адно імя — маміна. Так супала, што ў простым слове «Віка» адразу дзве літары — «в» і «к» пакуль з'яўляюцца для яе сур'ёзнай перашкодай. Жартам жонка часам крыўдуе на такую «несправядлівасць», але ў глыбіні душы яна разумее: з першага Васілісінага слова і на ўсё жыццё Віка будзе для дачкі проста «мама», а гэта — цяплей, ямчэй і глыбей, чым любое імя.

natatki

Напаўненне ў слове «мама» для кожнага чалавека сваё. Сэнс яго прыблізна аднолькавы, але адценні — вельмі розныя. Для мяне, як і для большасці, эталонам тут з'яўляецца мая маці. Разам з бацькам яны нарадзілі і паставілі на ногі 10 дзяцей. Тое, якой цаной гэта ім далося, мы асэнсавалі, толькі калі падраслі. Малым нам было складана зразумець, чаму мама не любіць цукерак. Чаму, калі на стале з'яўляліся якія-небудзь прысмакі, яна заўсёды казала, што ўжо наелася ці пачастуецца потым. У яе атрымлівалася спраўляцца з такой колькасцю дзяцей і весці гаспадарку, бо бацька заўсёды прападаў на працы. Пры гэтым мама амаль ніколі не павышала голас, толькі зрэдку запрашала ў памочніцы цётку крапіву. Сёння кожны з нас скажа, што вырас у любові, але ніхто не можа пахваліцца тым, што ён быў любімчыкам. Маці вучыла нас шчырасці і справядлівасці. Кожны дзень абавязкова зычыла поспехаў перад школай. Калі падрасталі, ніколі не ўмешвалася падчас выбару прафесій. Давала магчымасць самім вызначыцца з будучыняй. Толькі прасіла ўважліва ўсё абдумаць і рэальна ацаніць свае здольнасці. Потым разам з намі хвалявалася і ўпотай прасіла ў Бога падтрымкі. Шчыра радавалася паступленням і хрысціла ўслед, калі прыходзіў час адпраўляцца на вучобу. Яна амаль нідзе не была, але заўсёды гаворыць, што бачыла шмат, бо бачыла галоўнае. Сёння матуля з такой жа пяшчотай працягвае хвалявацца за нас і за нашых дзяцей.

У дзяцінстве мы, напэўна, недастаткова цанілі тое, што давалі нам бацькі, бо былі перакананы: гэта іх абавязак. Мы не ведалі, што больш дае не той, хто забяспечвае ўсім неабходным, а той, хто аддае ўсё. Мы раслі з глыбокім перакананнем, што ўсе мамы і таты — правільныя, але жыццё паказвала іншае.

Аднойчы падчас працы ў раённай газеце мне давялося пабываць на пасяджэнні камісіі, на якой разглядалі справы праблемных сям'яў. На парадак дня было вынесена пытанне пазбаўлення адной «маці» бацькоўскіх правоў у дачыненні траіх яе непаўналетніх дзяцей. Па дакументах яшчэ зусім маладая — да 25, знешне яна выглядала на ўсе 40. Часты госць такіх пасяджэнняў, яна, напэўна, была адзінай, хто адчуваў сябе тут камфортна. Сваімі паводзінамі, кожным словам і жэстам выказвала сваю абыякавасць да таго, што адбываецца. На ўсе ж дакоры камісіі адказвала толькі яхіднай усмешкай. Калі ж старшыня не вытрымаў і нарэшце выдаў: «Марына, мы будзем рыхтаваць паперы, каб пазбавіць цябе бацькоўскіх правоў», яна ўсё з той жа абыякавасцю выдала: «Напужалі. Забірайце! Я сабе яшчэ нараджаю. Буду нараджаць вам на зло!»

Калі расказваў пра гэты выпадак сваёй маці, на яе вачах блішчэлі слёзы. Адзінае, што яна прамовіла: «Так не павінна быць, бо кожная жанчына кардынальна мяняецца з нараджэннем дзіцяці»... Гэтыя словы цвёрда зафіксаваліся ў маёй падсвядомасці.

Сёння я з цікавасцю назіраю за тым, як з нараджэннем дачкі змянілася мая Віка. У ёй праяўляюцца тыя рысы, аб якіх я нават не мог здагадвацца. Многія яшчэ да нядаўняга часу прынцыповыя рэчы адышлі на другі план. Кожную сваю хвіліну яна ўдзяляе дачцэ. З уважлівасцю падыходзіць да ўсяго, што звязана з яе выхаваннем і развіццём. Асаблівае месца адводзіць чытанню. Жонка ўзяла за правіла хаця б раз на месяц набываць дачцэ па новай кнізе. На практыцы гэта адбываецца часцей, чаму Васіліса толькі рада. Безумоўна, я таксама імкнуся максімальна ўдзельнічаць у выхаванні, але асноўная нагрузка ляжыць на плячах жонкі. Менавіта дзякуючы яе намаганням Васіліса ў свае год і сем месяцаў вельмі камунікабельная, шмат чаго ўмее рабіць самастойна. Нават з цікавасцю асвойвае літары (якія ўмее называць), казкі ж не проста слухае, але і адказвае на простыя пытанні па іх змесце.

Часам, калі ўвечары гуляем разам з Васілісай у лялькі, тлумачу дачцэ, што яна, як матуля, павінна клапаціцца аб іх. Тады малая адразу пачынае шкадаваць і закалыхваць «дачушак» на руках. Яна ведае, як трэба прыгатаваць для іх «сюп» і даць «піць». Плаксу, калі той пачынае пішчаць, будзе спачатку супакойваць, а потым пагрозіць пальчыкам і скажа: «Цыц!». Калі ж запытаешся ў яе, хто Насціна (так завуць адну з лялек) мама, Васіліса тыркне сабе ў грудзі пальчыкам і вымавіць «Ці». Тут я не ўтрымаюся ад усмешкі, абавязкова з усёй пяшчотай пацалую дачку і моцна абдыму, каб яна адчула любоў, якую праз дзясяткі гадоў будзе дарыць маім унукам.

Аляксандр АЛЕСІК

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.