Вы тут

Закон кокана


5_1

Мая мама чамусьці ў штыкі ўспрымала ўсіх маіх кавалераў. Заўсёды паўтарала «Любоў зла — палюбіш і казла». Праўда, крыху пазней я, расчараваўшыся ў «самым лепшым, самым разумным, самым прыгожым», у адчаі пагаджалася з ёй і думала: «Вось выйду замуж, нараджу сына і выхаваю некаму цудоўнага мужа — добрага, шчырага, шчодрага, адказнага, самастойнага...» Але мая саманадзейнасць стала менш катэгарычнай пасля таго, як у мяне з'явіўся Цудзік....

Аказалася, што сляпы мацярынскі інстынкт, характэрны ад прыроды большасці жанчын, не абмінуў і мяне. Словамі не перадаць, як я радавалася, калі два гады таму ў маёй далоньцы апынуўся маленькі руды камячок, якога былыя гаспадары спрабавалі ўтапіць у рэчцы. Вядома, шкадавала кацяня, песціла, дазваляла яму практычна ўсё... І, як вынік, цяпер, калі Цуд чарговы раз штосьці «ўцудзіць», чую ад мужа, што «выхавала эгаіста». Сапраўды, Цудзік, нягледзячы на ўсе свае станоўчыя якасці, надзвычай нахабны кот. Калі яго зганяеш з паліцы з кветкамі, ён, быццам на зло, праз хвіліну апынаецца там жа і працягвае ласавацца хларафілам. Зусім нядаўна пагрыз мае акуляры. А колькі навушнікаў пацярпела ад яго зубоў, нават збілася з ліку...

Кажуць, мудрасць прыходзіць з гадамі, але мне здаецца, што з разуменнем. Прынамсі я, дзякуючы сітуацыі з Цудзікам, зразумела: колькі ў мяне будзе дзяцей — залежыць ад Бога. А вось якімі яны вырастуць — збольшага ад таго, ці змагу я справіцца са сляпым мацярынскім інстынктам. Бо, не сакрэт, бескантрольная любоў можа вельмі моцна нашкодзіць дзіцяці...

Як нашкодзіла дзядзьку майго знаёмага. Сярожачка з дзяцінства быў «самым лепшым, самым разумным, самым прыгожым». Што б ён ні зрабіў, маці заўсёды знаходзіла сыну апраўданне. Прынёс двойку — настаўніца вінаватая, разбіў суседскае акно — сябры шалапутныя. Нядаўна мне расказалі, што ён, ужо дарослы мужчына, курыў пры маці. Хоць ведаў, што ў яе рак лёгкіх... А тая да апошняга працягвала апраўдваць свайго Сярожачку: ён жа п'яны, нічога не разумее...

Сашу таксама «пашчасціла». Рос без бацькі, таму ўся ўвага маці была скіравана на яго. Яна лепш ведала (і ведае!), што, калі і як рабіць сыну. І вось хлопцу, які вырас у цяплічных умовах, ужо далёка за 30. А ён не можа стварыць сям'ю. Не з-за таго, што не хоча. Проста ніхто не навучыў яго браць адказнасць за сябе, ужо не кажучы пра іншага чалавека. Пры гэтым ён лічыць, што ўсе яму нешта павінны...

І падобных гісторый, калі маці, якім нестае мудрасці, здзьмухваюць парушынкі з дзяцей і тым самым, самі таго не разумеючы, псуюць іх, процьма. А пасля яшчэ здзіўляюцца, чаму жыццё так лёгка ламае і губіць «самых лепшых, самых разумных, самых прыгожых»...

Спрацоўвае закон кокана. Аднойчы чалавек заўважыў, як матылёк спрабуе прабіцца праз маленькую шчыліну на волю. Доўга стаяў і назіраў, а пасля не вытрымаў і вырашыў яму дапамагчы — узяў ножык і разрэзаў кокан. Вядома, матылёк адразу вызваліўся. Але яго цельца было слабым, а крылы празрыстымі і ледзь рухаліся. Чалавек працягваў назіраць, думаючы, што вось-вось крыльцы матылька расправяцца і ён паляціць. Але чаканні не апраўдаліся. Рэшту жыцця матылёк так і цягнуў па зямлі свае нераспраўленыя крылы. Ён так і не змог узляцець...

Надзея ДРЫЛА

dryla@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Іншыя матэрыялы рубрыкі

Не страціць СЯБЕ

«Я ж твая мама...»

Нам усім патрэбна герань

Лужына страху

Рукацца душамі

Бачыць галоўнае

Бег за шчасцем

Вучымся… падаць

Цаніце тое, што заслужылі

Не стамляйцеся здзіўляць

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.