Вы тут

Футбалісты зборнай завяршылі кваліфікацыю да Еўра-2016


Беларусы матчам з македонцамі паставілі кропку ў адборачным цыкле чэмпіянату Еўропы наступнага года. Канцоўка выйшла неадназначнай, як і ўвесь цыкл: пасля яркай перамогі над славакамі нашы футбалісты згулялі на безгалявую нічыю са зборнай Македоніі. Такім чынам, каманда Хацкевіча набрала 11 балаў і заняла чацвёртае месца ў групе, што не дазволіла ёй выйсці ў фінал кантынентальнага першынства.

15-3

Нулі на табло пасля фінальнага свістка добра адлюстроўвалі ход усёй сустрэчы, яна была блеклай, невыразнай, з маленькай колькасцю небяспечных момантаў. Магчыма, гэта абгрунтоўваецца тым, што ніякай турнірнай інтрыгі ні для адной са зборных ужо даўно не было. Не было яе і для заўзятараў, якія працягнулі ўстанаўліваць антырэкорды наведвальнасці. На матчы ў Барысаве прысутнічала паўтары тысячы гледачоў.

— Так, зараз усе будуць казаць: «Як гуляеце — так і ходзім», — наракаў пасля гульні варатар беларусаў Андрэй Гарбуноў. — Я лічу, што ў любым выпадку трэба хадзіць на гульні з удзелам зборнай. Нацыянальная каманда — не клуб. Ні ў адной краіне Еўропы я не бачыў такога стаўлення заўзятараў да сваёй зборнай. У Македоніі і тое людзей на стадыёне больш. Вядома, не мне асуджаць беларускіх балельшчыкаў, гэта іх выбар. Але атрымліваецца, што на выездзе гуляць цікавей, бо там «хварэюць». Хай і супраць цябе.

Аматарам футбола, думаю, таксама знайшлося б што адказаць Андрэю. Ну а настаўнік зборнай Аляксандр Хацкевіч патлумачыў невыразную гульню сваіх падапечных стомленасцю пасля няпростага гасцявога матча супраць славакаў.

— Не хапіла ні фізічных сіл, ні эмоцый, ні чалавечага рэсурсу. Сёння выйшлі тыя хлопцы, якія гулялі са славакамі ўдзесяцёх. Нам не хапіла свежых людзей, якія маглі б гуляць з першых хвілін. Што датычыцца гасцей, склалася ўражанне, што македонцы прыехалі з думкай: галоўнае — не прайграць. А мы не змаглі выйграць, — сказаў галоўны трэнер.

У іншых сустрэчах адборачнай групы С зборная Славакіі перамагла футбалістаў Люксембурга 4:2, што дазволіла ёй услед за іспанцамі заваяваць пуцёўку ў фінальны турнір Еўра-2016. Камандзе Украіны, якая саступіла зборнай Іспаніі ў Кіеве з лікам 0:1, трэба будзе правесці стыкавыя матчы, каб атрымаць пропуск у Францыю, дзе пройдзе фінальная стадыя кантынентальнага першынства.

Імёны шчасліўчыкаў

Тым часам вызначылася большасць уладальнікаў пуцёвак на чэмпіянат Еўропы па футболе, які пройдзе ў наступным годзе ў Францыі з 10 чэрвеня па 19 ліпеня. Нагадаем, у кантынентальным першынстве возьмуць удзел 24 каманды, а не 16, як было раней.

Два дзясяткі зборных ужо вядомыя — гэта каманды Францыі, Аўстрыі, Албаніі, Англіі, Бельгіі, Германіі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Польшчы, Расіі, Румыніі, Партугаліі, Паўночнай Ірландыі, Славакіі, Турцыі, Уэльса, Харватыі, Чэхіі і Швейцарыі.

Гэтыя калектывы кваліфікаваліся на чэмпіянат, заняўшы першыя і другія месцы ў сваіх групах. Яшчэ чатыры каманды, якія занялі трэція месцы, трапяць на турнір па выніках стыкавых матчаў. За пуцёўкі будуць змагацца футбалісты Венгрыі, Босніі і Герцагавіны, Украіны, Ірландыі, Славеніі, Швецыі, Нарвегіі і Даніі. Лёсаванне гэтых паядынкаў пройдзе 18 кастрычніка ў штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне, а самі гульні адбудуцца 12-17 лістапада.

Адзначым некалькі нечаканых вынікаў адборачнага турніру, за бортам фінальнай часткі чэмпіянату Еўропы засталіся пастаянныя фаварыты — зборная Нідэрландаў. Не прымуць удзелу ў Еўра-2016 і чэмпіёны Еўропы 2004 года — грэкі. Затое ў фінальную частку прабіліся футбалісты Турцыі, Паўночнай Ірландыі і Албаніі.

Нагадаем, наша зборная, якая выступала ў групе С, набрала ў ходзе кваліфікацыйнага турніру 11 ачкоў, што дазволіла ёй заняць толькі 4-е месца ў групе.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Фота Pressball

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.