Вы тут

Адказнасць перад народам


«Уладзе ў цэлым, а значыць, і нам з вамі, пастаўлена высокая задача — апраўдаць давер народу, які быў прадэманстраваны чарговы раз на прэзідэнцкіх выбарах», — заявіў Міхаіл МЯСНІКОВІЧ, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі падчас чарговага пасяджэння дзясятай сесіі верхняй палаты беларускага парламента. Перш за ўсё — клопат аб людзях — Сёння кожны з нас павінен крытычна ацаніць узровень сваёй парламенцкай працы, акрэсліць для сябе і рэалізаваць сістэму захадаў па развіцці эканомікі і вырашэнні сацыяльных і палітычных задач, — сказаў спікер Савета Рэспублікі. — Трэба прызнаць, што наша з вамі работа на месцах можа быць больш эфектыўнай. Нам трэба садзейнічаць больш паспяховай працы прадпрыемстваў і мясцовых Саветаў дэпутатаў, вырашаць праблемы простых людзей канструктыўна, з улікам заканадаўства і мясцовых асаблівасцяў. Асаблівую ўвагу Міхаіл Мясніковіч звярнуў на дакументы, якія стануць лёсавызначальнымі для краіны ў найбліжэйшыя гады: «На завяршальнай стадыі знаходзіцца падрыхтоўка прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспубліканскага бюджэту і асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2016 год, а таксама праекта праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на чарговую пяцігодку». Ён дадаў, што Аляксандр Лукашэнка даручыў яму «забяспечыць усебаковую прапрацоўку дакументаў» членамі Савета Рэспублікі і экспертамі ў гэтай вобласці. Па словах парламентарыя, ужо арганізавана адпаведная працоўная група, а прапановы перададзены прэм'ер-міністру Беларусі Андрэю Кабякову і старшыні праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Паўлу Калауру. «Арыенцірам падчас працы над дакументамі для ўсіх павінна быць падтрыманая выбаршчыкамі праграма Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, з якой ён ішоў на выбары», — зарыентаваў сенатараў Міхаіл Мясніковіч. Але ён дадаў, што пры рабоце з дакументамі трэба памятаць перш за ўсё аб праблемах і патрэбах простых людзей. Парадак дня Учора Савет Рэспублікі прыняў да ведама дэкрэт Прэзідэнта Беларусі №5 «Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе». — У дэкрэце дэталёва прапісаны механізм па атрыманні замежнай бязвыплатнай дапамогі, у тым ліку фізічнымі асобамі, — тлумачыць новаўвядзенні дырэктар Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Валерый СКАКУН. — Для іх адменена рэгістрацыя атрыманай дапамогі ў Дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці. Другое — яны вызвалены ад выплаты падаткаў на даходы ад атрыманай дапамогі да 200 базавых велічынь, як гэта і прадугледжана падатковым заканадаўствам. Што тычыцца юрыдычных асоб і грамадскіх аб'яднанняў, то дэкрэт прадугледжвае пэўныя абмежаванні па ўвозе некаторых рэчаў. «Напрыклад, забаронена везці прадукты з тэрмінам прыдатнасці меншым за чатыры месяцы, медыцынскія вырабы — менш за адзін год», — дадаў ён. Па словах Валерыя Скакуна, «за пяць гадоў, уключаючы дзевяць месяцаў гэтага года, у краіну паступіў 901 мільён долараў ЗША, а за апошні год — 184 мільёны долараў». Сенатары таксама ўхвалілі законапраект, які прадугледжвае змены правілаў у ажыццяўленні гандлю фізічнымі асобам, якія не займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю. — Сутнасць гэтага законапраекта заключаецца ў тым, што вызначаюцца віды дзейнасці, якія не адносяцца да прадпрымальніцкай, — расказвае пра навацыі Лілія МАРОЗ, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве. — Напрыклад, у Беларусь часова прыязджае замежны грамадзянін. Ён можа гандляваць у нас у спецыяльна вызначаных месцах толькі 5 дзён на працягу каляндарнага месяца. І прадаваць можа толькі пэўны асартымент: творы жывапісу, скульптуры, графікі, прадметы народнага промыслу, а таксама прадукцыю раслінаводства і пчалярства. Гэты спіс закрыты. Па словах Ліліі Францаўны, беларусы могуць гандляваць хоць штодзённа без абмежавання колькасці тавараў, толькі прадукцыя павінна адносіцца да ўжо пералічанай ці да сельскагаспадарчай, жывёлаводства, кветкаводства, лекавых раслін, арэхаў, грыбоў і іншых раслін, якія растуць у дзікіх умовах. «Праўда, прадаўцы павінны прад'явіць даведку аб тым, што прадукцыя жывёлаводства, раслінаводства, пчалярства выраблена, вырашчана на сваіх зямельных участках ці на надзелах родных альбо сваякоў. Такую даведку выдае выканаўча-распарадчы орган», — кажа старшыня камісіі і ўдакладняе, што стыхійныя самаарганізаваныя рынкі ўсё гэтак жа застаюцца незаконнымі, таму што адбываюцца не ў спецыяльна вызначаных для гандлю месцах. Таксама сенатары ратыфікавала шэраг пагадненняў аб рознага кшталту міжнародным узаемадзеянні Беларусі. Вераніка ПУСТАВІТ pustavit@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.