Вы тут

Інфаркт можна папярэдзіць


Штогод у краіне выяўляецца каля 16 тысяч інфарктаў. Каля паловы пацыентаў з такім дыягназам вельмі позна звяртаюцца па медыцынскую дапамогу. Між тым сучасныя тэхналогіі дазваляюць пры своечасовым звароце папярэдзіць развіццё сардэчнай катастрофы. З дапамогай, напрыклад, трамбалітычнай тэрапіі, рэнтгенэндаваскулярнага ўмяшання, стэнтавання. Галоўнае — трапіць у поле зроку ўрача цягам шасці гадзін (пры інсульце, дарэчы, яшчэ менш — цягам трох) з пачатку з'яўлення характэрнага болю, які пры інфаркце можа аддаваць у руку, сківіцу, хоць у розных людзей сардэчны боль можа праяўляцца па-рознаму. Важна разжаваць аспірын, падкласці пад язык нітрагліцэрын і выклікаць «хуткую дапамогу».

Doctor holding a red heart

Паводле слоў намесніка дырэктара па арганізацыйна-метадычнай рабоце РНПЦ «Кардыялогія» Аляксандра ПАЦЕЕВА, можна прадухіліць інфаркт, калі як мага раней раскрыць каранарную артэрыю і забяспечыць крываток. Можна з дапамогай сучасных тромбалітычных сродкаў (трамбалізіс можа выконвацца і супрацоўнікамі «хуткай дапамогі» на дашпітальным этапе), але самым эфектыўным сучасным спосабам з'яўляецца рэнтгенэндаваскулярны, калі пад рэнтгенаўскім кантролем да бляшкі, якая перакрыла крываток, падводзіцца катэтар і ў гэтым месцы устанаўліваецца стэнт, дзякуючы якому аднаўляецца рух крыві. Калі гэтага не будзе, то частка сэрца пацерпіць без кіслароду і спажыўных рэчываў і загіне, а стэнт забяспечвае сэрцу другое жыццё. Колькасць такіх умяшанняў год ад года расце.

Летась было выканана звыш 7 тысяч рэнтгенэндаваскулярных умяшанняў. Пры гэтым колькасць аортакаранарнага шунціравання сасудаў сэрца крыху зніжаецца — 1608, а ў 2013-м — 1634. Расце год ад года і колькасць імплантацый электракардыястымулятараў — 3252 аперацыі за год. Усяго летась праведзена звыш 15 тысяч аператыўных умяшанняў на сэрцы і грудной аорце, што на 16 працэнтаў больш, чым у папярэднім годзе. Да 80 працэнтаў аперацый на сэрцы і буйных сасудах выконваюцца ў рэгіёнах, аднак каля 70 працэнтаў найбольш складаных умяшанняў выконваецца ў навукова-практычным цэнтры «Кардыялогія». Мяркуецца, што сёлета ўдасца правесці звыш 15,5 тысячы аперацый.

У першым паўгоддзі гэтага года адзначаецца павелічэнне колькасці хворых з інфарктам міякарда. Кожны трэці паступіў позна — праз 12 гадзін ад пачатку прыступу, калі інфаркт ужо адбыўся.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.b

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.