Вы тут

Мікалай ПРАКАПОВІЧ: «Найперш ва ўсім шукаю беларускасць»


Людзі, адданыя сваёй малой радзіме, — асаблівыя. Іх непаўторнасць праяўляецца ў шчырай любові да свайго роднага, у сіле не здрадзіць гэтаму пачуццю ў пагоні за славай, высокімі заробкамі і перспектывай. Мікалай Пракаповіч якраз з такой кагорты. Сёння ён працуе вядучым праграмы «Край з Міколам Пракаповічам» на ТРК «Брэст», дзе расказвае пра народную культурную спадчыну і тых герояў, якія захоўваюць яе набыткі і традыцыі. Мы сустрэліся з Мікалаем Мікалаевічам, каб даведацца, як пісалася яго ўласная творчая гісторыя на тэлебачанні...

16-18

Вёску ўжо цяжка назваць захавальніцай традыцый

— У народзе кажуць, дзе нарадзіўся, там і згадзіўся... Як для вас пачыналіся пошукі свайго шляху ў жыцці?

— Прызнацца, у мяне ніколі не ўзнікала асаблівага жадання з'ехаць у Мінск. Хоць і праблемы такой не існавала. Калі я яшчэ актыўна працаваў як паэт, то, натуральна, што ў Мінску ўсё было б прасцей. І надрукавацца, і выдаць кніжку. Але неяк і я, і некаторыя з маіх сяброў, што засталіся, — Алесь Каско, Зінаіда Дудзюк — на сваёй зямлі натуральна сябе пачуваем. Мне таксама тут утульна і добра ва ўсіх адносінах. Я ўвогуле чалавек, які прывязаны да аднаго месца. Радзіма для мяне — гэта радзіма. І Брэст мой родны горад, хоць я вясковец. Прыгарад Брэста за Мухаўцом раней быў вёскай Пугачова... Там практычна пачуў і пабачыў тое, чым займаюся сёння на тэлебачанні: народныя традыцыі, песні, святы. Бегаў за калядоўшчыкамі, сам шчадраваў, бываў на вясковых вяселлях. І я знаёміўся з такім Палессем, якое мне здавалася сапраўдным па тым часе. Потым паехаў настаўнічаць на Піншчыну. Бо Піншчына — гэта ж Колас і яго «На ростанях»! Прысутнічала ў гэтым пэўная рамантыка. Хацелася пабачыць тыя ж Люсіна, Пінкавічы. Накіраванне было ў Асобавічы — вёска на беразе Прыпяці. Цікавая сітуацыя склалася пры першым маім з ёю знаёмстве. Я прыехаў якраз з будаўнічага атрада. Узяў таксі з Брэста ў Пінск і пытаю ў таксіста, як дабрацца да Асобавічаў. А той кажа: «Верталётам!» І гэта быў жарт толькі напалову — я плыў туды цеплаходам 4 гадзіны. Было бабіна лета, цёплае надвор'е. На палубе трое дзяўчат спявалі палескую песню. «Ой віць, віць, цёх-цёх, там салавейка шчабятаў...» Цеплаход прычаліў ноччу. Да вёскі дабіраліся брадамі, па пояс у вадзе...

— Месца, дзе вы нарадзіліся, цяпер стала ўжо часткай горада. Што для вас вёска сёння?

— Вёску ўжо цяжка назваць захавальніцай традыцый, мовы. Я здымаю час ад часу музычныя дзіцячыя калектывы, бо натуральна, хвалююча, душэўна народная песня гучыць з дзіцячых вуснаў. І вось аднойчы размаўляю з кіраўніцай такога калектыву, пытаюся: як ставілі абрад? А тая адказвае, што самае галоўнае было — навучыць дзяцей вясковай гаворцы. Значыць, дзеці гэтай гаворкі ўжо не ведаюць. Памятаю, мы вучыліся з дзяўчатамі з Палесся, і яны паміж сабой так «ціўкалі», што заслухацца можна было. І сапраўды гэтая мова вельмі хораша гучыць. А дзеці яе не ведаюць. Таму вёска ў наш час застаецца яшчэ толькі захавальніцай традыцыйнай культуры і душ людскіх. Там мудрасць і можа нейкія яшчэ дабіблейскія законы сужыцця чалавечага, якія на кожным кроку падтрымліваліся ці то песняй, ці то традыцыямі і звычаямі. Вёска для мяне — крыніца мудрасці, філасофіі жыццёвай.

— Калі вы адчулі неабходнасць выказвацца паэтычным словам?

— З паэзіяй даволі дзіўна атрымалася. У мяне быў сусед Дзмітрый Васільеў, масквіч, танкіст. Чалавек двойчы гарэў у танку, меў ордэн Славы. Ён працаваў правадніком, пісаў вершы, песні на іх. Друкаваўся ў нашай абласной газеце зрэдчас. І гэта быў прыклад, які мяне захапіў. Мы сталі рыфмаваць... Неяк ён мой вершык на рускай мове (насамрэч напалову мой, падпраўлены і дапісаны ім) надрукаваў у газеце. Я тады вучыўся ў 6 класе і стаў героем школы. З таго ўсё і пачалося, а настаўніца беларускай літаратуры мне ў старэйшых класах аднойчы сказала: «Мікола, выбірай, на якой мове ты пішаш». А пасля Дзмітрый Васільеў прывёў мяне на літаб'яднанне, пазнаёміў з усімі, у тым ліку і з Міхасём Рудкоўскім (такі паэт ёсць у нас з Ганцаўшчыны), які браў мяне на працу ў аддзел літаратурна-мастацкіх праграм на тэлебачанне пасля супрацоўніцтва на абласным радыё... І на літфак я пайшоў вучыцца ўжо «на паэта», як гэта рабілі многія з тых, хто пачынаў пісаць.

Тэлебачанне — падзея ў жыцці глыбінкі

— На тэлебачанні вы з 1975 года, то бок ужо 40 гадоў. Няўжо за гэты час ніколі не расчароўваліся ў абранай прафесіі?

— Расчаравання не здаралася. Зараз задумваюся пра перамены. З аднаго боку і стаміўся ўжо. І часам «ідзеш» у тэмах па трэцім крузе. Мне прапаноўвалі рабіць перадачу на ўсю краіну, але не хочацца адсюль ехаць туды, дзе мала што ведаю. Я ведаю Палессе, нашу Берасцейшчыну, і мне тут цёпла. Жонка нават кпіць часам: «родная студыя», а мы жылі працай, асабліва ў маладзейшыя гады. У адным аддзеле працавалі з Алесем Казько, Уладзімірам Калеснікам, Таццянай Собач, Наталляй Якімавай — усе былі розныя і кожны па-свойму цікавы.

— Сёння змяняюцца хуткасці жыцця, тэхналагічныя ўмовы на тым жа тэлебачанні... У такіх умовах як вы пачуваецеся?

— Час сапраўды паскорыў свой бег. Цяпер на здымкі максімальна адводзім два дні. А некалі, працуючы над праграмай для Усесаюзнага тэлебачання, здымалі 4-5 дзён. Што гэта давала? Кантакты з людзьмі, сустрэчы. А сёння ты прыехаў, убачыў і далей пайшоў. Добра, што веды ёсць, у тэме арыентуешся і разумееш, з якога боку падысці, якое пытанне задаць герою. З аднаго боку, тады было цікавей у гэтым плане. Калі ты мог заглыбіцца ў тэму. Я пазнаваў Палессе, дзякуючы сваёй працы. Але тады тэхніка не дазваляла зрабіць тое, што даступна нам сёння. Мы ўключаем камеру і можам не выключаць яе цэлы дзень, ходзячы за чалавекам. А тады ездзілі спачатку пісаць сцэнарый, размаўлялі з людзьмі. І героі былі не такімі гаваркімі, як цяпер. Яны баяліся камеры, адказнасці. Тэлебачанне было падзеяй у іх жыцці. Калі мы прыязджалі і здымалі гурт, то магла ўся вёска сабрацца на наша відовішча. Мантаж праграмы я раней рабіў з рэжысёрам, а цяпер сам — і ў нечым гэты працэс пераклікаецца з паэзіяй. Праслухоўваеш усё знятае, і ўспрыманне інфармацыі зусім іншае, чым падчас здымак. Ідзе працэс, і ён вядзе цябе, як і ў напісанні верша. Невядома, што і як фарміруе тваю праграму. Самастойны мантаж дае магчымасць вар'іраваць матэрыял. Я вяду праграму, прысутнічаю на здымках, сам манцірую. І мне не трэба лішняга чалавека. Бо тэхнічна працэс не такі складаны, як аддаць праграме душу, ажывіць яе эмацыйна, назбіраць тую самую фактуру...

— На што вы абапіраецеся, рыхтуючы новы выпуск «Краю...»?

— Пачаць варта, на мой погляд, найперш з таго, чаму я працую ў культуры. Гэта яшчэ адна магчымасць пісаць пра Беларусь, пра беларусаў і здымаць на беларускай мове. І людзі ў пераважнай большасці адказваюць табе альбо на гаворцы, альбо па-беларуску. Я не цураюся і нікога не прымушаю гаварыць па-беларуску. Памятаю, як аднаго з абласных колішніх кіраўнікоў неяк «вылавіў» на адной выставе і задаў яму адно пытанне па-беларуску, другое... А ён адказвае па-руску. Я трэцяе пытанне задаю, і чую адказ па-беларуску. А калі журналіст прыходзіць і задае пытанне па-руску, а потым гучыць «за кадрам» беларуская мова, гэта не натуральна. Найперш за ўсё я шукаю беларускасць. У Беларусі, у яе людзях, у гісторыі, яе традыцыях. Бо ёсць калектывы, гурты, якія сапраўды жывуць усім гэтым: будзь то аўтэнтыка альбо другасныя формы фальклору. Такі мой інтарэс вывеў мяне на досыць шырокае кола людзей, сапраўды зацікаўленых у тым, каб жылі культура, традыцыі, мова і мы былі не пазбаўлены сваёй уласнай гісторыі. А душэўнасць знаходзіцца... Калі ты сустракаеш чалавека, які жыве творчасцю, то яна і ёсць тая самая душа. Рыхтуючы праграму, ты абапіраешся на душу свайго суразмоўцы і на сваё ўласнае ўспрыманне таго, пра што ты расказваеш гледачам.

Цікавасць ёсць — і тое добра

— Сёлета вас адзначылі на «Тэлевяршыні» ў намінацыі «Найлепшы вядучы рэгіянальнага тэлебачання». Такая ўзнагарода для вас дасягненне?

— Мне вельмі дарагі дыплом «Берасцейская зорка». Быў у нас конкурс у 1990-я гады. Там мяне адзначылі ў намінацыі «Журналістыка», хаця мог бы быць і ў намінацыі «Паэзія». А «Вяршыня» — узнагарода прыемная, але... Неяк я прачытаў інтэрв'ю Віктара Казько, які сказаў, што прэміі трэба атрымліваць маладым, у чым я з ім поўнасцю згодзен. Безумоўна, прыемна было можа нават не столькі само ўручэнне, колькі пасля, калі падыходзілі вядомыя ў тэлежурналістыцы людзі і паціскалі руку, віншавалі, гаварылі: «У вас трэба вучыцца». Прыемна, калі цябе адзначаюць і твая праца нешта значыць. А людзям, пра якіх я расказваю, важна трапіць на экран, і ты, разумеючы гэта, стараешся паказаць іх так, каб усе сама меней не былі расчараваныя.

— Мабыць, з часам змянілася і ваша стаўленне да слова...

— Мова — вялізны пласт. Я пастаянна чытаю людзей, больш дасведчаных у гэтай тэме, ці творы некага з беларускіх пісьменнікаў. І адчуваю, быццам нічога не ведаю: і не так гавару, і не так пішу. Палеская гаворка мне шмат што дала, я нават калі ў нечым сумняваюся, то стараюся вярнуцца ў дзяцінства і ўспомніць, а як бы гэта сказала маці. Як мае сённяшнія героі тое слова вымавілі б ці зварот пабудавалі б. Мову трэба вывучаць, мовай трэба жыць. Слухаць, чытаць, думаць на ёй. Мяне раней часта пыталі: «А як ты з жонкай гаворыш?» Дома я размаўляю па-беларуску, з бацькамі — на маёй гаворцы мясцовай. І дзеці мову ведаюць.

— Вяртанне да мовы сёння адбываецца, але часам адчуванне, быццам гэта проста модны трэнд...

— Цікавасць ёсць да яе — і тое добра. З якім настроем усё робіцца — іншае пытанне. Для адных гэта сапраўды важна, для іншых модна, як вышыванкі ці яшчэ што. Я здымаў нядаўна праграму пра паясы Ганцаўшчыны. Там і сёння можна яшчэ аўтэнтыку знайсці, жанчын, якія іх ткуць. І ёсць сям'я ў Хатынічах, якая жыве з гэтага. І заказаў у іх хапае, значыць, людзей цікавяць свае традыцыі прынамсі ў ткацтве. Добра нават, калі гэта пачынаецца як мода... У мяне быў выпадак. Я вяртаюся дадому і на аўтобусным прыпынку падыходзіць да мяне малады чалавек: «Вось гляджу вашы праграмы, вельмі ўдзячны, што вы па-беларуску іх робіце». Я пытаюся ў яго: «А вы як прыйшлі да гэтага?» А той кажа: «Я падчас перапісу сказаў, што родная мова — беларуская. А потым задумаўся: я ж яе не ведаю». І з таго часу чалавек пачаў чытаць, шукаць людзей, якія гавораць па-беларуску, і для яго гэта стала важным. Бачыце, важна вось так самому да гэтага прыйсці.

Алена ДРАПКО

drapko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».