Вы тут

Алена Амялюсік: «З 365 дзён у годзе 270 я праводжу ў дарозе»


Як самая тытулаваная веласіпедыстка краіны сумяшчае спорт, вучобу, асабістае жыццё і робіць першыя крокі ў журналістыцы.

У свеце веласпорту мы ўсё часцей чуем імёны айчынных спартсменаў, і сёлета яны чарговы раз далі нагоду, каб гаварыць пра іх — заваявалі на чэмпіянаце свету ў Рычмандзе два залатыя медалі. Спачатку Алена Амялюсік перамагла ў каманднай гонцы, а затым і Васіль Кірыенка стаў самым лепшым у «індывідуалцы» з раздзельным стартам. Акрамя гэтага, Алена заваявала «золата» першых Еўрапейскіх гульняў у Баку і ліцэнзію на Алімпіяду-2016. Тым самым набыла званне найлепшай шашэйнай велагоншчыцы Беларусі. У адзін з рэдкіх візітаў на радзіму Алена наведала нашу рэдакцыю, дзе расказала пра сваю каманду Vеlосіо-SRАM, родную Бярозу, розніцу паміж італьянскай і беларускай піцай і сваіх падарожжах.

17-3

Пра спорт

— Алена, як ацэніце свой сезон?

— Я паказала добрыя вынікі не толькі ў Баку і на сусветным першынстве, але і на этапах Кубка свету. Практычна ўсюды, дзе выступала, была ў шасцёрцы наймацнейшых, у сусветным рэйтынгу цяпер знаходжуся на 10-м радку, таму задаволена сабой і магу назваць гэты сезон самым лепшым у маёй кар'еры.

— Раскажыце пра сваю каманду.

— Я выступаю за нямецкі клуб Vеlосіо-SRАM, у нас вельмі інтэрнацыянальны склад: амерыканка, канадка, дзве аўстралійкі, беларуска, італьянка, францужанка і тры немкі. Ужо 4 гады, як я знаходжуся ў прафесійных клубах, але ўпершыню, калі трапіла туды, была вельмі здзіўленая, бо работа там арганізавана зусім па-іншаму. Мой трэнер, немец, не суправаджае мяне на трэніроўках, ён складае толькі графік, па якім я павінна займацца, там распісана ўсё да хвіліны. Я была ў шоку, калі даведалася ўпершыню, што павінна без спынення праехаць 5 гадзін адна. Як? Я ж магу проста звар'яцець ад гэтага... Але прайшло пару месяцаў — і я прывыкла, цяпер ужо гэта мяне не хвалюе.

Пасля кожнай трэніроўкі ўсе свае даныя з асабістага камп'ютара я скідваю трэнеру, ён глядзіць іх, аналізуе і кажа, што добра, што дрэнна, што трэба змяніць.

— Напэўна, тое, пра што вы гаворыце, складана для нашага менталітэту. Хочацца недзе схалтурыць?

— Для нашых спартсменаў, якія прывыклі трэніравацца ў групавым калектыве, дзе настаўнік пастаянна падганяе і кантралюе, вядома, цяжка. Але кожны павінен разумець, для чаго ён трэніруецца. Калі проста так, тады не варта разлічваць на добрыя вынікі.

— У веласпорце часам даводзіцца працаваць не толькі на сябе, але і на сябровак па камандзе. Гэта адбіваецца на адносінах унутры калектыву?

— Не. Мы праводзім каля 70-80 стартаў у сезоне і зразумела, што ўсе гонкі не магу выйграць адна я. У кожнай з нас ёсць свая спецыялізацыя: напрыклад, я не ўмею настолькі добра фінішаваць, як робяць гэта іншыя. Наш спартыўны дырэктар ведае нюансы кожнай дзяўчыны (у камандзе ёсць фінішоры, спрынтары, тэмпавікі). Я ўніверсалка, гэта значыць, што ў шматдзённай гонцы мне больш падыходзіць горны рэльеф. На такіх трасах стаўкі робяць на мяне, і ўся астатняя каманда ў гэты момант працуе на маю перамогу. У гонках, якія праходзяць на раўніне, у дождж, вецер і холад, у лідарах дзяўчаты з больш буйным целаскладам, таму тут ужо я працую на іх.

— Як дзеляцца прызавыя?

— Пароўну, незалежна ад таго, хто выйграў. Таму што ўсе мы ўносім уклад у перамогу.

— На якім рахунку наша краіна ў свеце веласпорту?

— Беларусаў лічаць добрымі сапернікамі, таму што ў нас ёсць такія славутыя гоншчыкі-прафесіяналы, як Кірыленка, Сіўцоў, Гутаровіч, даўно вядомыя не толькі ў Еўропе, але і ў свеце. Усе ведаюць, што мы моцныя і будзем змагацца да апошняга.

[caption id="attachment_106303" align="alignnone" width="600"]17-4 Пераможны фініш на Еўрапейскіх гульнях[/caption]

— Ці рэальна ў Беларусі правесці буйны велатурнір?

— Вядома, у нас ужо праводзілася міжнародная мужчынская гонка на шашы. Я чула, што ўсё прайшло паспяхова, было шмат гледачоў. Гэта добрая рэклама для нашай краіны.

Пра жыццё

— Пасля завяршэння сезона адправіліся адпачываць?

— Так, я вырашыла трохі пападарожнічаць на машыне. Выехала з Італіі, праехала Аўстрыю, спынялася, глядзела, рабіла фота, потым прыехала ў Германію, спынілася ў Лейпцыгу (там знаходзіцца база нашай каманды). Трапіла нават на «Актобэрфэст», але папіць піва не ўдалося: я была за рулём.

— Чаму вырашылі падарожнічаць менавіта на машыне?

— Я вельмі люблю кіраваць. Пасля сезона назапашваецца стомленасць, і хочацца проста пабыць сам-насам з сабой, паглядзець краіны, у якіх я шмат разоў была, але асабліва нічога не бачыла.

— Што паспелі зрабіць за тыдзень у Беларусі?

— Перш за ўсё, ажаніць брата (смяецца). У ходзе сезона мне ўдалося толькі адзін раз прыехаць дадому, у Бярозу, таму цяпер стараюся як мага больш часу правесці з сям'ёй.

Ужо па традыцыі наведала свайго трэнера і спартсменаў у родным горадзе. Я заўсёды прывожу ім маленькія падаруначкі. Цяпер на базе, дзе пачынала займацца, праводзіцца капітальны рамонт, сітуацыя з умовамі там мяняецца ў лепшы бок. Школе падарылі сертыфікат на набыццё некалькіх веласіпедаў. Гэтага, вядома, мала, але хоць штосьці. У Бярозе трэніруецца шмат дзетак не толькі з самога горада, але і ўсяго раёна і найбліжэйшых вёсак, таму ровараў не хапае.

Летась на сустрэчы з уладамі ў Брэсце спыталі, што трэба купіць асабіста мне. А мне нічога не трэба, у мяне ўсё ёсць, таму я папрасіла лепш дапамагчы дзецям.

— Адкуль у вас такое жаданне дапамагаць?

— Я сама была ў такой сітуацыі: у мяне не было ні формы, ні веласіпеда. Бацькі аддавалі апошнія грошы, каб усё гэта купляць, і гэта было найлепшым падарункам на любое свята. Таму цяпер мне прыемна дапамагчы камусьці. Пасля сезона застаецца шмат рэчаў, і я раздаю іх дзецям.

— Вы пачалі весці калонку ў адным з беларускіх выданняў. Навошта?

— Пасля чэмпіянату свету адзін журналіст прапанаваў мне, і гэтая ідэя падалася мне такой класнай, што я з радасцю пагадзілася. Калісьці я нават хацела паступіць вучыцца на журналіста. Мне вельмі цікава пісаць, я ўвесь час думаю над новымі тэмамі. Хочацца, каб людзі ведалі больш пра веласпорт і наогул пра спорт знутры: пра псіхалогію, атмасферу ў камандзе. Нядаўна я была на тэлебачанні, і мне таксама вельмі спадабалася. Захоплівае прамы эфір, гэта практычна жывыя зносіны з гледачамі.

— Пасля заканчэння БДУФК вы яшчэ захацелі асвоіць прафесію юрыста...

— Мне здаецца, ведаць законы вельмі карысна, бо мы сутыкаемся з гэтым кожны дзень. Вучоба пакуль даецца мне складана, бо з 365 дзён у годзе, 270 я праводжу ў дарозе.

— Як вы ставіцеся да таго, што веларух і ў Еўропе, і ў Беларусі набірае абароты?

— Выдатна! Гэта спрыяе папулярызацыі веласпорту і проста карысна для здароўя кожнага чалавека. Калі я бачу, што пракат разрываецца, усе бяруць ровары, іх нават не хапае на ўсіх ахвотных, у мяне столькі радасці на душы! Я падарыла веласіпед маме, усё лета яна ездзіла на ім на працу.

— Асабістае жыццё, як і большасць спартсменак, пакідаеце «на потым»?

— Не, спрабую сумяшчаць, але гэта, вядома, цяжка. Мы жывём на вялікай адлегласці адно ад аднаго, вельмі рэдка бачымся. Да Алімпіяды ўсё будзе так, а потым як Бог дасць.

Пра Італію

— Ужо некалькі гадоў вы жывяце ў Італіі. Як вам краіна?

— Вельмі падабаецца. Там вясёлыя, добразычлівыя людзі, вельмі эмацыйныя. Я сябрую з усімі сваімі суседзямі ў доме (у нас жыве восем сем'яў). Яны, у сваю чаргу, заўсёды хвалююцца і «хварэюць» за мяне. Толькі скончу гонку, адразу прыходзяць sms ад іх; прыязджаю дадому, а яны чакаюць мяне з піцай.

— Італьянская піца моцна адрозніваецца ад беларускай?

— Там яна гатуецца на вельмі тонкім пласце цеста, зверху таматная паста, могуць быць свежыя памідоры і мацарэла. Ніякага маянэзу!

— Калі прыязджаеце дадому, ласуеце кулінарнымі вынаходкамі родных?

— Абавязкова! Тата і брат вельмі любяць, калі я гатую ім лазанню, часта дома раблю самы вядомы і папулярны італьянскі дэсерт — крастата. Італьянцы ядуць яго кожны дзень. Гэта пірог з варэннем і свежай садавіной наверсе. Тата любіць, калі я гатую яму пасту, па-нашаму макарону, з рознымі соусамі і морапрадуктамі.

Гутарыла Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.