Вы тут

Дзмітрый Карбышаў, генерал з гранітным сэрцам


У пачатку лютага 1946 года прадстаўніку савецкай місіі па справах рэпатрыяцыі ў Англіі паведамілі, што яго тэрмінова хоча бачыць паранены канадскі афіцэр, які знаходзіцца ў шпіталі пад Лонданам. Афіцэр, былы вязень канцлагера Маўтхаўзен, даслаў запіску, у якой сцвярджаў, што жадае паведаміць савецкаму прадстаўніку «надзвычай важныя звесткі».

17-10

«Дарагі сэр! Буду вельмі абавязаны, калі Вы зможаце паслаць каго-небудзь з Вашага пасольства або з Ваеннай Місіі, каб пабачыць мяне ў 22-м канадскім Генеральным шпіталі, Брэмшот, Сурэй, палата 02, з тым, каб я змог перадаць Вам некаторыя навіны, якія тычацца генерал-лейтэнанта Карбышава, палкоўніка Аманіцкага, палкоўніка Івана Георгіевіча Грыгор'ева і палкоўніка Мікалая Васільевіча Сарокіна, з якімі я быў у лагеры знішчэння Маўтхаўзен (Аўстрыя).

Для таго, каб аблегчыць справу, хачу дадаць, што магу гаварыць па-руску дастаткова добра, каб быць зразумелым.

Шчыра Ваш маёр Р.В. Седан дэ Сэнт-Клер».

Разабрацца з лістом было даручана прадстаўніку ўпаўнаважанага па справах рэпатрыяцыі, адзін з супрацоўнікаў якога, маёр І. Саракапуд, сустрэўся з канадскім афіцэрам.

«Я хачу расказаць вам аб тым, як загінуў генерал-лейтэнант Дзмітрый Карбышаў», — вымавіў маёр, калі савецкі прадстаўнік з'явіўся ў шпіталі.

З рапарта маёра Саракапуда:

«13 лютага гэтага года я з перакладчыкам Загаранскім наведаў канадскага маёра Седана дэ Сэнт-Клера...

Быўшы ваеннаслужачым французскай арміі, (ён) трапіў у палон да немцаў. У палоне, у Араніенбургу, на заводзе Хейнкеля, пазнаёміўся з генерал-лейтэнантам Карбышавым.

Паводле яго слоў, Карбышаву немцы прапаноўвалі супрацоўнічаць з імі. Ён адмовіўся катэгарычна, бо не мог здрадзіць Радзіме. Яму было каля 65 гадоў, ён быў не вельмі здаровы і жыў пры санчасці. У студзені 1945 года 1000 чалавек палонных з завода Хейнкеля былі адпраўленыя ў лагер знішчэння ў Маўтхаўзен. У іх ліку былі генерал-лейтэнант Карбышаў, яшчэ шэраг савецкіх афіцэраў і маёр Седан дэ Сэнт-Клер.

Па прыбыцці ў Маўтхаўзен іх пакінулі на цэлы дзень на марозе. Апранутыя былі дрэнна, мароз быў каля 12 градусаў. Увечары немцы наладзілі для дастаўленых вязняў халодны душ. Пасля душу ў адных кашулях, споднім і калодках на нагах пастроілі ўсіх на пляцы і пратрымалі тут да 6 гадзін раніцы. З 1000 чалавек, якія прыбылі ў Маўтхаўзен, пасля гэтага 480 чалавек памерлі. Памёр і генерал-лейтэнант Карбышаў (гэта здарылася ў ноч з 17 на 18 лютага 1945 г.)...».

Расказ канадскага ваеннага стаў першай з 1941 года весткай пра Дзмітрыя Міхайлавіча Карбышава. Бо ён тады ў СССР лічыўся зніклым без вестак яшчэ ў самым пачатку вайны.

25 лютага таго ж года рапарт быў накіраваны ў Маскву намесніку ўпаўнаважанага СНК СССР па справах рэпатрыяцыі генерал-лейтэнанту К.Д. Голубеву. Пачаўся дадатковы пошук інфармацыі...

Кадэт з нядобранадзейнай сям'і

Біяграфія Дзмітрыя Міхайлавіча Карбышава не зусім тыповая і шмат у чым не падобная да біяграфій кадравых афіцэраў рускай арміі. На яго жыццё прыпала пяць войнаў першай паловы ХХ стагоддзя, у тым ліку дзве сусветныя і адна грамадзянская. Ён нарадзіўся ў Омску 135 гадоў таму, 26 кастрычніка 1880 года ў сям'і вайскоўца. У дванаццаць гадоў застаўся без бацькі. Дзяцей — сыноў Уладзіміра і Дзмітрыя — выхоўвала маці. З дзіцячых гадоў Дзмітрый марыў працягнуць дынастыю, распачатую бацькам і дзедам, а таму паступіў у Сібірскі кадэцкі корпус. Аднак, нягледзячы на старанне, праяўленае ў вучобе, лічыўся там сярод «нядобранадзейных». У тую пару моладзь, асабліва ў правінцыі, павальна захаплялася рэвалюцыйнымі ідэямі. Не застаўся ўбаку і брат Уладзімір, які ўрэшце быў арыштаваны «за заклікі да бунту і звяржэння ладу». Уладзімір удзельнічаў у рэвалюцыйным гуртку, створаным у Казанскім універсітэце, разам з яшчэ адным маладым радыкалам — Уладзімірам Ульянавым. Але калі будучага правадыра рэвалюцыі толькі выключылі з універсітэта, то Уладзімір Карбышаў апынуўся ў турме, дзе неўзабаве і памёр.

Сям'я, якая і без таго мела немалыя матэрыяльныя цяжкасці, перайшла ў разрад нядобранадзейных і апынулася пад негалосным наглядам паліцыі. Маці нідзе не магла знайсці працу, а Дзмітрыю, нягледзячы на бліскуча здадзеныя іспыты ў Сібірскі кадэцкі корпус, было адмоўлена ў навучанні за казённы кошт. Два гады ён быў вымушаны спасцігаць навукі самастойна, прыбываючы ў вучылішча толькі для здачы залікаў і пераводных экзаменаў, якія ў брата вальнадумца прымалі з усёй строгасцю. Але, нягледзячы на гэта, працавітасцю і выдатнымі ведамі Дзмітрый у 1894-м заваёўвае права стаць сапраўдным кадэтам. А яшчэ праз чатыры гады выпускаецца з корпуса лепшым у класе, атрымаўшы перавагі пры залічэнні ў Мікалаеўскае ваенна-інжынернае вучылішча. З усіх ваенных спецыяльнасцяў Карбышава больш за ўсё прыцягнула будаўніцтва ўмацаванняў і абарончых збудаванняў.

Час вучобы ў Пецярбургу пралятае незаўважна. І ў кастрычніку 1900-га дваццацігадовы афіцэр адпраўляецца да першага месца службы — у сапёрны батальён, дыслакаваны на паўночным усходзе Кітая, у Маньчжурыі. На Далёкім Усходзе ўжо адчуваецца набліжэнне вялікай вайны, спешна ідзе інжынернае абсталяванне будучага тэатра ваенных дзеянняў. Начальнік кабельнага аддзялення тэлеграфнай роты падпаручнік Карбышаў пастаянна ў камандзіроўках, кіруе пракладкай кабельных ліній, будуе тэлеграфныя станцыі ў Ляаяне, Мукдэне, Хуанчэні.

Талент маладога афіцэра ўпершыню ярка выявіўся ў руска-японскую кампанію — Карбышаў умацоўваў пазіцыі, наводзіў масты цераз рэкі, наладжваў сродкі сувязі, праводзіў разведку боем. Вестка аб пачатку вайны з Японіяй заспела яго ў Нікольску-Усурыйскім, дзе Дзмітрый Міхайлавіч удзельнічаў у фарміраванні новай тэлеграфнай роты, якую і павінен быў узначаліць. У сакавіку 1904-га ён разам са сваім падраздзяленнем перасёк мяжу Маньчжурыі і аказаўся на перадавой.

Падрабязных апісанняў яго службы ў перыяд руска-японскай вайны не захавалася. У архівах засталася толькі выпіска з прадстаўлення паручніка Карбышава да ордэна Св. Уладзіміра 4-й ступені з мячамі і бантам. Там сказана, што, «быўшы камандзіраваным для сувязі з Порт-Артурам, аказаўся адрэзаным непрыяцелем, сабраў казачыя пасты і з боем прабіўся да батальёна». За вывад з акружэння салдат з тэхнікай і зброяй Дзмітрый Міхайлавіч і атрымаў сваю першую баявую ўзнагароду. Усяго ж да канца вайны іх будзе яшчэ сем: чатыры ордэны і тры медалі. І гэта за год з невялікім! Выпадак унікальны для ваеннага інжынера ў такім невысокім чыне.

Вайна не толькі загартавала характар Карбышава, яна навучыла яго, у літаральным сэнсе акопнага афіцэра, шанаваць і паважаць салдата, спадзявацца на яго мужнасць, разваротлівасць і кемлівасць, знаходзіць з ім агульную мову, а не проста аддаваць каманды. Гэтае ўменне, якое не ўласціва большасці афіцэраў тых гадоў, але якое так шанавалася пад кулямі, сыграла злы жарт з Дзмітрыем Міхайлавічам пасля заканчэння вайны: у 1906 годзе ён быў вымушаны выйсці ў адстаўку.

Пазней у сваёй аўтабіяграфіі ён так каментаваў гэтую падзею: «Мне было прад'яўлена абвінавачванне ў агітацыі сярод салдат, за што я прыцягваўся да суда таварыства афіцэраў». Пасля гэтага, па законах афіцэрскага гонару, штабс-капітан Карбышаў, нягледзячы на ўсе свае заслугі перад царом і Айчынай, вымушаны быў падаць рапарт аб добраахвотнай адстаўцы. Хоць, калі б факт рэвалюцыйнай агітацыі сярод «ніжніх чыноў» сапраўды быў устаноўлены, справа, думаецца, дайшла б ужо да сапраўднага суда. Не будзем забываць, што краіну ў гэты час узрушвалі рэвалюцыйныя падзеі. Так што, хутчэй за ўсё, палкавое начальства (з падачы жандараў) прыгадала грахі перад рэжымам Карбышава-старэйшага і вырашыла пазбавіцца ад яго брата-афіцэра з «нядобранадзейнай сям'і».

На карысць гэтай версіі сведчыць той факт, што цывільнае жыццё Дзмітрыя Міхайлавіча было нядоўгім: ужо праз год, адразу пасля ўціхамірвання смуты, яму дазваляюць вярнуцца на службу, а ў 1908-м не перашкаджаюць паступленню ў інжынерную акадэмію.

[caption id="attachment_106305" align="alignnone" width="600"]17-9 У засценках Маўтхаўзена.[/caption]

 

У пачатку лета 1911 года ў чыне штабс-капітана Дзмітрый Карбышаў быў накіраваны ў крэпасць Брэст-Літоўск. Як ужо вопытны ваенны інжынер ён прыняў удзел у будаўніцтве фартыфікацыйных збудаванняў Брэсцкай крэпасці — у якасці кіраўніка работ. Карбышаву даручылі рэканструкцыю VІІ форта другой лініі крэпасці. У архіве Ваенна-гістарычнага музея артылерыі, інжынерных войскаў і войскаў сувязі Міністэрства абароны Расіі захаваліся чарцяжы праекта форта, распрацаваныя афіцэрам і зацверджаныя генералам Буйніцкім.

Тут, на Трышынскіх могілках Брэста, пахавана першая жонка Дзмітрыя Карбышава — Алісія Карлаўна, якая прыбыла з ім да новага месца службы з Пецярбурга і памерла ў 1913-м, пасля шасці гадоў шлюбу. Помнік з чорнага мармуру з высокім крыжам, устаноўлены Дзмітрыем Міхайлавічам, цудам захаваўся да нашага часу. Тут жа, у Брэсце, адбываецца яго першае, праўда, завочнае знаёмства з будучай жонкай Лідзіяй Васільеўнай Апацкай. Яе бацька служыў начальнікам невялікай чыгуначнай станцыі паміж Оршай і Баранавічамі, а брат аказаўся аднапалчанінам Карбышава. Незадоўга да пачатку Першай сусветнай у адным з лістоў ён распавядаў сястры: «Ёсць у нас два капітаны, адзін бегае за ўсімі жанчынамі, за другім, наадварот, усе жанчыны бегаюць. І не дзіва: адукаваны, выхаваны, не зануда, а вельмі абаяльны. Да таго ж — герой Порт-Артура». Хто б тады мог падумаць, што лёсы маладых людзей перапляце менавіта вайна!

З пачаткам баявых дзеянняў ціхая і сціплая павятовая паненка раптоўна змянілася: запісалася ў сёстры міласэрнасці, паехала на фронт. І яшчэ да канца першага ваеннага года была ўдастоена медаля «За адвагу» на Георгіеўскай стужцы. А ў 1915-м падчас штурму крэпасці Перамышль сярод іншых вынесла з-пад агню і параненага ў нагу капітана Карбышава. Вось так яны пазнаёміліся, а неўзабаве і пажаніліся.

У Брэсцкай крэпасці Дзмітрый Карбышаў прабыў да лістапада 1914-га, калі па яго асабістай просьбе ён быў накіраваны ў дзейную армію. Першую сусветную вайну Карбышаў прайшоў у якасці дывізійнага інжынера 78-й і 69-й пяхотных дывізій, а затым начальніка інжынернай службы 22-га фінляндскага стралковага корпуса. За смеласць і адвагу пры штурме Перамышлі і падчас Брусілаўскага прарыву ён быў узведзены ў падпалкоўнікі і ўзнагароджаны ордэнам Святой Ганны.

Падчас рэвалюцыі падпалкоўнік Карбышаў не кідаўся, а адразу ўступіў у Чырвоную Армію. Ён усё жыццё быў верны сваім поглядам і перакананням, ад якіх не адхрышчваўся. Але лепш за ўсё даць слова самому Дзмітрыю Міхайлавічу. Вось што ён пісаў у аўтабіяграфіі:

«Амаль усю Першую сусветную імперыялістычную вайну мне давялося працаваць у складзе 8-й арміі. У другую палову вайны гэтай арміяй камандавалі такія зубры контррэвалюцыі, як генералы Каледзін і Карнілаў. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі, у ліпені 1917 г., армія была кінута Керанскім у наступленне пад Станіславам, але з прычыны прарыву рускага фронту немцамі пад Тарнопалем вымушана была адступіць.

Усё гэта не прамінула адбіцца на настроі салдацкай масы, і 8-я армія хутка бальшавізавалася».

У лістападзе 1920 года Дзмітрый Карбышаў займаўся інжынерным забеспячэннем штурму Перакопа, поспех якога канчаткова вырашыў зыход грамадзянскай вайны.

Фашысты вайну не абвяшчаюць...

Да канца 1930-х гадоў Дзмітрый Карбышаў лічыўся адным з найвопытнейшых спецыялістаў у галіне ваенна-інжынернага мастацтва не толькі ў Савецкім Саюзе, але і ў свеце. У 1940-м яму было прысвоена званне генерал-лейтэнанта, а ў 1941-м — ступень доктара ваенных навук.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны генерал Карбышаў працаваў над стварэннем абарончых збудаванняў на заходняй мяжы.

«Грамадзянская вайна ў Іспаніі, прарыў лініі Манэргейма, абыход лініі Мажыно, «дзіўная вайна» на Заходнім фронце, падзенне Чэхаславакіі і Аўстрыі, разгром Польшчы, Францыі, Нарвегіі, Даніі, Галандыі, Югаславіі, Грэцыі, нястрымнае шэсце нямецка-фашысцкай арміі па Еўропе, — казаў Дзмітрый Міхайлавіч, — усё гэта прымушае пра многае разважаць, па-іншаму глядзець на формы інжынернай падрыхтоўкі дзяржаўных межаў. Наўрад ці хто-небудзь з разважных савецкіх людзей думае, быццам вайна на захадзе нас не тычыцца, што ў нас могуць панаваць мір, цішыня, спакой. Не, мы разумеем, што на самой справе вайна ўжо пачалася і для нас — сапраўдная, жудасная вайна. Бо фашысты вайну не абвяшчаюць».

А саму Вялікую Айчынную генерал-лейтэнант Дзмітрый Карбышаў сустрэў у Гродне. У пачатку чэрвеня ён быў камандзіраваны ў Заходнюю асобную ваенную акругу, дзе інспектаваў ход будаўніцтва фартыфікацыйных збудаванняў 68-га Гродзенскага ўмацаванага раёна. Такую велізарную па маштабе працу Дзмітрый Міхайлавіч выканаў у незвычайна кароткі тэрмін — усяго за 8 дзён. Ён глыбока разумеў палявую фартыфікацыю і ўмеў цудоўна спалучаць яе з тактыкай і аператыўным мастацтвам войскаў. У яго праекце было паказана размяшчэнне ўсіх батарэй, іх пажаданы калібр і дакладныя месцы размяшчэння, зроблены панарамныя віды на найважнейшыя ўмацаванні — як з непрыяцельскага боку, так і з нашых умацаванняў на непрыяцельскі бераг; напісана грунтоўная тлумачальная запіска і нават кароткі каштарыс на вытворчасць работ.

З пачаткам вайны доты гэтага яшчэ не дабудаванага УРа гераічна адбівалі штурмы ворага, трымаючы абарону да 25 чэрвеня, а асобныя — да 27 чэрвеня, шмат у чым паўтарыўшы подзвіг суседніх пагранічных застаў і абаронцаў слаўнай Брэсцкай крэпасці.

Імклівае наступленне гітлераўцаў паставіла савецкія войскі ў складанае становішча.
І 60-гадовы генерал інжынерных войскаў, мабыць, быў, на нечую думку, не самым неабходным чалавекам у часцях, якім пагражае акружэнне: эвакуяваць Карбышава не здолелі. Зрэшты, і ён сам, як сапраўдны баявы афіцэр, вырашыў вырывацца з гітлераўскага «мяшка» разам са сваімі салдатамі.

Гродна пакінулі ў ноч з 22 на 23 чэрвеня 1941 года. Напярэдадні, пра гэта кажуць відавочцы, генерал перадаў свой аўтамабіль з аховай у асобе аўтаматчыка жонцы афіцэра, якую ён сустрэў ля будынка штаба з дзіцем на руках пасля чарговай бамбёжкі. Карбышаў загадаў кіроўцу эвакуяваць яе ў тыл. Перад адыходам з Гродна сапёры ажыццяўлялі падрыў мастоў, складоў з боепрыпасамі, палівам, рознай вайсковай маёмасцю. У кіраўніцтве гэтай работай, без сумнення, прымаў удзел і Дзмітрый Міхайлавіч.

24 чэрвеня разам з групай афіцэраў штаба 3-й арміі ён прыбыў на камандны пункт 10-й арміі, які ў той дзень быў разгорнуты на поўдзень ад Гродна, а 26 чэрвеня — ужо пад Ваўкавыскам. Камандуючы 10-й арміяй генерал Голубеў прыняў фатальнае рашэнне адыходзіць на ўсход дробнымі групамі. Дзмітрыю Міхайлавічу было ўжо больш за шэсцьдзясят, калі ён пешшу, практычна праз усю Беларусь, па лясах і балотах паўтара месяца ішоў з групамі савецкіх войскаў, якія прарываліся з акружэння, камандаваў падчас баёў і навядзення перапраў, кіраваў інжынерным забеспячэннем шматлікіх прарываў нямецкіх заслонаў.

Вось кароткая хроніка падзей тых дзён, здабытая з розных крыніц, у тым ліку ўспамінаў відавочцаў, аператыўных зводак штаба Заходняга фронту.

22-23 чэрвеня — Карбышаў знаходзіцца ў штабе 3-й арміі генерала Кузняцова (Гродна). Нямецкая 9-я армія генерал-палкоўніка Штрауса (паўночнае крыло групы армій «Цэнтр») атакуе з фронту 3-ю армію, адкідвае яе перадавыя часці і займае Гродна.

24 чэрвеня — Карбышаў з некалькімі афіцэрамі штаба 3-й арміі прыбывае на камандны пункт суседняй 10-й арміі (генерал Голубеў — на поўдзень ад Гродна, перабазіраваўшыся ад Беластока).

25 чэрвеня — аддаўшы частку арміі пад камандаванне генерала Болдзіна, Голубеў атрымлівае загад аб вывадзе асобных часцей 10-й арміі з Беластоцкага выступу на лінію Ліда—Слонім. Але немцы да гэтага моманту ўжо пачынаюць сціскаць кольца вакол Беластоцкага выступу. Акружэнне.

26 чэрвеня — штаб 10-й арміі (Карбышаў тут) ідзе ад Гродна ў бок Ваўкавыска. Голубеў пачынае разумець, што Мінск у руках немцаў (або будзе з хвіліны на хвіліну). Ісці на Мінск сэнсу няма і трымаць перад Мінскам нейкую «лінію» абароны ўжо таксама няма сэнсу. Голубеў прымае рашэнне аб выхадзе з акружэння дробнымі групамі. Куды? Як? Атрымліваецца, куды вочы глядзяць, хто як можа.

Усё. Далей дакладных дакументальных пацвярджэнняў мала. Скажам так, часткі арміі ажыццяўлялі планавы адыход і да 10.00 26.06.1941 г. галовамі калон падышлі да р. Зэльвянкі, пераправы якой былі занятыя праціўнікам. Афіцыйных звестак аб далейшым становішчы часцей не паступала.

Нейкую інфармацыю можна знайсці, у прыватнасці, ва ўспамінах Яўгена Рыгоравіча Рэшына, ваеннага камісара аднаго з інжынерных злучэнняў, які асабіста ведаў генерала Карбышава. Вось як ён расказваў пра сустрэчу чырвонаармейцаў, якія выходзілі з акружэння, з мясцовымі жыхарамі, школьнікамі, што збіралі ў лесе ягады.

«Прыкладна 28-29 чэрвеня 1941 года дзеці заўважылі двух савецкіх камандзіраў. У той час немцы часта скідалі парашутыстаў, пераапранутых у чырвонаармейскую форму, і ў першы момант хлапчукі падумалі, што гэта немцы, і кінуліся бегчы. Тады камандзіры паклікалі іх:

— Хлопцы, не ўцякайце! Мы свае.

Адзін з камандзіраў быў сярэдняга росту, худы, няголены генерал-лейтэнант з эмблемай інжынерных войскаў у пятліцы, другі — высокі, шчыльны чалавек гадоў пад сорак, палкоўнік. Генерал быў у кіцелі, з пісталетам, палкоўнік — у гімнасцёрцы, з аўтаматам ППШ. Перш за ўсё яны папрасілі прынесці ім вады. Генерал сказаў, што яго прозвішча Карбышаў і жартам дадаў, што паходзіць яно ад слова «карабыш» — суслік. І што ён таксама зямлю капае, такая ў яго спецыяльнасць. Хлапчукі добра запомнілі гэтае прозвішча».

Далей было так.

Пару дзён група штаба 10-й арміі адыходзіла на ўсход. Прайшоўшы на поўнач ад Слоніма, дайшлі да шашы Баранавічы — Мінск.

30 чэрвеня. У гэты дзень паспрабавалі перасекчы шашу Баранавічы — Мінск. Але немцы не прапусцілі групу і рассеялі яе. Канчаткова. Затым хтосьці далучыўся да адступаючых пагранічнікаў і рухаўся далей з імі, а хтосьці ўжо ні да кога не далучыўся...

Далей — зноў з успамінаў камісара Рэшына:

«Прыкладна паміж 5 і 10 ліпеня 1941 года ў адным з хутароў, непадалёк ад мястэчка Узда, генерал Голубеў нечакана сустрэў генерала Карбышава і палкоўніка Сухарэвіча. Я пазнаёміўся з Карбышавым і Сухарэвічам — яны таксама пайшлі з намі.

Генерал Карбышаў быў апрануты ў ваенную форму: шэры прагумаваны афіцэрскі плашч, штаны колеру хакі без лампасаў і хромавыя боты генеральскага ўзору. На рамяні праз плячо вісела скураная сумка, у якой, паводле слоў самога Карбышава, знаходзіліся ордэны і асабістыя дакументы.

Сухарэвіч быў у летняй форме і ўзброены аўтаматам ППШ.

Здароўе і настрой генерала Карбышава мне здаліся здавальняючымі. Нягледзячы на свой узрост, ён ні разу не скардзіўся на стомленасць або недамаганне. Наадварот, ён адмовіўся ад прапанаванай намі коннай павозкі і расказаў пра аналагічны выпадак, калі яму давялося выбірацца з акружэння падчас руска-японскай вайны.

Прыкладна праз тыдзень пасля сустрэчы з генералам (16 або 17 ліпеня) Карбышаў у маёй прысутнасці заявіў Голубеву, што не згодны з маршрутам. На яго думку, неабходна рухацца не да Гомеля, а на Магілёў. Усе нашы довады аб перавазе выбранага намі маршруту яго не пераканалі. Разам з палкоўнікам Сухарэвічам яны самастойна павярнулі на Слуцк і далей — на Магілёў. Перад тым, як расстацца, я прапанаваў Карбышаву для прыкрыцця і сувязі з нашай групай узяць некалькі чалавек, але ён рашуча адмовіўся.

Мы пайшлі сваёй дарогай і 19 ліпеня выйшлі да Дняпра ў раёне горада Рагачова».

Карбышаў мужна спрабаваў выйсці з акружэння. Спачатку з часцямі РККА ў форме. Затым — практычна ў адзіночку ў цывільным адзенні (ці ў гімнасцёрцы і плашчы без знакаў адрознення). 8 жніўня 1941 года ў непрытомным стане быў узяты ў палон падраздзяленнямі паўднёвага крыла групы армій «Цэнтр».

Цяпер уважліва паглядзім на біяграфію яшчэ аднаго генерала.

Закутны Дзмітрый Яфімавіч. Нарадзіўся ў пасёлку Зімоўнік на тэрыторыі вобласці Войска Данскога ў 1897 годзе. Член ВКП (б) з 1919 года. У Чырвонай Арміі з 1918 года. Генерал-маёр. Камандзір 21-га стралковага корпуса, у камандаванне корпусам уступіў у ліпені 1941 года пасля гібелі генерал-маёра В.Б. Барысава. 26 ліпеня рэшткі корпуса трапілі ў акружэнне ў раёне сёл Вялікая і Малая Зімніца Гомельскай вобласці. Закутны трапіў у палон. Яго дапытвалі спачатку ў штабе корпуса, потым — у штабе 2-й арміі, і нарэшце — у штабе групы армій «Цэнтр».

Як сцвярджаюць сведкі, менавіта Закутны звярнуў увагу нямецкага камандавання на тое, што сярод палонных знаходзіцца генерал Д.М. Карбышаў: «Спяшаюся данесці, — кажа здраднік немцам, — сярод палонных я заўважыў вядомага генерала. Гэта Карбышаў». Аб гэтым можна прачытаць і ў нямецкіх матэрыялах. Вось быў такі выканаўчы дырэктар службы навін Трэцяга рэйха, кіраўнік прэс-дэпартамента міністэрства замежных спраў. Звалі яго Паўль Карл Шміт. Пасля вайны яго не расстралялі, і ён пад псеўданімам Паўль Карэл апублікаваў цэлую серыю кніг па гісторыі вайны, у тым ліку «Напярэдадні «Барбаросы» і «Гітлер ідзе на Усход». У апошняй ён распавядае пра допыты генерала Карбышава, захопленага «за Бярэзінай».

[caption id="attachment_106304" align="alignnone" width="600"]17-7 У Брэст-Літоўску. 1914.[/caption]

«Карбышаў назаўсёды застанецца Карбышавым»

Трэба сказаць, што пошукі людзей, названых у лісце канадскага афіцэра Седана дэ Сэнт-Клера, часткова ўвянчаліся поспехам. Сярод іх быў і падпалкоўнік Мікалай Васільевіч Сарокін, якога таксама даставілі ў Маўтхаўзен у лютым 1945-га.

29 красавіка 1946 года ён расказаў следчай камісіі пра тое, што там адбылося, пра зверскую расправу, учыненую фашыстамі. Яго сведчанне пацвярджала словы канадскага афіцэра. Праўда, ён сцвярджаў, што гэтая экзекуцыя (абліванне вязняў вадой на марозе) паўтаралася некалькі разоў. «Апоўначы, сведчыў Сарокін, падчас чарговай такой экзекуцыі таварыш Карбышаў адхіліўся ад напору халоднай вады і ўдарам дубінкі па галаве быў забіты».

Так ці інакш, звесткі аб трагічнай гібелі Дзмітрыя Міхайлавіча сталі праясняцца. І стаў вымалёўвацца шлях генерала па фашысцкіх лагерах.

Генерал-маёр танкавых войскаў М.Ф. Міхайлаў сведчыў: «У 1942 годзе я быў дастаўлены ў лагер ваеннапалонных за пяць кіламетраў ад Хамельбурга. У той час т. Карбышаў знаходзіўся ў шпіталі. Нягледзячы на цяжкія ўмовы, напаўгалоднае існаванне (250 г хлеба, 3/4 л супу), Карбышаў быў упэўнены ў перамозе. Карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод камандзіраў і генералаў. У маі 1943 года Карбышава прывезлі ў канцлагер Флосенбург. Неўзабаве мне давялося з ім сустрэцца. Ён расказаў, што з Хамельбургскага лагера яго перавезлі ў Берлін, дзе прапанавалі працаваць на немцаў, але ён катэгарычна адмовіўся. Затым ён быў там жа пасаджаны ў турму, а пазней адпраўлены ў Нюрнбергскі лагер ваеннапалонных. У Флосенбургскім лагеры ён працаваў са мной у каменяломні, па 14 гадзін у суткі цягалі і перавозілі на тачках камяні. Карбышаў хварэў і быў знясілены. Яго ўдалося праз чэшскіх таварышаў пакласці ў шпіталь. Там, знаходзячыся пад страхам быць павешаным ці спаленым у крэматорыі, т. Карбышаў вёў выхаваўчую работу. Быў сам упэўнены ў перамозе нашай Радзімы і ўсяляў гэтую веру савецкім зняволеным...»

Відавочцы, тыя, што засталіся ў жывых, данеслі да нас і апошнія словы генерала: «Думайце пра Радзіму, і мужнасць не пакіне вас».

У час знаходжання Карбышава ў канцлагеры ўзнікла ідэя змяніць яму прозвішча.

Можна было падабраць з ліку памерлых ваеннапалонных чалавека адпаведнага ўзросту, фізічнага падабенства, біяграфічных звестак і падаць рапарт, пазначыўшы нумар Карбышава. Аднак генерал ад гэтай прапановы катэгарычна адмовіўся, заявіўшы, што Карбышаў заўсёды быў Карбышавым і застанецца ім надалей, што б яму ні пагражала.

Каштоўны спецыяліст

Аўтарытэт Карбышава як ваеннага спецыяліста быў вельмі высокі. Гітлераўцы яшчэ да палону генерала ўнеслі яго ў спіс тых, каго пасля разлічвалі выкарыстаць на службе Трэцяму рэйху.

Нямецкае камандаванне было пераканана: Карбышаў сярод бальшавікоў — чалавек выпадковы. Дваранін, афіцэр царскай арміі, ён з лёгкасцю пагодзіцца перайсці на іх бок. Урэшце, ён і ў ВКП (б) уступіў толькі ў 1940 годзе, мабыць, пад прымусам.

Аднак вельмі хутка нацысты выявілі, што Карбышаў — моцны арэшак.
60-гадовы генерал служыць Трэцяму рэйху адмаўляўся, выказваў упэўненасць у канчатковай перамозе Савецкага Саюза і нічым не нагадваў чалавека, зламанага палонам.

У сакавіку 1942-га Карбышава перакінулі ў афіцэрскі канцэнтрацыйны лагер Хамельбург. У ім вялася актыўная псіхалагічная апрацоўка высокапастаўленых савецкіх афіцэраў з мэтай прымусіць іх перайсці на бок Германіі. Дзеля гэтага ствараліся самыя гуманныя (калі можна так сказаць пра лагер для ваеннапалонных) умовы. Многія да таго сербанулі ліха ў звычайных салдацкіх лагерах, на гэтым і ламаліся. Карбышаў, аднак, аказаўся зусім з іншага цеста — ніякімі выгодамі і паслабленнямі «перакаваць» яго не ўдалося.

Неўзабаве да Карбышава немцы прыставілі палкоўніка Пеліта. Гэты афіцэр вермахта выдатна валодаў рускай мовай, бо ў свой час служыў у царскай арміі. Больш за тое, Пеліт быў калегам Карбышава падчас працы над фартамі Брэсцкай крэпасці. Ён, тонкі псіхолаг, распісваў перад Карбышавым усе перавагі службы вялікай Германіі, прапаноўваў «кампрамісныя варыянты супрацоўніцтва» — напрыклад, генерал займаецца гістарычнымі працамі аб ваенных аперацыях Чырвонай Арміі ў бягучай вайне, і за гэта яму ў перспектыве дазволяць выезд у нейтральную краіну.

Аднак Карбышаў зноў адхіліў усе прапанаваныя гітлераўцамі варыянты супрацоўніцтва.

Тады нацысты распачалі апошнюю спробу. Генерала перавялі ў адзіночную камеру адной з турмаў Берліна, дзе пратрымалі каля трох тыдняў.

Пасля гэтага ў кабінеце следчага яго чакаў калега — вядомы нямецкі фартыфікатар, прафесар Гейнц Раўбенгеймер. Гітлераўцы ведалі, што Карбышаў і Раўбенгеймер знаёмыя, больш за тое, савецкі генерал з павагай ставіўся да работ нямецкага вучонага.

Раўбенгеймер агучыў Карбышаву наступныя прапановы германскіх уладаў. Генералу прапаноўвалася вызваленне з лагера, магчымасць пераезду на прыватную кватэру, а таксама поўнае матэрыяльнае забеспячэнне. Яму будзе адкрыты доступ ва ўсе бібліятэкі і кнігасховішча Германіі, прадастаўлена магчымасць знаёміцца з іншымі матэрыяламі ў галінах ваенна-інжынернай справы, якія яго цікавяць. Пры неабходнасці гарантавалася любая колькасць памочнікаў для ўладкавання лабараторыі, выканання доследна-канструктарскіх работ і забеспячэння іншых мерапрыемстваў навукова-даследчага характару. Вынікі работ павінны стаць здабыткам нямецкіх спецыялістаў. Усе чыны германскай арміі будуць ставіцца да Карбышава як да генерал-лейтэнанта інжынерных войскаў германскага рэйха.

Немаладому ўжо чалавеку, які прайшоў праз ліхтугі ў лагерах, прапаноўвалі раскошныя ўмовы з захаваннем становішча і нават звання. Ад яго не патрабавалі нават ганьбіць Сталіна і бальшавіцкі рэжым. Гітлераўцаў цікавіла работа Карбышава па яго асноўнай спецыяльнасці.

Дзмітрый Міхайлавіч выдатна разумеў, што гэта, хутчэй за ўсё, апошняя прапанова. Разумеў ён і тое, што адбудзецца ўслед за адмовай.

Аднак мужны генерал сказаў: «Мае перакананні не выпадаюць разам з зубамі ад недахопу вітамінаў у лагерным рацыёне. Я салдат і застаюся верны свайму абавязку. А ён забараняе мне працаваць на тую краіну, якая знаходзіцца ў стане вайны з маёй Радзімай».

Пасля гэтай адмовы гітлераўцы паставілі на генерале крыж, вызначыўшы яго як «перакананага, фанатычнага бальшавіка, выкарыстанне якога на службе Рэйху немагчымае».

Карбышава адправілі ў канцэнтрацыйны лагер Флосенбург, дзе сталі выкарыстоўваць на катаржных работах асаблівай цяжкасці. Але і тут генерал здзіўляў сваіх таварышаў па няшчасці нязломнай воляй, сілай духу і ўпэўненасцю ў канчатковай перамозе Чырвонай Арміі.

Адзін з савецкіх палонных пасля прыгадваў, што Карбышаў умеў узняць настрой нават у самыя цяжкія хвіліны. Калі палонныя працавалі над вырабам магільных пліт, генерал заўважыў: «Вось праца, якая дастаўляе мне сапраўднае задавальненне. Чым больш надмагільных пліт патрабуюць ад нас немцы, тым лепш, значыць, ідуць у нашых справы на фронце».

Яго пераводзілі з лагера ў лагер, умовы станавіліся ўсё больш жорсткімі, але зламаць Карбышава не здолелі. У кожным з лагераў, дзе аказваўся генерал, ён станавіўся сапраўдным лідарам духоўнага супраціўлення ворагу. Яго стойкасць надавала сіл тым, хто быў побач.

Фронт каціўся на Захад. Савецкія войскі ўступілі на тэрыторыю Германіі. Зыход вайны стаў відавочны нават перакананым нацыстам. У гітлераўцаў не засталося нічога, акрамя нянавісці і жадання расправіцца з тымі, хто аказаўся мацнейшым за іх нават у кайданах і за калючым дротам...

З аповеду канадскага маёра пачаўся збор звестак пра апошнія гады жыцця генерала Карбышава, праведзеныя ў нямецкім палоне. Усе сабраныя дакументы і ўспаміны відавочцаў сведчылі аб мужнасці і стойкасці гэтага чалавека.

16 жніўня 1946 года за выключную стойкасць і мужнасць, праяўленыя ў барацьбе з нямецкімі захопнікамі ў Вялікай Айчыннай вайне, генерал-лейтэнанту Дзмітрыю Міхайлавічу Карбышаву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза (пасмяротна).

У 1948 годзе на тэрыторыі былога канцлагера Маўтхаўзен быў адкрыты помнік генералу. Надпіс на ім абвяшчае: «Дзмітрыю Карбышаву. Вучонаму. Воіну. Камуністу. Жыццё і смерць яго былі подзвігам у імя жыцця».

Анатоль СЛАНЕЎСКІ

slaneuski@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.