Вы тут

«Удар» ніжэй пояса


Рак прастаты займае першае месца сярод усіх злаякасных пухлін у мужчын.

Доўгі час гэты від анкалогіі выяўляўся, галоўным чынам, на позніх, 3-4-й, стадыях — больш як у 75 працэнтаў хворых. Сёння гэта ўжо 55 працэнтаў, хоць у некаторых краінах наогул не больш за 5! Западозрыць праблему раней стала магчымым з дапамогай аналізу крыві на прастатспецыфічны антыген. Прайсці такое даследаванне можа любы мужчына пасля 50-55 гадоў — дастаткова звярнуцца да ўролага. А падрабязней аб тым, як выстаўляецца дыягназ раку прастаты і якое лячэнне прапануе сучасная медыцына, расказвае загадчык аддзялення онкаўралогіі Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера Ігар МАСАНСКІ.

21-16

— Прастата — орган гармоназалежны, і ў ім магчымыя розныя паталагічныя змены. Сама залоза знаходзіцца ў малым тазе, прычым даволі глыбока, што ўяўляе пэўныя цяжкасці пры правядзенні дыягностыкі. У ідэале кожны мужчына, які звярнуўся да ўролага з любой скаргай — напрыклад, з пачашчаным мочаспусканнем — павінен праходзіць пальцавы агляд праз прамую кішку. Гэта першы важны момант, дзякуючы якому можна западозрыць рак прастаты. Аднак адрозніць такім чынам пухліну ад звычайнага хранічнага запаленчага працэсу бывае даволі няпроста. Таму ўрач павінен адначасова прызначаць тэст на прастатспецыфічны антыген, або ПСА. У свеце гэты метад выкарыстоўваецца даўжэй, чым у нас, і гэта самы важны момант, які забяспечыў шэрагу развітых краін неверагодна высокае выяўленне раку прастаты на ранняй стадыі. Мы пераканаліся ў гэтым падчас правядзення ў некаторых рэгіёнах, у тым ліку ў сталіцы, пілотнага праекта па раннім выяўленні раку прастаты сярод мужчын ва ўзросце пасля 55 гадоў.

— Якім чынам мужчын абследавалі ў межах праекта?

— Мужчыны, якія ні на што не скардзіліся, здавалі аналіз крыві на ПСА. Калі ўзровень гэтага маркёра перавышаў 4 нг/мл, прапаноўвалася працягнуць абследаванне. Наогул тут існуе стандарт, які прымяняецца сёння для ўсіх пацыентаў, узровень ПСА ў якіх аказаўся вышэйшым за 4. Акрамя пальпіравання, выконваецца біяпсія пад ультрагукавым кантролем. Біяпсія можа быць праведзена двума метадамі. Падчас трансрэктальнага ўльтрагукавога даследавання біяпсія прастаты выконваецца праз прамую кішку. У некаторых выпадках можа прымяняцца мясцовая анестэзія («замарозка») і абавязкова — кароткі курс антыбіётыкатэрапіі. Значна радзей выконваецца трансперытаніяльная або прамежнасная біяпсія, што патрабуе пэўных паказанняў, анестэзіі і шпіталізацыі.

— Як часта трэба праходзіць тэст на прастатспецыфічны антыген?

— Рэгулярнасць здачы такога аналізу вызначае ўрач, які зробіць нейкія высновы з вынікаў першага такога абследавання. Звычайна — раз на два-тры гады. А паколькі даказана, што рызыка развіцця захворвання ўзрастае ў разы ў тых мужчын, чые блізкія сваякі хварэлі на рак прастаты, то гэтай катэгорыі рэкамендуецца праходзіць абследаванне на ПСА штогод, пачынаючы з 45 гадоў. Маркёры сёння ёсць практычна ў кожнай паліклініцы, якія маюць клінічныя лабараторыі, і ў камерцыйных медцэнтрах.

— Ці можа быць так, што вынік ПСА высокі, а біяпсія ў норме?

— Бывае так, што ўзровень ПСА вельмі высокі, а марфалагічнае даследаванне нічога нам не паказвае. Можна проста не трапіць іголкай у тую частку залозы, дзе ёсць ракавыя клеткі. У некаторых выпадках біяпсія выконваецца не адзін раз. Аднак, каб даследаваць усю залозу такім чынам, давядзецца ўзяць каля 600 узораў тканкі, што практычна немагчыма па многіх меркаваннях. Таму вынайдзены і ўжо выкарыстоўваецца больш сучасны метад марфалагічнага даследавання — імунагістахімічная дыягностыка. У Мінску працуе некалькі лабараторый па яе правядзенні, адна з якіх знаходзіцца ў нашым дыспансеры. З увядзеннем у работу пазітронна-эмісійнага тамографа дыягностыка размяшчэння метастазаў, у тым ліку і гэтага віду раку, выйдзе на яшчэ больш высокі ўзровень. Але ўжо сёння задзейнічаны высакаякасныя праграмы магнітна-рэзананснай тамаграфіі, якія з вельмі вялікай доляй верагоднасці ўказваюць на размяшчэнне ачагоў пухлін. Існуюць і робатызаваныя комплексы для правядзення біяпсіі, калі магнітна-рэзанансны тамограф выяўляе ачагі і падазроныя ўчасткі, а пасля гэта інфармацыя паступае на ўльтрагукавы апарат, што дазваляе выканаць біяпсію з неверагоднай дакладнасцю.

За апошнія пяць гадоў смяротнасць на працягу года пасля выстаўленага дыягназу раку знізілася ў 2 разы і наблізілася да 5 працэнтаў. Гэта важны паказчык у анкалогіі. Таму што можна выставіць 1-ю або 2-ю стадыю, а чалавек пасля гэтага загінуў цягам года. Значыць, яму няправільна паставілі дыягназ і прапусцілі метастазы...

— Ці нельга паступіць з прастатай так, як з малочнай залозай, якую ў некаторых краінах магчыма выдаліць яшчэ да з'яўлення пухліны?

— Ні ў якім разе! Орган гэты вельмі неабходны і важны. Выдаленне залозы можа выклікаць і праблемы з патэнцыяй, і нетрыманне мачы, бо там размяшчаецца ўрэтральны сфінктар, які ўтрымлівае мачу. Прастата — залозіста-мышачны орган, які, з аднаго боку, выпрацоўвае сакрэт для разрэджвання і ашчалачвання спермы, а з другога, дзякуючы сваім мышцам, ён падчас эякуляцыі выпіхвае сперму ва ўрэтру. Выдаляючы прастату, мы вельмі часта забяспечваем чалавеку імпатэнцыю. А сёння медыцына скіраваная не столькі на лячэнне захворвання любой цаной, колькі на забеспячэнне якасці жыцця.

— Аднак вы выдаляеце залозу, калі марфолагі знаходзяць дрэнныя клеткі?

— Безумоўна. Радыкальная прастатэктамія з'яўляецца пакуль асноўным спосабам лячэння раку прастаты. А падчас гэтай аперацыі выдаляюцца яшчэ і палавыя нервы, што выклікае імпатэнцыю. Безумоўна, калі ёсць нейкая магчымасць іх пакінуць, мы робім гэта. Наогул, у адрозненне ад аперацыі, звязанай з дабраякаснай гіперплазіяй, аперацыя пры раку прастаты — гэта поўнае выдаленне залозы, семявых пузыркоў, часткі шыйкі мачавога пузыра і лімфавузлоў, у якіх могуць быць метастазы.

— І колькі такіх аперацый было выканана летась?

— Гадоў дзесяць-пятнаццаць таму ў Беларусі цягам года выконвалася не больш за дзесяць прастатэктамій, а летась толькі ў нашым аддзяленні было праведзена каля 400 такіх умяшанняў. Але не варта думаць, што, як толькі выстаўляецца дыягназ раку прастаты, дык адразу плануецца аперацыя. Наогул у свеце іх зроблена нямала, бо там яны даўно практыкуюцца. Аднак новая тэндэнцыя ва ўралогіі адносна раку прастаты — не выяўляць яго так рана... Напрыклад, у тых жа Злучаных Штатах 95 працэнтаў раку прастаты выяўляецца на ранняй стадыі. Але не ўсім пацыентам з гэтым дыягназам пачынаюць неадкладнае лячэнне. Бывае, што пухліна ў даклінічнай стадыі ніяк не праяўляе сябе дзесяцігоддзямі... У 80 гадоў, калі пухліна не выклікае ніякіх ускладненняў, не дае метастазаў, няма небяспекі пералому касцей, затрымкі мачы, чалавеку дастаткова заставацца ў групе назірання і рэгулярна праходзіць агляды, здаваць тэст на ПСА...

— Чаму на змену радыкальнаму ўмяшанню не прыйшла лапараскапія?

— Лапараскапічныя ўмяшанні выконваюцца, але пакуль у адзінкавых выпадках. Трэба думаць, гэты метад будзе развівацца. Нельга сказаць, што мы не працуем у гэтым кірунку... Некалі і прастатэктаміі не выконваліся. Выдаляліся яечкі, якія выпрацоўваюць тэстастэрон, і гэта давала свой часовы эфект. Сёння такое ўмяшанне прымяняецца вельмі абмежавана.

— Відавочна, лячэнне не абмяжоўваецца адной толькі прастатэктаміяй...

— Найлепшы вынік у анкалогіі забяспечвае комплекснае лячэнне. Радыкальная прамянёвая тэрапія дазваляе пэўны час добра кантраляваць захворванне. Нашы ўрачы-радыёлагі прайшлі стажыроўку за мяжой, абсталяванне высокага класа забяспечвае зніжэнне агульнай прамянёвай нагрузкі і магчымасць узмацнення дозы менавіта ў ачагу пухліны. Пры агрэсіўных пухлінах можа прымяняцца і гарманальная тэрапія — тэрмінам ажно да 36 месяцаў. Гармоны бываюць розных класаў. Адны блакіруюць паталагічны працэс на клетачным узроўні, іншыя ажыццяўляюць фармакалагічную кастрацыю, фактычна спыняюць выпрацоўку тэстастэрону. Ёсць таргетныя прэпараты, якія ўздзейнічаюць менавіта на арганелы ракавых клетак або на іх рэцэптары. Такія лекі ўжо ліцэнзаваныя ў нашай краіне, аднак па прычыне найперш вельмі высокага кошту прымяняюцца абмежавана. Пры 4-й стадыі размова ідзе пра паліятыўнае лячэнне, якое можа ўключаць увесь арсенал тэрапіі, бо каля 25 працэнтаў такіх хворых жывуць пяць і болей гадоў. Мы лечым, пакуль пухліна адклікаецца на наша лячэнне і пакуль дазваляе стан пацыента.

— Новыя магчымасці лячэння спрыяюць змяншэнню ўскладненняў?

— Мы амаль не назіраем ужо выпадкаў татальнага нетрымання мачы пасля радыкальных аперацый. На гэта паўплывала тэхніка вядзення самой аперацыі. Наогул, прагназаванне такога ўскладнення можа быць проціпаказаннем да аперацыі. Так, на позніх стадыях захворвання неабходна выдаляць і мочавыдзяляльны сфінктар, а гэта — нетрыманне мачы. У пэўнай катэгорыі пацыентаў часам захоўваецца стрэсавае нетрыманне — падчас фізічнай нагрузкі, калі чалавек рэзка падняўся, чхнуў... У такіх выпадках рэкамендуюцца практыкаванні па ўмацаванні мышцаў таза. Прызначаецца і фізіятэрапія — электралячэнне, магнітатэрапія, якія ёсць у нашай клініцы. Наогул стрэсавае нетрыманне мачы праходзіць цягам 2-4 месяцаў. Замежныя спецыялісты распрацавалі ўжо нават тэхналогію імплантацыі спецыяльнага сфінктара для вырашэння падобнай праблемы. У нас гэта пакуль не распаўсюджана. Усё ж такі ў Беларусі выяўляецца каля 3,5 тысячы новых выпадкаў раку прастаты за год, а ў ЗША — каля 200 тысяч...

Другі важны момант, які непакоіць нашых пацыентаў — імпатэнцыя. Пры паказаннях можна прызначыць спецыяльныя лекі на розны тэрмін, але не заўсёды патэнцыя аднаўляецца. Некаторым пацыентам прапануецца фізіятэрапія. У Любані нават ёсць санаторый для мужчын з парушэннем эрэктыльнай функцыі, у тым ліку для тых, хто перанёс падобную аперацыю. Нашым пацыентам не проціпаказаны вакуумная тэрапія, гірудатэрапія і інш. Ёсць у нас і магчымасць пратэзавання — спецыяльныя імпланты ўводзяцца ў палавы член хірургічным шляхам. Ёсць такія імпланты, якімі можна кіраваць. У Германіі такі від умяшання ўжо нават аплачваюць страхавыя кампаніі. У нас такія пратэзы атрымалі літаральна некалькі чалавек падчас правядзення тэматычных навукова-практычных семінараў. Аднак чым больш іх будзе вырабляцца, тым таннейшымі яны будуць, а значыць, і часцей будуць прымяняцца

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.