Вы тут

Электронныя «вочы» і «вушы» жылля


Найлепшы сродак аховы маёмасці — сігналізацыя.

Халодны час года — выпрабаванне для маёмасці, якая захоўваецца ў прыватных дамах. Адны дамы пустуюць з-за таго, што на зіму іх гаспадары перасяліліся да сваякоў. Другія, якія актыўна выкарыстоўваюцца ў якасці лецішча, узімку адведваюцца таксама нячаста. Усё б нічога, але ж адсутнасць пастаянных насельнікаў у доме непазбежна прыцягвае да сябе ўвагу. У тым ліку — і аматараў паквапіцца на чужое дабро.

21-20

Па бесправадной тэхналогіі

Больш надзейнага сродку яго аховы, чым сігналізацыя, дагэтуль не прыдумана. Але якімі ўласцівасцямі павінны валодаць будынкі, каб іх узялі пад ахову? Якога абслугоўвання патрабуе сігналізацыя пасля яе мантажу? І як новыя тэхналогіі прыходзяць на дапамогу ахоўнікам? Карэспандэнт «Звязды» пагутарыў аб гэтым з намеснікам начальніка Мінскага гарадскога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС, начальнікам аддзела сродкаў і сістэм аховы Іванам Трусевічам.

— Сама спецыфіка аховы прыватнага дома ці катэджа, якія знаходзяцца за межамі МКАД, звязана з тым, што туды бывае цяжка пад'ехаць з-за нячышчаных дарог. Таму даводзіцца вывучаць мясцовасць загадзя.

Ды і пранікнуць у прыватны дом дастаткова проста. У яго ёсць шмат слабых месцаў. Гэта вокны, цокальны паверх, дзвярныя праёмы, асаблівасці канфігурацыі. Аднак, перш чым прыняць рашэнне аб тым, ці трэба браць дом пад сігналізацыю, мы кіруемся такой акалічнасцю, як яго тэхнічная ўмацаванасць. Зразумела, што хацінка, якая ледзь ліпіць, пахваліцца ёй няздольная. Таксама там мусяць стаяць супрацьузломныя краты, спецыяльная фурнітура на дзвярах, ды і дадатковыя запоры не перашкодзяць.

А вось да кватэр у шматпавярховых дамах, якія знаходзяцца ў межах горада, вострай неабходнасці ў гэтым ужо няма з-за таго, што час прыбыцця нараду на выклік мінімальны. Да таго ж дабрацца зламысніку ў кватэру, якая знаходзіцца на прамежкавых паверхах, значна цяжэй.

— Сітуацыя ўскладняецца тым, што ў вёсках не ва ўсіх дамах падключана тэлефонная сувязь...

— Так. І таму тут на дапамогу нам прыходзяць GSM- і радыёканалы. Перавагу аддаем сувязі GSM. Яна ўжо ахапіла амаль усю краіну, ды і вылучаецца большай устойлівасцю перад памехамі. Але мушу зазначыць, што і ў вялікім горадзе ніякіх праблем з абсталяваннем жылля прыёма-кантрольнымі прыборамі сігналізацыі, якія працуюць па бесправадной тэхналогіі, няма. Адзіны аргумент не на іх карысць — гэта крыху большы кошт апаратуры.

Яшчэ адно адрозненне прыватнага дома ад кватэры — гэта наяўнасць гаспадарчых пабудоў. Іх таксама пажадана паставіць пад ахову. Справа ў тым, што там захоўваецца шмат карысных для хатняй гаспадаркі рэчаў, якія і каштуюць нятанна, — трымеры, газонакасілкі, іншы інвентар... Не кажучы ўжо пра гараж, у якім стаіць аўтамабіль. Мяркуючы па крымінальных зводках, менавіта на іх у першую чаргу і квапяцца аматары чужога дабра. Кошт устаноўкі будзе ненашмат вышэйшым — аб'ёмныя апавяшчальнікі каштуюць нядорага. Ды і на штомесячнай абаненцкай плаце гэта адаб'ецца не вельмі — давядзецца даплаціць дадатковыя 50 тысяч рублёў за кожную пабудову. Але паверце, гэта не тая сума, якая ўплывае на сямейны бюджэт, у параўнанні з коштам маёмасці, якую патэнцыйна могуць скрасці зламыснікі. Дарэчы, за ахову кожнага ўзроўню жытла спатрэбіцца даплаціць 50 тысяч рублёў.

21-21

— Не так даўно ў Мінску здарылася масавае адключэнне электрычнасці ў адным з мікрараёнаў. У цемру велізарны спальны раён апусціўся на 7 гадзін. Ці не паўплывае адключэнне электрычнасці на кватэрную сігналізацыю? Яна ж сілкуецца ад звычайнай сеткі ў 220 вольт?

— Нашы апараты маюць дзве крыніцы сілкавання. Дапаможнай з'яўляецца акумулятарная батарэя. Яе проста трэба своечасова мяняць: стандартны тэрмін службы акумулятара складае два гады. Але гэты паказчык залежыць ад таго, дзе і калі зрабілі перазараджальную батарэю, колькі яна ўжо адпрацавала. Таксама важны складнік — надзейнасць электразабеспячэння. Чым радзей у вас прападае электрычнасць, тым менш у акумулятара цыклаў зараду-разраду, тым даўжэй ён праслужыць. Тэарэтычна ён можа адпрацаваць і тры гады, і нават крыху больш. І самае галоўнае, каб па нашай просьбе ўладальнік жылля ці гаспадарчай пабудовы своечасова на гэтую замену пагаджаўся. Устаноўка новага акумулятара бясплатная, трэба толькі заплаціць за саму батарэю. Кошт новага стандартнага акумулятара складае сёння прыкладна 150 тысяч рублёў. Мы гатовы нават выкарыстаць растэрміноўку да 6 месяцаў, тады аплата будзе ўключацца ў звычайную «жыроўку». Нават хадзіць для гэтага ў раённае падраздзяленне аховы не патрэбна. Пры ўстаноўцы сігналізацыі абавязкова выдаецца памятка, у якой змяшчаюцца ўсе неабходныя тэлефоны.

Кожнаму па кішэні

— Памылковы аргумент, які ўжываюць людзі пры нашай прапанове падключыць сістэму сігналізацыі — гэта, як падаецца на першы погляд, істотны кошт абсталявання, якое мы прапануем, — працягвае Іван Трусевіч. — Трэба адразу зазначыць, што парк нашага абсталявання розны, можна выбіраць сістэмы ад розных пастаўшчыкоў. Супертанным назваць яго нельга, але і дарагім таксама. Цяпер яго можа дазволіць сабе кожны чалавек. У Мінску, напрыклад, устаноўка сігналізацыі каштуе менш за сярэдні месячны заробак. І паверце, калі, крый Божа, да вас у жытло залезе непажаданы госць, то ён можа прычыніць значна большы ўрон, не кажучы ўжо аб моцным псіхалагічным удары... Да таго ж гэтую суму можна аплаціць у растэрміноўку.

Абавязкова звярніце ўвагу на тып апавяшчальніка. Існуюць прыборы, якія рэагуюць на любы рух. Менавіта таму, калі вы вырашылі па нейкай прычыне не ставіць датчыкі на вокны, шчыльна зачыняйце іх, калі ідзяце з дому. Калі ж кантрольны апарат рэагуе на адчыненне рам, сітуацыя спрашчаецца: пакуль не зачыніце вокны, сігналізацыя элементарна не ўключыцца. І абавязкова перыядычна ацэньвайце вагу хатняга гадаванца: датчык, які не рэагаваў на шчаня, на дарослага сабаку спрацуе абавязкова.

Сёлета нарады выязджалі ў сярэднім за суткі каля 300 разоў на спрацоўванні сістэм сігналізацыі. Жылы сектар тут займае значную долю: туды міліцыянеры накіроўваюцца прыкладна па 100-150 выкліках. Але амаль заўжды гэта адбываецца па віне самога кватэраздымшчыка: зладзеяў, як правіла, адпалохвае яркі святлодыёд. Лідары тут — пакінутыя расчыненымі вокны, падрослыя свойскія жывёлы ды і простая няпамятлівасць людзей. Праўда, адзінкавыя выпадкі, калі вы зайшлі дадому, не зняўшы кватэру з сігналізацыі, даруюць. Толькі правядуць з вамі прафілактычную гутарку. А вось калі вы будзеце «трэніраваць» нарад пастаянна, то тут і да штрафу недалёка.

Ахоўнае тэлебачанне

— У Расіі дамы пачалі абсталёўвацца сістэмай ахоўнага тэлебачання. Раскажыце, калі ласка, пра яе больш падрабязна.

Вельмі добра прыжылася яна і ў нас. Сістэма ўстанаўліваецца ў пад'ездах і на прылеглай тэрыторыі жылога дома. Па Мінску распрацавана праграма па забеспячэнні бяспекі, згодна з якой усе гэтыя камеры зводзяцца ў адзіную сетку назірання ГУУС. Дзякуючы гэтай сістэме была раскрыта не адна сотня злачынстваў за апошні год. Але выкарыстаць яе можна і для асабістых мэтаў. Праўда, каштаваць гэта будзе даражэй за звычайную сігналізацыю. Адрозненне ж ад яе ў тым, што пры спрацоўванні ўключаецца відэакамера, і мы можам з пульта паглядзець, што адбываецца ў кватэры. Праўда, на сёння такая паслуга запатрабавана толькі юрыдычнымі асобамі. Людзей стрымлівае думка, што ў іх прысутнасці дома хтосьці можа назіраць за імі... Зрэшты, абсталяваць дом такой сістэмай сёння можна і самастойна. Тэхніка дайшла да таго, што цяпер можна зайсці ў сеціва, дыстанцыйна ўключыць відэарэгістратар і паглядзець самому, што ж адбываецца дома.

А як працавала сігналізацыя ў нядаўнім мінулым?

Гадоў 30 таму сучаснай 3G-сувязі не існавала, ды і звычайная мабільная сувязь у СССР дабралася толькі напрыканцы яго існавання — у верасні 1991 года. Радыёканалы выкарыстоўваліся для дзяржаўных мэт і для аматарскай сувязі. Таму адзіным сродкам, з дапамогай якога можна было б падключыць сігналізацыю, служыў толькі тэлефонны кабель. Але і тут няўдача: прастаяць у чарзе на падключэнне тэлефона можна было шмат гадоў. Напрыклад, сям'я аўтара гэтых радкоў засялілася ў новы дом у 1977 годзе. А тэлефон у кватэры з'явіўся толькі ў 1984-м.

Але прыгоды на гэтым не заканчваліся. Гэта цяпер паставіць кватэру на сігналізацыю або зняць з яе вельмі проста: дакрануўся ключыкам, нібы ў дамафоне, і пачакаў колькі часу, пакуль загарыцца альбо патухне святлодыёд. Раней жа яе ўключалі дыстанцыйна. Перад выхадам з кватэры даводзілася набіраць тэлефон мясцовага падраздзялення аховы і папярэджваць аб тым, што праз некалькі хвілін трэба будзе паставіць кватэру на сігналізацыю. А па вяртанні дадому было яшчэ весялей — за хвіліну чалавек мусіў паспець набраць тэлефонны нумар і назваць кодавае слова, якое выдавалася пры абсталёўванні кватэры сістэмай. А цяпер уявіце сабе, што адбывалася, калі з-за загрувашчанасці ліній або нейкіх праблем з апаратам датэлефанавацца своечасова не атрымлівалася... Праўда, апошні варыянт дэактывацыі паспяхова дажыў і да нашых дзён. Але цяпер ён лічыцца «аварыйным» і спатрэбіцца толькі тады, калі вы зайшлі дадому, забыўшыся адключыць пры гэтым сігналізацыю.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennik@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».