Вы тут

Выкраданне нявесты на вяселлі


Выкраданне нявесты на вяселлі. Той варыянт вяселля, які быў найбольш распаўсюджаны ў асяродку беларускага народа ў другой палове мінулага стагоддзя і які цалкам захаваў абрады і традыцыі сівой даўніны, складваўся на працягу шматлікіх гісторыка-культурных эпох, а канчаткова сфарміраваўся не пазней за ХVІІІ — XІX стст. Больш раннія формы шлюбных зносін, якія яму папярэднічалі, панеслі значныя сэнсавыя і зместавыя змены і з цягам часу сталі абавязковымі, але гульнявымі па форме і змесце элементамі шматдзённай вясельнай урачыстасці (напрыклад, выкуп нявесты дружынай маладога).

* Як сведчаць старажытнарускія і сярэднявечныя літаратурныя крыніцы, у мінулым сярод славянскіх народаў існавалі розныя формы заключэння шлюбных адносін. Найбольш ранняй з іх, відавочна, з'яўляецца «выкраданне нявест». Часцей за ўсё гэта адбывалася так: у час святкавання Купалля дзяўчаты перадшлюбнага ўзросту варажылі аб сваім будучым лёсе (хуткім шлюбе) каля вады (на беразе возера ці ракі). Яны плялі вянкі з лекавых раслін, якія валодалі «прываротнымі» якасцямі, і пускалі іх на ваду. Маладыя людзі, якія жадалі стварыць сям'ю, ведалі традыцыйныя месцы дзявочых варожбаў і цярпліва чакалі будучых «спадарожніц» жыцця апоўначы. Гэта магло адбыцца і на досвітку купальскага дня, калі моладзь раздзявалася і ішла купацца на раку. Жаніхі, якія хаваліся недалёка, мелі магчымасць не толькі прыгледзецца да прыгажосці будучай жонкі, але і пазбавіць яе дзявоцкасці, пасля чаго шлюб лічыўся абавязковым. У старажытнарускай «Аповесці часавых гадоў» мы знаходзім гэтаму пацвярджэнні.

* Ян Ласіцкі ў сваёй працы «Шлюбныя звычаі Беларусі ў XVІ стагоддзі» сведчыць аб тым, што выкраданне нявест сярод беларусаў існавала нават у познім Сярэднявеччы, калі «памагатыя жаніха, якія хаваліся ў засадзе, ловяць яе, чаго яна ніяк не чакае і таму не засцерагаецца, і перадаюць, як паляўнічыя здабычу, жаніху. Пасля таго, як ён пазбавіць яе дзявоцкасці, ужо іншыя пасланцы жаніха дастаўляюць яе да бацькоў». Пасля чаго адбываецца «публічная ўрачыстасць».

* Вясельны абрад, які склаўся на тэрыторыі Беларусі да заканчэння ХІХ ст., грунтаваўся на папярэдняй шлюбнай дамоўленасці паміж бацькамі жаніха і нявесты.

* Цікава тое, што і сёння на вяселлях мы працягваем «выкрадаць» нявесту, патрабуючы выкуп ад гасцей з боку жаніха. Што гэта — прыклад генетычнай памяці або даніна традыцыі продкаў? Пытанне, якое патрабуе нашых разважанняў, а самае галоўнае, асэнсавання і ацэнкі. Сучаснае так званае «выкраданне» ўжо канчаткова страціла свой сэнс і прыняло забаўляльны характар. Але хочацца нагадаць нашай моладзі, што вяселле — гэта пачатак сямейнага жыцця. І не трэба рабіць таго, што не спрыяе аб'яднанню пары. Наадварот, выкраданне нявесты непасрэдна на самім вяселлі можа справакаваць хуткі разлад паміж маладымі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?