Вы тут

Бягун па лязе


У той час, як кінатэатры паказваюць, а гледачы абмяркоўваюць карціну «Марсіянін» Рыдлі Скота, час успомніць яшчэ адзін таленавіты і вельмі прыгожы фільм рэжысёра, адну з найлепшых фантастычных карцін сусветнага кінематографа, прадстаўніка новага для 1980-х гадоў кіберпанку (жанр навуковай фантастыкі) — «Бягун па лязе».

23-18

Кіберпанк у кіно прыйшоў пазней, чым у літаратуру, і карціна Рыдлі Скота, знятая ў 1982 годзе, таксама мае літаратурную аснову — раман «Ці мараць андроіды пра электраавечак?» Філіпа Дзіка.

Гэта змрочная карціна пра будучыню (дзеянне адбываецца ў Лос-Анджэлесе ў 2019 годзе). Усё, і як належыць фантастыцы: асваенне чалавекам іншых планет, значны скачок тэхналогій уперад, лятаючыя аўтамабілі і своеасаблівыя практычнасць і аскетычнасць інтэр'ераў. І ўсё, як належыць жанру кіберпанк: найбліжэйшая будучыня, праблема суадносін паміж чалавекам і створаным ім робатам, своеасаблівая антыўтапічнасць.

Робатаў у фільме Рыдлі Скота называюць рэплікантамі. Гэта абсалютныя аналагі чалавека, якія таксама адчуваюць, любяць і не саступаюць яму ў інтэлекце. У пэўны момант людзі адчулі небяспеку ад амбіцый рэплікантаў — тады робаты былі аб'яўлены на Зямлі па-за законам і адпраўлены на работы па засваенні іншых планет.

У змрочным вечаровым горадзе былога паліцэйскага Рыка Дэкарда, якога сыграў Харысан Форд, дастаўляюць ва ўчастак, дзе вымушаюць узяцца за чатырох рэплікантаў, што ўцяклі з касмічнай калоніі і трапілі на Зямлю. З гэтага пачынаецца развіццё сюжэта.

Вызначыць рэпліканта можна пры дапамозе спецыяльнага тэста, тэхнікай якога валодае Дэкард. Каб праверыць яго магчымасці, Рыка просяць пратэсціраваць чалавека — Рэйчэл... Якая аказалася рэпліканткай, што вырасла ў чалавечай сям'і і ніколі не здагадвалася аб сваёй сапраўднай сутнасці. Што, тым не менш, не дае ёй права жыць на Зямлі.

Дэкард паказваецца ў фільме расчараваным і збянтэжаным і адчувае сябе адпаведна з навакольным светам, што забыўся ўласна пра чалавека і аказаўся сканцэнтраваным на значэнні планеты ў Сусвеце, вырашэнні праблем ад сваіх жа памылак, новых заваёў. Гэта будучыня без будучыні ў ёй для чалавечай душы, толькі для фізічнага ўвасаблення.

Такой пустэчай, у якой ёсць месца толькі для касмічных амбіцый і масавых забаў, паказваецца будучыня ў «Бегуне па лязе». Разгубленымі і сумнымі людзі, што жывуць у гэтай сістэме. Памагатыя новага парадку аказаліся бязлітаснымі, а рэпліканты — сапраўднымі людзьмі...

«Я бачыў нешта, у што вы, людзі, проста не паверыце. Падпаленыя баявыя караблі на подступах да Арыёна. Я бачыў сі-прамяні... што мігцяць у цемры блізу варот Тангейзера. І ўсе гэтыя імгненні знікнуць у часе, як слёзы пад дажджом. Час паміраць».

Музыка грэчаскага кампазітара Вангеліса стала неад'емнай часткай незабыўнай атмасферы фільма пра будучыню, якая раптам можа стаць сённяшнім днём.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?