Вы тут

Сакрэт выжывання


Чаму людзям варта павучыцца ў непажаданых відаў жывёл.

Ці ведаеце вы, як зімуюць янотападобныя сабакі? Аказваецца, у адрозненне ад сваіх «сваякоў» — ваўкоў ды лісаў, яны ўпадаюць у спячку. Прычым спяць у сваёй нары выключна парамі, як засведчылі відэазапісы біёлагаў, яшчэ і моцна абняўшыся. Так ім цёпла і бяспечна.

Пад гэтай халоднай слатой яны, пэўна, ужо забіраюцца ў свае «гнёзды» і ўладкоўваюцца. Вялікія, пухнатыя, нікім асабліва не любімыя — у нас гэтых жывёл адносяць да так званых інвазіўных (непажаданых) відаў. Засынаюць у сваім цесным утульным свеце, забываючы пра варожасць і нягоды свету навакольнага, адчуваючы толькі цяпло таго, хто побач, і яго дыханне...

Чамусьці менавіта гэтая непрыдуманая гісторыя з серыі «У свеце жывёл» узгадалася і ажыла ва ўяўленні пад кастрычніцкім пранізлівым надакучлівым дажджом. Хоць я ведаю, чаму. Ужо каторы дзень цвяліць душу іншая гісторыя — з серыі «У свеце людзей». Пачутая ад выпадковай спадарожніцы па дарозе з камандзіроўкі тры тыдні таму, яна пазбавіла душэўнага камфорту, менавіта яна згадваецца ў восеньскім ветраным неспанні.

Жыла звычайная сям'я, якіх тысячы. Муж, жонка, двое дзетак. У іх была невялікая сямейная справа — займаліся вырабам экалагічнай прадукцыі (сёння гэта ў трэндзе). Узялі крэдыт на льготных умовах, справы ішлі нядрэнна. Да таго часу, пакуль на гэтым рынку не з'явіліся больш упэўненыя, больш вопытныя канкурэнты — са сваёй службай маркетынгу, з цэлай праграмай работы ў сеціве. У іх нічога падобнага не было, пачынаць усё з нуля — яшчэ дадатковыя выдаткі. Карацей, справу яны ціхенька згарнулі. А крэдыт застаўся. Немалы, са штомесячнай выплатай.

Яны збіраліся вечарам на кухні, пралічвалі, што можна прадаць, ад чаго адмовіцца, на чым сэканоміць. Банк (камерцыйны) ні на якія патуранні не ішоў, патрабаваў своечасовага пагашэння немалой сумы, пагражаў судом. Працэнты аказаліся высокімі (яны такімі і былі з самага пачатку, але тады здавалася — дробязь). Каб іх неяк пагасіць, пераехалі жыць да бацькоў жонкі, сваю кватэру пачалі здаваць. Дапамагло, але ненадоўга.

Тады муж вырашыў паспрабаваць шчасця ў казіно (кажуць жа, навічкам шанцуе). Але фартуна і тут адвярнулася. Мала таго, што прайграў апошняе, што наскрэблі на гэту авантуру, дык яшчэ і вінен застаўся...

Зрэшты, гэта ўсё лірыка. Драма пачалася пасля. Галава сям'і знайшоў выйсце з заблытанай сітуацыі. Ён проста з'ехаў у суседнюю Латвію (балазе, шэнген у яго быў доўгатэрміновы, а там яшчэ за савецкім часам і сястра родная атабарылася). Крэдыт быў у свой час аформлены на жонку — у яе на момант афармлення даход быў большы. З казіно таксама цяпер паперы прыходзяць на іх агульны хатні адрас. Жанчына засталася з дзецьмі і з кучай даўгоў на руках, пакуль чалавек за мяжой сядзіць.

І ўсё гэта можна было б і зразумець, і нават перацярпець. Але ў сацыяльнай сетцы на сваёй старонцы ён выклаў сваё фота з новай пасіяй, дзябёлай бландзінкай. Муж сястры, не апошні чыноўнік у сваім горадзе, здабыў яму пасведчанне на права жыхарства. Вяртацца на радзіму пакуль (прынамсі да выплаты ўсіх пазык) ён не збіраецца.

Жонка, пра ўсе гэтыя «выбрыкі» даведаўшыся, на развод падала. На што ён ёй па электроннай пошце цынічна так адказаў: я табе, маўляў, дам развод. Гадоў праз дзесяць, калі дзеці падрастуць. А то яшчэ аліменты плаціць — мне гэта сто гадоў не патрэбна... І знік. Знішчыў усе свае старонкі ў сацыяльных сетках, адключыў sіm-карткі тэлефона. Добрыя людзі казалі — з'ехаў на заробкі ці то ў Ірландыю, ці то ў Ісландыю. Карацей, шукай ветру ў полі...

Мне гэту гісторыю расказала маці яго жонкі, з якой мы тры гадзіны трэсліся ў маршрутцы з Полацка ў сталіцу. Бабуля ехала пабыць з малымі: дачка знайшла яшчэ адну падпрацоўку позна ўвечары, дзяцей няма з кім пакінуць, а даўгі трэба аддаваць. «А такі, здавалася, добры чалавек, і сям'ю любіў, і гаспадар быў неблагі, а тут, бач, як яго скруціла...» (Ці здалося, ці яна сапраўды яго шкадуе?)...

...Я вось думаю: чаму янотападобныя сабакі ў нас прыжыліся і вельмі нават няблага сябе адчуваюць? Нягледзячы на тое, што ніхто іх асабліва не ахоўвае, паляваць на іх можна, і футра ў іх даволі прыгожае. Можа, з-за гэтай сваёй звычкі — спаць, калі паляўнічы сезон у разгары? А хутчэй з-за таго, што сярод не вельмі спрыяльна настроенага да іх наваколля яны прыціскаюцца адно да аднаго, дзеляцца ўласным цяплом і дыханнем.

Вось бы людзям у іх павучыцца.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?