Вы тут

Другое жыццё балота


Пры падтрымцы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Праграмы развіцця ААН і Глабальнага экалагічнага фонду ў Беларусі, унітарнага прадпрыемства «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусія» распачата праца па аднаўленні гідралагічнага рэжыму на Ельні. Пятае па велічыні ў Еўропе верхавое балота мае няпросты лёс. Падчас вялікіх пажараў у 1998 і 2002 гадах згарэла амаль палова яго тэрыторыі.

27-13

У 30-я гады мінулага стагоддзя для сельскагаспадарчых патрэб на Ельні былі зроблены водаадводныя каналы. Праз некалькі дзесяцігоддзяў канструкцыі сталі непатрэбнымі. Аднак умяшанне чалавека ў экасістэму парушыла гідралагічны баланс балота. Узровень вады панізіўся, што прывяло да перасыхання верхняга ўзроўню торфу. Вядома, што сухі торф — сапраўдная «прыродная ўзрыўчатка». Для вялікага пажару дастаткова аднаго недакурка. Торф гарыць да апошняга, пакуль не будзе цалкам заліты вадой. Пажары 1998 і 2002 гадоў паказалі, што калі не заняцца аднаўленнем парушанага балота, трагедыя можа мець працяг. Дарэчы, сёлета Ельня зноў загарэлася: пажар ахапіў 20 га тэрыторыі.

Першыя дамбы з'явіліся на балоце ў 2007 годзе. Тады пры фінансавай падтрымцы «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусія» валанцёры грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» пабудавалі 34 плаціны і перамычкі на водаадводных каналах. Канструкцыі рабіліся з абгарэлых дрэў і торфу. Потым колькасць плацін павялічылася яшчэ на 20. Праводзілася мадэрнізацыя ўжо існуючых пабудоў. Праз некалькі гадоў драўніна і торф пачалі здаваць пазіцыі: гэтыя матэрыялы зношваюцца.

27-19

Цяпер спецыялісты вырашылі скарыстацца новым тэхналагічным прыёмам: яны будуюць даўгавечныя плаціны, зробленыя з палімерных шпунтоў з ПВХ. Тэхналогіі паспяхова прымяняліся пры аднаўленні гідралагічнага рэжыму балот Ірландыі і Шатландыі. Праца вядзецца ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі Праграмы развіцця ААН і Глабальнага экалагічнага фонду «Тарфянішчы-2». Плануецца пабудаваць каскад перамычак на асноўных вадатоках, якія ўпадаюць у балота.

— Даследаванні паказалі, што палімерны шпунт з ПВХ — даўгавечны матэрыял: ён можа праслужыць прыкладна 84 гады. Да таго ж ён экалагічны, бо нічога не забірае з асяроддзя і нічога не пакідае ў ім, — распавёў намеснік дырэктара прадпрыемства «ЭлектраМакс» Дзмітрый АНТАНОВІЧ.

Невялікая плаціна з гэтага матэрыялу ўжо тры гады выдатна дзейнічае на балоце Барцяніха. Усяго плануецца паставіць дзве такія плаціны на Ельні. Дадаткова будуць пабудаваны 48 перамычак з торфу.

27-12

Будаўніцтва новых плацін можна лічыць новым этапам у аднаўленні Ельні: да працы актыўна падключыліся не толькі зацікаўленыя асобы, але і навукоўцы, якія падказваюць, як правільна праводзіць аднаўленне гідралагічнага рэжыму на балоце.

— Узвядзенне плаціны — гэта маштабны праект, — адзначае дырэктар рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Ельня» Іван БАРОК. — У першую чаргу яно патрэбна для прадухілення пажараў.

Дарэчы, канструкцыі даюць станоўчы эфект: за восем гадоў узровень вады на балоце падняўся на адзін метр. Пачаў аднаўляцца сфагнум і журавіннікі.

— Праз пажар мы страцілі больш за палову журавінавых запасаў, цяпер 7 тысяч га павінны аднавіцца, — распавядае тэхнічны каардынатар праекта Мікалай ЧЭРКАС. — Проста каб патлумачыць, што азначаюць журавіны для мясцовага насельніцтва, прывяду лічбы. Сем гадоў таму яго заробак на ягадах за сезон ацэньваўся ў 1 мільён долараў. Цяпер гэтая лічба вырасла да 5 млн долараў.

Ельня каштоўная не толькі ягадамі. Гэта стаянка для многіх відаў водна-балотных птушак, «міжнародны аэрапорт» для гусей і журавоў. Тут гняздуюцца чырванакніжнікі: толькі на Ельні налічваецца каля 40% папуляцыі белай курапаткі. Экасістэма мае вялікія запасы вады: яна захоўвае столькі вадкасці, колькі ў Нарачы альбо ў двух вілейскіх вадасховішчах.

Нягледзячы на той факт, што Беларусь лічыцца сусветным лідарам па аднаўленні балот, працы яшчэ хапае.

Кацярына РАДЗЮК

radziuk@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЯШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.