Вы тут

Сертыфікацыя аўтасэрвісу стане добраахвотнай


З першых дзён наступнага года ў нашай краіне плануецца адмяніць абавязковую сертыфікацыю паслуг СТА, паведаміланамеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч пасля афіцыйнай цырымоніі адкрыцця міжнародных спецыялізаваных выстаў «Аўтасэрвіс. Механіка. Аўтакампаненты-2015» і «Дарожнае будаўніцтва-2015».

28-40

І гэтую адмену спецыялісты сёння ўспрымаюць без асцярогі, лічыць намеснік міністра. Насамрэч баяцца няма чаго, бо «заканадаўства не адмяняецца, нормы законаў, стандартаў, правілаў захоўваюцца, будзе высокі кантроль за выкананнем нормаў. Сертыфікацыя — прэвентыўная мера пацвярджэння ўмоў адпаведнасці, яна адыходзіць, прычым на ўсёй тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза», — адзначыла Ірына Наркевіч. Сёння бізнес нашых краін лічыць абавязковую сертыфікацыю дадатковым тэхнічным бар'ерам у развіцці паслуг аўтасэрвісу, які неабходна пераадольваць.

Разам з тым спадарыня Наркевіч лічыць, што будзе вітацца добраахвотная сертыфікацыя паслуг СТА. У гэтым выпадку атрыманы сертыфікат будзе своеасаблівым пацвярджэннем высокага рэнамэ прадпрымальніка на рынку такіх паслуг.

На новы ўзровень якасці

Нават у складаныя для эканомікі часы колькасць аб'ектаў аўтасэрвісу павялічваецца. Ірына Наркевіч упэўнена, што гэтая запатрабаваная сфера будзе надалей развівацца нават у цяперашніх умовах. Паводле яе слоў, сёння з 23 тысяч суб'ектаў гаспадарання, зарэгістраваных у рэестры бытавых паслуг, 14% складаюць структуры, якія займаюцца аўтасэрвісам. Тут існуе пэўная градацыя, калі ў асноўным у сферы абслугоўвання прысутнічаюць індывідуальныя прадпрымальнікі, доля якіх складае каля 60%. Але ў сферы аўтасэрвісу сітуацыя іншая, бо больш як палова такіх суб'ектаў з'яўляюцца юрыдычнымі асобамі. «Гэта сведчыць, што існуе сегментацыя — ёсць буйныя комплексы, якія ўключаюць у сябе вялікую колькасць паслуг, і ёсць асобныя, больш простыя, паслугі, якія аказваюць індывідуальныя прадпрымальнікі», — патлумачыла Ірына Наркевіч. Структурнае развіццё гэтай сферы бізнесу падказвае спажывец, які галасуе рублём. Цяпер на першы план для аўтасэрвісу выходзіць тэхналагічнасць вытворчасці, каб прапаноўваць спажыўцу максімальна якасную паслугу. Сёння кліент вельмі эканомна расходуе свой бюджэт і ўласны час. Таму якасць паслугі пачынае займаць менавіта першае месца пры выбары аб'екта аўтасэрвісу. «А ў выніку абвастраецца канкурэнцыя. У выпадку, калі паслуга няякасная, спажывец проста другі раз не пойдзе», — упэўнена яна.

Ужо 260 гаражных аўтамайстэрняў

Цяпер у нашай краіне зарэгістравана каля 260 аўтамайстэрняў, якія працуюць на тэрыторыях гаражных кааператываў. «Мы актыўна працягваем працаваць над тым, каб паменшыць колькасць нелегальнага аўтасэрвісу. Пакуль мы не можам сказаць з упэўненасцю, што з гэтай сітуацыяй справіліся, але ўсё больш і больш майстроў рэгіструюцца як індывідуальныя прадпрымальнікі і пачынаюць працаваць легальна», — патлумачыла сітуацыю Ірына Наркевіч. Яна выказала ўпэўненасць, што праз пэўны час будзе атрыманы чаканы эфект ад Указа №432, які дазволіў выкарыстоўваць у якасці аўтамабільных майстэрняў гаражы, што размешчаны на тэрыторыі гаражных кааператываў. «Сёння кіраўнікі ўсіх узроўняў працуюць па лініі актывізацыі дзеяння гэтага ўказа — з санітарамі, МНС, эколагамі. Гэта, з аднаго боку, аўтасэрвіс — высокатэхналагічны бізнес, дзе мы змяншаем бар'еры з боку кантрольных органаў для стымулявання яго развіцця. Аднак з іншага боку, ён можа забруджваць навакольнае асяроддзе, таму пэўны кантроль неабходны», — патлумачыла Ірына Наркевіч.

Удзел у міжнародных спецыялізаваных выставах «Аўтасэрвіс. Механіка. Аўтакампаненты-2015» і «Дарожнае будаўніцтва-2015», якія праходзяць у Мінску з 27 па 29 кастрычніка, прымаюць каля 50 кампаній з 6 краін. Мэта мерапрыемства — комплекснае прадстаўленне дасягненняў у сферы вытворчасці і эксплуатацыі транспарту, яго рамонту і абслугоўвання ўсёй дарожна-транспартнай інфраструктуры, арганізацыі і рэгулявання дарожнага руху. У экспазіцыі паказаны запасныя часткі і прылады для транспартных сродкаў, фарбавальнае абсталяванне, сродкі догляду і абароны, тэхнічныя вадкасці, абсталяванне для мыцця і рамонту аўтамабіляў, для дыягностыкі, шынамантажу, аўтатранспарт, дарожна-будаўнічая, землярыйная і камунальная тэхніка, тэхніка для рамонту і ўтрымання дарог. Упершыню падчас выставы пройдзе салон бюджэтных аўтамабіляў.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.