Вы тут

Навучыцца бачыць сэрцам


Былы старшыня пасялковага Савета дэпутатаў варыць самую смачную юшку і стварае «касмічныя» фігуры з дрэў.

Кожны з нас марыць пра цуды. Але іх сведкамі становяцца адзінкі. Кажуць, для гэтага трэба мець шчырае сэрца і чыстую душу. Фёдар Бязручка навучыўся заўважаць цуды ў самых звычайных рэчах. І робіць усё для таго, каб паказаць іх іншым. Таму, калі прагучалі словы: «Гэта трэба бачыць!», рашуча паехала глядзець. І не пашкадавала.

28-19

Мясцовая славутасць

Нават у падрыхтаванага дух займае, калі з-за павароту прасёлкавай дарогі нечакана з'яўляюцца ўнушальныя на выгляд фігуры. Не адразу разумееш, што гіганцкі кактус на фоне лесу — усяго толькі дрэва, а трохногі волат — зусім не іншапланетны НЛА... Калісьці гэта былі проста дрэвы. Па сутнасці, яны імі і засталіся. Той, хто сабраў іх тут разам, амаль не змяніў формы, але без яго намаганняў ніхто, верагодна, ніколі б не ўбачыў гэтыя «зашыфраваныя» ў іх фантасмагарычныя выявы. Шэсць гадоў таму аўтар незямных істот перанёс складаную аперацыю на сэрцы. З таго моманту год жыцця ён прыраўноўвае да двух і за кожны новы дзень не перастае дзякаваць магілёўскім медыкам. Менавіта пасля свайго «другога нараджэння» ён і навучыўся бачыць цуды ў звычайным.

— Раней я сотні разоў праходзіў міма той елкі, а тут нечакана «прачытаў» яе тайну. І так захацелася паказаць яе іншым. Сябры дапамаглі прывезці елку сюды, я распілаваў яе і зрабіў два асобныя «экспанаты». Я нічога не мяняў, кожны з іх сам па сабе цікавы. Толькі зняў кару, каб драўніна не прэла.

У Глушы пляцоўка з драўлянымі волатамі — мясцовая славутасць: такога дакладна нідзе няма.

— Людзі кажуць, што адчуваюць тут нешта дзіўнае, быццам трапляюць у іншую рэальнасць, — усміхаецца аўтар. — Некаторым гэта нагадвае старадаўняе капішча. А я называю сваё тварэнне чаканнем чагосьці касмічнага. У тое, што яно існуе, я шчыра веру.

28-38

Каменная казка

Пра музей камянёў у Мінску ведаюць, напэўна, усе. Цікава паглядзець на валуны, звезеныя з усёй краіны, паслухаць легенды. Але ў пасёлку Глуша, што ў Бабруйскім раёне, таксама ёсць унікальныя экзэмпляры. І некалькі з іх размясціліся каля сядзібы глушанскага творцы. Адзін з іх наогул гіганцкі. На ім напісана «Божы дар». «Калі выбіваў надпіс, накрываў тканінай, каб ніхто не бачыў, што раблю. А потым было афіцыйнае адкрыццё... у прысутнасці сяброў», — усміхаецца суразмоўца.

Камень, дарэчы, не просты, з ім звязана цікавая легенда.

«Я яго з дзяцінства ведаю, — пяшчотна пагладжвае шурпаты бок шэрага велікана гаспадар. — Старыя расказвалі, што ён прыкрывае ўваход у сховішча, дзе знаходзіцца скарб. Дзецьмі мы ўсё хацелі гэты камень раскалоць. Палілі на ім вогнішча, потым халоднай вадой палівалі, каб лопнуў. Але безвынікова. А зараз вырашыў прыцягнуць яго з лесу да свайго дома. Калі падымалі, пад ім яшчэ адзін аказаўся, ён там і зараз ляжыць. Скарб, напэўна, схаваны пад ім. Так што шукальнікі прыгод могуць праверыць. А ў мяне ўжо сіл няма яго цягнуць.

28-20

Юшка з сакрэтам

Вакол сядзібы Фёдара Бязручкі шмат дубоў. «Ім гадоў трыста, не менш, — кажа ён. — Тут ніхто раней не жыў». Ад такога блізкага суседства з лесам здаецца, што паблізу няма ніякай цывілізацыі — адна прырода. Не дзіва, што сын майго суразмоўцы, паспрабаваўшы гарадскога жыцця, вярнуўся на радзіму. Лазню пабудаваў, цяпер вось дом ставіць. Бярэ прыклад з бацькі.

— Раней я таксама шмат чаго будаваў, хацелася, каб жылося прывольна, — кажа Фёдар Аляксандравіч. — І зараз на месцы не сяджу, але раблю паціху, бо цяжка стала рухацца. Франтон на сваім доме ў адзіночку мяняў. Нікому не давяраю, бо ніхто не зробіць так, як я хачу.

Знаёмыя ведаюць, за што толькі Фёдар Аляксандравіч ні возьмецца, абавязкова атрымаецца. Гэта ён на нядаўнім фестывалі народных рамёстваў «Глушанскі падворак» такую юшку зварыў, што ўсе ў чаргу выстройваліся. Здаецца, набор прадуктаў звычайны, а смачна — за вушы не адцягнуць. Спытала, у чым сакрэт. Ён толькі хітра ўсміхнуўся: «Гэта таму, што я туды ўклаў сваю душу».

А яшчэ Фёдар Аляксандравіч не шкадуе для сяброў бярозавага соку ўласнага вырабу. Ставіць на стол трохлітровы слоік з вадкасцю, у якой плаваюць галінкі парэчкі. Спрабую і не магу зразумець, што мне гэта больш нагадвае: на смак — бярозавік, па паху — парэчка. Быццам само лета закансервавалі. «Сок бяром ад бярозак — вунь яны, — паказвае ён на дрэвы. — Дзвесце слоікаў закрываем і ніякіх «пепсі-кол» не ўжываем».

Сядзім з гаспадаром на імправізаванай кухні пад адкрытым небам. Замест столі над сталом звісаюць вінаградныя лозы. Летам густое лісце абараняе ад сонца, а сакавітыя ягады спаталяюць смагу. Тут вельмі любяць бавіць час трое ўнукаў, якія прыязджаюць да дзеда на канікулы.

— Зараз у мяне самы час для самавыяўлення, — кажа Фёдар Бязручка. — Раней на першым месцы праца была. На ёй і сэрца пасадзіў. Вельмі вялікая была адказнасць. Спачатку працаваў начальнікам галоўнага цэха на тутэйшым шкляным заводзе «Камінтэрн». А ў 1990-я гады — старшынёй пасялковага Савета дэпутатаў. Час быў вельмі складаны. У крамах як вымецена, людзі не ведалі, куды грошы падзець, каб не абясцэніліся. Тады ж нічога на прылаўках не затрымлівалася. Мы кантралявалі, каб усё ў продаж ішло. Накладныя правяралі. Усе сельскія Саветы былі заняты гэтай справай. А хто будзе рабіць? Для народа гэта самая блізкая ўлада.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Фота аўтара

 

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.