Вы тут

Лепш невялікі заробак, чым ніякі


Чаму ў асобных раёнах амаль няма беспрацоўных?

Сёння адзін працэнт беларусаў сядзіць без працы. У два разы больш, чым год таму. Але некаторым рэгіёнам удаецца захоўваць узровень беспрацоўя, нават ніжэйшы за леташні. Размова не толькі пра сталіцу, дзе чалавек мае выбар з некалькіх тысяч вакансій. Адзін з самых высокіх паказчыкаў занятасці ў краіне зафіксаваны ў... Старых Дарогах. Беспрацоўных на ўліку тут — 0,4 працэнта (у жніўні было нават менш — 0,27). У чым сакрэт? Куды ўладкоўваюцца мясцовыя жыхары і з якой спецыяльнасцю ў раёне не прападзеш, высвятляла наш карэспандэнт.
28-4

 Ма­ла­ды пра­да­вец Анас­та­сія ГУБ­КО: «Я тут прак­ты­ку пра­хо­дзі­ла. Ка­лек­тыў спа­да­баў­ся».

 

Шукаюцца швачкі і... рэжысёр

З пачатку года больш за паўтысячы чалавек у рэгіёне шукалі новае месца працы. Такія лічбы прыводзіць упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Старадарожскага райвыканкама. З іх 345 чалавекам спецыялісты змаглі падабраць вакансіі.

— Куды ўладкавалі? Зараз паглядзім, — галоўны спецыяліст сектара занятасці ўпраўлення Алена КУДЗЕЛКА гартае дакументы. — Большасць — у раённае спажыўтаварыства і ЖКГ. У асноўным уладкоўваем на тыя месцы, дзе патрэбна некваліфікаваная праца. Ідуць і ў прыватныя фірмы — рабочымі па комплексным абслугоўванні будынкаў, на пераборку дзікарослай прадукцыі. Апошняя вакансія, праўда, актуальная толькі на сезон грыбоў і ягад. Ваенныя часці — іх у нас тры — бяруць грузчыкаў, падсобных рабочых. Улетку ім патрэбны кансервіроўшчыкі металавырабаў. Людзі з задавальненнем туды ідуць. Некаторыя звяртаюцца ў службу занятасці, бо па нашым накіраванні медкамісія бясплатная. (Так яна каштуе каля 300 тысяч. — Аўт.)

...Сёння ў раёне больш за 80 вакансій. Што прапануюць? Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама шукае галоўнага рэжысёра і яго асістэнта, кіраўніка студыі мастацкай самадзейнасці, мастака, культарганізатара. Патрэбны работнік у Дражнаўскую сельскую бібліятэку, памочнік выхавацеля ў Старадарожскі цэнтр развіцця дзіцяці, сацыяльны работнік у мясцовы ТЦСАН. Камбінат бытавога абслугоўвання запрашае працаваць абутнікам ці цырульнікам. «Швачкі практычна пастаянна патрэбны, — дадае Алена Маркаўна. — Пададзена заяўка на дзесяць чалавек. Прапануюць 2 мільёны 180 тысяч у месяц. Там заробак ад выпрацоўкі залежыць. Вядома, калі чалавек нявопытны прыходзіць, ён шмат не атрымае, пакуль не навучыцца».

Сярэдняя заработная плата ў раёне невысокая — каля трох мільёнаў. Праўда, ёсць месцы, дзе абяцаюць амаль у два разы больш. Напрыклад, добра плацяць у лясгасе (ён, дарэчы, лічыцца адным з найлепшых у рэспубліцы), але там і цякучкі кадраў няма. Вялікія, па мясцовых мерках, заробкі прапануе сельская гаспадарка. Па пяць мільёнаў гатовы плаціць заатэхніку, галоўнаму аграному, тэхніку па племянной справе. А ветэрынарны ўрач з вышэйшай адукацыяй можа разлічваць больш чым на сем мільёнаў у месяц. Праўда, уладкавацца на прыбытковыя вакансіі няпроста: мець спецыяльнасць абавязкова.

На Старадарожчыне знаходзяць працу і жыхары іншых рэгіёнаў. Сёлета дзве сям'і перасяліліся ў раён. Уладкаваліся на ферму: два чалавекі як аператары машыннага даення, адзін — слесарам па рамонце абсталявання. Практыка перасялення ў мясцовасць, дзе ёсць вакансіі з прадастаўленнем жылля, трэба сказаць, распаўсюджана ў краіне. Сям'і, якая пераязджае, выплачваюць 7 бюджэтаў пражытачнага мінімуму (БПМ). Калі людзі мяняюць горад на вёску ці пакідаюць дробны горад з вялікім узроўнем беспрацоўя, атрымліваюць у дадатак яшчэ два БПМ. Абавязковая ўмова — адпрацаваць на новым месцы мінімум год. У адваротным выпадку ўсе грошы, выдадзеныя на перасяленне, давядзецца вярнуць.
28-3

 У ЖКГ зной­дзец­ца пра­ца і для спе­цы­я­ліс­таў, і для не­ква­лі­фі­ка­ва­ных кад­раў.

 

Жанатая моладзь застаецца ў правінцыі

Адзін з самых буйных працадаўцаў раёна — мясцовая ЖКГ. Толькі за верасень гаспадарка прыняла каля 40 качагараў, якім цяпер гарантавана занятасць да сярэдзіны красавіка, пакуль ацяпляльны сезон не скончыцца. Уладкоўваюць шмат тых, хто не мае прафесіі: ім прапануюць вакансіі дворнікаў і прыбіральшчыкаў. Але прыходзяць і спецыялісты, тыя ж слесары.

— У нас вялікі штат, каля 300 чалавек, людзей перадпенсійнага ўзросту хапае, таму і месцы вызваляюцца, — тлумачаць у аддзеле кадраў ЖКГ. — Патрэба ў людзях заўсёды ёсць, бо бяром шмат часовых работнікаў: прынялі на сезон, як цяпер качагараў, потым звольнілі. Улетку шукаем замену тым, хто працуе па зменах і ідзе ў водпуск.

У раённае спажыўтаварыства за апошнія два месяцы ўладкавалася 22 чалавекі. Тыя, хто прыйшоў праз службу занятасці, працуюць у асноўным кіроўцамі ці стаяць за прылаўкам.

— На прадаўца не любога чалавека бяром, — кажа намеснік старшыні праўлення па кадрах і ідэалагічнай працы Галіна ВАЛАЖЫНСКАЯ. — Або адукацыя патрэбна, або вопыт (адпаведны запіс у працоўнай кніжцы). Калі нічога з гэтага няма, можам прапанаваць толькі рабочыя прафесіі, узяць прыбіральшчыкам, напрыклад. Сёння, дарэчы, не так і шмат вакансій засталося — запоўнілі.

Сёлета на прадпрыемства прынялі 15 маладых спецыялістаў. Пяць з іх — з вышэйшай адукацыяй. З Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі, што ў Гомелі, прыйшлі бухгалтар і спецыяліст па знешнеэканамічнай дзейнасці, малады эканаміст па коштах скончыў БДЭУ. Ёсць выпускнікі Слуцкага і Любанскага ліцэяў: яны ўладкаваліся прадаўцамі, кухарамі і кандытарамі. З адным з гэтых маладых спецыялістаў, Анастасіяй ГУБКО, мы ўбачыліся ў краме «Мяса-малако». Дзяўчына працуе прадаўцом. Сама са Старых Дарог, адвучылася ў Слуцку. «Чаму вярнулася дадому? Я тут практыку праходзіла, калектыў спадабаўся», — тлумачыць Насця.

Спецыялістаў з іншых раёнаў спажыўтаварыства можа забяспечыць жыллём. «У нас свой інтэрнат ёсць. Старой пабудовы, праўда, але вялікі, трохпавярховы. Месцаў усім хопіць. Хлопец з Асіповіч да нас цяпер прыехаў, за прылаўкам «Дома гандлю» працуе, мы яму пакой у інтэрнаце выдзелілі», — распавядаюць кадравікі.

Галіна Аляксееўна не ўтойвае, што многія работнікі з кааперацыі звальняюцца:

— Кожны шукае, дзе лепш. Калі летась у маі адкрыўся «Еўраопт», вялікі адток кадраў быў, бо там плацяць болей. Можна сказаць, усе прыватныя прадпрыемствы ўкамплектаваны спецыялістамі спажыўтаварыства. Мы як кузня кадраў.

— А моладзь у раёне затрымліваецца?

— Калі ўтвараюць тут сем'і, то застаюцца. Не звязалі лёс ні з кім — з'язджаюць. У асноўным у Мінск, усіх цягне сталіца.

28-6

Быў машынабудаўнік, стаў плантатар

Нягледзячы на невысокі ўзровень беспрацоўя, уладкавацца на новае месца ў раёне складана.

— Здараецца, прыходзіць чалавек да нас, а мы не можам яму нічога падабраць з таго, што ў спісе ёсць. Садзімся, абзвоньваем прадпрыемствы: «А можа, вам грузчык патрэбны?» — кажа Алена Кудзелка.

Калі варыянтаў няма, прапануюць перанавучанне. За гэты год ужо дзесяць чалавек накіравалі на прафадукацыю. Беспрацоўныя асвойвалі спецыяльнасці электрагазазваршчыка, цырульніка і майстра па манікюры, аператара ПЭВМ, маляра-штукатура, сакратара-справавода. Ездзілі на курсы ў Слуцк і Мінск. Некаторым жыхарам раёна служба занятасці дапамагла стаць прадпрымальнікамі. Усе тры субсідыі на адкрыццё сваёй справы, запланаваныя на гэты год, ужо выдадзены. Адзін чалавек цяпер займаецца будаўніцтвам, аддзелачнымі работамі і рамонтам, другі — грузавымі перавозкамі, трэці вырошчвае на продаж гародніну. «Апошняму мы ніяк не маглі адпаведную вакансію знайсці, у яго кваліфікацыя спецыфічная — апрацоўка металаў рэзаннем у галіне машынабудаўніцтва. У чалавека свой зямельны надзел быў, вось і вырашыў паспрабаваць сябе ў сельскай гаспадарцы», — каментуе галоўны спецыяліст сектара занятасці ўпраўлення Ніна МЕЛЬНІК.

Як у невялічкім раёне (насельніцтва Старадарожчыны — 18 тысяч чалавек) амаль усіх удаецца забяспечваць працай? Па словах Алены Маркаўны, мясцовыя жыхары трымаюцца за свае месцы і згаджаюцца нават на невялікія заробкі:

— На дапамогу па беспрацоўі не пражывеш, тым больш яна не ўсім прызначана. Некаторыя нам кажуць спачатку, што за тры мільёны на працу не пойдуць. А потым пашукаюць, пашукаюць і згаджаюцца.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».