Вы тут

І кропля мае кошт


У яслях-садзе № 45 г. Гродна ў навучанні дзяцей асновам энергазберажэння ўдзельнічаюць лялькі Каплюша, Элік і Цяплоша. Яны дзеляцца важнымі звесткамі па эканоміі вады, цяпла і іншых рэсурсаў на, так бы мовіць, гульнявой мове, якая найлепш успрымаецца малымі. Задзейнічалі нават вядомага персанажа мультфільмаў Шрэка. Яго імя — у назве інфармацыйнага бюлетэня, які выпускаюць у яслях-садзе для дзяцей, іх бацькоў і педагогаў. Расшыфроўваецца як «Школа развіцця эканамічнай культуры». Усё гэта адбываецца ў рамках праекта «Энергаэфектыўнасць у школах», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам, мясцовымі бюджэтамі ў межах Праграмы развіцця ААН.

28-9

Пад ляжачы камень вада не бяжыць

Аднаго імкнення ўдзельнічаць ў праекце для перамогі ў конкурсе ініцыятыў, вядома, недастаткова. Умовы такія, што 60% ад агульнага аб'ёму фінансавання ідэй-пераможцаў — гэта сродкі ЕС, а не менш за 40% павінен забяспечыць мясцовы бюджэт. Таму відавочна, што на выбар пілотных аб'ектаў праекта паўплывала не толькі жаданне ўстаноў адукацыі, але і зацікаўленасць мясцовых улад, якія забяспечваюць сваю частку затрат.

Сёння ўжо падрыхтавана і праходзіць экспертызу праектна-каштарысная дакументацыя па цеплатэхнічнай мадэрнізацыі будынка ясляў-сада № 45 г. Гродна. Будаўнічыя работы плануецца завяршыць летам наступнага года. А затым будзе праводзіцца маніторынг энергаэфектыўнасці (як было і як стала), у тым ліку з мэтай распаўсюджвання гэтага вопыту на іншыя ўстановы адукацыі.

Пры гэтым, зразумела, пацвердзілася вядомая ісціна, што пад ляжачы камень вада не бяжыць. Праявіў ініцыятыву па пытаннях энергазберажэння, падмацаваў уласнымі справамі сваё жаданне скарыстацца фінансавай падтрымкай — можаш яе атрымаць.

Гродзенскаму яслям-саду, які заслужыў права стаць пілотным аб'ектам гэтага праекта, налета споўніцца 45 гадоў. «Болевых пунктаў» у старым будынку шмат, і асабліва гэта датычыцца даху. Аднак і ў цяперашніх, пакуль зусім не энергаэфектыўных умовах стараюцца эканоміць і вучаць гэтаму сваіх выхаванцаў. Напрыклад, ва ўсіх бытавых памяшканнях ёсць дазатары з вадкім мылам. Дзеці ўжо ведаюць, як трэба памыць рукі з аптымальнымі затратамі вады і мыйнага сродку. Летась свой вопыт педагагічнага выхавання ў сферы энергазберажэння прадставілі на абласны конкурс «Энергамарафон», заслужыўшы прызавое месца. Пастараліся добра прадумаць заяўку і на ўдзел у цяперашнім энергаэфектыўным праекце, а стаўшы пераможцам конкурсу, актыўна ажыццяўляюць свае задумкі.

Бацькі таксама «за»!

Нядаўна ў яслях-садзе стварылі энергаэфектыўны бацькоўскі клуб. На яго першым пасяджэнні дзеці паказалі бацькам вернісаж сваіх работ «Цяпло, святло, ваду беражом — эканомна жывём», выступілі перад імі з «энергаэфектыўнымі» прыпеўкамі і вершамі. Да эканоміі энергарэсурсаў у гульнявой форме заклікалі кракадзіл Гена і Чабурашка. А бабуля Шапакляк атрымала ад іх у падарунак лічыльнікі халоднай і гарачай вады. Бацькоў таксама запрасілі паўдзельнічаць у конкурсах і віктарынах па тэме энергазберажэння. Яны падзяліліся сваім вопытам, і хтосьці, магчыма, звярнуў увагу на «дробязі», дзякуючы якім можна эканоміць у паўсядзённым жыцці. Аказалася, напрыклад, што мала хто з прысутных, калі чысціць зубы, не адкрывае кран на ўвесь гэты час...

З парадамі па эканоміі рэсурсаў можна азнаёміцца не толькі ў вышэйпамянёным бюлетэні яслей-сада «ШРЭК» (там ёсць таксама тэматычныя прыказкі, прымаўкі, загадкі і нават красворд), але і на інтэрнэт-сайце дашкольнай установы.

— Стараемся працаваць у партнёрстве з бацькамі дзяцей, іх дзядулямі, бабулямі, жыхарамі найбліжэйшых дамоў. Многія з іх да нашых прапаноў ставяцца вельмі зацікаўлена, актыўна дапамагаюць. Абвясцілі, напрыклад, акцыю па зборы макулатуры — і за кароткі час ужо больш як паўтоны сабралі, — кажа дырэктар яслей-сада № 45 г. Гродна Людміла КУШНІРУК.

У рамках праекта быў праведзены конкурс ініцыятыў, у якім перамаглі сярэдняя школа № 1 г. Дзяржынска, яслі-сад № 6 г. Ашмяны, яслі-сад № 45 г. Гродна і Віцебскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 1 імя М.Ф. Шмырова. Там выканаюць цеплатэхнічную мадэрнізацыю будынкаў па шэрагу інавацыйных кірункаў. У прыватнасці, будуць устаноўлены сонечныя калектары для падагрэву вады, новыя цеплазберагальныя вокны, сістэмы вентыляцыі.

Меркаванне

Анатоль БУЛАВА, начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў:

— Як установам адукацыі атрымаць падтрымку на энергаэфектыўныя мерапрыемствы? У першую чаргу трэба пачынаць з удзелу ва ўжо традыцыйным конкурсе «Энергамарафон». Па-другое, трэба імкнуцца трапіць са сваімі ініцыятывамі ў адпаведныя галіновыя праграмы, якія штогод фарміруюцца ў тым ліку і ў сферы адукацыі. Зразумела, што грошай заўсёды не хапае. Але здараецца і так, што сродкі прадугледжаны, а іх патэнцыяльных атрымальнікаў даводзіцца «падштурхоўваць». Таму той, хто праяўляе актыўнасць, у першую чаргу і атрымае падтрымку.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchik@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.