Вы тут

Сюды хочацца вяртацца


У Глыбокім плануюць стварыць алею ліхтароў.

Глыбоцкую набярэжную Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя прызнала самай добраўпарадкаванай у краіне. Карэспандэнт «Звязды» прайшоўся па беразе возера Кагальнае і атрымаў сапраўдную асалоду ад тамтэйшай чысціні і прыгажосці.

28-18

— Праца над добраўпарадкаваннем распачыналася ў 2012 годзе. Тады ў райцэнтры пачалі падрыхтоўку да 600-й гадавіны заснавання Глыбокага (летась адсвяткавалі. — Аўт.). Нягледзячы на зіму, меліяратары, будаўнікі і камунальнікі зрабілі, здавалася б, немагчымае. У маразы ачысцілі бераг ад кустоўя, зрабілі папярэднюю планіроўку берагавога адкосу. Насыпалі дарогу даўжынёй каля 700 метраў. У выніку возера літаральна атрымала новае жыццё. Потым пачалося «напаўненне» берага рознымі малымі архітэктурнымі формамі, — распавядае старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат.

На гладзі возера Кагальнае ёсць водны фантан. На беразе — алея маладых: ратонда, лаўка для закаханых, падкова для наваспечаных мужа і жонкі, арэлі і іншае. У цёплы час года дзейнічае пункт пракату лодак і катамаранаў, можна цывілізавана адпачыць на пляжы... Бадай, самы вядомы аб'ект на беразе — помнік рыбаку «Дзед-глыбачанін». Нагадаю, у яго ёсць рэальны прататып — вядомы беларускі краязнаўца, гісторык і педагог Аляксандр Сабалеўскі. Ён нарадзіўся на Глыбоччыне. Ініцыятарамі і спонсарамі ўстаноўкі помніка сталі яго ўнукі. Уважлівыя ўбачаць на помніку і храмы Глыбокага, прачытаюць надпіс на бронзавай кніжцы: «Глыбокае: нарысы гісторыі». Побач з дзедам дрэмле кот...

Ідэя стварэння алеі маладых належыць моладзі. Але толькі дзякуючы падтрымцы мясцовай улады, яе рэалізавалі.

— А моладзь брала самы актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні. І гэта не толькі суботнікі. Віталіся ініцыятыўныя ідэі. Так, адным з заданняў раённага конкурсу «Шлях да поспеху» стала стварэнне праекта па добраўпарадкаванні горада. І было пажадана, каб яны былі, як той казаў, не фантастычнымі, а рэальнымі. Моладдзю і дзецьмі рэалізавана ідэя ўпрыгожваць векі ад люкаў, — адзначыла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Працук.

Наконт люкаў: дробязь, але прыгожа. Бадай, Глыбокае ў гэтым пытанні першапраходзец.

— Я ў інтэрнэце ўбачыла кітайскія векі. Там яны, аказваецца, пры вырабе ўпрыгожваюцца малюнкамі. Мы арганізавалі конкурс эскізаў. І падлеткі, дзятва з задавальненнем адгукнуліся. У выніку цяпер каля 45 векаў сталі карцінамі. Зразумела, пасля зімы малюнкі прыходзіцца абнаўляць, — тлумачыць аўтарка ідэі Настасся Развадоўская, педагог-арганізатар Цэнтра для дзяцей і моладзі Глыбоцкага раёна.

Нядаўна расійскі турыст у сваім блогу адзначыў, што Глыбокае — адзін з самых добраўпарадкаваных гарадкоў былога СССР. А набярэжная возера Кагальнае — адно з тых месцаў, куды хочацца вяртацца. Тут сустракаюцца закаханыя, сюды прыходзяць пасля рэгістрацыі шлюбу, гуляюць мамы з дзецьмі. І на веласіпедах ахвотна катаюцца. Прыгажосць і свежае паветра прыбаўляюць сіл і зараджаюць станоўчай энергіяй.

Дарэчы, старшыня райвыканкама прыдумаў стварыць алею ліхтароў на ўзбярэжжы іншага возера — Вялікае. Такім чынам, у горадзе яшчэ ля аднаго вадаёма стане прыгажэй.

Аляксандр ПУКШАНСКІ. Фота аўтара

pukshanskі@zvіazda.by

Глыбокае — Віцебск

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.