Вы тут

«Перазагрузка» ў Глазга


Як і чаму нашы гімнасткі засталіся без алімпійскіх ліцэнзій.

На сёлетнім чэмпіянаце свету па спартыўнай гімнастыцы ў Шатландыі разыгрываюцца не толькі медалі першынства, але і алімпійскія ліцэнзіі ў Рыа-дэ-Жанейра. Таму ажыятаж гэты турнір выклікаў сур'ёзны, а ў нашай краіне цікавасць была падмацавана яшчэ і тым, што жаночую зборную Беларусі на сусветным турніры прадстаўлялі дзве амерыканкі, якія атрымалі беларускія пашпарты.

[caption id="attachment_107824" align="alignnone" width="600"]29-29 Шаснаццацігадовая Кейлі Дыксан цяпер выступае за Беларусь.[/caption]

Тэма натуралізацыі Алаіны Кван і Кейлі Дыксан узбударажыла аматараў спорту і журналістаў: ужо даўно спартыўная гімнастыка не выклікала столькі эмоцый і не прыцягвала столькі ўвагі. Пра гэта гаварылі не толькі ў нашай краіне, але і па той бок акіяна. За некалькі тыдняў да старту чэмпіянату свету спецыялісты і аматары выказвалі меркаванні, спрачаліся і агучвалі свае здагадкі на конт мэтазгоднасці запрашэння амерыканак у зборную.

Казаць пра тое, што для спрэчак не было перадумоў, не прыходзіцца. Яшчэ падчас з'яўлення першых трансферных навін узнікла шмат пытанняў: чаму менавіта амерыканкі, а не блізкія нам па менталітэце расіянкі ці ўкраінкі? Чаму не кітаянкі, якія дыктуюць тэндэнцыі ў спартыўнай гімнастыцы апошнім часам? Чаму менавіта Кван і Дыксан, якія выступалі толькі на першынстве свайго штата і не адбіраліся на чэмпіянат ЗША? І, нарэшце, які толк будзе ад спартсменак, што не трэніруюцца ў краіне, за якую выступаюць? Усе гэтыя пытанні павіслі ў паветры і заставаліся без адказаў, а рабіць высновы да пачатку чэмпіянату было б няправільна.

Зараз першынство свету ўжо падыходзіць да свайго завяршэння, вынікі жаночай беларускай каманды вядомыя. У мнагаборстве Алаіна Кван і Кейлі Дыксан занялі 73-е і 75-е месца адпаведна, што не дазволіла ім працягваць змагацца за пуцёўкі на Алімпійскія гульні 2016 года на гэтым турніры.

Аднак вядомы беларускі спецыяліст, алімпійская чэмпіёнка Антаніна Кошаль заклікала заўзятараў «разумець і ўяўляць сітуацыю правільна», адзначыла, што маладыя гімнасткі зрабілі ўсё, што маглі, справіліся са сваёй задачай і працягнуць змагацца за заваяванне ліцэнзій у красавіку наступнага года.

Адзначым, што Кван, якая заняла 73-е, месца набрала 51,866 бала, а Дыксан, якая стала 75-й, — 51,633. Гэта невялікія сумы балаў, якія яшчэ ў нядаўнім мінулым пераўзыходзілі і ўраджэнкі Беларусі. У 2011 годзе на чэмпіянаце свету ў Токіа, які таксама быў перадалімпійскім, Настасся Марачкоўская набрала ў мнагаборстве 52,999 бала і прадставіла нашу краіну на Алімпіядзе ў Лондане.

Такім чынам, пытанне, ці адбылася «перазагрузка» жаночай зборнай Беларусі, застаецца спрэчным і хутчэй схіляецца да адмоўнага адказу. У лепшым выпадку наша зборная дзяўчат на Алімпіядзе ў Бразіліі будзе прадстаўлена толькі адной гімнасткай (калі хтосьці з вышэй названых амерыканак здолее атрымаць ліцэнзію ў красавіку 2016 года).

Вынікі мужчынскай каманды на гэтым фоне выглядаюць куды цікавей. Беларуская зборная з шаснаццатым месцам увайшла ў спіс камандаў, якія заваявалі права працягнуць барацьбу за 4 пуцёўкі на Алімпіяду. А ў васьмёрку наймацнейшых дружын планеты, якая кваліфікавалася на Алімпійскія гульні ў Бразілію, увайшлі зборныя Японіі, Кітая, Вялікабрытаніі, Расіі, ЗША, Швейцарыі, Бразіліі і Карэі.

Акрамя каманднага выніку, нядрэнныя балы паказалі беларусы і ў асабістым мнагаборстве. Дзмітрый Баркалаў і Андрэй Ліхавіцкі прабіліся ў фінал гэтай праграмы, пераможцы вызначацца ў пятніцу.

Нагадаем, у сёлетнім чэмпіянаце планеты прымаюць удзел каля 600 спартсменаў з 87 краін, што з'яўляецца рэкордам для падобных турніраў.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.