Вы тут

Замкнёнае кола


Калі б мне прапанавалі параўнаць прозу Дзмітрыя Пятровіча з якой-небудзь стравай, то я, амаль не задумваючыся, сказаў бы, што гэта павінна быць нешта дужа салодкае, тое, што падаюць на дэсерт, і ў першую чаргу — жанчынам. У ёй шмат сентыментальнасці, як цукру ў бісквітным торце. Само па сабе гэта не добра і не кепска, бо «не хлебам адзіным жыве чалавек», а літаратура, як і стравы, павінна быць рознай, як розны ў яе чытач: адным падабаюцца інтэлектуальныя раманы, іншым — дакументальныя, трэцім — жаночыя (хто сказаў, што напісанне жаночых раманаў — гэта прэрагатыва жанчын-пісьменніц?!). Галоўнае, каб яна не была сумнай. А сумаваць сваім чытачам Дзмітрый Пятровіч не дае і прапануе ім чарговае падарожжа па лабірынтах чужога кахання.

Алесь Бадак

29-11

Вечарам у кавярні, што на цэнтральным праспекце, людзей было шмат. Кірыл Трыгубін сядзеў ля акна і глядзеў, як на вуліцы праплываюць-пралятаюць машыны, а стомлены за дзень Мінск зіхаціць рознакаляровымі агнямі — нават лютаўскі мароз нікога не можа напужаць.

Калі выпадаў вольны час, Кірыл любіў прагуляцца па праспекце, потым спусціцца да Свіслачы і перайсці ў Купалаўскі парк, дзе звычайна было нешматлюдна. З таго часу, як Трыгубін расстаўся з жонкай, ён упусціў у сваё сэрца адзіноту, і здавалася, што яна цалкам завалодала ім. Кірыл ужо не ўяўляў, як ён жыў раней, — нібыта нейкі туман засланіў яго ад мінулага. Але Трыгубін нярэдка адчуваў, што яно не адпускае яго, прымушаючы аналізаваць розныя сітуацыі, успамінаць дэталі, якія раней здаваліся настолькі дробнымі, што Кірыл іх проста не заўважаў. Але цяпер гэтае мінулае моцным болем адгукалася ў яго памяці...

Адразу пасля расстання гэты боль, здавалася, аплёў-ахапіў душу і цела — не хапала паветра, было цяжка дыхаць. Сэрца, нібыта механічны гадзіннік, нібыта запавольвала свой ход. Нейкі цяжар ціснуў на галаву, шыю, грудзі. Хацелася легчы, заснуць і больш ніколі не прачынацца... Але трэба было жыць, працаваць. Памятаць, што яму ўжо амаль пяцьдзясят, у яго ёсць сын, які, на жаль, застаўся са сваёй маці...

* * *

У той зімовы вечар, амаль адразу пасля Новага года, Трыгубіна запрасілі на дзень нараджэння старыя прыяцелі. Аднаго з іх Кірыл аднойчы сустрэў у ЦУМе, калі выбіраў сабе пальчаткі (старыя, якія калісьці падарыла яму жонка, мелі зусім не таварны выгляд). Гэта быў Юрка Звераў. Разам з ім яны (на першым курсе вучылішча давялося працаваць на ўборцы бульбы ў калгасе, потым былі чатыры гады вучобы) не адзін пуд солі з'елі. Даведаўшыся аб праблемах Кірыла, Юра і выцягнуў яго з дому. Калі Трыгубін прыйшоў па названым Зверавым адрасе, яго ўжо чакалі. За сталом сабралася вялікая дружная кампанія. Гучалі тосты ў адрас імянінніцы Святланы — прыгожай бландзінкі ў вячэрняй сукенцы з глыбокім дэкальтэ. З дынамікаў ліліся прыгожыя мелодыі. Час ад часу ўзляталі коркі ад шампанскага, пена лілася ракой.

Калі госці ад тостаў трохі стаміліся, ім захацелася паспяваць.

— Кірыл, а давай Высоцкага! — Юрка Звераў, наліваючы шампанскае дзяўчатам, кіўнуў галавой у куток, дзе стаяла гітара. — Толя, выключы, калі ласка, музыку, — звярнуўся ён да суседа, — і перадай хлопцу інструмент.

Толя Федарук неахвотна шчоўкнуў пультам CD-прайгравальніка і перадаў Трыгубіну гітару. Усе падрыхтаваліся слухаць.

— Здесь лапы у елей дрожат на весу... — пачаў «Лірычную» Уладзіміра Высоцкага Кірыл.

Раптам пачуўся званок у дзверы. Але Трыгубін працягваў выконваць песню. Юра пайшоў адчыняць.

— Ого, тут ужо спяваюць! Напэўна, я вельмі позна выбралася да вас, сябры, — Кірыл павярнуў галаву і ўбачыў прыгожую брунетку ў чорнай сукенцы. Песня абарвалася. Кірыл паставіў гітару на месца.

На выгляд ёй было не больш за трыццаць. Але позірк... Гэта быў позірк вопытнай жанчыны. Іскрынкі-чорцікі блішчалі ў вачах. Ярка-чырвоныя вусны прываблівалі, як агонь матылькоў. Позірк Кірыла сустрэўся з яе позіркам, і раптам ён зразумеў, што неўзабаве патоне ў бяздонні гэтых чорных вачэй. І нават калі б можна было, не пагадзіўся б на выратавальны круг... Незнаёмка, відавочна, адчула гэта.

— Хто не ведае, пазнаёмцеся. Гэта Людміла, — прадставіў жанчыну Юра.

Пасля віншавання імянінніцы і ўручэння падарунка, узяўшы ў руку бакал з шампанскім, Людміла раптам звярнулася да Кірыла са словамі:

— А можна і мне паслухаць песню, якую вы выконвалі?

— Толькі з адной умовай: гэтую песню я хацеў бы прысвяціць вам...

Трыгубін нават забыўся, што ў сённяшняга свята ёсць гераіня. Але Святлана, здавалася, не звярнула на гэта ніякай увагі. Людміла села насупраць Кірыла, паклала адну нагу на другую, адкрыўшы прыгожыя калені, і з цікавасцю глядзела яму ў вочы.

...Соглашайтесь хотя бы на рай
в шалаше,

Если терем с дворцом кто-то
занял...

Гэтыя радкі Трыгубін спяваў, гледзячы проста ў вочы прыгажуні. Ён заўважыў адсутнасць на яе руцэ заручальнага пярсцёнка, і яму, трохі захмялеламу ад гэтага знаёмства і манеры паводзін маладой жанчыны, захацелася зноў адчуць сябе здольным на гусарскія подзвігі.

Калі ўсе пачалі танцаваць, Трыгубін падышоў да Людмілы, запрасіў на танец.

— Адкуль вы ведаеце гэту кампанію? — спытаў ён у новай знаёмай.

— Я займаюся пастаўкамі жаночага адзення. Усе гэтыя дзяўчаты, — яна кіўнула ў бок імянінніцы Святланы і яе сябровак, — апранаюцца ў мяне: — А вы нядрэнна спяваеце, Кірыл. Дзе-небудзь вучыліся?

— Быў невялікі вопыт. Яшчэ ў вучылішчы. Шмат паездзіў па Беларусі.

Яны доўга танцавалі. Потым Трыгубін прынёс два бакалы з шампанскім. За гэтай ціхай размовай ён не заўважыў, як яны апынуліся на цёмным балконе. Кірыл накінуў на плечы Людмілы свой пінжак, а потым абняў, каб не змерзла. А яна раптам павярнулася да Трыгубіна і сваімі вуснамі знайшла яго вусны...

Колькі часу прайшло, Кірыл не помніў... Калі нехта прыадчыніў дзверы на балкон і пачуўся голас: «Яны тут...», Люда прашаптала Трыгубіну на вуха: «Паедзем адсюль...»

* * *

Потым яны нейкі час стаялі ля дзвярэй найбліжэйшай гасцініцы. Нарэшце ім адчынілі. Свабодных нумароў, па словах парцье, цёмнавалосага мужчыны гадоў пяцідзесяці, не было. Трыгубін моўчкі дастаў з партманета і паклаў на стойку некалькі амерыканскіх купюр. Парцье ўсміхнуўся, згроб купюры і працягнуў ключ.

— Другі паверх. Ад ліфта налева. ... — ён уважліва паглядзеў на начных гасцей.

* * *

У той марозны лютаўскі вечар каля опернага тэатра людзей не было. Кірыл з вялікім букетам кветак, загорнутым у некалькі слаёў паперы, хадзіў па алеі побач з помнікам Багдановічу. Людміла спазнялася. А мароз не дазваляў стаяць на месцы. Каб трохі сагрэцца, Трыгубін шавяліў пальцамі рук у новых пальчатках. Было відаць, як у святле ліхтароў танцавалі-мітусіліся сняжынкі, а на галінах дрэў на фоне чорнага неба павісла задуменная поўня. Пальчаткі ўжо не сагравалі, і Кірылу захацелася знайсці якую-небудзь цёплую ўтульную кавярню, каб разам з Людмілай адагрэцца, схаваўшыся ад бязлітаснага марозу. Але ж дзе яна?

Раптам Трыгубін заўважыў на алеі знаёмую постаць у прыгожым чорным футры. Радасны, ён кінуўся насустрач, абняў Люду, крануў сваімі вуснамі яе вусны — і радасна закружыў сваю каханую, адной рукой прытрымліваючы букет.

— Кірыл, ну хопіць... Пусці мяне. Галава закружылася... — Люда глядзела на Трыгубіна з замілаваннем. Паправіла на яго галаве шапку.

Ён з неахвотай выпусціў маладую жанчыну з абдымкаў, працягнуў букет. Яна ўзяла, усміхнулася, з удзячнасцю паглядзела яму ў вочы.

— Шкада, што нельга разгарнуць... Нічога, сюрпрыз будзе. Дзякуй табе, — сказала Люда і пацалавала Кірыла. — Давай пойдзем куды-небудзь, сагрэемся.

— А давай у Траецкае. Там некалькі кафэ, але адно з іх мне асабліва падабаецца, — прапанаваў Трыгубін.

Потым яны доўга сядзелі ў кавярні, пілі чырвонае віно пад лёгкую закуску, расказвалі адно аднаму цікавыя гісторыі, смяяліся. Кірыл увесь вечар не мог адвесці вачэй ад Людмілы. Яму здавалася, што сустрэча з ёй — самая вялікая падзея ў яго жыцці пасля таго, як ён расстаўся з жонкаю. Аказваецца, замкнёнае кола так лёгка разарваць...

—...ты мяне зусім не чуеш, — гэтыя словы Люды вырвалі яго з палону салодкіх думак. — Усё нармальна, Кірыл?

— Так, мая мілая, — адказаў Трыгубін, трохі разгублена ёй усміхнуўшыся. — Прабач мне. Я задумаўся... Мы толькі другі раз сустрэліся, але ў мяне такое ўражанне, што я ведаю цябе сто гадоў...

Люда ўсміхнулася, паправіла свае прыгожыя валасы і, падпёршы далонню галаву, падрыхтавалася слухаць.

— Хаця, — дадаў Трыгубін, — ты пра сябе амаль нічога не расказвала. Толькі пра сваю вучобу калісьці, працу, сябровак.

— А ці трэба табе шмат ведаць пра мяне? — раптам спытала Людміла. — Няўжо не хопіць нашых сустрэч? І, увогуле, «должна быть в женщине какая-то загадка...»

— Прабач, але ў мяне такое ўражанне, што ты нечага не дагаворваеш, — задумліва прамовіў Кірыл, усё яшчэ любуючыся ёю. — Я, напрыклад, чалавек свабодны і хачу, каб у асабістым жыцці ў мяне ўсё наладзілася. І разам з тым я хачу падарыць шчасце любімаму чалавеку. А ты? Чаго хочаш ты — сур'ёзных адносін ці...

Трыгубін не дагаварыў. Ён узяў далонь Людмілы ў свае і нейкі час глядзеў ёй у вочы.

Жанчына маўчала. Потым вызваліла руку з яго рук і, уздыхнуўшы, сказала:

— Ведаеш, Кірыл, я таксама хачу, каб асабістае жыццё прыносіла мне радасць і шчасце. Я не хацела табе казаць... Спачатку... Прабач. Але я, — Людміла апусціла галаву, — чалавек несвабодны. Гэта ж нічога не мяняе, разумееш...

Яна паглядзела Трыгубіну ў вочы.

— Муж мой — шчыры спагадлівы чалавек. Вельмі кахае мяне. Ён добры бацька, гаспадар у доме. У яго залатыя рукі. У нас неўзабаве сярэбранае вяселле. І я — ты не здзіўляйся — вырашыла зрабіць сабе падарунак... Адпачыць трохі ад мужа. Ну, ты мяне разумееш... Столькі гадоў разам, і ніякіх інтрыг...

Трыгубін, ашаломлены, нейкі час глядзеў на яе. А потым не вытрымаў:

— Значыць, падарунак — гэта я? Да сярэбранага вяселля? Навошта табе ўсё гэта, скажы, Люда? Няўжо, тым больш пражыўшы разам 25 гадоў, трэба рабіць балюча блізкаму чалавеку, які цябе кахае?

Людміла маўчала. А Трыгубіна захліснула хваля абурэння за сябе і таго «шчасліўчыка», якому ён наставіў рогі.

— Ты ведаеш, Люда, — працягваў Кірыл, — што і мы з жонкай праз два гады маглі б святкаваць сярэбранае вяселле. Але яна здрадзіла мне. Знайшла сабе новага — грамадзянскага (гэта зараз модна) мужа, значна маладзейшага за мяне. Я іх блаславіў. Няхай жывуць...

Трыгубін замаўчаў, імкнучыся задушыць прыступ душэўнага болю.

— Падчас нашай сустрэчы ты была без заручальнага пярсцёнка, і мне нават не прыйшла ў галаву думка спытаць цябе пра тваё сямейнае становішча. Усё так хутка, імкліва адбылося... Але цяпер, ведаючы тое, што я мог прычыніць вялікі боль добраму, але незнаёмаму мне чалавеку... — Трыгубін замаўчаў, а потым прапанаваў: — Давай расстанемся па-добраму. Лічу, што нам нельга больш сустракацца...

Людміла хацела запярэчыць, але Кірыл рашуча сказаў:

— Пайшлі, я правяду цябе...

Яны падняліся. Трыгубін паклаў на стол некалькі купюр. Потым ён і Людміла накіраваліся да гардэроба. Праз некалькі хвілін халодная зімовая ноч праглынула іх...

* * *

Трыгубін сядзеў ля акна ў кафэ. Па цэнтральным праспекце праносіліся машыны, аўтобусы. Кірыл глядзеў на вуліцу, але яго думкі, нібыта сняжынкі, кружыліся ў галаве, напаўнялі тугой сэрца. Ён успамінаў, як яны з Людай стаялі, абняўшыся, на заснежаным балконе, кружыліся каля опернага тэатра, шчаслівыя ад нечаканага шчасця. Трыгубін успамінаў тую ноч у гасцініцы, калі яму здавалася, што замкнёнае кола было разарвана назаўсёды... Гэтага не адбылося, хоць Кірыл адчуў, што моцны душэўны боль, які пастаянна мучыў яго, пасля сустрэчы з Людмілай трохі сцішыўся. Але Трыгубін ведаў: як бы ні склаўся яго лёс, гэтую жанчыну ён не забудзе ніколі...

Дзмітрый Пятровіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».