Вы тут

Рэйтынг узнагарод і кодэкс-энцыклапедыя


Навукоўцы — аб перспектывах беларускага працоўнага права.

Што найбольш матывуе работнікаў да стараннасці? Як рэгуляваць дзейнасць фрылансераў і надомных спецыялістаў? І ці ўсе спрэчкі можа вырашыць суд? Гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўваліся на Тыдні працоўнага права, які праводзіў Міжнародны ўніверсітэт «МІТСО».

29-32

Больш «пернікаў» для старанных работнікаў

Каб захаваць дысцыпліну на прадпрыемстве, трэба ўводзіць не санкцыі, а стымулюючыя захады. На такой думцы сышліся даследчыкі беларускага працоўнага права. Злоўжыванне метадамі прымусу (што часта бывае ў арганізацыях, дзе адсутнічае прыбытак) можа выклікаць негатыўныя наступствы: стварыць напружанасць у калектыве, знізіць эфектыўнасць працы. Заканадаўства прадугледжвае розныя варыянты заахвочвання старанных работнікаў. Наймальнік можа прадаставіць спецыялісту дадатковы водпуск да пяці дзён, павысіць тарыфную стаўку на 50 і больш працэнтаў. На прадпрыемствах дрэваапрацоўчай прамысловасці, напрыклад, працадаўцы, згодна з Дэкрэтам №9, устанаўліваюць штомесячныя выплаты для «стаханаўцаў». Праўда, у выпадку звальнення работніка з пэўных прычын гэтыя грошы давядзецца вярнуць (калі гэта немагчыма, чалавека ў прымусовым парадку зноў уладкоўваюць у арганізацыю, якой ён вінен). Больш канкрэтна стымулюючыя захады прапісваюцца ў калектыўных дагаворах, правілах унутранага працоўнага распарадку, статутах і палажэннях аб дысцыпліне.

Заслугі, што выходзяць за рамкі аднаго прадпрыемства, прынята адзначаць дзяржаўнымі ўзнагародамі. Валерыя СЯДЗЕЛЬНІК, загадчыца кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, адзначае, што ў нас існуе шырокая сістэма ганаровых званняў, аднак іх варта было б кадыфікаваць. Расійскія калегі, напрыклад, прапаноўвалі гэту ідэю яшчэ раней і нават распрацавалі праект Узнагароднага кодэкса. «Прыняцце такога акта — складаны і доўгі працэс, — заўважае Валерыя Сядзельнік. — Пакуль як прамежкавы варыянт заахвочвальныя нормы можна ўключыць у Працоўны кодэкс асобнай часткай. Гэта, на мой погляд, павысіла б іх ролю ў рэгуляванні працоўных адносін».

Правазнаўцы абмяркоўвалі таксама Дэкрэт №5. Нагадаем, што, згодна з гэтым дакументам, работніка ў якасці дысцыплінарнага спагнання могуць пакінуць без прэміі на тэрмін да 12 месяцаў. На думку кандыдата юрыдычных навук, дацэнта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны Алены КАВАЛЁВАЙ, нормы дэкрэта трэба ўдакладніць. Незразумела, у якім выпадку дадатковых выплат могуць пазбавіць цалкам, а ў якім — часткова. Даследчыца прапануе наступны варыянт: зніжаць прэмію за недасягненне паказчыкаў, а пазбаўляць яе — за парушэнне працоўнай дысцыпліны і невыкананне работнікам сваіх абавязкаў.

Міні ці максі?

Ці часта работнікі, не задаволеныя рашэннем наймальніка, звяртаюцца ў суд? Статыстыка сведчыць, што так. Усё больш людзей, нязгодных са сваім звальненнем, даводзяць справу да суда і дабіваюцца задавальнення іску. Аднак у асобных выпадках магчымасці судовай абароны працоўных правоў абмежаваны. Так, наймальнік у аднабаковым парадку можа ўтрымаць з заробку падначаленага суму, каб пакрыць урон, які той прычыніў прадпрыемству. Такі падыход не дазваляе работніку адстаяць сваю пазіцыю і даказаць, што ён не вінаваты. У той жа час прававеды настойваюць на тым, што трэба развіваць дасудовы механізм рэгулявання індывідуальных спрэчак.

Наладзіць дыялог паміж кіраўніцтвам і падначаленымі дапамагае калектыўны дагавор.

Сёння гарантыі і льготы праз калектыўныя пагадненні распаўсюджваюцца на 3,6 мільёна работнікаў, пенсіянераў і студэнтаў. Аднак дагаворы, якія дазваляюць працаўнікам адстойваць свае інтарэсы, не павінны перашкаджаць развіццю прадпрыемства, удасканальванню метадаў кіравання.

Як той казаў, нічога асабістага — проста бізнес.

Развіццё лакальнага рэгулявання адносін дазваляе не перагружаць асноўнае заканадаўства. Доктар юрыдычных навук і прафесар Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. Ламаносава Аляксандр КУРАННОЙ расказвае пра лёс расійскага Працоўнага кодэкса, у які за трынаццаць гадоў унеслі больш за 70 паправак:

— Гэта добры бізнес для выдаўца, але я такую тэндэнцыю не ацэньваю як станоўчую. На мой погляд, кодэкс павінен быць падобным да Канстытуцыі, не трэба рабіць з яго інструкцыю. Навошта ператвараць кодэкс у Савецкую энцыклапедыю?

Загадчык кафедры працоўнага і карпаратыўнага права Міжнароднага ўніверсітэта «МІТСО» Кірыл ТАМАШЭЎСКІ з гэтым поглядам не згодзен: «Кодэкс-энцыклапедыя (накшталт Кодэкса працы Францыі) з падрабязным рэгуляваннем працоўных і звязаных з імі адносін лепш, чым міні-кодэкс са шматлікімі адсылачнымі нормамі. Ён больш спадручны як суддзям, прафсаюзным актывістам, так і простым работнікам, якім не трэба па кожным пытанні шукаць асобны закон ці падзаконны акт».

Яшчэ адно пытанне, якое хвалюе сёння даследчыкаў: як рэгуляваць дзейнасць тых, хто працуе на адлегласці? Падобная форма занятасці істотна адрозніваецца ад традыцыйнай. Арганізацыя працоўнага месца можа быць ускладзена як на наймальніка, так і на работніка (за выключэннем выкарыстання спецыялізаванага праграмнага забеспячэння); зніжаецца ступень планавання; змяняюцца магчымасці працадаўцы па прыцягненні спецыяліста да дысцыплінарнай адказнасці. Амаль 80 працэнтаў кіраўнікоў не кантралююць дзейнасць дыстанцыйных супрацоўнікаў нават тады, калі ёсць такая тэхнічная магчымасць.

Аддаленая занятасць эканамічна выгадная: у Расіі, напрыклад, да 2020 года 20 працэнтаў месцаў будуць віртуальнымі, што сэканоміць наймальнікам больш за 15,8 мільёна долараў.

Некаторыя прававеды настойваюць: заканадаўства неабходна дапоўніць такімі паняццямі, як «дыстанцыйная праца», «тэлеработа», «фрыланс». Даследчыкі лічаць, што фрыланс як разавая форма ўзаемадзеяння павінен рэгулявацца грамадзянскім правам. Дыстанцыйная праца ж прадугледжвае працяглую сувязь між наймальнікам і работнікам і не заканчваецца пасля выканання аднаго задання. Таму яе нормы варта прапісаць у Працоўным кодэксе.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubnеuskауа@zvіаzdа.bу

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.