Учора мы пахавалі дзядзьку Сяргея. Хаця які ён дзядзька — усяго на восем гадоў старэйшы. Ды і Сяргеем афіцыйна яго мала хто называў: наймалодшы з усіх шматлікіх маміных стрыечнікаў, ён для ўсёй радні быў проста Сярожа. Заўсёды крыху сарамлівы, ён быў убаку і ад шумнага гармідару сямейных свят, і ад роспачнай сямейнай жалобы. З пакручаным, пакалечаным лёсам, са сваім не зразумелым многім успрыманнем навакольнага, з шалёным пратэстам супраць гэтага свету, які не хацеў яго прымаць. З ціхай усмешкай, з гатоўнасцю дапамагчы кожнаму, хто папросіць, ён быў, па сутнасці, вельмі няшчасным і вельмі сціплым чалавекам.
Сярожа стаў героем самых папулярных навін на лентах беларускіх парталаў. Пра тое, што недалёка ад Станькава цёмным вечарам машына збіла чалавека, які сядзеў на праезнай частцы, у сераду не пісаў (а пасля і не чытаў) толькі лянівы. Нават мы, сваякі, пра тое, як дакладна Сярожа загінуў, даведаліся найперш з паведамленняў у сеціве. Мы ўжо ніколі не даведаемся, чаго ён прысеў каля веласіпеда на дарозе дадому, едучы а палове восьмай вечара з працы ў глухі, амаль пусты пасёлак, дзе жыў разам з састарэлым бацькам. Можа, паваліўся, можа, штосьці зламалася ў тым ровары... Дакладна вядома іншае: для вадзіцеля той машыны ён узнік з цемры нечакана, і той пры ўсім жаданні не мог вокамгненна спыніцца. Былі варыянты толькі ступені бяды. Яна аказалася найвышэйшай — праз дзве гадзіны Сярожа сканаў у бальніцы ад атрыманых траўмаў.
Наплакаліся, нагаварыліся, наўспаміналіся. «Як страшна, як па-дурному загінуў», — гучала ў гэтыя жалобныя дні найчасцей. «Як вядома, пешаход не быў абазначаны святлоадбівальнымі элементамі», — гэтая фраза з афіцыйнай зводкі здарэнняў звінела ў галаве кожны раз, калі зноў чула «як страшна, як па-дурному». Таму што ўсё астатняе ўжо адыходзіла на другі план, таму што пры ўсім перажыванні блізкай бяды розум падказваў: з якой бы хуткасцю ні ехала машына, у якім бы стане ні быў чалавек на дарозе, калі б у яго на рукавах ці на спіне была звычайная святлоадбівальная стужка, якая прадаецца ў кожнай краме і каштуе капейкі, такой непапраўнай трагедыі не здарылася б.
Атрымліваецца, чалавек загінуў менавіта праз гэтую няшчасную дробязь (дакладней, з прычыны яе адсутнасці) — праз флікер. Можна доўга разважаць пра тое, што прывяло нашага Сярожу на тую цёмную дарогу: пра лёс, які на кані не аб'едзеш, пра нешчаслівую зорку, якая вяла яго з самай маладосці, пра залішнюю цягу да чаркі. Але ўсё гэта мае нашмат меншае значэнне, чым бліскучая стужка ці хаця б падвеска, якія успыхнулі б у святле фараў і далі б шанц кіроўцу своечасова націснуць на тормаз.
Менавіта так. Я размаўляла ўчора з Ганнай Банадык, старшым інспектарам па асаблівых даручэннях УДАІ Міністэрства ўнутраных спраў, пыталася пра статыстыку падобных выпадкаў. Задала і пытанне, якое чула і ад маці, і ад іншых сваякоў не раз: няўжо вадзіцель нічога не бачыў, няўжо не мог спыніцца? Мая суразмоўніца адказала катэгарычна: «Флікерамі ў цёмны час ды яшчэ ў сельскай мясцовасці грэбуюць толькі тыя пешаходы, якія ніколі не садзіліся за руль. Бо любы вадзіцель скажа, што заўважыць чалавека, ніяк не абазначанага, на цёмнай дарозе, немагчыма нават на адлегласці некалькіх метраў...»
Мы з Ганнай яшчэ даволі доўга і падрабязна размаўлялі на «флікерную тэму». Пра тое, колькі зроблена за апошнія гады, каб статыстыка па загінулых у цёмны час сутак пешаходах зменшылася ў разы. Работа сапраўды праведзена і праводзіцца немалая: святлоадбівальныя элементы, якія адпавядаюць дзяржстандартам, цяпер у продажы паўсюль, сельгаспрадпрыемствы абавязалі забяспечыць работнікаў вопраткай з «флікернымі» ўстаўкамі, з гэтымі ж устаўкамі вопратка цяпер і ў паштальёнаў, і ў дарожнікаў. На абочынах трас будуюцца адмысловыя, аддзеленыя ад праезнай часткі, дарожкі для пешаходаў, праз трасы і пад трасамі пракладваюцца абсталяваныя па ўсіх правілах бяспекі пераходы...
Гэта дае добры вынік: страшная статыстыка змяншаецца з кожным годам: калі ў 2006-м на дарозе ў цёмны час сутак загінуў 601 пешаход, дык у мінулым годзе такіх няшчасных было 228.
І ўсё ж яны ёсць. І будуць. Прынамсі сёлета — дакладна. Будуць і налета, і праз два гады, якія меры на дзяржаўным узроўні ні прымаліся б, якая б прафілактыка ні вялася, колькі б дарожак і пераходаў ні будавалі. Пакуль кожны з нас — няважна, жыве ён у вёсцы ці ў горадзе (Ганна Банадык гаворыць, што ў горадзе выпадкі здараюцца мудрэйшыя, чым на вясковых дарогах), — не спыніцца на некалькі хвілін і не падумае. Не пра тое, што флікеры насіць у цёмны час сутак пешаход не абавязаны (яно на сёння сапраўды так і ёсць). А пра тое, што і каму абавязаны кожны з нас. Сабе самому, сваім блізкім людзям. Як мінімум — быць жывым. Пагадзіцеся, варта таго, каб перавязаць рукавы стужкай ці хаця б павесіць на сумку ці кішэню падвеску светлага колеру.
Калі б я пісала гэта на прыкладзе нейкага здарэння з невядомым мне чалавекам. Калі б Сярожа мог гэта прачытаць... Шкада, у жыцця і смерці няма ўмоўнага ладу...
Алена ЛЯЎКОВІЧ
alena@zviazda.by
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.