Мой дом


Са сцяны ў маім доме манатонна гучыць «цік-так, цік-так, цік-так»... Гэта гадзіннік шчыруе: нястомна адлічвае мінуты майго жыцця, складае ў гадзіны, дні і тыдні, у гады. Ужо багата іх прайшло ў гэтым доме, але ж гісторыя будаўніцтва па-ранейшаму ў памяці.

Пачалася яна са страшэннага ўрагану. Гэта цяпер мы іх бачым па тэлевізары і ўжо неяк прывыклі — ведаем, што яны здараюцца. А тады...

Жудасная была карціна! Чорна-бурае неба амаль без перапынку паласавалі маланкі, не сціхаў гром, то тут, то там білі перуны, а шквалісты вецер, здавалася, вось-вось сарве дах і па бярвенцы разнясе нашу хатку.

Толькі так падумалі — нешта і напраўду стала трашчаць. «Хаваймася, дачушка!» — загадала мама, яшчэ больш збялеўшы ад страху, і пацягнула мяне ў падвал.

Мы спусціліся пад падлогу, але паратунку не знайшлі, бо нам на галовы амаль адразу ж палілася вада. «Страху́, відаць, знесла», — прызнала мама, выціраючы твар ці то ад слёз, ці то ад дажджу. І мы з ёй кінуліся наверх, назад, сталі шукаць у хаце хоць нейкае сухое месца і знайсці не маглі, пакуль...

На покуці стаяў вялікі самаробны стол. Мы з мамай забіліся пад яго і, мусіць, з гадзіну прасядзелі там, прытуліўшыся адна да адной. На вуліцу выйшлі потым, калі крыху пацішэла і пачало днець.

А выйшлі — і нічога вакол не пазналі: усе садовыя дрэвы ляжалі на зямлі ўгору карэннем, пад нагамі валяліся паламаныя латы і кроквы, кавалкі гонты ды цэгла ад разбуранага коміна...

Да нас тут жа сталі падыходзіць такія ж спалоханыя суседзі: сталі суцяшаць маю маму, сталі расказваць пра свае беды, бо нехта застаўся без хлява, нехта — без гумна, паветкі, без вокнаў у хаце (чалавечых ахвяр, дзякуй Богу, не было). Паблізу, нібы зжаты, ляжаў Парахоньскі лес...

Але ж праўду кажуць, што бяда адна не ходзіць: яна альбо новыя водзіць, альбо чаргуецца з радасцю. У тую ж раніцу пасля ўрагану з арміі ў адпачынак прыйшоў мой брат Коля, а праз два дні па дарозе ў санаторый зазірнуў яшчэ адзін — Міша. Удвух яны, як маглі, падладзілі нашу хату — нейкі час яна магла паслужыць. Больш за тое, неяк увечары Міша сказаў: «Мама, мы ў вялікім даўгу перад табой (бацька наш загінуў у 1944-м, і мама ўсіх пяцярых дзяцей падымала адна), так што настаў час аддзячыць... Я хачу пабудаваць табе новы дом у цэнтры вёскі (а жылі мы тады на хутары Засвяціца). Вось дагавор з міжкалгаснай будаўнічай арганізацыяй. Табе застаецца сачыць за ходам работ, а я іх буду аплачваць».

Радасць маміна была бязмежнай!

Мы самі выбралі месца. Туды — і адразу ж — завезлі матэрыялы (нават нейкага п'яніцу прыставілі, каб іх вартаваў!)...

Але ж так пабыло нядоўга. Хутка мы ўбачылі, што будуюць наш дом як мокрае гарыць: з такімі тэмпамі мы не толькі праз год, але і праз тры не заселімся. А грошы ж заплачаны... І, падобна, патрачаны...Ва ўсякім разе будаўнікі сталі патрабаваць ад брата новых і новых выплат — ужо звыш дагавора.

Доўжылася так, пакуль Міша не напісаў заяву ў самую высокую на той час інстанцыю — Цэнтральны Камітэт Кампартыі Беларусі.

Мы з мамай пра гэта ведалі, але ніякіх праверак, вядома ж, не чакалі: што ў нас правяраць? А таму...

Напярэдадні да матулі прыйшоў адзін з нашых хлопцаў. Сказаў: «Цётачка Саша, я жаніцца надумаў, вяселле спраўляць. Можа, выганіце літраў з 10 гарэлкі? Я вам усё прывязу: і мукі, і бульбы, і дражджэй. Вы толькі зрабіце!»

Ну дзе ж тут адмовіш чалавеку?! А тым больш з матуліным найдабрэйшым сэрцам! Згадзілася яна. І вось мы, што называецца, выконваем заказ: уладкавалі ўсё, пачулі, што пабег першачок... Як раптам улятае ў хату суседка і крычыць: «Саша, замыкай дзверы! Да цябе на «казле» нейкія начальнікі едуць. У мяне дарогу пыталіся, дык я іх у аб'езд адправіла, сказала, што тут забуксуюць».

Мама мне тут жа замок у рукі. Кажа: «Ідзі на двор, замкні сенцы. Мяне дома няма... І ты не ведаеш, ні дзе я, ні калі прыйду».

Я — з хаты. Ключ у замку кручу — рукі трасуцца. Думаю, добра, каб мама ў печцы агонь заліла...

А яна з вялікага перапуду яшчэ і нагой па чыгунах. Дым з коміна ўжо не ідзе, затое пах — ад цёплай брагі, ад свежай гарэлкі — на ўвесь хутар, можна сказаць!

І «госці» тут як тут: прынюхваюцца, распытваюць, дзе гаспадыня? А я ж «нічога не ведаю. І ключа ад хаты ў мяне няма».

Не дык не: двое, як быццам, гатовы з'язджаць. А вось трэці... Без гальштука, але ў модным тады балоневым плашчы падыходзіць да нашых дзвярэй, тузае замок, суне нос у шчыліну... А потым і наогул тварам прыліп да акна, штось убачыў у хаце і давай адгінаць цвікі, каб шыбу дастаць, каб залезці ўсярэдзіну...

Я ў крык: «Што вы робіце?!»...

Тады ўжо і самы важны адазваўся, кажа: «Кіньце, Сцяпанавіч... Паедзем да будаўнікоў. Будзем там разбірацца».

Селі яны ў свайго «казла» і паехалі... Пранесла, значыць.

...А мы тую самагонку потым «дагналі». І на вяселлі мама пабыла. Расказвала там, як ледзь не папалася, як той служака ў хату шчаміўся... «І чаго ён хацеў, — уголас гадала матуля, — можа злавіць мяне, можа...» — «Ды вядомая ж рэч, — перабілі яе хутаране, — гарэлкі пакаштаваць! Відаць, знюхаў, што яна ў цябе добрая!»

...Як бы там ні было, а будаўнікі пасля той праверкі трохі заварушыліся, і мы ўрэшце пераехалі ў новы дом.

Менавіта з яго ў апошні шлях я правяла майго маленькага першынца, маю дарагую гаротніцу-маму, маіх незабыўных братоў Ваню, Васю і Міколу (Міша пахаваны ў Курску), сюды ж з радзільні я прывезла некалі другога сына, а потым мая нявестка — старэйшую ўнучку.

Жыццё працягваецца...

Ніна Бурко,

Бярэзінскі р-н

 

Правярай ды... меру знай

Не так даўно прывялося мне трапіць у адну кампанію, дзе дарослыя ўжо дзядзькі ўспаміналі зборы. Не, не вайсковыя. Некалі, да развалу Савецкага Саюза, урокі ваеннай падрыхтоўкі былі ў школах. Старшакласнікі цягам навучальнага года вывучалі воінскі статут, разбіралі і збіралі на хуткасць аўтамат Калашнікава, вучыліся маршыраваць у страі. А потым з усіх школ раёна яны з'язджаліся на спецыяльна падрыхтаваную базу на так званыя палявыя зборы. Жылі, як сапраўдныя салдаты, у палатках, дзяжурылі па кухні, неслі каравульную службу. Прычым дзяжурылі тады па чарзе: суткі — адна школа, суткі — другая і г.д.

— А памятаеш, як ваш ваенрук на міну нарваўся? — пытае раптам адзін з дзядзькоў у другога.

— Ага, — адзываецца ён, — такое хіба забудзеш... Галоўнае, прайшоў і не падарваўся!

— Няўжо ў вас нешта мініравалі? — вушам не паверыў я.

— Мініравалі-мініравалі, — заўсміхаліся суразмоўцы.

І з задавальненнем расказалі, што за каравульнымі з адной школы досыць пільна назіралі ваенрукі з іншых. Правяралі, умоўна кажучы, як тыя ахоўвалі лагер, ці не курылі (і ці не парушалі тым самым правілы пажарнай бяспекі), ці не бегалі на рэчку або наогул за тэрыторыю лагера... Потым усе гэтыя правіны разбіраліся перад строем: на парушальнікаў налічваліся штрафныя балы і ўжо ад іх залежала месца школы ў так званым «табелі аб рангах». Вось ваенрукі і стараліся знайсці хоць якуюсьці парушынку — у чужым воку. Адзін дык і наогул зямлю носам рыў.

— У той вечар мы з Саньком у каравуле стаялі, — працягваў апавядальнік. — І мала ўжо заставалася — стаміліся, надакучыла, а тут яшчэ дождж стаў накрапваць. Дай, думаем, у палатку, схаваемся. Толькі навастрыліся — чуем голас з кустоў. Мы, вядома ж, туды. А там... Міхайлавіч, ваш ваенрук — лаецца і распранаецца, распранаецца і лаецца... Аказалася, ён хацеў праверыць, як мы службу нясём. І не каб спакойна падысці... Ён да каравульнай палаткі падпаўзці хацеў — з таго боку кустоў, каб ніхто не заўважыў... Ну і локцем на «міну» — нехта з хлопцаў да прыбіральні, відаць, не дабег.

...Як і варта было чакаць, «мінёра» таго не знайшлі. А ваенрука яго калегі суцешылі. Сказалі, што так з вайны павялося: хто праз міннае поле прайшоў і не падарваўся, жыць будзе доўга.

Так гэта ці не так, мае суразмоўцы не ведалі.

Валерый Гаўрыш,

г. Чавусы

 

Ноч над краем балявала

...Не, не ўсе пазабывалі,

Як калгасы ў нас стваралі,

Як вяскоўцы ў іх гарбелі

А заробкаў — кукіш мелі.

...У Адаркі муж калека,

Бо без ног — паўчалавека,

Не гультай, майструе дома,

І параіць штось, вядома...

Мае дзетак, гаспадарку,

Бо ўпіраецца Адарка:

Каб зусім не заняпасці,

Дзе дастаць што, дзе... украсці.

Старшыня ў іх прынцыповы:

Уляпіў бы ўсім вымовы!

І Адарцы іх давалі.

Бо вымовы ж — не медалі...

Ды і ў іх няма патрэбы,

Ёй бы хлеб... Ну й штось да хлеба:

Парсючкі ў хляве, карова —

Ім начхаць, ці ёсць вымова.

Просяць есці, суха легчы —

Што дзе ўзяць, куды пабегчы?..

...Месячык зайшоў за хмарку —

Сцежка вывела Адарку

У поле, дзе ляжыць салома

(Падаслаць няма чым дома).

Ноч над полем балявала.

Дарка посцілку паслала,

Копку добрую ўзваліла

І нясе, пакуль пры сілах —

Не ідзе, паўзе паціху.

Трэба ж — як на тое ліха,

Старшыня... Ды з брыгадзірам...

Не адпусцяць, пэўна, з мірам?..

— Ну, і дзе твой памагаты? —

Запытаўся старшыня той.

Ты ж былінка, не кабета —

Хто нясе пасцілку гэту?

Эй, выходзь! Глядзіш, даруем

І дамоў камандзіруем...

Тут Адарачка прысела,

Голаў пад вузлом прадзела,

На калена чуць прыпала

І на ногі спрытна ўстала.

У вачах гарыць хітрынка:

«Чалавекам будзь, старшынька!

Красці закажу другому...

Адпусці мяне дадому!»

На начальства косіць вокам...

І паціху бокам, бокам...

Месяц выглянуў з-за хмаркі,

Свята ў доме ў Адаркі.

...Не, не ўсе пазабывалі,

Як калгасы ў нас стваралі,

Як вяскоўцы ў іх гарбелі,

А заробкаў — кукіш мелі.

Галіна Нечыпаровіч,

в. Магільна,

Уздзенскі раён

 

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Ад яе ж заўсёднае: «Пішыце... Прозай, вершам... Свет захаваўся таму, што смяяўся. І думаў».

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.