Вы тут

Васіль Дранько-Майсюк: «Варта любіць сваё»


Гэты год у маладога драматурга Васіля Дранько-Майсюка, які выступае і друкуецца пад псеўданімам Васіль ДЭ ЭМ, выдаўся багатым на падзеі. На сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Горкага паставілі яго п'есу «Пясняр», у якой галоўны герой — Уладзімір Мулявін. Спектакль ідзе год і нават не збіраецца страчваць гледачоў. Акрамя прафесійных поспехаў, у жыцці маладога творцы з'явілася яшчэ адна нагода для радасці — маладая жонка, паэтка і літаратарка Валерыя Кустава.

Васіль вырас у творчай сям'і, дзе бацька Леанід Дранько-Майсюк — беларускі паэт, а маці — Вольга Шчадрына (дачка Валянціны Шчадрыной, перакладчыцы на рускую мову твораў Караткевіча) — журналістка, якая прыехала за мужам з Масквы ў Мінск, вывучыла мову. І на думку драматурга, такое «змяшэнне крыві» мае больш станоўчага, чым можа здацца на першы погляд...

30-24

— Калі пісалі «Песняра», якую думку закладвалі, хацелі данесці да гледача?

— Самае галоўнае, каб п'еса спадабалася, натхніла. Любы творца піша і робіць для таго, каб таму, хто глядзіць, слухае, чытае, стала лепей. З другога боку, ёсць у «Песняры» і адукацыйны момант. Той, хто не чуў раней пра Уладзіміра Мулявіна, Максіма Багдановіча, Янку Купалу, Якуба Коласа, Цётку, зацікавіўся б імі і сам, прыклаўшы намаганні, даведаўся пра гэтых асоб больш.

— Мне здавалася, што галоўная задача — абудзіць тую самую «беларускасць»...

— Дык гэта тое ж і ёсць. Што такое беларускасць? Гэта гонар за «сваё», адчуванне сябе прадстаўніком значнага народа. А як мы можам сябе лічыць такімі, калі не ведаем нацыянальных паэтаў, сваіх песняроў? Дзякуючы гэтаму спектаклю мы можам даведацца пра іх больш і адчуць гонар за сваё. Але найперш для мяне важна было зацікавіць людзей, бо інакш яны не прыйшлі б у залу. А па-за яе межамі пашырыць светапогляд гледача немагчыма.

— Галоўны вобраз у п'есе — Пясняр. Ці бачыце вы іх у рэчаіснасці?

— Яны ёсць. Але той чалавек, які можа стаць сапраўдным песняром, мяркую, праявіць сябе пазней. Менавіта ўзроўню асобы Мулявіна нікога няма. Бо ён, у адрозненне ад многіх цяперашніх творцаў, быў шматгранным. Пісаў і рок-оперы, і папсовыя шлягеры, і апрацоўваў народныя песні — ва ўсіх сферах пакінуў сапраўды адметны след. Ёсць, напрыклад, выдатны, на мой погляд, музыка — Юрый Выдронак, заснавальнік беларускага фолк-мадэрну, стваральнік гуртоў «Палац», «Крыві», «Юр'я». Для мяне ён — другая па значнасці асоба пасля Мулявіна. Але Выдронак цудоўна праявіў сябе толькі ў адной сферы і, на жаль, не ўся яго творчасць можа захапіць шырокае кола людзей. Хочацца, каб з'явіўся такі музыка, які б зацікавіў усіх — ад гандляра насеннем на Камароўцы да прафесара з універсітэта. На тое ён і пясняр.

— Такое разуменне асобы Уладзіміра Мулявіна, яго ўспрыманне перадалося ад бацькі?

— Ад бацькі гэта магло перадацца не менавіта ў дачыненні да Мулявіна, а ўвогуле праз любоў да беларускай літаратуры, да тых, хто шмат зрабіў для нашай краіны. І самае галоўнае, ён шмат расказваў мне пра Уладзіміра Дубоўку (і чытаў сваю дзівосна-кінематаграфічную паэму «Кола»), Максіма Багдановіча (адкрыў для мяне выдатнае эсэ Міхася Стральцова «Загадка Багдановіча»), Уладзіміра Караткевіча, Барыса Мікуліча, Пятра Глебку, Міхася Лынькова... Бацька расказваў пра іх як пра Жывых, цікавых людзей, у кожнага з якіх быў свой адметны характар, арыгінальныя звычкі і погляды на жыццё і на літаратуру. У яго аповедах не было і ценю «сіропнага» псеўдазамілавання (якое так часта можна ўбачыць у артыкулах, што змяшчаюцца ў хрэстаматыях).

Таму дзякуючы бацьку я стараюся пазбягаць, калі пішу п'есы ці артыкулы, такіх агульна-пустых фраз, як: «Ён любіў свой народ» і «Быў патрыётам», «Гомельшчына — зямля продкаў, яна ўзлюляла ды ўзгадавала...».

Мінімум пустаты, максімум зместу! Вось чаму вучыў мяне бацька. Не павінна быць ніводнай лішняй фразы. Толькі канкрэтыка. Што любіў творца, а што не? Які ў яго быў характар? Паказаць жывога чалавека праз сваё эмацыйнае стаўленне да яго — вось мая асноўная задача.

— На якіх мовах размаўляюць вашыя бацькі?

— Маці на дзвюх: рускай і беларускай, бацька — толькі па-беларуску. У нас такая беларуска-руская сям'я, і гэта таксама добра.

— Чаму выбралі беларускую?

— Таму што я нарадзіўся і жыву тут, эмацыйна адчуваю сябе часткай беларускай культуры. Карысна, калі ты не стапрацэнтны беларус. Гэта значыць, што ў цябе будзе яшчэ і эмацыйнасць іншага народу, якая можа дапамагчы ў стварэнні ўжо свайго, беларускага. Лічыцца, што беларусы ціхія, спакойныя, часам, нават інертныя, а рускія жывыя, нават крыху шалёныя. І таму трэба, каб з'явіўся рускі Мулявін і ўзварушыў усіх. Дарэчы, шмат хто з беларускіх пісьменнікаў вандраваў па свеце, натхняўся энергіяй іншых народаў, а пасля вяртаўся ў Беларусь і ствараў штосьці каштоўнае.

— Калі з'яўляецца час, чытаю вашы «20 нечаканых фактаў» пра пісьменнікаў і шчыра здзіўляюся: адкуль такія звесткі? Напрыклад, што Цётка не любіла застоллі? Бо ў маім успрыманні ўсе біяграфіі фактычныя і сухія.

— Час не дазваляе сядзець доўга ў архівах. Я гляджу тыя кнігі, якія даступны кожнаму з нас. Іншая праблема ў тым, што мы пра іх не ведаем ці не жадаем ведаць. І выкладчыкі ў ВНУ ці школах павінны правільна расстаўляць акцэнты ў жыцці творцы. Напрыклад, у Якуба Коласа ёсць паэзія 1930—1940-х, любоўная лірыка, яго лісты вельмі кранальныя. Чаму б не расказаць пра гэта? Нядаўна чытаў аднаго даследчыка, які напісаў, што ў 1930-я гады Пятро Глебка стаў складаць адны толькі сталінскія «дрындушкі». Але ці адкрыў ён тую ж кнігу савецкага перыяду аўтара і пільна яе прачытаў? А змог бы адшукаць больш за дзясятак сапраўдных паэтычных жамчужын, як, напрыклад, вершы «Экзотыка», «Летні дзень», «На моры». Ёсць успаміны скульптара Заіра Азгура, дзе ён выдатна паказвае нашых класікаў — нібы яны жывыя стаяць перад табой. Але ж мы часцей за ўсё не адкрываем, не глядзім, і нам пальцам не паказваюць, што ў нас ёсць.

— Зможаце назваць улюбёных паэтаў-сучаснікаў?

— Сучасная паэзія? Нечаканы вобраз, ярка-парадаксальная метафара, дзівосная рытміка... Калі ўсё гэта прысутнічае ў вершы, то гэтага аўтара я лічу надзвычай сучасным, ён для мяне сучаснік. А таму мае любімыя паэты — гэта Янка Купала, Уладзімір Жылка, Максім Багдановіч, Якуб Колас, Хведар Ільяшэвіч, Максім Танк, Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка, Пятро Глебка, Леанід Дранько-Майсюк, Ніна Мацяш, Валярына Кустава, Віктар Жыбуль...

— А калі ўсё ж такі пагаварыць пра маладых паэтаў, якія жывуць сёння... Чаго ім нестае, каб стаць «песнярамі»?

— У юных маладнякоўцаў, узвышанцаў, сяброў суполкі «Полымя» быў вялікі жыццёвы досвед, адчуваўся нейкі ўнутраны неспакой, прага вучыцца і ўдасканальвацца, імкненне да чысціні беларускага слова. Творчасць многіх сучасных аўтараў атулена спакоем і лёгкім холадам. Мне, як чытачу, не хапае ў некаторых творах энергіі і разумення, чаго хоча аўтар, за што ён альбо супраць чаго, што яму падабаецца, а што не. Не хапае нейкай выразнай тэмы. Чытаеш маладую паэтку і не можаш зразумець: кахае яна ці не? Хоча яна з каханым правесці па-цінтабрасаўску незабыўную ноч ці ўсё ж такі не? А ў творчасці хочацца бачыць аголены нерв. Пэўнасць і шчырасць у радках. Але паліндромы Віктара Жыбуля мяне радуюць сваёй святочна-карнавальнай формастваральнасцю, паэзія Валерыі Куставай натхняе нечаканымі для сённяшняй маладой паэзіі метафарамі і вобразамі. У яе творах ёсць эстэтычныя перагукванні з класічнымі творамі папярэднікаў. І гэта радуе. Выдатна, калі ёсць пераемнасць.

— А чым для вас з'яўляюцца класічныя творы нашых папярэднікаў?

— Я іх люблю! Для мяне гэтыя тэксты эмацыйна тоесныя сустрэчы з каханай. Той жа экстаз. Але каб зразумець гэта і сапраўды адчуць, класічную беларускую літаратуру трэба прапагандаваць. Пакуль што беларуская літаратура — гэта поле, якое трэба расчысціць ад «лісця», якім закідваюць нашых пісьменнікаў. Гэта, з аднаго боку — словы-клішэ накшталт «любімы сын народа», «сын зямлі», а з другога боку — розныя гнюсныя, быццам бы «постмадэрновыя» выбрыкі, дзякуючы якім, напрыклад, выдатны верш Янкі Купалы «Хлопчык і лётчык» ператвараецца ў «Хлопчык і копчык».

— З Валярынай адшукалі агульную мову таксама на падставе літаратуры?

— Эмацыйная еднасць і жаданне ствараць адно аднаму кожны дзень свята — вось асноўнае, што нас яднае.

— Ведалі вы раней адно аднаго?

— Вядома, былі ў адным коле, часта бачыліся, віталіся, гутарылі. Але не болей. Пасля, у дзень нараджэння Уладзіміра Караткевіча, мы зноў сустрэліся, і тады я зразумеў, што хачу, каб побач была менавіта гэтая дзяўчына. З такімі поглядамі, з унікальным спалучэннем паэтычнага артыстызму і вялікай сямейнасці.

— Няўжо вы і дома разам чытаеце беларускіх класікаў?

— Чаму б і не? Нядаўна чытаў уголас апавяданне Міхася Стральцова «Свет Іванавіч, былы донжуан», а Валярына ў гэты час штосьці смажыла на патэльні. Часта чытаем адно аднаму свае артыкулы, робім заўвагі, правім, даём парады. А таксама вершы — свае і чужыя.

— У вашай маладой сям'і ўвогуле як праяўляецца беларускасць?

— Для мяне гэта штосьці настолькі натуральнае, што я не заўважаю, у чым яна ёсць. Ты шчыра любіш беларускае не дзеля атрымання грошай, не дзеля працы, а проста таму, што ты беларус. Навучыць сваіх дзяцей, каб яны размаўлялі па-беларуску — вось найлепшая праява беларускасці.

— Калі б бацькі не былі апантанымі ўсім беларускім, ці былі б вы такім?

— Што было б тады, калі б?.. Дарога была б не такой прамой, але, спадзяюся, я ўсё адно знайшоў бы правільны кірунак.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by
Іншыя матэрыялы рубрыкі "Сам-насам":

Таццяна Старчанка: «Трэба ўмець рабіць нечаканыя радасці»

Іерэй Сергій Цімашэнкаў: «Слова «павінен» прыходзіць, калі знікае любоў»

Міхаіл Арцем’еў: «Беларускія вучоныя мазгавітыя і працаздольныя»

Ікар свайго часу (гутарка з рэктарам БДУ Сяргеем Абламейкам)

Лідзія Ярмошына: «Сябры для таго, каб рабіць кампліменты»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як абараніцца ад махляроў у сферы сучасных тэхналогій

Як абараніцца ад махляроў у сферы сучасных тэхналогій

Фішынг, вішынг — два кіты кіберзлачыннасці

Грамадства

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

З чым звязана такая восеньская зменлівасць надвор’я і калі чакаць першы снег.