Вы тут

Хоспіс — гэта пра ЖЫЦЦЁ,


або Калі кропля ўвагі каштоўнейшая за любыя грошы.

«Да мяне часта прыходзяць дзеці нашых падапечных і кажуць: «У вас працуюць сапраўдныя анёлы. Калі ў наш дом завіталі дактары з выязной службы — адразу стала
неяк цёпла, настрой з'явіўся. Яны, здаецца, яшчэ нічога і не зрабілі, нават лекі не паспелі прызначыць, а ўжо ўсё памянялася». Такія словы дарагога варты»,
 — дзеліцца галоўны ўрач анкалагічнага хоспіса для дарослых Вольга Мычко, якая 10 гадоў таму адна з першых не па-жаноцку напорыста ўзялася за развіццё паліятыўнай медыцыны ў нашай краіне.

30-30

«Адчуваю патрэбу аддаць тое, што не дадала сваім бацькам»

Тое, што ў хоспіс проста так людзі не прыходзяць, — гэта дакладна. І Вольга Віктараўна не выключэнне. Сваю ролю ў тым, што яна, не раздумваючы, з галавой кінулася ў паліятыў, адыграла асабістае гора:

— Калі тата захварэў на рак і месяцы яго былі злічаны, я, доктар, з жыццёвым і прафесійным багажом ведаў, не ведала, што рабіць, як зняць боль, дэпрэсію, чым дапамагчы. Пра паліятыў у Беларусі тады і думаць не думалі. Усё трэба было пачынаць з нуля.

...Рана сышлі бацькі, якія мелі патрэбу ў тваёй прысутнасці, а ты так часта быў заняты... Толькі цяпер, калі іх ужо не стала, я пачынаю разумець, што было галоўным у той момант, што другасным. Таму работа ў хоспісе — гэта ў нейкай ступені патрэба аддаць тое, што не дадала сваім бацькам. Магчыма, гэта гучыць некалькі эгаістычна, але гэта так.

Вольга Віктараўна прызналася, што калі будзе стаяць перад выбарам узяць на працу добрага спецыяліста ці добрага чалавека, не раздумваючы, аддасць перавагу апошняму.

— Наша задача не толькі аблегчыць фізічны боль, але і зрабіць так, каб пацыент адчуваў сябе камфортна духоўна і псіхалагічна. Таму без душэўнай цеплыні ў паліятыўнай медыцыне — ніяк. А ёй, не сакрэт, немагчыма навучыць: яна альбо ёсць, альбо не. З кожным годам пераконваюся, што ў хоспіс найчасцей супрацоўнікаў і дабрадзеяў (я не люблю іншамоўнае слова «валанцёр») Гасподзь прыводзіць сам. Гэта ў большасці выпадкаў людзі, якія перажылі страту, боль, якія ведаюць, што і ў якую хвіліну трэба сказаць пацыенту і яго блізкім. Часта прысутнасць чалавека, які мае жыццёвы вопыт, дзейнічае лепш, чым таблетка... Праўда, апошнім часам такое адчуванне, што чалавечая цеплыня ўступіла ў эру зберажэння, такія якасці, як духоўнасць і міласэрнасць, прытупляюцца. Людзі развучыліся аддаваць, дзяліцца... Таму сказаць, што сёння ў нас на кожны выпадак ёсць дабрадзей, пакуль нельга.

30-25

Ва­лан­цё­ры зра­бі­лі для хво­рых та­кія ляль­кі-абя­рэ­гі. Яны для тых, ка­му па­ста­ян­на не­аб­ход­ны спа­га­да і пад­трым­ка.

«Хочацца, каб людзі прыходзілі да гэтага не такой цаной»

Па дарозе ў бальніцу паліятыўнага догляду мы з фатографам сустрэлі валанцёра Ігара Боскіна:

— Так склалася, што мой тата апошнія тры тыдні жыцця знаходзіўся ў гэтым хоспісе. Вось ужо пяць гадоў, як яго няма з намі. І ўвесь гэты час я сюды прыязджаю, стараюся быць карысным. У асноўным дапамагаю з камп'ютарамі, бо я праграміст па адукацыі. Па шчырасці, заходзіць у палаты да пацыентаў мне дагэтуль цяжка. Але, калі трэба, не адмаўляю. Разумею, што многім падапечным хоспіса патрэбна выгаварыцца. Таму мая задача — проста ўважліва слухаць. Слухаць чужыя страхі, а не свае. Найчасцей жа за ўсё мы слухаем сябе... Толькі калі таты не стала, мы з сястрой зразумелі, што маці вельмі патрэбна наша ўвага: стараемся праводзіць як мага больш часу разам, берагчы яе. Хочацца, каб людзі прыходзілі да гэтага разумення не такой цаной.

— Сярод нашых валанцёраў — абсалютна розныя людзі, — уступае ў размову псіхолаг Юлія Прымак. — Ёсць тыя, якія страцілі тут блізкіх, як Ігар Міхайлавіч. Часам дапамагаюць і больш моцныя анкапацыенты, якія самі перанеслі не адну аперацыю. У прыватнасці, раз на тыдзень да нас у стацыянар прыходзіць жанчына 38-га года нараджэння. Яна прыносіць апельсіны, яблыкі. Прычым просіць, каб ёй падбіралі адзінокіх падапечных, якіх ніхто не праведвае. Даглядае іх, размаўляе, корміць. Яе дачка не хацела, каб мама хадзіла ў хоспіс. Маўляў, лепш бы даглядала ўнукаў, займалася сабой. Але валанцёрка кажа: «У мяне ёсць такая ўнутраная патрэба, ды і сілы адчуваю ў сабе».

Сярод пастаянных дабрадзеяў ёсць і прыхаджане праваслаўнага храма. Напрыклад, два глыбока веруючыя мужчыны — Уладзімір і Аляксандр — двойчы на тыдзень наведваюць нашых падапечных дома. У прыватнасці, яны дапамагаюць пажылой маці занесці ў ванну і памыць цяжкахворага дарослага сына.

Маладая валанцёрка Вераніка вельмі моцна прывязалася да адзінокай пацыенткі (апошняя пахавала мужа і сына). Паабяцала ёй, што пасля выпіскі будзе клапаціцца пра яе. Але тая пацыентка так і не вярнулася дадому... Яе павінны былі пахаваць у агульнай магіле. Але Вераніка, як чалавек веруючы, сказала, што не можа гэтага дапусціць. Сабрала ўсе неабходныя дакументы, запрасіла бацюшку на адпяванне і годна праводзіла яе ў апошні шлях. Пасля прызналася, што гэта было першае пахаванне ў яе жыцці...

30-27

Ёсць у ад­ным з па­ко­яў не­вя­лі­кая баж­ні­ца, сю­ды са сва­ёй ма­літ­вай мо­жа прый­сці кож­ны.

 

Яшчэ адну нашу падапечную дома даглядае маці. Жанчына нічога не бачыць, таму папрасіла, каб да яе прыходзіў нехта з валанцёраў і чытаў Евангелле, Біблію, духоўную літаратуру. Мы знайшлі веруючую дзяўчыну Надзю. Яна ўжо каля года праведвае пацыентку. Не так даўно тая пачала пісаць апавяданні, казкі для дзяцей. Дакладней, Надзя друкуе на камп'ютары ўсё, што надыктоўвае падапечная.

— Калі пацыента нельга вылечыць, гэта не значыць, што для яго нічога нельга зрабіць, — дадае Вольга Віктараўна. — Тое, што падаецца дробяззю здароваму чалавеку, для невылечна хворага мае велізарны сэнс. Для такіх людзей увага, добрае слова, усмешка ці такія, на першы погляд, элементарныя рэчы, як паштоўка ці ліст, даражэйшыя за любыя грошы. Пераацэнка каштоўнасцей адбываецца. Пачынаюць заўважаць тое, што раней не заўважалі. Адзін наш пацыент, напрыклад, толькі напрыканцы жыцця ўпершыню ўбачыў, што ў жонкі блакітныя вочы. Ведаеце, нашы падапечныя асаблівыя, я сама нават часам здзіўляюся, наколькі тонка яны ўсё адчуваюць. Ты толькі паглядзеў, а яны ўжо ведаюць, які ты, сапраўдны ўрач ці не. «А як вы вызначылі?» — пытаюся. «Па вачах».

— Не сакрэт, што анкалогія — гэта бяда не толькі канкрэтнага чалавека, але і выпрабаванне для ўсёй яго сям'і. Што можна параіць сваякам такіх пацыентаў, як сябе паводзіць?

— Любіць яго, — кажа Вольга Віктараўна. — І быць шчырым да апошняй ніткі. Але пры гэтым разумець, што праўду часам трэба гаварыць дазавана. Мы не ў сілах вылечыць невылечнае захворванне, але можам павысіць якасць жыцця пацыента. А яна наўпрост залежыць ад колькасці страху, які яго напаўняе. Чым вышэйшы страх, тым ніжэйшая якасць жыцця. Гэты страх скажае рэчаіснасць, адносіны...

— Мы заўсёды раім ісці ад жадання самога пацыента, — падхоплівае Юлія Прымак. — Не хоча ён гаварыць пра сваю хваробу, не трэба. Ён мае поўнае права ўзяць тайм-аўт, каб прыстасавацца да новай сітуацыі. Калі зрывае злосць на тых жа сваяках (здараецца і такое), дазволіць гэта рабіць. Трэба зразумець, што гаворыць не сам чалавек, а яго хвароба. Няхай лепш агрэсія выходзіць на таго, хто побач — вы справіцеся з ёй. Бо калі яна накіравана ўнутр, то гэта значна горшае: могуць узнікнуць думкі аб самагубстве.

— Справа ў тым, што ў сям'і, дзе ёсць анкахворы, пасля яго сыходу рызыка развіцця аналагічнага захворвання ў сваякоў большая, — працягвае Вольга Мычко. — Так званая анкалагічная дамінанта — стрэс, напружанне. Мы стараемся дапамагчы разарваць гэтае заганнае кола.

— Штогод праводзім вечары памяці, на якія запрашаем сваякоў сваіх былых падапечных, — распавядае Юлія Іванаўна. — У адных — страх, у другіх — пачуццё віны, нешта не адпускае. І псіхолагі, і святар спрабуюць дапамагчы гэтым людзям. З веруючымі прасцей размаўляць. Яны разумеюць, што на ўсё воля Божая і што чалавек жыве, пакуль пра яго памятаюць. Нядаўна муж нашай былой пацыенткі (так склаўся лёс, што сястра міласэрнасці Свята-Елізавецінскага манастыра, якая дапамагала анкахворым, захварэла сама) прынёс фільм, які зняў пра Ларысу Васільеўну пасля яе сыходу. Уладзімір Іванавіч быў на вечары памяці, доўга пра яе расказваў. Ён і кнігі Ларысіны ахвяраваў хоспісу — у яе была вялікая бібліятэка духоўнай літаратуры. Яны карыстаюцца папулярнасцю ў нашых падапечных.
30-29

Ва­лан­цё­ра Іга­ра Бос­кі­на мож­на су­стрэць на ву­лі­цы, ка­лі ён спя­ша­ец­ца па спра­вах хос­пі­са на сва­ім склад­ным ро­ва­ры.

«Усе мы госці на гэтай зямлі»

— Як у вас атрымліваецца, працуючы ў хоспісе, заставацца аптымістамі?

— А мы не проста аптымісты, мы — філосафы-аптымісты, — кажа Вольга Мычко. — Вельмі любім жыццё. Але пры гэтым разумеем, што ўсе мы на гэтай зямлі госці. Адзін са сланоў, на якім трымаецца паліятыўны падыход, — калі чалавек успрымае жыццё і смерць як натуральны працэс. Мы ўсе калі-небудзь памром. Проста адзін раней, другі пазней. У кожнага свой тэрмін. Я не стамляюся паўтараць: хоспіс — гэта не пра смерць, хоспіс — гэта пра жыццё. Таму такім людзям, якія перажываюць чужы сыход, як свой, тут не месца. Калі ёсць жаданне дапамагаць, лепш рабіць гэта на адлегласці: сёння такіх магчымасцей мноства.

Толькі падумайце, колькі маладых і прыгожых людзей гіне пры трагічных абставінах, у аўтааварыях, пажарах. Перавага, як святары кажуць, нашых пацыентаў у тым, што ў іх ёсць час падрыхтавацца да сыходу ў плане духоўнага росту. Гэта тая магчымасць, калі ты можаш завяршыць усе свае хрысціянскія справы. Пабачыцца са сваякамі, для якіх праз мітусню не знаходзіўся час, папрасіць прабачэнне, напісаць завяшчанне. Хочацца, каб чалавек не толькі нараджаўся, але і сыходзіў з гэтага свету годна. Таму трэба жыць, а не дажываць. Бо, ведаеце, як па мне, дык няма нічога страшнейшага за духоўную смерць — адсутнасць усялякіх жаданняў.

Шчыра захапляюся анкапацыентамі, якія кардынальна змянілі лад жыцця. Спрабуюць напоўніць яго сэнсам. Як, напрыклад, маладая маці — псіхолаг па адукацыі. Яна пасля таго, як даведалася пра свой дыягназ, пачала праводзіць фотавыставы і трэнінгі для анкапацыентак. Такія людзі, замест таго, каб наракаць на лёс, Бога, растуць духоўна. Калі здараецца няшчасце, варта правільна ставіць пытанне: НЕ «чаму са мной так здарылася?», А «навошта?». У пацыентаў і іх сваякоў, калі іх пачынаеш арыентаваць на гэта, высыхаюць слёзы, людзі пачынаюць думаць, а не аплакваць сябе.

Разам з тым, я не перастаю верыць у цуды. Пацыенты, якім аднойчы быў пастаўлены дыягназ «рак», і 10, і 15 гадоў на маіх вачах жывуць. Ёсць такія і сярод нашых супрацоўнікаў і дабрадзеяў. Яны многія прыярытэты ў сваім жыцці пераставілі. Па-іншаму глядзяць на праблемы. Калі ты вылечыўся, значыць, цябе Гасподзь пакінуў для нечага на зямлі, значыць, ты яшчэ не гатовы, табе трэба паслужыць прыкладам для іншых.

З кожным годам анкалагічна хворых становіцца больш, але гэта зусім не значыць, што ў той жа прагрэсіі расце смяротнасць ад гэтага захворвання. Проста цяпер сталі лепш і больш дыягнаставаць, выяўляць рак на больш ранніх стадыях. Але па-ранейшаму шмат людзей, якія думаюць, што яны будуць жыць вечна, што бяда іх міне. Не сакрэт: чым раней мы пачынаем лячыць рак, тым нашмат верагоднейшае выздараўленне. Недарма ж існуць рэкамендацыі: кішэчнік трэба абследаваць пасля 40 гадоў, а пасля 45 рабіць мамаграфію. Медыкі ж не са столі прыдумалі гэтыя тэрміны. Не трэба чакаць, пакуль у цябе нешта забаліць. У цывілізаваным свеце столькі інфармацыі. Людзі, карыстайцеся!

— Адна жанчына, з якой я пазнаёмілася ў анкадыспансеры, расказвала: «Пасля таго, як сяброўка даведалася, што ў мяне выявілі рак кішэчніка, адразу ж пабегла на абследаванне. На шчасце, у яе не выявілі ніякіх пухлін...»

— Снарад упаў побач, называецца, — рэзюмуе Вольга Віктараўна. — Гэта класіка: пакуль не загрыміць, мужык не перахрысціцца. Дык давайце ж хрысціцца загадзя!

Надзея ДРЫЛА

dryla@zviazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Ад рэдакцыі: Сёння бальніцы паліятыўнага догляду «Хоспіс» спаўняецца 10 гадоў. Ад душы зычым усім штатным супрацоўнікам, дабрадзеям і іх падапечным здароўя і духоўнага росту.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.