Вы тут

Да зімы... не падрыхтаваліся


На мехдвор прадпрыемства «Саўгас «Патапаўскі», што ў Буда-Кашалёўскім раёне, мы разам з супрацоўнікамі Гомельскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях прыехалі нечакана. Дарэчы, мэтай такога рэйду стала праверка гатоўнасці да магчымых надзвычайных сітуацый ва ўмовах зімовага надвор'я. Вартаўніца доўга раілася з кімсьці, ці можна пускаць людзей у форме і з адпаведнымі пасведчаннямі на ахоўваемую тэрыторыю і, нарэшце, дазволіла.

[caption id="attachment_108051" align="alignnone" width="600"]30-36 Вог­не­ту­шы­цель на мехд­ва­ры ў в. Па­та­па­ўка.[/caption]

Спецыяліст упраўлення МНС Яўгеній Казлоў папрасіў правесці нас у памяшканне, дзе звычайна знаходзіцца сама вартаўніца. Звярнулі ўвагу на няўстойлівую падлогу і шмат недакуркаў. Дарэчы, пабывалі і ў невялічкім памяшканні, дзе ля самаробнай металічнай печкі, па словах ахоўніцы, грэюцца механізатары.

— Па якім нумары тэлефона будзеце выклікаць пажарных? — спытаў ратавальнік. Адказ быў спачатку ўпэўнены:

— 102, як паўсюль. Ці, можа, усё ж 103? Або 104?

Калі б гэта была выпадковасць!.. На жаль, любыя камбінацыі з трох лічбаў, акрамя той, што патрэбна, называлі ўсе радавыя супрацоўнікі гэтай гаспадаркі. Не ведалі яны і правілаў пажарнай бяспекі пры правядзенні агнявых работ. Няспраўнымі былі вогнетушыцелі.

На малочнай ферме ў Патапаўцы, дзе ўтрымліваецца больш за 1000 галоў жывёлы, сітуацыя аналагічная. Далей — больш. Каровы на ферме ў вёсцы Зарэчча павольна жавалі аўсяную салому, а супрацьпажарныя шчыты дэманстравалі... цнатлівасць. Інвентар з прычыны «каб не пакралі» захоўваўся асобна, у зачыненым памяшканні.

Урэшце, ратавальнікі склалі вялізны спіс парушэнняў. Сярод іх самыя тыповыя: людзі, якія здзяйсняюць абслугоўванне і эксплуатацыю ацяпляльнага абсталявання, увогуле не ведаюць элементарных правілаў паводзінаў у выпадку, калі нешта загарыцца. На пажарных шчытах інвентару ці няма, ці ён далёка не ўвесь...

Вельмі хацелася атрымаць нейкі каментарый на гэты конт ад кіраўніцтва прадпрыемства «Саўгас «Патапаўскі». Але ж і дырэктар Мікалай Алісейка, які ўзначаліў гаспадарку менш чым два месяцы таму, і галоўны інжынер на сувязь са службай МНС так і не выйшлі.

Дарэчы, папярэдняя праверка тут праводзілася ў маі, пра што расказаў інспектар нагляду і прафілактыкі Буда-Кашалёўскага аддзела МНС Аляксандр Хацулёў. Вось тады было прапанавана правесці 69 мерапрыемстваў. Цяпер ужо восень заканчваецца, а ў гаспадарцы амаль усё засталося так, як і вясной.

— Акрамя таго, сцірты грубых кармоў не абагнаны ахоўнай паласой. Ёсць характэрныя парушэнні для многіх сельскагаспадарчых аб'ектаў, але тут яны найбольш значныя, — адзначае спецыяліст Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Яўгеній Казлоў. — На ўсіх аб'ектах адсутнічаюць першасныя сродкі пажаратушэння. Нават калі ёсць — у няспраўным стане. Паўсюдна выкарыстоўваюцца саматужныя печы. Супрацоўнікі не ведаюць элементарнага — як паводзіць сябе пры ўзнікненні пажару, як выклікаць службу МНС.

[caption id="attachment_108052" align="alignnone" width="600"]30-37 Печ­ка на фер­ме ў в. Па­та­па­ўка.[/caption]

Кіраўнік спраў Патапаўскага сельвыканкама Алена Дземянкова расказала, што ў прыватным сектары да зімы правялі абследаванне ўсіх катэгорый: шматдзетных, адзінокіх, адзінока пражываючых і грамадзян групы рызыкі.

— Некаторых наведалі па два разы. Там, дзе былі заўвагі, правяралі — ці выправілі хібы. У асноўным людзі замазвалі расколіны печак, некалькі чалавек перарабілі грубкі і праводку новую зрабілі. Дапамогу на правядзенне гэтых работ мы людзям аказвалі праз сацыяльныя службы — у выканкаме для гэтага сродкаў няма, і гаспадарка наша не можа дапамагчы. Яшчэ звязваемся з дзецьмі, чыя сталыя бацькі на нашай тэрыторыі жывуць. Яны звычайна адклікаюцца і аказваюць неабходную дапамогу сваякам.

У таварыстве «Стаўбунскі» Веткаўскага раёна было таксама знойдзена шмат парушэнняў, аднак тут многія супрацоўнікі ўсё ж ведалі, што ў выпадку пажару тэлефанаваць трэба «101». Дарэчы, і кіраўнік быў на сувязі. Эльбрус Шчылаеў, які нядаўна стаў дырэктарам, паабяцаў, што будзе выпраўляць выяўленыя недахопы.

Дарэчы, на тэрыторыі Гомельскай вобласці знаходзіцца 210 аб'ектаў аграпрамысловага комплексу. На іх сёлета адбылося 16 пажараў. Спецыялісты МНС канстатуюць, што абсалютная большасць узнікла «з прычыны, звязаных з чалавечым фактарам». Гэта ці неасцярожнае карыстанне агнём, ці парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі электраабсталявання. Гараць найчасцей за ўсё складскія памяшканні, фермы і збожжасховішчы. Найбольш складаная сітуацыя з пажарнай бяспекай на сельскагаспадарчых аб'ектах Жлобінскага, Веткаўскага і Нараўлянскага раёнаў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.