Вы тут

На педагагічныя спецыяльнасці - са сваім партфоліа


Чаму не кожнага выдатніка будуць рады бачыць у школе ў якасці педагога?

Выпускнікі профільных педагагічных класаў, якім плануюць даць магчымасць паступлення на педагагічныя спецыяльнасці вышэйшых навучальных устаноў без экзаменаў, павінны будуць прадаставіць у прыёмную камісію партфоліа, складзенае школьнымі настаўнікамі. Пра гэта расказаў удзельнікам круглага стала рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, прафесар Аляксандр ЖУК. У цэнтры ўвагі адміністрацый школ і прадстаўнікоў органаў кіравання аказаліся пытанні функцыянавання профільных педагагічных класаў.


 Сфа­та­гра­фа­вац­ца са скульп­тур­най кам­па­зі­цы­яй «На­стаў­ні­ца пер­шая мая» на ўва­хо­дзе ў БДПУ — тра­ды­цыя. Вуч­ні воч­на-за­воч­най пе­да­га­гіч­най гім­на­зіі не ста­лі яе ігнараваць.

Паглыбленне ў прафесію

Ва ўстановах адукацыі нашай краіны функцыянуюць 102 педагагічныя класы і групы, у якіх навучаюцца каля 1,5 тысячы дзесяцікласнікаў. Вялікая арганізацыйная работа была праведзена на Міншчыне: як вынік — у вобласці ў 35 установах адукацыі створана 10 педагагічных класаў і 29 профільных груп. Затое ў сталіцы адкрыта ўсяго 8 педагагічных класаў у 5 школах і гімназіях Фрунзенскага, Цэнтральнага і Партызанскага раёнаў. А ў чатырох раёнах горада не створана ніводнага педагагічнага класа, хоць для сталічных устаноў адукацыі кадравае пытанне стаіць найбольш востра.

Піянерам у адраджэнні педагагічных класаў стала 20-я сталічная гімназія: тут яшчэ год таму былі адкрыты чатыры профільныя 10-я класы, якія ўзяў пад сваю апеку Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт. Фактычна яны пачалі функцыянаваць, калі ў краіне яшчэ не была створана для іх нарматыўна-прававая база. Але ў гэтым навучальным годзе ўсё было прадумана да дробязяў загадзя. Для старшакласнікаў быў распрацаваны факультатыўны курс «Уводзіны ў педагагічную прафесію», разлічаны на два гады (усяго 140 гадзін) і падзелены на чатыры змястоўныя модулі: «У свеце педагагічнай прафесіі», «Чалавек, які пазнае: практычная псіхалогія пазнання», «Я ў педагагічнай прафесіі» і «Пазнай самога сябе».

— Для таго, каб сфарміраваць у старшакласнікаў матывацыю і ўмацаваць іх рашэнне стаць педагогам, вельмі важна, каб гэты факультатыў вялі ўлюбёныя ў сваю прафесію настаўнікі, якія дасягнулі ў ёй пэўных вышынь: педагогі вышэйшай катэгорыі, настаўнікі-метадысты, фіналісты і ўдзельнікі конкурсу «Настаўнік года». Прафесіяналы, якія на ўласным прыкладзе дэманструюць, што ў педагогіцы ёсць месца паспяховым і ўпэўненым у сабе людзям. А калі факультатыў будзе весціся фармальна і педагог будзе проста «адбываць свой час», то мы атрымаем зусім не той эфект, які чакаем, — лічыць Аляксандр Жук. — Па запытах школ і гімназій да правядзення факультатыўных заняткаў могуць прыцягвацца і прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу ўніверсітэтаў, спецыялісты ў галіне педагогікі і псіхалогіі. Зараз, напрыклад, тры выкладчыкі БДПУ вядуць факультатыўны курс у школах Мінска і Мінскай вобласці. Мы павінны праводзіць працу па прафарыентацыі на педагагічную прафесію з разуменнем яе выключнай важнасці. Які настаўнік — такая і школа. Таму наша праца ў профільных класах скіравана на тое, каб закласці добры фундамент для падрыхтоўкі будучага педагога. Матывацыя да прафесіі — гэта, напэўна, самае важнае.


Не расчаравацца ў выбары

Сутнасць профільнай падрыхтоўкі будзе заключацца ў вывучэнні двух прадметаў (матэматыкі, фізікі, мовы ці іншых) на павышаным узроўні плюс факультатыўныя заняткі «Уводзіны ў педагагічную прафесію». Гэта першая мадэль. Другая мадэль — стварэнне груп з розных класаў паралелі, якія будуць вывучаць вышэйзгаданы факультатыўны курс. І трэцяя мадэль — стварэнне ў сельскай мясцовасці міжшкольнага факультатыву.

Такім чынам, педагагічныя спецыяльнасці атрымаюць праз два гады якаснае папаўненне: з аднаго боку, прыйдуць паступаць абітурыенты з добрай падрыхтоўкай па школьных дысцыплінах, а з іншага — людзі, якія ведаюць спецыфіку будучай прафесіі і зрабілі свядомы выбар.

Мяркуецца, што паступаць на педагагічныя спецыяльнасці без экзаменаў змогуць толькі тыя выпускнікі, якія маюць адзнакі 7 і вышэй балаў па ўсіх прадметах вучэбнага плана. Настаўнікі, якія працуюць у педагагічных класах, не хаваюць, што некаторыя дзесяцікласнікі прыйшлі ў педагагічныя класы толькі для таго, каб атрымаць добрую падрыхтоўку па пэўных прадметах. Але наведванне факультатыву прымусіла іх па-іншаму паглядзець на педагагічную прафесію. Больш за тое, з'явіліся ўжо і іншыя ахвотныя наведваць гэты курс.

Змест праграмы факультатыўных заняткаў прымушае старшакласнікаў шукаць адказы на шэраг пытанняў. Якія патрабаванні прад'яўляюцца да настаўніка? Што ён павінен умець? Якімі якасцямі павінен валодаць? Ці магу я быць настаўнікам? Ці ёсць у мяне прафесійна важныя якасці? І гэтак далей.
 Рэк­тар БДПУ Аляк­сандр Жук ад­кры­вае пе­да­га­гіч­ныя кла­сы ў 20-й ста­ліч­най гім­на­зіі.

Разгледзець будучага калегу

— І ўсё ж мы разумеем, што не ўсіх школьных выдатнікаў ці «харашыстаў» можна дапускаць у школу ў якасці педагогаў, — канстатуе Аляксандр Жук. — Менавіта таму і ўзнікла неабходнасць запаўнення партфоліа. Усё ж такі прывілея паступлення без экзаменаў у ВНУ павінна быць чымсьці падмацаваная. І звычайнай характарыстыкі-рэкамендацыі будзе ў гэтым выпадку недастаткова. Вельмі важнае значэнне мае паглыбленне школьніка ў педагагічную прафесію. Трэба даць яму магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі настаўніка, таму школьныя педагогі павінны фіксаваць дасягненні сваіх вучняў цягам двух гадоў: працу важатымі, памочнікамі класных кіраўнікоў у малодшых класах, валанцёрамі ў аздараўленчых лагерах, удзел у арганізацыі розных школьных мерапрыемстваў і гэтак далей. Адным словам, характарыстыка павінна быць змястоўнай. А калі падлетак прапусціў палову факультатыўных заняткаў, то наўрад ці яго можна лічыць матываваным выпускніком і тым больш ствараць яму асаблівыя ўмовы пры паступленні.

Педагогі з такой пастаноўкай пытання пагаджаюцца, толькі просяць: не пераўтварайце нашу місію ў папяровую валакіту, не зафармалізоўвайце працу, а вызначыце той мінімум інфармацыі, якую павінна ўтрымліваць партфоліа. Тым больш, што адна вучэбная чвэрць ужо прайшла.

— Я ведаю, ёсць апасенні, што праз пэўны час колькасць выпускнікоў педагагічных класаў можа аказацца большай за колькасць месцаў на педагагічных спецыяльнасцях. Няхай сярод іх будзе конкурс. Гэта нават добра! — лічыць рэктар БДПУ. — У некаторых еўрапейскіх краінах, дзе таксама сутыкнуліся з падзеннем прэстыжу прафесіі настаўніка, час ад часу скарачаюць прыём на педагагічныя спецыяльнасці, каб штучна стварыць на іх конкурс. І ў грамадстве складваецца меркаванне, што паступіць у педагагічны ўніверсітэт дастаткова складана, а значыць, прэстыжна. Мы, вядома, так рабіць не будзем, але здаровая канкурэнцыя павінна прысутнічаць.


Канкурэнцыя паміж медалістамі

Дарэчы, калі на ўзроўні краіны два гады таму прымалася рашэнне прадаставіць школьным медалістам і ўладальнікам дыпломаў з адзнакай магчымасць паступаць на педагагічныя спецыяльнасці без экзаменаў, у гэтага рашэння хапала скептыкаў. Казалі: няўжо медалісты адмовяцца ад паступлення на больш прэстыжныя спецыяльнасці? Але яны прыйшлі. Прычым палова ад агульнай колькасці медалістаў, якія зрабілі выбар на карысць педагогікі, прынесла свае дакументы ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт. Яны паверылі ў тое, што іх тут чакаюць. У БДПУ сфармулявалі 10 прычын, з якіх трэба паступаць менавіта да іх. Медалістам накіроўвалі асабістыя запрашэнні ад рэктара. І ў гэтым годзе на першым курсе тут вучацца 132 медалісты. У выдатнікаў самай вялікай папулярнасцю карыстаўся факультэт спецыяльнай адукацыі, куды падалі свае дакументы 19 медалістаў і ўладальнікаў дыпломаў з адзнакай, факультэт беларускай і рускай філалогіі (17 медалістаў і ўладальнікаў дыпломаў з адзнакай) і фізіка-матэматычны факультэт (15 медалістаў).

Разам з тым, на філалагічны факультэт не змагла прайсці абітурыентка з сумай балаў 324! Дзяўчына планавала вывучаць у педуніверсітэце рускую мову і літаратуру. На гэтую спецыяльнасць было вылучана ўсяго 15 бюджэтных месцаў. І менавіта сюды падалі свае дакументы 10 медалістаў і 6 выпускнікоў з мэтавымі накіраваннямі ад аддзелаў адукацыі. Такім чынам, на звычайны конкурс бюджэтных месцаў увогуле не засталося. Дзяўчыне прапанавалі платную форму навучання, але ўніверсітэт выплачвае ёй рэктарскую стыпендыю.

Футуролагі сцвярджаюць, што ў сярэдзіне бягучага стагоддзя ў тройку самых запатрабаваных прафесій увойдуць тры: спецыяліст у сферы ІТ, урач і педагог. Таму застацца без працы шанцы ў настаўнікаў — мінімальныя...

У 126-й сталічнай школе вучняў «пратэсціравалі» на педагагічныя страхі. «Не змагу знайсці падыход да дзяцей і зацікавіць іх» — гэтае апасенне аказалася на першым месцы.

Чаго яшчэ баяцца падлеткі, якія пакуль не зрабілі канчаткова выбар на карысць педагогікі? «Буду хвалявацца і разгублюся». «Дзеці не будуць мяне слухацца і паважаць». «Я буду дрэнным педагогам». Ці знікне іх няўпэўненасць праз два гады? Педагогі спадзяюцца, што іх выхаванцы будуць успамінаць свае апасенні з усмешкай...

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.