Вы тут

Вёсцы патрэбны сапраўдны ўласнік


На сумесным пасяджэнні дзвюх палат Нацыянальнага сходу дэталёва разгледзелі перспектывы развіцця і метады рэфармавання аграрнага сектара краіны.

31-35

Унутраны попыт цалкам задаволены

Аб'ёмы вытворчасці сельгаспрадукцыі на душу насельніцтва ў Беларусі па многіх пазіцыях перавышаюць паказчыкі ў краінах ЕАЭС, паведаміў учора намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.

Міхаіл Русы звярнуў увагу, што па фізічнай даступнасці ў Беларусі дасягнуты медыцынскія нарматывы спажывання практычна па ўсіх асноўных відах харчавання. «У той жа час рацыён застаецца не збалансаваным па якасных параметрах з прычыны лішку ўжывання высокакаларыйных прадуктаў (цукру, алею) пры недаспажыванні малака, хлеба, сыру і рыбы», — лічыць віцэ-прэм'ер.

Вынікам эфектыўнай дзяржаўнай аграрнай палітыкі з'яўляецца ўстойлівы рост вытворчасці сельскагаспадарчай сыравіны на доўгатэрміновы перыяд. Без правядзення шырокамаштабнага абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы сельскагаспадарчых арганізацый, тэхнічнага перааснашчэння і мадэрнізацыі арганізацый перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу атрымаць такія вынікі было б немагчыма.

«Шырокі асартымент прадукцыі, прымальныя цэны для груп насельніцтва з рознымі даходамі спрыялі ў апошняе дзесяцігоддзе практычнаму падваенню ёмістасці ўнутранага харчовага рынку. Цяпер людзі не проста пачалі купляць прадуктаў у два разы больш, але і ўзрасло спажыванне прадуктаў высокай харчовай каштоўнасці», — сказаў віцэ-прэм'ер .

Акрамя таго, ён звярнуў увагу, што ў нашай краіне забяспечаны стабільны рост валавай вытворчасці сельгаспрадукцыі. У 2014 годзе ў параўнанні з 2005 годам гэтая вытворчасць павялічылася амаль на 50%. Удзельная вага прадукцыі сельскай гаспадаркі ў валавым унутраным прадукце захоўваецца на ўзроўні 8,5-9%. Пры гэтым Беларусь займае 6% у сусветным аб'ёме вытворчасці льновалакна, 1% — малака, каля 0,7% — цукровых буракоў, 0,3% — мяса і 0,2% — збожжа. Летась у сельскай гаспадарцы краіна атрымана больш за 5 трлн рублёў прыбытку. У сваю чаргу прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі прамысловых арганізацый Мінсельгасхарча склаў 6 трлн рублёў, што ў 5 разоў вышэй за ўзровень 2010 года.

Наблізіць дзяржзакупку да рынкавых цэн

Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл МЯСНІКОВІЧ выказаў думку, што неабходна рухацца да таго, каб цэны па дзяржзакупцы ў сельскай гаспадарцы сталі рыначнымі.

«Цэны павінны быць рэальнымі па ўсіх пазіцыях харчовага рынку. А калі дзяржава прымае рашэнне аб тым, што асобныя тавары выводзяць у сацыяльную групу, то трэба адначасова прымаць рашэнне аб кампенсацыі. А цэны павінны быць рыначнымі», — сказаў Міхаіл Мясніковіч. Ён таксама адзначыў, што інакш гаспадаркі, якія займаюцца ў асноўным раслінаводствам, могуць апынуцца ў вельмі цяжкім становішчы, вырабляючы пераважна збожжа.

У сваю чаргу, віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы, адказваючы на пытанне сенатара Ірыны ПЕТКУН, адзначыў: «Закупачныя цэны амаль на ўсе віды ў нас парогавыя. Па малаку маем прыкладна еўрапейскі ўзровень, калі за літр даецца прыблізна 30 цэнтаў».

Віцэ-прэм'ер таксама закрануў тэму закупачных цэн на збожжа. «Калі гэта дзяржзаказ, то ён павінен ісці не за кошт прадпрыемстваў. Мы хочам, каб было дарагое збожжа і танны хлеб. Такога не бывае. Калі мы хочам, каб быў танны хлеб, значыць, трэба датаваць яго. Гэта ўжо справа дзяржавы», — сказаў ён. Увогуле, дзяржзаказ павінен быць прывабным для сельскагаспадарчай галіны. Адразу трэба адзначыць, што доля дзяржзаказу на ўвесь аб'ём збожжа складае каля 10-12%. Міхаіл Русы запэўніў пры гэтым, што налета ўмовы дзяржзаказу будуць вельмі прывабнымі.

111

Экспарт за добрыя грошы

Новыя магчымасці сельскагаспадарчай галіны забяспечылі стабільны харчовы экспарт, які стаў адным з найважнейшых артыкулаў валютных паступленняў нароўні з прадукцыяй нафтахімічнага комплексу і мінеральных угнаенняў. «Доля прадукцыі аграпрамысловага комплексу ў агульным аб'ёме экспарту павялічылася», — заўважыў Міхаіл Русы.

Знешнія фактары сёлета былі не самыя лепшыя, але... Нягледзячы на неспрыяльную цэнавую кан'юнктуру па асобных відах малака і малакапрадуктаў, мяса і мясапрадуктаў, назіраецца рост экспарту па такіх таварных пазіцыях, як масла, сыры і тварог, сухое абястлушчанае малако, мяса птушкі і каўбасныя вырабы.

Разам з тым, паводле слоў намесніка прэм'ер-міністра, пытанні дыверсіфікацыі экспарту сельгаспрадукцыі варта вырашаць больш агрэсіўна. «Асаблівую актуальнасць цяпер набылі пытанні не толькі асваення новых, але і ўтрымання наяўных рынкаў збыту. Не трэба забываць, што ўжо сёння нам прыйдзецца канкурыраваць у асноўным з еўрапейскімі вытворцамі і вытворцамі з Новай Зеландыі і Аўстраліі», — падкрэсліў Міхаіл Русы. Віцэ-прэм'ер адзначыў, што ўступленне Расіі і Казахстана ў СГА таксама стварае пэўныя канкурэнтныя цяжкасці для Беларусі. У сувязі з гэтым мы павінны засяродзіць увагу на такіх напрамках работы, як экспарт па выгадных цэнах і яго рост у натуральным выражэнні. Другім напрамкам стане максімальная цэнтралізацыя продажаў мяса-малочнай прадукцыі на ўзроўні рэгіянальных холдынгаў з паступовым пераходам на глабальных беларускіх аператараў. Неабходна павялічваць аб'ём продажаў і ў трэція краіны. Сярод самых пераважных віцэ-прэм'ер назваў рынкі краін СНД, а таксама Азіі і Афрыкі.

Працэдура кантраляванага антыкрызіснага кіравання

У дачыненні да праблемных сельгасарганізацый будуць прыняты канкрэтныя захады, паведаміў віцэ-прэм'ер. Тут ён канстатаваў павелічэнне колькасці стратных сельгаспрадпрыемстваў да 15% ад іх агульнага аб'ёму. Так, па стане на пачатак верасня сёлета фінансавыя абавязацельствы сельгасвытворцаў узраслі да пачатку года на 19%. Пры гэтым пратэрмінаваныя павялічыліся ўжо на 35%.

Паводле слоў Міхаіла Русага, неабходна максімальна задзейнічаць заканадаўчую базу ў дачыненні да неэфектыўных і неплацежаздольных арганізацый. «Праведзены сумесна з аблвыканкамамі аналіз сведчыць, што ў дзеючых умовах частка арганізацый сістэмы Мінсельгасхарча не здольная самастойна праводзіць гаспадарчую дзейнасць», — сказаў віцэ-прэм'ер.

У прыватнасці, патрабуюцца меры дасудовага аздараўлення вялікай часткі сельскагаспадарчых арганізацый, вызначаны арганізацыі для пачатку працэдуры эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтва). «Грань паміж гэтымі групамі вельмі ўмоўная. Такім чынам, у дачыненні да праблемных арганізацый будуць прыняты канкрэтныя дзеянні. Заканадаўства гэта дазваляе», — заявіў Міхаіл Русы.

Ён адзначыў, што ў якасці асноўных інструментаў дасудовага аздараўлення арганізацый павінна выступаць, напрыклад, рэфармаванне (продаж, бязвыплатная перадача, далучэнне, зліццё, развіццё інтэграцыйных структур). Часам сітуацыю магчыма выправіць і па лініі рэструктурызацыі фінансавых абавязацельстваў шляхам правядзення перамоў з крэдыторамі, уключаючы банкі.

«Для групы эканамічна незаможных арганізацый неабходна прымяненне працэдуры кантраляванага антыкрызіснага кіравання, накіраванага на захаванне вытворчай базы прадпрыемства і сельгасвытворчасці, што адпавядае пастаўленай кіраўніком дзяржавы задачы на нарадзе», — нагадаў Міхаіл Русы. Паспяхова вытрымаць канкурэнцыю наш аграрны сектар зможа толькі пры ўмове рэзкага павышэння ў сціслыя тэрміны сваёй канкурэнтаздольнасці як на агульным аграрна-харчовым рынку ЕАЭС, так і на іншых сегментах сусветнага рынку харчовых і сельскагаспадарчых тавараў, а гэта, у сваю чаргу, патрабуе прынцыпова новых падыходаў у арганізацыі як самой аграрнай вытворчасці, так і збыту прадукцыі, што выпускаецца.

Уступленне ў СГА — не самамэта

Умовы ўваходжання ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА) нашмат важнейшыя за сам факт уступлення, заявіў намеснік прэм'ер-міністра. «Работа па ўступленні вядзецца ўжо даўно, і не толькі ў рамках АПК. Але галоўнае — не ўступіць у СГА, а на якіх умовах увайсці туды», — сказаў Міхаіл Русы.

Паводле яго слоў, у гэтым пытанні трэба ўлічваць, на якіх умовах уступаюць у СГА іншыя ўдзельнікі ЕАЭС. Казахстан уступіў у СГА на нявыгадных умовах. «Мы рыхтуемся даволі сур'ёзна, пралічваем тыя рызыкі і пагрозы, якія ёсць пры ўступленні нашых калег па ЕАЭС», — дадаў віцэ-прэм'ер. Ужо цяпер беларускі бок склаў таварныя групы, у дачыненні да якіх могуць быць рызыкі пры уступленні ў СГА. Гэта больш за 1,5 тысячы найменняў. У яго ўваходзіць і больш вузкі крытычны пералік. У тым ліку трывогу ўрада выклікаюць магчымыя рызыкі ў дачыненні да сухога малака і цукру.

На гэты конт міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід ЗАЯЦ адзначыў, што пры ўступленні ў СГА важна падняць узровень прадукцыйнасці працы і канкурэнтаздольнасці тавараў. «Калі Беларусь уступіць у СГА і на нашых прылаўках з'явяцца імпартныя сыр і масла, якія будуць таннейшыя, то, безумоўна, краіна ад гэтага страціць. Каб тое не дапусціць, трэба працаваць над павелічэннем эфектыўнасці эканомікі», — сказаў міністр.

Рэструктурызацыя не азначае спісання даўгоў

Леанід Заяц таксама звярнуў увагу, што трэба працягваць вырашаць праблему закрэдытаванасці АПК. «Ліквідацыя запазычанасці — справа не ўрада, а таго, хто браў крэдыт», — адзначыў віцэ-прэм'ер. Паводле яго слоў, цяпер у краіне рыхтуецца праект дакумента па адным з банкаў, якім плануецца правесці рэструктурызацыю запазычанасці сельгаспрадпрыемстваў. «Але трэба разумець, што нічога спісвацца не будзе, усё павінна вяртацца. Праз год, тры, сем, але павінна вяртацца», — растлумачыў Міхаіл Русы.

Ён нагадаў, што для фарміравання льготнай крэдытнай базы прыняты Указ Прэзідэнта №406 ад 2 кастрычніка 2015 года. Дакумент прадугледжвае выдзяленне крэдытных рэсурсаў на 4,6 трлн рублёў. Гэтыя сродкі сфарміраваны за кошт сродкаў фонду нацразвіцця і размешчаны Мінфінам і аблвыканкамамі на дэпазітах у Белаграпрамбанку. Сродкі павінны быць выдаткаваны на набыццё мінеральных угнаенняў і ГЗМ пад 3% гадавых.

Гародніна і садавіна даражэць не будуць

У гэтым учора запэўніў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц. На яго думку, у нас дастаткова сёння і гародніны, і садавіны, каб забяспечыць унутраны рынак. Паводле яго слоў, толькі невялікая частка гэтай прадукцыі завозіцца з-за мяжы — тое, што не вырошчваецца ў Беларусі, — бананы, цытрусавыя.

А вось фермерскія гаспадаркі працуюць больш эфектыўна, чым сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, лічыць міністр. Эфектыўнасць фермерскіх гаспадарак на 8% вышэйшая, чым сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у цэлым.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА і БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.