Вы тут

Дабро заўсёды перамагае


Хоць часам для гэтага павінна прайсці не адно дзесяцігоддзе.

У жніўні «Звязда» пісала пра трагічны лёс маладой амерыканкі Рут Уолер, якая працавала сакратаром місіі Адміністрацыі дапамогі і аднаўлення аб'яднаных нацый (ЮНРРА). Яшчэ тады гэтая абрэвіятура большасці беларусаў не казала нічога. Але ў мінулы панядзелак у Лошыцкім парку з удзелам высокіх асоб адкрылі мемарыяльную дошку, прысвечаную дзейнасці ў Беларусі гуманітарнай місіі ААН, і памяць пра тое, як нам дапамагалі выжыць і падняцца ў складаны час, нарэшце справядліва была вернута.

А помніць сапраўды ёсць што, хоць у Беларусі місія ЮНРРА працавала крыху больш за год (у 1946 — 1947), а ў яе склад уваходзіла ўсяго 15 чалавек. Яны здолелі размеркаваць гуманітарную дапамогу Беларусі на суму 61 млн долараў.

Дагавор аб стварэнні Місіі ААН ЮНРРА (UNRRA — Unіted Natіons Relіef and Rehabіlіtatіon Admіnіstratіon) быў падпісаны ў лістападзе 1943 года ў Вашынгтоне прадстаўнікамі 44 дзяржаў — удзельніц антыгітлераўскай кааліцыі, каб аказваць эканамічную і гуманітарную дапамогу краінам Еўропы, якія пацярпелі падчас вайны. Гэта была першая буйная міжнародная гуманітарная арганізацыя ў вызваленым ад фашызму свеце, асноўным донарам якой выступалі ЗША. У задачы ЮНРРА ўваходзіла аказанне пасляваеннай эканамічнай дапамогі, рэпатрыяцыя і дапамога бежанцам.

«Гэта было прадстаўніцтва ААН, аднак можна сказаць, што менавіта дзякуючы ЗША, шчодрасці амерыканскага народа, які выдаткаваў падтрымку ў памеры 60 млн долараў для аднаўлення Беларусі, вельмі многае ўдалося тады зрабіць. Гэта была канкрэтная дапамога — прадукты харчавання, адзенне, насенне для сельскай гаспадаркі», — адзначыў рэзідэнт-каардынатар ААН / прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака САМАРАСІНХА.

Пагадненне аб пастаўках дапамогі ў Беларусь было падпісана ў Вашынгтоне ў снежні 1945 года. Вось вытрымка з яго:

«Адміністрацыя будзе старацца ў межах яе рэсурсаў набыць да 1 ліпеня 1946 г. прадметы дапамогі і аднаўлення, каб задаволіць заяўку Беларускай ССР аб дапамозе на суму ў 61 млн амерыканскіх долараў і, пры ўмове наяўнасці транспарту, даставіць у Беларускую ССР такія прадметы так хутка, як яны будуць у наяўнасці і ў адпаведнасці з палітыкай савета ЮНРРА».

Па заяўках беларускага ўрада прамым прызначэннем у Беларусь праз парты Адэсы, Ленінграда і Мурманска паступалі па лініі ЮНРРА грузы з Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Канады, ЗША, Францыі і іншых краін для аднаўлення разбуранай эканомікі. Толькі прадуктаў харчавання па лініі гуманітарнай дапамогі было завезена звыш 100 тысяч тон. Апроч прадуктаў і адзення, у Беларусь з Амерыкі прыходзілі медыцынскія прэпараты, прамысловае абсталяванне, дарожная тэхніка, сыравіна...

Дзякуючы гуманітарнай дапамозе ў Мінску быў адкрыты і аснашчаны пеніцылінавы завод (цяпер ААТ «Белмедпрэпараты»), а беларускія спецыялісты былі накіраваны ў Канаду для вывучэння тэхналогіі вытворчасці гэтага антыбіётыка. Значная частка прадуктаў накіроўвалася ў дзіцячыя дамы, бальніцы і дамы для інвалідаў.

За час працы місію ўзначальвалі па чарзе тры амерыканцы. Апошні, Тэадор Уолер, спачатку быў намеснікам кіраўніка місіі ЮНРРА ў БССР, а з 1947 года стаў кіраўніком. Гэта яго жонка Рут Уолер памерла 4 жніўня 1946 года ў Мінску ад хваробы, якая развілася пасля таго, як жанчына выратавала дзяцей, што танулі ў возеры. Вылечыць саму Рут не ўдалося, пахавалі амерыканку на сталічных Вайсковых могілках.

Доўгія гады ў Беларусі дзейнасць ЮНРРА замоўчвалася. У студзені 1946 года, за два месяцы да прыезду місіі ў Мінск, была прынята спецыяльная пастанова, у якой гаварылася: «Адказным партыйным савецкім работнікам забараняецца ў сваіх дакладах і гутарках прыводзіць якія-небудзь лічбы па пастаўках ЮНРРА і спасылацца на пытанні дапамогі з боку ЮНРРА».

Нават у пазнейшыя гады, калі ў СМІ раз-пораз распавядалі аб міжнароднай дапамозе ў рамках праграмы ленд-ліз, аб гуманітарнай дзейнасці ЮНРРА па-ранейшаму не згадвалі. Але людзі старэйшага пакалення добра памятаюць амерыканскія пасылкі з прадуктамі, адзеннем і лекамі. Не менш важнымі за іх былі цёплыя чалавечыя адносіны і клопат, разуменне таго, што падчас страшнай пасляваеннай разрухі хтосьці камусьці можа быць патрэбным.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

seradzyuk@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.