Вы тут

Яшчэ адзін знак бяды


Відаць, многія ўжо прачыталі ў сеціве, як у Баранавічах жанчыну пазбавілі бацькоўскіх правоў за тое, што днямі праседжвала за камп'ютарам і наогул не зважала на сваё дзіця. Маладая, здаровая, яна не думала ісці працаваць, не перажывала, як усе маці, за вучобу, паводзіны, камфорт свайго дзіцяці ў школьным калектыве, не cтроіла планаў на яго будучыню. З ранку яна садзілася за «комп», прыхапіўшы кавы і чыпсаў, і «завісала» днямі ў інтэрнэце.

ЯСКЕВІЧ

Спачатку на нездаровую сітуацыю ў сям'і звярнулі ўвагу ў школе, потым падключыліся органы апекі. Першы раз малога забралі ў прытулак, а ёй далі час на выпраўленне. Але яна і не думала выпраўляцца, ёй і так было добра. Яна працягвала віртуальнае жыццё, не рэагуючы на яго рэальныя праявы. Тады суд прыняў рашэнне пазбавіць жанчыну бацькоўскіх правоў, а дзіця змясцілі ў прыёмную сям'ю.

Кажуць, што гэта першы выпадак, калі бацькоўскіх правоў пазбаўляюць не за п'янкі і асацыяльныя паводзіны, а за кам'ютарную залежнасць. Першы, але, відаць, не апошні. Бо такіх людзей, якія адгароджваюць сябе ад рэальнага свету віртуальным, з кожным днём становіцца болей. У тым жа Баранавіцкім раёне, у пасёлку за дзесяць кіламетраў ад горада, жыве 35-гадовы мужчына, які праводзіць увесь час ля манітора. А бацькі-пенсіянеры, якія ўсё жыццё працавалі, ужо змірыліся. Яны ўтрымліваюць яго, даглядаюць, нібы хворага. Што будзе рабіць, калі іх не стане?

Але названыя прыклады — крайнасці. Не менш небяспечнымі становяцца паводзіны людзей, якія знешне выглядаюць вельмі прыстойнымі сямейнікамі, ходзяць на працу, маюць дзяцей... Летась у бальніцы 60-гадовая суседка па палаце расказвала мне пра сапраўдную бяду сваёй дачкі. Апошняя жыве ў райцэнтры недалёка ад Брэста. Знаёмыя, суседзі, іншыя родзічы лічаць яе сям'ю амаль узорнай. Старэйшы сын ходзіць у школу, малодшы — у садок. Муж працуе электрыкам, не п'е, не курыць. Жывуць у прыватным доме з маці мужа. Ранкам ён ідзе на працу. Пасля пяці вечара прыходзіць, перадзяваецца, умываецца, есць і садзіцца за камп'ютар. Гэта ўвесь распарадак дня галавы сям'і. Калі яна просіць зрабіць што-небудзь па гаспадарцы, за сына заступаецца маці: ён стаміўся на рабоце, няхай адпачывае. Ды тое палова яе бяды, яна з гэтым амаль змірылася. Самае страшнае, што ўслед за бацькам да гульні прызвычаіліся дзеці. Большы амаль не робіць хатніх заданняў, не бывае на вуліцы, не высыпаецца, бо сядзіць за гульнёй дапазна. Настаўніца даўно ўказвае на няправільнае выхаванне вучня пачатковай школы. Яна ж увесь час просіць мужа, каб паўплываў на сына, хаця б заганяў яго спаць своечасова. Ён толькі адмахваецца: цяпер усе дзеці такія. Пра малога наогул муж і яго маці не хочуць гаварыць: няхай сядзіць у сваіх дзіцячых гульнях, хоць не замінае.

Дзеці даўно засвоілі, што слухацца лепш бацьку, чым маці; ён жа ўсё дазваляе. Калі ў яе здаюць нервы, яна пачынае крычаць, выключаць камп'ютары, свякроў называе яе істэрычкай. Старэйшая гаспадыня даводзіць нявестцы, што ў яе нармальная сям'я, а яна яшчэ нечага хоча: «Ён жа не п'е, цябе не б'е. А дзеці: якая розніца, як яны гуляюць, дома ці на вуліцы?»

Маладая жанчына спрабуе выратаваць сваю сям'ю, але натыкаецца на глухую сцяну непаразумення перш за ўсё з боку мужа. Ён знайшоў спосаб рэалізаваць свой эгаізм, знешне прыстойны спосаб. Адгарадзіўся ад дамашніх спраў, праблем. Выходзіць, ёй застаецца разрывацца на рабоце і дома, гатаваць, мыць, прасаваць, самой думаць, як прымусіць старэйшага вучыцца ў школе, а не проста туды хадзіць. А яму і так добра, не трэба траціць ні энергіі, ні нерваў: адбыў на працы свае гадзіны, а болей праблемаў не існуе, далей — віртуальны свет, дзе ўсё прыгожа і цудоўна.

Не ведаю, як цяпер жыве тая сям'я, але, мяркуючы па доўгіх размовах са сваёй маці, па рэпліках апошняй, тая маладая жанчына знаходзілася на мяжы зрыву. А бедная бабуля пакутавала, бо не ведала, чым ёй дапамагчы. І колькі іх цяпер у віртуальнай прасторы, такіх, што здраджваюць бацькам, жонкам, дзецям і становяцца сапраўднай бядой для блізкіх людзей?

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.