Вы тут

Толькі жалем не джальце


Гісторыя маладога чалавека з неабмежаванымі магчымасцямі.

— Мужык павінен зарабляць, — упэўнена гаворыць 25-гадовы Дзмітрый Марозаў. — І не мае значэння, інвалід ён ці здаровы. Менавіта таму сваю будучыню я звязваю з праграмаваннем.

4-26

«Гэтыя матулі мяне нават не бачылі, калі адмаўляліся...»

Дыстанцыйнае навучанне ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі для Дзімы, які мае дыягназ «дзіцячы цэрэбральны параліч», будзе другой вышэйшай адукацыяй. Каб да яе падступіцца, сёння ён спрабуе «разгрызці» вышэйшую матэматыку. Гэта няпроста, але хлопец вельмі ўпарты.

Дзіма быў на хатнім навучанні ў Чырвонабярэжскай школе Жлобінскага раёна. Пасля з лёгкасцю паступіў у Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт на філфак, які закончыў год таму. Дарэчы, пры размеркаванні меў шырокі выбар устаноў адукацыі, які спыніў на адной з гомельскіх школ.

Выпрабаванне адукацыйнай установай праходзяць увогуле нямногія, а тут хворы на ДЦП у якасці настаўніка. Не вытрымалі такога падарунку лёсу старэйшыя калегі, практычна з парога пачалі рабіць усё, каб побач не было чалавека, які парушаў іх эстэтычнае ўспрыманне сусвету.

Зразумела ж, актыўна засумняваліся, як ён, з парушэннямі ў маўленні, будзе выкладаць дзецям. Раптам аказалася, што ўжо няма стаўкі настаўніка беларускай мовы. Прапанавалі весці асновы бяспекі жыцця — далі толькі 8 гадзін. Узнікла таксама ідэя накіраваць яго выкладаць беларускую мову дома ў такіх жа хворых дзяцей, як і ён сам.

— І тут высветлілася, што маці гэтых дзяцей катэгарычна супраць таго, каб іх нашчадкаў-інвалідаў вучыў інвалід, — здаецца, гэта Дзмітрыя абурае больш за ўсё. — Я некалькі дзён не мог у сябе прыйсці. Гэтыя матулі мяне нават не бачылі, калі адмаўляліся ад маіх паслуг.

Між тым менш за ўсіх пытанняў да незвычайнага школьнага настаўніка было ў вучняў. Ім ён адразу растлумачыў, што такім стаў у выніку траўмы пры родах:

— Пасля гэтага ні пытанняў, ні ўсмешак. Дзецям трэба было проста растлумачыць, а гэтага ніхто не рабіў.

Дзеці яго незвычайнае вымаўленне (дарэчы, магу запэўніць, зразумелае) прынялі і вельмі рэдка нешта перапытвалі. Ну а калегі пачалі яго паслядоўна выціскаць з установы. Яны накіравалі запыт у МРЭК, дзе больш за паўгода рыхтавалася даведка. Пры гэтым самога маладога чалавека на камісію не выклікалі. Урэшце ён атрымаў даведку, згодна з якой ужо не можа працаваць у школе. Дарэчы, калі паступаў у ВНУ — мог, і калі працаваў памочнікам выхавальніка ў лагеры — таксама быў адпаведны дакумент, а цяпер — усё, непрыдатны:

— Мне адказвалі: «Ваша пытанне вельмі складанае, таму ніякіх абмежаваных тэрмінаў для разгляду няма. Не ведаем, чаму вам раней давалі дазвол на вучобу і працу». Пасля стасункаў з калегамі-педагогамі я доўга не мог адчуць сябе чалавекам.

Пераразмеркаванне прыйшлося рабіць тэрмінова на працягу апошніх дзён сёлетняга жніўня. Дапамаглі, між іншым, чыноўнікі на высокіх пасадах, да якіх Дзмітрый звяртаўся асабіста. Начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Парошын дамаўляўся аб рабоце ў гомельскім дзяржаўным прафесійным ліцэі машынабудавання.

Старшыня гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалай Філіпцоў звязаўся з абласной МРЭК і ўніверсітэтам імя Францыска Скарыны. Праз некаторы час пасля гэтага знайшлося месца для выпускніка ў гарадской бібліятэцы № 3, дзе ён цяпер і працуе па пераразмеркаванні. Што важна для Дзімы, абедзве працы знаходзяцца зусім побач з інтэрнатам, пакой у якім ён «выбіў» з цяжкасцямі падчас работы ў школе.

4-27

«Не хачу сядзець у бацькоў на шыі»

— Мне многія ўвогуле казалі: чаго ты выбраў Гомель? Навошта ты сюды сунешся? Едзь у вёску, дадому!

Такія шчырыя парады ад добрых людзей былі рэфрэнам апошняга года жыцця Дзмітрыя Марозава. Пытаюся, чаму ўсё ж не з'ехаў?

— Я разумею, што ўсе чакаюць, каб я страціў статус маладога спецыяліста і пачаў жыць на пенсію па інваліднасці, не дурыў нікому галаву. Але ж не хачу вяртацца дадому, каб не садзіцца на шыю бацькам. Тады ў мяне ўвогуле знікне сэнс жыць, нешта рабіць і развівацца. Калі так адбудзецца, які я мужык? А калі я не мужык, навошта жыць?

Вось такая матывацыя. Менавіта таму і ўзнікла ў Дзмітрыя мэта набыць спецыяльнасць, пры якой ён зможа быць самастойным і адносна не залежаць ад непасрэдных стасункаў з людзьмі. Нягледзячы на вельмі сціплы цяперашні заробак, ён цэніць сённяшнюю сваю працу ў бібліятэцы — за тыя адносіны, якія склаліся на яго працоўных месцах. Аказваецца, не ва ўсіх людзей настолькі «вытанчанае» ўспрыманне рэчаіснасці, што не дазваляе побач бачыць чалавека з фізічнымі асаблівасцямі.

Між тым Дзмітрый сапраўды шмат чаму змог навучыцца ў жыцці, штодзень пераадольваючы невылечную хваробу.

Вам абабраць бульбу на сняданак — пяць хвілін? А Дзіма, каб не прасіць суседзяў, траціў гадзіны яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце і самастойна выконваў гэтую простую работу. Больш за палову ішло ў шалупінне, але прыстасаваўся і сёння гатуе ежу сабе самастойна.

Вы не задумваецеся, калі зашпіляеце гузікі на сарочцы? А Дзіма спачатку на кожны траціў па 30 хвілін. Цяпер, гаворыць, 5-10 хапае, каб зашпіліцца цалкам.

Пакой у інтэрнаце яму дастаўся без рамонту. І ён самастойна, марудна, але ўпэўнена, шпакляваў сцены і столь, фарбаваў падлогу і батарэі, забіваў цвікі і закручваў шрубы. Летам і рамы аконныя адолеў сам пафарбаваць. Толькі шпалеры бацькі дапамаглі паклеіць, кажа хлопец:

— З хваробай мне прыходзіцца змагацца пастаянна. Гэта адымае вельмі многа сіл і часу. Але ж куды складаней змагацца за сябе маральна і пастаянна камусьці нешта даказваць. У тым ліку і сваё права на працу. У нас жа як лічыцца? Інвалід адвучыўся ў школе, а пасля павінен жыць на пенсію і толькі пры жаданні наведваць цэнтр для інвалідаў. А сэнс так жыць?

«У многіх выпадках я людзей не разумею»

Шукаць іншыя сэнсы жыцця Дзмітрыю дапамагае ў тым ліку штанга, якой ён пастаянна займаецца раніцай. У дзвярным праёме ўсталяваны турнік, і малады чалавек з лёгкасцю дэманструе, што гэта невыпадковая рэч у яго пакоі. Дарэчы, нельга не заўважыць і яго мускулатуру. Такая за адзін падыход да фізкультурных снарадаў не набываецца. Тата ў дзяцінстве навучыў хлопца катацца на веласіпедзе і плаваць. Ён заўсёды дапамагаў бацькам па гаспадарцы. А як інакш, калі ёсць зямля і жывёла?

— Гной заўсёды раскідваў, а гэтым летам паспрабаваў касіць — атрымалася, — з задавальненнем расказвае хлопец. — Усю мужчынскую працу ўмею рабіць. Але ж звычайна я нешта магу рабіць толькі адзін, бо ў калектыве гэта будзе выглядаць нязграбна і перашкаджаць агульнай справе.

Як расказвае Дзмітрый, неаднаразова былі няёмкія сітуацыі, калі яму на вуліцы людзі спрабавалі даць грошы.

— Упрошваюць: «Ну вазьмі!» Спачатку ў мяне быў шок. Кажу: не трэба, навошта? Не магу сказаць, каб з мяне здзекваліся, але ў многіх выпадках я людзей не разумею. Аднойчы ўніверсітэцкая знаёмая запрасіла мяне ў кавярню. А потым прызналася, што яна ўвесь час саромелася, што побач з ёй інвалід. Здавалася, чалавек нармальна да мяне ставіўся. Тады навошта яна мяне запрашала? Калі мяне не пазбягаюць, то шкадуюць. А што добрага, калі шкадуюць? Відаць, некаторыя проста падымаюць сваю самаацэнку тым, што некаму дапамагаюць. Яны ўсё роўна пойдуць, а я застануся адзін. У такім выпадку мне лягчэй адчуваць і ведаць, што я сапраўды адзінокі.

Адзінота нікому лёгка не даецца, тым больш што ў Дзмітрыя няма намеру забыцца і знайсці «простых» сяброў:

— Я не п'ю, не куру. Мне непрыемна, калі нехта побач расказвае плёткі — хочацца пайсці, каб не чуць. Калі я спрабую знаёміцца з дзяўчатамі, ад мяне ці ўцякаюць, ці пачынаюць шкадаваць. Можа, таму мне здаецца, я ўжо перагарэў для сапраўдных пачуццяў. Дарэчы, я пачаў актыўна ўдасканальвацца менавіта ў той час, калі ў мяне з'явілася надзея спадабацца дзяўчыне і стварыць сям'ю. Цяпер я думаю, што нават калі стану Білам Гейцам, але пры гэтым застануся без сям'і, маё жыццё будзе пражыта дарэмна.

* * *

Разумею, што не магу даць адказаў ні на глабальныя, ні на бягучыя пытанні Дзімы Марозава. Відаць, гэтых пытанняў у яго жыцці будзе заўсёды больш, чым адказаў на іх у адказных (ці безадказных?) асоб. Таму агучу толькі некаторыя:

— Каб прайсці МРЭК, мне прыйшлося праверыцца ў трох псіхіятраў. Навошта такая знявага? Яны што, адзін аднаму не давяраюць?

— Калі я аднойчы хацеў трапіць у санаторый, пачуў: каб ехаць аднаму, ты занадта хворы, а каб з суправаджэннем — занадта здаровы.

— Дзе гарантыя, што ў будучыні мне не забароняць працаваць праграмістам, як забаранілі настаўнікам?

Сярод правіл вядомага прапаведніка Ніка Вуйчыча, які нарадзіўся без рук і ног, ёсць такія:

* Чужыя словы і ўчынкі не могуць вызначаць вашу асобу.

* Калі вам захочацца здрадзіць сваёй мары, прымусьце сябе працаваць яшчэ адзін дзень, тыдзень, месяц, год. Вы будзеце ўражаны тым, што адбудзецца, калі вы не здасцеся.

* Калі вы адкрыты для кахання, каханне прыйдзе. Калі вы аточыце сваё сэрца сцяной, кахання не будзе.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».