Вы тут

Цана вырашае ўсё,


або Клубніцы падчас лістападу.

Да напісання гэтых радкоў падштурхнула размова дзвюх жанчын у тралейбусе. Адна з іх заўважыла, што ў нашым горадзе закончыліся асеннія кірмашы. А другая сказала: «У Мінску, як быццам бы, іх прадоўжылі і на лістапад. Можа, і ў нас яшчэ будуць арганізоўваць. У запас купляць чым пазней, тым лепей».

4-24

Выязны гандаль

Як паведаміў карэспандэнту «Звязды» начальнік упраўлення гандлю і паслуг Брэсцкага гарвыканкама Якаў РОДАК, кірмашы па продажы сельгаспрадукцыі ў горадзе закончыліся. Яны карысталіся несумненнай папулярнасцю ў гараджан. За выхадныя дні, пачынаючы з 26 верасня і да 24 кастрычніка, выязны гандаль прайшоў амаль на 30 пляцоўках горада. На кірмашах гараджане купілі прыблізна 1420 тон бульбы, 351 тону капусты, 150 тон яблык, больш за 180 тон морквы. Акрамя агародніны і садавіны, на кожнай з пляцовак прадавалі мёд, рыбу, журавіны, саджанцы, іншую сельгаспрадукцыю. Таваразварот кірмашоў склаў 11,1 мільярда рублёў, што значна больш, чым летась. І ўсё таму, што маштабы кампаніі гэтым разам аказаліся большыя. Сёлета гандаль арганізавалі як у традыцыйных месцах, так і ў мікрараёнах, аддаленых ад цэнтра горада, напрыклад на Дуброўцы, на Рэчыцы, на вуліцы Янкі Купалы, на Варшаўскім рынку. Блізка — значыць, зручна, таму жыхары названых мікрараёнаў ішлі і куплялі сельгаспрадукцыю. І галоўнае, чым адрозніваўся асенні выязны гандаль ад звычайнага сезоннага продажу на рынках, — гэта, несумненна, цэнамі.

Кошт бульбы вагаўся ў межах 2300—3400 рублёў, капусту прадавалі ад 2500 да 4800 рублёў, буракі можна было набыць ад 2500 рублёў, моркву — ад 3000. Яблыкі прывозілі вельмі розныя па цане, сустракаліся і па 5000, і па 15 000.

Сярод гандляроў заўважаны найперш сельгаспрадпрыемствы з найбліжэйшых раёнаў, і не толькі. Калі хто вельмі хацеў прадаць свой тавар, то з адлегласцю не палічыўся. Маю на ўвазе адзін суб'ект гаспадарання з Ляхавіцкага раёна. Яго бульба ў абласным цэнтры карысталася попытам. Варта адзначыць, што з кожным годам усё больш фермераў прымае ўдзел у асенніх кірмашах. Іх прадукцыя часам прадаецца даражэй за калгасную, але вылучаецца якасцю, знешнім выглядам, асартыментам.

Была яшчэ такая катэгорыя прадаўцоў, якіх у афіцыйных дакументах называюць фізічнымі асобамі. Значыць, уладальнікі прыватных гаспадарак прадавалі вырашчанае на сваіх участках, атрыманае ў падсобнай вытворчасці.

І стацыянарны

Усё гэта, несумненна, добра. Але людзі, відавочна, хацелі б па такой жа цане набываць добрую сельгаспрадукцыю не толькі ў дні кірмашоў. Таму, відаць, і ўзнікла названая тэма на пасяджэнні аблвыканкама, калі абмяркоўвалі работу аблспажыўсаюза.Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Сяргей АШМЯНЦАЎ прапанаваў стварыць у Брэсце брэндавы супермаркет спажыўкааперацыі, у якім будзе прадстаўлена самая разнастайная прадукцыя сельгасвытворцаў.

Ідэя, несумненна, цікавая, яна заслугоўвае ўсебаковага абмеркавання і вывучэння. Кіраўнік гарадской гандлёвай галіны Якаў Родак, што называецца, дзвюма рукамі за з'яўленне такога аб'екта ў абласным цэнтры. Якаў Пятровіч сказаў, што ўжо нават крыху прыпазніліся, падобны магазін трэба было будаваць раней. Ну а калі на будоўлю грошай няма (гэта вельмі дарагі праект), то верагодна разгледзець перспектыву яго рэалізацыі на тых плошчах, якія ўжо ёсць. Якаў Родак перакананы, што прадукцыя сельгаспрадпрыемстваў, фермераў, прыватных гаспадароў будзе карыстацца попытам у гараджан.

Многія фермеры, гаспадаркі, прыватнікі былі б рады прадаваць сваё ў падобным супермаркеце. Але ці вытрымае яно канкурэнцыю па суседстве з іншымі буйнымі магазінамі, пытанне не такое простае, як можа здацца на першы погляд. На гэты фактар адразу звяртаюць увагу спецыялісты.

Пры падрыхтоўцы матэрыялу давялося сустрэцца з поглядам аднаго маладога чыноўніка, які лічыць, што гэта справа бесперспектыўная.

4-23

Ці патрэбна сваё?

— Нават кірмашы, пашыраныя продажы — забава для старэйшага пакалення. Паглядзіце, хто купляе сельгаспрадукцыю ў запас. Гараджане з катэгорыі: 50+. Неўзабаве і кірмашы адыдуць у гісторыю. Моладзь прывыкла атаварвацца ў буйных супермаркетах і купляць прадукты максімум на тыдзень. Там жа найлепш набываць свежую агародніну, садавіну, ягады, калі не свежыя, то замарожаныя. Ды і не прывыклі маладыя гаспадары браць бульбы адразу некалькі мяхоў. Добра, як хто жыве ў сваім доме, яе можна паставіць у падвал. А кватэры шматпавярховых дамоў зусім не прыстасаваныя да захоўвання. Раней людзі ставілі скрыні на лесвічных пляцоўках, а цяпер рабіць гэта пажарная служба забараніла. Ды і зручна: пад'ехаў машынай да вялікага магазіна, вывез цялежку прадуктаў, загрузіў адразу ў багажнік. Некаторыя ж наогул прызвычаіліся не ездзіць, а заказваць пакупкі па інтэрнэце і атрымліваць іх у сваёй кватэры. Якія ўжо тут нарыхтоўкі на зіму? — здзіўляецца малады чалавек.

Не сумняваюся, што некаторая частка гараджан думае і робіць так. Але, мяркую, гэта залежыць не столькі ад узросту, колькі ад дастатку сем'яў. Бюджэтнікі, у якіх двое малых дзяцей, будуць шукаць любыя шляхі эканоміі. Маю на ўвазе, напрыклад, сям'ю маёй пляменніцы, настаўніцы ў дэкрэтным водпуску. Яны нарыхтоўваюць бульбу і іншую агародніну на зіму. Калі бульбяную скрыню сапраўды забаранілі ставіць у агульным калідоры, гаспадары перанеслі яе на балкон. Але рэгулярна запаўняюць тую скрыню бульбай, там жа захоўваюць цыбулю. Яны, ды іх суседзі-равеснікі, паехалі б у супермаркет па сельгаспрадукцыю, калі б там яна была таннейшая і добрай якасці.

Так што на першы план часта выходзіць цэнавы фактар. Бо адна справа — продаж той жа агародніны на кірмашы, і зусім іншая — рэалізацыя яе ў стацыянарным гандлёвым прадпрыемстве, якое нясе выдаткі на арэнду, электраэнергію, камунальныя паслугі, утрымлівае персанал. Усё гэта накладваецца на кошт прадукцыі, і можа атрымацца, як заўсёды, хоць, як той казаў, хацелі, як лепей.

І вельмі шкада. Бо нават у асобна ўзятай Брэсцкай вобласці шмат гаспадароў вырошчваюць экалагічна чыстую, смачную прадукцыю, але адчуваюць цяжкасці з яе рэалізацыяй. Руплівыя столінскія гаспадыні, з якімі мне нядаўна давялося сустракацца, вырошчваюць на сваіх участках памідоры, агуркі, перцы, капусту. Большасць гэтай прадукцыі яны здаюць аптавікам. А вось ад цікавага праекта, якім стаў другі ўраджай клубніц у кастрычніку, ім давялося адмовіцца, бо ў гэты час ніхто ягады не купляе. Уяўляеце, што можна было б убачыць на прылаўку свежыя айчынныя клубніцы ў час жоўтага лісця! А столінскія памідоры, якія не саступаюць крымскім па смаку?.. Уявіць проста — рэалізаваць складана. Праблемы адлегласці, дастаўкі, — карацей, неадпрацаваная лагістыка — зноў жа могуць зрабіць тавар занадта дарагім. Свой тавар, які не вытрымае канкурэнцыі з тым жа польскім.

Днямі ў адным з супермаркетаў «Карона» давялося назіраць такую карцінку. Пакупніца папрасіла трыста грамаў кансерваваных агурочкаў, якія прадаваліся на вагу. Пакуль іх узважвалі, пацікавілася, адкуль тавар. «З Польшчы возім, — сказала прадавец, — у нас, як бачыце, намарынаваць агуркоў няма каму».

Супермаркет як ідэя

Старшыня праўлення аблспажыўсаюза Леанід ЯНКОВІЧ назваў ідэю стварэння падобнага супермаркета вельмі добрай. Але падкрэсліў, што гэта яшчэ толькі ідэя. Гаварыць пра яе ўвасабленне ні налета, ні праз год пакуль не даводзіцца. Для гэтага ў аблспажыўсаюза на цяперашнім этапе няма дастаткова сродкаў. Але ў перспектыве прапанаваць гарадскому пакупніку салёныя агуркі з бочкі, капусту квашаную па-дамашняму, процьму розных перапрацаваных на прадпрыемствах сістэмы спажыўкааперацыі смачных нарыхтовак, ягад у сырым і замарожаным выглядзе тут маюць намер. Пры адпаведнай рэкламе можна не сумнявацца, што сваё будзе карыстацца попытам.

Вядома, у сённяшняй сітуацыі размахвацца на будаўніцтва цэлага супермаркета ніхто не адважыцца. Але прыгледзецца да існуючых пабудоў можна. Нездарма ў кантэксце гэтай размовы не раз згадваўся недабудаваны мінскай фірмай гандлёвы аб'ект у раёне Кавалёва. Месца там ідэальнае. Для названага мікрараёна такі магазін, які здолеў бы стварыць канкурэнцыю прадуктовым гандлёвым радам надзвычай папулярнага рынку «Лагуна», стаў бы проста падарункам.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?