Вы тут

Мазь, кроплі, пінцэт... Што яшчэ?


Дома ў кожнага з нас назапашваюцца з цягам часу груды лекаў, сярод якіх і тыя, пра якія мы нават не памятаем «ад чаго». Калі пачынаем хварэць, ідзём у аптэку, набываем тое, што доктар прапісаў (або параіла суседка), некалькі дзён старанна выкарыстоўваем, а пасля... проста складваем. І гэта называем хатняй аптэчкай! Так паступаць, вядома, неразумна. Хатняя аптэчка — гэта тое, аб чым неабходна клапаціцца: яе неабходна правільна скласці і своечасова выкідваць лекі, у якіх скончыўся тэрмін прыдатнасці.

4-3

Паводле слоў загадчыцы тэрапеўтычнага аддзялення 11-й гарадской паліклінікі г. Мінска Вольгі ЯЧЭЙКІ, хатняя аптэчка неабходна для таго, каб дапамагчы ў экстраннай сітуацыі. Яна павінна размяшчацца ў месцы, недаступным дзецям. Неабходна ўлічваць, што большасць лекаў баіцца святла, а некаторыя патрабуюць захоўвання ў халадзільніку.

Аптэчка дзеліцца на дзве часткі — перавязачныя сродкі і лекі. Што і ў якой колькасці? Пачнём па парадку.

Бінт (адна ўпакоўка).

Эластычны бінт. Многія грэбуюць ім, але менавіта ён ратуе пры расцяжэнні і вывіху, дапамагае даехаць да траўмапункта пры пераломе без змяшчэння (трэшчыне).

Бактэрыцыдныя лейкапластыры. Воданепранікальныя, з тканіны і на катушцы (для фіксацыі перавязак).

Вострыя нажніцы.

Тонкі пінцэт (для выдалення стрэмкі ці асколкаў са скуры).

Холадаэлемент (захоўваецца ў маразілцы) або ахаладжальны пакет. Незаменны пры траўмах, кровацячэннях, апёках.

Нашатырны спірт (раствор аміяку), лепш у ампулах. Некалькі кропель на тампоне ці марлі некалькі разоў кароткачасова падносяць да носа, калі чалавек страціў прытомнасць.

Марганцоўка (перманганат калію). Разбаўляюць у гатаванай вадзе для паласкання горла і спрынцавання — раствор 0,01-0,1% , для прамывання ран — 0,1-0,5%, для змазвання язвавых і апёкавых паверхняў — 2-5%, для прамывання страўніка пры атручэннях — раствор 0,02-0,1%.

Гумавыя пальчаткі. 1-2 пары.

70-працэнтны этылавы спірт (у якасці антысептыку і для кампрэсаў).

Грэлка.

Неабавязкова.

Вата. Для апрацоўкі драпін падыдуць ватныя палачкі для вушэй, а параненае калена прасцей прадэзынфіцыраваць ватным дыскам.

Піпеткі. Практычна ўсе кроплі маюць уласныя дазатары.

Антысептыкі

Забудзьцеся на зялёнку: гэты фарбавальнік ужо даўно не выкарыстоўваюць ні ў Еўропе, ні ў ЗША. Вашы сябры — раствор ёду і перакіс вадароду. Першы забівае ўсе асноўныя патагены і нават споры, якія «не бяруць» іншыя дэзсродкі і антысептыкі. Спіртавы 5-працэнтны раствор ёду — аптымальны варыянт для хатняга выкарыстання. Адзіны мінус — ён выклікае ўтварэнне рубцоў і павялічвае час зажыўлення, таму невялікія драпіны лепей адзін раз апрацаваць, а пасля проста заклеіць пластырам.

Перакіс вадароду прадаецца ў двух канцэнтрацыях — 3% і 6%. Першая падыходзіць для апрацоўкі драпін дома, а другая выкарыстоўваецца для апрацоўкі ран і язваў у бальніцы — вам такая цяжкая артылерыя не патрэбна. Як варыянт можна выкарыстоўваць раствор хлоргекседзіну або мукасаніну.

Абязбольвальныя і спазмалітычныя сродкі

Паколькі парацэтамол не сумяшчальны з алкаголем, а анальгін наогул забаронены ў большасці развітых краін з прычыны сур'ёзных пабочных эфектаў, з папулярных абязбольвальных сродкаў лепей выбіраць аспірын або ібупрафен. А лепш мець пад рукой абодва: першы незаменны пры інфаркце, пахмеллі і іншых сітуацыях, калі неабходна хутка і бяспечна панізіць ціск і абязболіць. А другі нядрэнна дапамагае ад болю паўсядзённага — галаўнога, зубнога, менструальнага. Спазм сасудаў галаўнога мозга, боль у жываце, прыступ моча- і жоўцекамянёвай хваробы спыняць спазмалітычныя сродкі: но-шпа, дротаверын, спазмалгон, папаверын. Такіх таблетак павінна быць дома не менш як 20 штук.

Гліцын

Гэтая таблетка дапаможа і падчас пахмелля, і ад метэазалежнасці, і нават пры першых прыкметах інсульту, пакуль едзе хуткая. Эфектыўнасць прэпарату многія лічаць сумніўнай, і, тым не менш, ён шырока прымяняецца ў расійскай медыцынскай практыцы.

Універсальны антыгістамінны прэпарат

Нават калі вы не алергік, лепей такую таблетку мець. Па-першае, харчовая алергія можа ўпершыню праявіцца ў любым узросце, асабліва з сучаснай прадуктовай разнастайнасцю. Па-другое, госць таксама можа пакрыцца сыпам або пачаць чхаць ад таго, што вырасла ў вас на падаконніку. Найлепш за ўсё выбраць прэпарат з цэцірызінам (зодак, зіртэк, алеркапс), які мае значна меншы снатворны эфект, чым супрасцін, і да таго ж паказаны дзецям з 2 гадоў.

Нітрагліцэрын

Не спадзявайцеся на валідол: гэтая мятная «цукерка» асвяжыць дыханне і, можа быць, пашырыць сасуды, але пры інфаркце і іншых небяспечных праблемах з сэрцам не дапаможа. Трымайце пад рукой нітрагліцэрын. Але майце на ўвазе, што яго ні ў якім разе нельга прымаць для прафілактыкі, у адрозненне ад валідолу.

Карвалол і валакардзін — гэта прэпараты для заспакаення. Яны могуць дапамагчы справіцца са стрэсам і панізіць ціск, але ў перспектыве небяспечныя для здароўя, паколькі фактычна з'яўляюцца наркотыкамі. Іх асноўны кампанент — фенабарбітал — магутнае псіхатропнае рэчыва.

Энтэрасарбенты

Актываваны вугаль дапамагае пры атручэнні, у тым ліку алкагольным. Галоўнае — памятаць, што разам з усімі ядамі і таксінамі вугаль выводзіць з арганізма і лекі, а таму прымаць яго разам з аспірынам, ібупрафенам ад галаўнога болю проста бессэнсоўна. Звычайна доза разлічваецца так: 1 таблетка на 10 кг вагі. Жанчыне звычайнага целаскладу патрэбна 5-6 таблетак, мужчыне — 8-9. Варта памятаць, што калі вы нядаўна паелі, дозу вугалю трэба павялічыць, бо разам з ядамі яму давядзецца адсарбіраваць яшчэ і вашу ежу. Можна выкарыстоўваць таксама смекту, якая не толькі адсарбіруе, але і абвалаквае кішэчнік.

Кроплі для вачэй

Абавязкова павінны быць: усляпую да аптэкі не дабяжыш. Ніколі не ведаеш, што можа трапіць у вока падчас уборкі ці гульні з дзецьмі. Кроплі бываюць сасудазвужальнымі — яны дапамагаюць пазбавіцца пачырванення. Антыбактэрыяльныя кроплі, якія прымяняюць пры кан'юнктывітах, павінен прапісаць урач. А вось што трэба, дык гэта звычайная штучная сляза або можна таксама выкарыстоўваць дзіцячы 20-працэнтны раствор альбуцыду (сульфацылу натрыю). Яны і ад сухасці дапамогуць, і вока прамыюць.

Кроплі ад насмарку

Нафцізін, назівін і г.д. Яны дапамогуць, калі раптоўна ўзнік насмарк (а ён звычайна не папярэджвае). Аднак не карыстайцеся такімі кроплямі працягла, каб не развіўся вазаматорны рыніт.

Сродак ад апёкаў і ўдараў

Лепей, каб ад апёкаў быў спрэй або пенка (напрыклад, пантэнол), а ад удараў — абязбольвальная мазь. Можна трымаць і адну мазь — «Ратавальнік», толькі не накладвайце яе на апёк адразу — дайце скуры «падыхаць».

Пакецікі ад прастуды

Большасць урачоў лічыць экстранныя сродкі ад прастуды злом, паколькі яны здымаюць сімптомы, але не спрыяюць лячэнню. Тым не менш трымаць пару пакецікаў «злой» сумесі парацэтамолу і вітаміну С усё ж такі варта. Хоць бы таму, што часам мы сапраўды не можам своечасова звярнуцца да ўрача. Толькі не варта спакушацца прэпаратамі са смакам лясных ягад і глінтвейну: чым менш хіміі ў выглядзе араматызатараў і фарбавальнікаў атрымае ваш пакутны арганізм, тым лепш.

Сродак ад кашлю

Бывае, вылечыш прастуду, а кашаль усё роўна пасля не праходзіць некалькі дзён. На гэты выпадак патрэбны ледзяшы або сіроп, якія дадуць горлу палёгку. Сіропы дапамагаюць хутчэй, але захоўваюцца нядоўга нават у запячатаным выглядзе, а ў адкрытым і наогул некалькі тыдняў. Пасцілкі практычна вечныя (тэрмін прыдатнасці можа дасягаць трох гадоў) і больш зручныя ў прымяненні (можна прыхапіць з сабой), але працуюць не так эфектыўна.

Сродак для стрававання

Калі нават лічбы на вагах ужо не матывуюць есці менш, купіце ферментны набор, які дапаможа страўніку падчас пераядання. Самыя распаўсюджаныя прэпараты — панкрэацін, мезім, крэон, панзінорм, фестал.

Заспакаяльнае

У жыцці кожнага бываюць сітуацыі, калі ўзяць сябе ў рукі проста немагчыма. Калі вы не прымаеце сродкі для заспакаення пастаянна, то дастаткова купіць настойку валяр'яны: яна выдатна здымае стрэс. А неўротыкам са стажам лепш параіцца з урачом і трымаць пад рукой больш сур'ёзны прэпарат — афабазол, адаптол, персэн. Піць гэтыя прэпараты самастойна небяспечна, іх павінен прапісаць урач разам з максімальна магчымай дазіроўкай.

Антыгіпертэнзіўныя прэпараты

Пры павышаным артэрыяльным ціску ў «бывалых» гіпертонікаў, як правіла, заўсёды ёсць каптапрыл, ніфедзіпін, моксанідзін для купіравання гіпертанічных крызаў, акрамя асноўных штодзённых гіпатэнзіўных прэпаратаў. Аднак у тых, хто не мае такой праблемы са здароўем, усё роўна павінна быць пад рукой пласцінка каптапрылу 25 мг (або дыбазолу) на ўсялякі выпадак (раптам госці?). А ў тых, хто пакутуе ад гіпатэнзіі, у аптэчцы павінен быць цытрамон, параскафен, аскафен.

Мазь для ротавай поласці

Пункт для многіх не відавочны, а між тым прыкушаныя губы, запаленне дзяснаў і нават зуб мудрасці, які пачаў рэзацца, могуць стаць праблемай без цюбіку мазі (метрагіл дэнта, халісала).

Медыцынская тэхніка

Градуснік, пэўна, ва ўсіх ёсць — можна толькі пераканацца, што ён працуе, як належыць, і, пакуль вы здаровыя, паказвае вам 36,6 ці каля таго. А вось ці набываць танометр — вырашаць вам. Калі ў сям'і ёсць той, у каго праблемы з ціскам, лепш патраціцца адзін раз на аўтаматычны прыбор, які праслужыць шмат гадоў. Сучасныя танометры не толькі паказваюць даволі дакладны вынік, але яшчэ і запамінаюць папярэднія вымярэнні, вылічваючы сярэднестатыстычны ціск, калі, вядома, ім карыстаецца нехта адзін. А вось глюкометр, калі ў вас няма дыябету, у доме не патрэбен: ён не такі просты ў выкарыстанні, а для таго, каб кантраляваць узровень цукру, здароваму чалавеку дастаткова раз у паўгода здаваць агульны аналіз крыві

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.