Вы тут

Зала № 8. «Вызваленне Беларусі. Вызваленне Еўропы, разгром фашысцкай Германіі, яе саюзнікаў і мілітарысцкай Японіі»


Працягваем віртуальнае падарожжа па Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Доўгім і цяжкім быў шлях да Перамогі. У маі 1945-га фашысцкая Германія капітулявала. А Другая сусветная вайна працягвалася. Разам з кітайскай народна-вызваленчай арміяй савецкія войскі змагаліся на тэрыторыі Кітая. 2 верасня 1945 года Квантунская армія пала. Скончылася Другая сусветная вайна. Па маштабе, жорсткасці, людскіх ахвярах і матэрыяльных стратах яна не мела сабе роўных.

4-14

Пераправа пад свіст куль

23 верасня 1943 года быў вызвалены першы населены пункт Беларусі. Фарсіраваўшы Днепр, воіны 360-га стралковага палка пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза падпалкоўніка Мікалая Сташака прынеслі мір жыхарам Камарына — тады раённага цэнтра.

Вызваленне ўсходніх рэгіёнаў Беларусі адбывалася падчас Гомельска-Рэчыцкай (10—30 лістапада 1943 г.), Гарадоцкай (13—31 снежня 1943 г.), Калінкавіцка-Мазырскай (8 студзеня — 8 лютага 1944 г.) і Рагачоўска-Жлобінскай (21—26 лютага 1944 г.) наступальных аперацый.

[caption id="attachment_108687" align="alignnone" width="600"]4-10 Экі­паж тан­ка «Ба­я­вая сяб­роў­ка».[/caption]

На фотаздымках — героі тых падзей. У тым ліку Павел Несцяровіч, які вызначыўся падчас баёў за Лоеўскі плацдарм. Ураджэнец Гомельскай вобласці разам з іншымі байцамі батальёна наладжваў пераправу праз Днепр. Не паспелі сапёры вярнуцца на свой бераг, як канат быў перабіты ворагам. Давялося нацягваць зноў. Праўда, на супрацьлеглы бераг вайскоўцы перапраўляліся ўжо пад абстрэламі. Але аднавіць канат і наладзіць пераправу ім удалося. За гэты подзвіг Несцяровічу было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Загінулі на чужыне

На беларускай зямлі гераічна змагаліся і прадстаўнікі іншых народаў. За баі на тым жа Лоеўскім плацдарме Зоркі Героя быў удастоены і ўраджэнец Днепрапятроўскай вобласці, камандзір танкавай роты старшы лейтэнант Іван Махота. Праўда, пасмяротна. 21 кастрычніка 1943 года падчас контратакі праціўніка яго танк трапіў у засаду і быў падбіты. Экіпаж накіраваў палаючую машыну на варожую батарэю. Ніхто з танкістаў не выжыў...

А вось абставіны гібелі ўраджэнца Пермскай вобласці Сямёна Летава невядомыя. Аднак, верагодна, ён загінуў ад кулі, якая наскрозь прабіла медаль «За адвагу», што вісеў на грудзях. Пашкоджаную ўзнагароду, а таксама ствол вінтоўкі і складны нож у 1979 годзе на Жлобіншчыне знайшоў навучэнец Кіцінскай сярэдняй школы Эдуард Бяляўскі. Дзякуючы нумару, які цудам захаваўся на медалі, удалося высветліць, што за баі на Курскай дузе ім быў узнагароджаны яфрэйтар Сямён Летаў. Камандзір мінамётнага разліку загінуў у сакавіку 1944 года пры вызваленні Жлобінскага раёна. Супрацоўнікі музея звязаліся з дзецьмі Летава, якія даслалі фотаздымак воіна.

4-17

Экспануецца і прастрэлены камсамольскі білет чырвонаармейца Мікалая Шаўцова. Жыхар Браншчыны загінуў пры фарсіраванні ракі Сож пад Гомелем у лістападзе 1943 года. Горад стаў першым вызваленым абласным цэнтрам Беларусі.

Памяць Азарычаў

18-19 сакавіка 1944 года вязні Азарыцкіх лагераў смерці былі вызвалены 65-й арміяй генерал-лейтэнанта Паўла Батава. Абяссіленых і ледзь жывых дзяцей, жанчын і старых чырвонаармейцы выводзілі і выносілі праз размініраваныя праходы. Гэтыя хранікальныя эпізоды, якія трапілі ў аб'ектыў ваеннага карэспандэнта, сведчаць аб тых пакутах, што ў гады акупацыі перанеслі мірныя людзі.

За калючым дротам апынулася больш чым 50 тысяч людзей. Яны паміралі ад холаду, голаду, хвароб. Вязняў спецыяльна заражалі сыпным тыфам: хацелі зрабіць з людзей жывы заслон і распаўсюдзіць эпідэмію ў перадавых часцях Чырвонай Арміі. Сярод вызваленых было 33 480 чалавек, з іх — 15 690 дзяцей ва ўзросце да 13 гадоў.

[caption id="attachment_108693" align="alignnone" width="600"]4-16 Мяр­ку­ец­ца, што яф­рэй­тар Ся­мён Ле­таў за­гі­нуў ад ку­лі, якая на­скрозь пра­бі­ла ме­даль «За ад­ва­гу», што ві­сеў на гру­дзях.[/caption]

Каб прадухіліць распаўсюджванне тыфу, спатрэбіліся вялікія намаганні медыкаў. Усе сілы на выратаванне хворых паклала начальнік аддзела санітарнага ўпраўлення 1-га Беларускага фронту Яўгенія Сяркова. Кіцель падпалкоўніка медыцынскай службы, які жанчына насіла ў гады вайны, медыцынская сумка і кісет, дзе ўрач захоўвала партбілет, — у экспазіцыі.

Ішлі ў бой... жанчыны

На франтах Вялікай Айчыннай ваявала больш чым 800 тысяч жанчын. Служылі, у асноўным, медыцынскімі работнікамі і сувязісткамі. Нямала сярод іх было і лётчыц. Напрыклад, адзін з трох жаночых авіяпалкоў — 125-ты гвардзейскі бамбардзіровачны полк імя Марыны Расковай — прайшоў шлях ад Сталінграда да Усходняй Прусіі. Удзельнічаў у вызваленні Беларусі. Толькі за дзень — 14 кастрычніка 1943 года — у баі пад Оршай загінулі адразу тры маладыя лётчыцы. Іх фотаздымкі нагадваюць аб подзвігу жанчын, якія нароўні з мужчынамі змагаліся за Перамогу.

Як тая Марыя Акцябрская, якая стала ў армейскія рады, калі ў 1941 годзе пад Кіевам загінуў яе муж. Пачуўшы трагічную вестку, Марыя Васільеўна аддала ўсе свае зберажэнні на будаўніцтва танка «Баявая сяброўка». А пасля таго, як танк сышоў з канвеера, увайшла ў яго экіпаж. З'яўляючыся механікам-кіроўцам, удзельнічала ў вызваленні Віцебскай вобласці. У ноч на 18 студзеня 1944 года ў баі за вёску Крынкі Лёзненскага раёна знішчыла дзве гарматы ворага. Сама была цяжка паранена. У сакавіку яе не стала... Пасмяротна Марыі Акцябрскай прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза.

[caption id="attachment_108688" align="alignnone" width="600"]4-11 Пас­ля­ва­ен­ны мар­шаль­скі кі­цель Кан­стан­ці­на Ра­ка­соў­ска­га.[/caption]

«Баграціён» і яе героі

З верасня 1943 года па люты 1944-га было вызвалена 36 раённых цэнтраў Беларусі, два абласныя гарады: Гомель і тагачасны цэнтр Палескай вобласці Мазыр. Але пад акупацыяй яшчэ заставалася большая частка краіны. Поўнасцю Беларусь была вызвалена летам 1944 года ў ходзе Беларускай стратэгічнай наступальнай аперацыі «Баграціён». Задума і ход легендарнай аперацыі прадстаўлены на карце-схеме.

Беларускую наступальную аперацыю часта называюць інжынернай. А ўсё таму, што яна была звязана з пераадоленнем вялікай колькасці перашкод: як натуральных (балоты, рэкі, лясы), так і штучных (доты, дзоты, мінныя палі, загароды з дроту). Але армейскія вынаходнікі справіліся і з гэтым. У прыватнасці, у Парыцкім раёне Гомельшчыны, дзе наступалі войскі 65-й арміі, на некаторых участках былі пракладзены спецыяльныя грэблі. Па бярвёнах танкі змаглі прайсці па балотах і з'явіліся якраз у тым месцы, дзе вораг чакаў іх найменш. Інсталяцыя «Пераход танкаў праз балота» — рэканструкцыя падзей Беларускай аперацыі на Палессі.

Побач можна ўбачыць асабістыя рэчы і ўзнагароды як простых воінаў-вызваліцеляў, так і знакамітых вайскоўцаў. Свой кіцель пасляваеннага ўзору перадаў у музей камандуючы 1-м Прыбалтыйскім фронтам падчас аперацыі «Баграціён» маршал Савецкага Саюза Іван Баграмян. Тут і маршальскі кіцель двойчы Героя Савецкага Саюза Канстанціна Ракасоўскага, які падчас аперацыі «Баграціён» камандаваў 1-м Беларускім фронтам. Таксама — самаробны пісталет-кулямёт Судаева, які знакамітаму военачальніку падарылі партызаны 208-га партызанскага палка імя Сталіна.

[caption id="attachment_108689" align="alignnone" width="600"]4-12 Ма­не­ке­ны сал­дат-са­юз­ні­каў.[/caption]

У баях за Беларусь

Аб жорсткасці баёў у віцебскім «катле», якія пачаліся ўжо на трэці дзень наступлення, сведчаць асколкі ад бомбаў, мін і снарадаў. Пяць нямецкіх дывізій акружылі пад Віцебскам войскі 1-га Прыбалтыйскага і 3-га Беларускага франтоў. На адным з участкаў заступілі шлях гітлераўцам салдаты 2-га гвардзейскага матацыклетнага Ярцаўскага палка, якія пазіраюць на нас з фотаздымка, зробленага беларускім фатографам Аляксандрам Дзітлавым. Адзін з воінаў — яфрэйтар Сагадат Гніятулін — урукапашную знішчыў 12 фашыстаў. Усіх салдат палка (а іх было 49) узнагародзілі ордэнам Славы ІІІ ступені. Гэта быў прыклад масавага ўзнагароджання самым высокім салдацкім ордэнам.

У вочы кідаецца франтавая сукенка. Яе насіла лётчыца 46-га гвардзейскага Таманскага бамбардзіровачнага авіяпалка Ірына Сяброва. Гэтая далікатная, невялікага росту дзяўчына (што можна заўважыць па вопратцы) — адна з «начных ведзьмаў», як называлі лётчыц гітлераўцы. Здзейсніўшы 825 баявых вылетаў, лётчыца стала Героем Савецкага Саюза, якіх у палку было 23.

За шэсць дзён савецкія воіны вызвалілі Віцебск, Оршу, Магілёў і Бабруйск. Галоўны шлях — на Мінск! — быў адкрыты.

Яны вызвалялі Мінск

На фотаздымках — танкавыя экіпажы, якія ўдзельнічалі ў баях за сталіцу: Васіля Зенкіна, Івана Лезіна, Дзмітрыя Фролікава. Апошні трапіў на фронт у першыя дні вайны. Вызначыўся ў баі пад Оршай. Двойчы гарэў у танку. Загінуў Дзмітрый Фролікаў ва Усходняй Прусіі, так і не даведаўшыся, што стаў Героем Савецкага Саюза.

Свой наручны гадзіннік, а таксама фотаздымак, зроблены ў Мінску неўзабаве пасля яго вызвалення, ужо ў новы музей прынёс удзельнік вызвалення сталіцы, камандзір узвода разведкі 99-га стралковага палка Віктар Марозаў. Падчас баёў ва Усходняй Прусіі Віктар Сямёнавіч узяў у палон нямецкага афіцэра з каштоўнымі дакументамі. Камандаванне ўзнагародзіла разведчыка гадзіннікам.

А вось ключ ад радыёстанцыі, па якой камандзір роты сувязі капітан Аляксандр Барадзін перадаў шыфраваную радыёграму ў штабы фронту і арміі аб уступленні часцей 110-й стралковай дывізіі ў сталіцу Беларусі. Побач — яго партсігар з надпісам «У памяць аб узяцці Мінска. 3 ліпеня 1944 года».

У той спякотны летні дзень разам з танкістамі на вуліцах Мінска змагаліся і «глаголеўцы» — вайскоўцы 31-й арміі генерал-палкоўніка Васіля Глаголева. Менавіта яны ўзнялі чырвоныя сцягі над ацалелымі будынкамі горада, у тым ліку над Дамамі ўрада і Чырвонай Арміі.

Горад быў вызвалены. Але пакуль не зусім прыдатны для нармальнага жыцця. Кварталы сталі руінамі, а ацалелыя будынкі ператварыліся ў выбухованебяспечныя памяшканні. У кароткія тэрміны сапёры абясшкодзілі тысячы боепрыпасаў, выратаваўшы звыш 180 аб'ектаў. Толькі пры размініраванні Дома ўрада камандзір узвода 877-га асобнага корпуснага сапёрнага Гродзенскага батальёна Аляксей Кузняцоў асабіста абясшкодзіў 12 бомб. Узнагародны комплекс і рэчы капітана захоўваюцца ў музеі.

[caption id="attachment_108692" align="alignnone" width="600"]4-15 У мін­скім «кат­ле» ў ад­ным пал­ку зма­га­лі­ся баць­ка і сын Анд­ро­са­вы.[/caption]

На паўдарозе да Перамогі

Сустрэча войскаў 1-га і 3-га Беларускіх франтоў, якая адбылася ў Мінску 3 ліпеня 1944 года, азначала, што на ўсходзе горада ў акружэнне трапіла 105-тысячная групоўка гітлераўцаў. Вынікі тых баёў узнаўляе дыярама «Мінскі кацёл», якую спецыяльна для музея выканала Студыя ваенных мастакоў імя Грэкава.

У мінскім «катле» ў адным палку змагаліся з ворагам бацька і сын Андросавы. У баі пад вёскай Раткаўшчына, што ў Смалявіцкім раёне, Іван Андросаў загінуў. Такі лёс быў у бацькі: выносіць з поля бою свайго мёртвага сына. Пасмяротна герой быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені. У баі пад Раткаўшчынай удзельнічаў і наводчык гарматы 873-га знішчальна-супрацьтанкавага артылерыйскага палка Анатоль Аўдзееў. Ажыццявіўшы сем контратак праціўніка, чырвонаармеец працягваў бой і пасля гібелі разліку. У рукапашнай сутычцы знішчыў чатырох фашыстаў. За мужнасць і гераізм яму прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза.

Асноўныя сілы групы армій «Цэнтр» былі разгромлены 11 ліпеня. Савецкія салдаты знішчылі 70 тысяч гітлераўцаў, 35 тысяч узялі ў палон, у тым ліку 12 генералаў. Сярод іх быў і генерал Мюлер, які камандаваў 4-й нямецкай арміяй. У гонар воінаў 1-га, 2-га, 3-га Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага франтоў, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі, у 1969 годзе на шашы Мінск—Масква з'явіўся Курган Славы.

Партызаны сталі ў строй

16 ліпеня 1944 года ў вызваленым Мінску адбыўся знакаміты парад партызан. Больш чым 30 тысяч народных мсціўцаў урачыста прайшлі па гарадскім іпадроме. Пасля гэтай гістарычнай падзеі, якая захавалася ў фотахроніцы, 180 тысяч партызан папоўнілі шэрагі Чырвонай Арміі. 12 з іх сталі Героямі Савецкага Саюза, 20 — поўнымі кавалерамі ордэна Славы.

Запаветную Зорку Героя атрымаў і сувязны, кулямётчык партызанскай брыгады «Разгром» Мінскай вобласці. На жаль, пасмяротна. Пётр Купрыянаў загінуў у баях на тэрыторыі Латвіі, закрыўшы сабой амбразуру нямецкага дзота. Яго подзвіг натхніў беларускага скульптара Сяргея Вакара на архітэктурную кампазіцыю, якая змяшчаецца ў музеі. Яшчэ адна скульптурная кампазіцыя, прысвечаная гэтай сям'і, — помнік подзвігу маці-патрыёткі — знаходзіцца ў Жодзіне. Настасся Купрыянава страціла на вайне ўсіх сваіх — пяцярых! — сыноў. Пётр быў наймалодшым.

[caption id="attachment_108690" align="alignnone" width="600"]4-13 Най­вы­шэй­шай пал­ка­вод­чай уз­на­га­ро­дай — ор­дэ­нам «Пе­ра­мо­га» — быў уз­на­га­ро­джа­ны ў тым лі­ку ўра­джэ­нец Грод­на ге­не­рал ар­міі Аляк­сей Ан­то­наў.[/caption]

Подзвіг француза

Праз 20 гадоў пасля заканчэння вайны ў адным з балот Віцебшчыны школьнікамі быў знойдзены матор ад савецкага самалёта-знішчальніка «Як-9». Па нумары матора ўдалося высветліць, што на гэтым самалёце ваяваў і загінуў лётчык авіяпалка «Нармандыя-Нёман» Жак Гастон. Аб баявым шляху легендарнага палка расказваецца ў экспазіцыі. У асобнай вітрыне і фотаздымкі героя, якія з Францыі даслала маці Жака Гастона. У 1970-я гады Александрын прыязджала ў Беларусь, каб наведаць брацкую магілу ў вёсцы Славені Талачынскага раёна, дзе пахаваны яе сын, які падчас вызвалення Беларусі здзейсніў 11 баявых вылетаў.

Трохгадовая акупацыя Беларусі завяршылася 28 ліпеня 1944 года, калі быў вызвалены Брэст. Свабода дорага каштавала нашаму народу. У перыяд баявых дзеянняў на тэрыторыі краіны загінулі 97 232 воіны. Увогуле ў аперацыі «Баграціён» Чырвоная Армія страціла 765 800 салдат.

Двойчы Героі і проста... герой

Выгнаўшы ворага з Беларусі, Чырвоная Армія трымала курс на Еўропу. Горад за горадам, краіну за краінай вызвалялі ад фашысцкіх кайданоў савецкія салдаты. Менавіта там, на чужыне, сваю другую Залатую Зорку Героя Савецкага Саюза атрымалі чатыры беларусы — Сцяпан Шутаў, Іван Якубоўскі, Іосіф Гусакоўскі і Павел Галавачоў. Іх скульптурныя партрэты ўпрыгожваюць музейную экспазіцыю. Тут знаходзяцца і асабістыя рэчы вядомых вайскоўцаў, напрыклад узнагароды, пісталет і гадзіннік Сцяпана Шутава. Ураджэнец Глускага раёна Магілёўскай вобласці камандаваў 20-й гвардзейскай танкавай брыгадай, якая вызначылася пры вызваленні Украіны і Румыніі. На тэрыторыі апошняй воіны знішчылі 22 нямецкія танкі. Сам Шутаў быў цяжка паранены пры вызваленні Венгрыі. Пасля вайны жыў у Кіеве.

А гэтыя два ордэны Леніна, шэсць — Чырвонага Сцяга, два — Чырвонай Зоркі і іншыя ўзнагароды, а таксама лётны шлемафон і пальчаткі належалі Паўлу Галавачову, які збіў 31 самалёт праціўніка. Падчас баёў ва Усходняй Прусіі лётчык здзейсніў рэдкі паветраны таран. На вышыні 9 тысяч метраў вінтом свайго самалёта нанёс удар варожаму «Юнкерсу».

Пры прарыве абароны праціўніка першым уварваўся ў траншэю і знішчыў 5 гітлераўцаў былы беларускі партызан Рыгор Мароз. У гэтым баі ён быў забіты аўтаматнай чаргой. Сёння ў музеі можна ўбачыць гімнасцёрку, якую маці пашыла Рыгору, калі праваджала на фронт, ліст з фронту ў вершаванай форме і ордэн Айчыннай вайны – адзіны ордэн, які пасля гібелі заставаўся ў сям’і…

На Берлін!

16 красавіка 1945 года пачалася Берлінская аперацыя, у якой бралі ўдзел войскі 1-га Беларускага фронту пад камандаваннем Георгія Жукава, 1-га Украінскага — пад камандаваннем Івана Конева і 2-га Беларускага — пад камандаваннем Канстанціна Ракасоўскага.

20 красавіка. На гадзінніку — 11.20 раніцы. Па Берліне адкрыты першы агонь. Гэтая важная місія была даручана воінам 30-й артылерыйскай брыгады пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза Іосіфа Жыгарова, які пасля вайны жыў у Мінску. Ён і перадаў у музей свой фотаздымак, бінокль, ліхтарык і планшэт.

25 красавіка 1945-га адбылася знакамітая сустрэча саюзнікаў на Эльбе. Манекены салдат-саюзнікаў дазваляюць уявіць, як выглядалі французскія, англійскія, амерыканскія і савецкія вайскоўцы. А вось вядомы на ўвесь свет фотаздымак «Усход сустракаецца з Захадам», на якім савецкі салдат Аляксандр Сільвашка абдымаецца з амерыканцам Вільямам Робертсанам. Пасля вайны настаўнік беларускай школы і амерыканскі ўрач сябравалі, нават сустракаліся.

Баі за Рэйхстаг пачаліся 29 красавіка. Раніцай 1 мая на будынкам узняўся Чырвоны Сцяг, які сімвалізаваў Перамогу. Берлінскі гарнізон капітуляваў 2 мая. Акт аб капітуляцыі быў падпісаны 8 мая 1945 года ў прыгарадзе Берліна Карлхорсце. Аб гэтай важнай падзеі нагадваюць фотаздымкі, а таксама карціна беларускага мастака Яўгена Ціхановіча.

Перамаглі!

Дзень Перамогі адзначылі 9 мая. Але весяліліся не ўсе. Другая сусветная вайна працягвалася... 8 жніўня 1945 года Савецкі Саюз аб'явіў вайну Японіі. Пяць нашых землякоў падчас японскай кампаніі сталі Героямі Савецкага Саюза.

У экспазіцыі — парадны кіцель маршала Савецкага Саюза Аляксандра Васілеўскага, які быў галоўнакамандуючым савецкімі войскамі на Далёкім Усходзе, фотапартрэт начальніка Генеральнага штаба, ураджэнца Гродна, генерала арміі Аляксея Антонава. Наш зямляк стаў адным з 11 савецкіх военачальнікаў, узнагароджаных найвышэйшай палкаводчай узнагародай — ордэнам «Перамога».

Квантунская армія была разгромлена за 24 дні. 2 верасня 1945 года на борце амерыканскага лінкора «Місуры» адбылося падпісанне Акта аб капітуляцыі Японіі, якое і паставіла кропку ў Другой сусветнай вайне.

Настала мірнае жыццё. Але не менш важныя задачы чакалі савецкіх людзей. Трэба было аднаўляць гарады і вёскі, заводы і фабрыкі, якія ляжалі ў руінах. Залечваць раны, нанесеныя вайной. Пра гэта — наступным разам.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Святлана ПРЫБЫШ, загадчыца аддзела ваенна-франтавой гісторыі Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Фота Аляксандра ШАБЛЮКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».