Вы тут

Па жыцці з... гірай


Падымаць яе можна нават у 90-гадовым узросце!

Пачуўшы на прэс-канферэнцыі, што папярэднічала чэмпіянату свету па гіравым спорце ў Гродне, аб удзеле ў спаборніцтвах 91-гадовага мужчыны, карэспандэнт «Звязды» спачатку палічыў гэта за жарт. Але назаўтра сапраўды ўбачыў у легкаатлетычным манежы цэнтральнага спартыўнага комплексу «Нёман» унікальнага гіравіка з Латвіі Паўлюса ГІЛІСА. Чалавека, які адчувае сапраўдную асалоду ад таго, што, так бы мовіць, крочыць па жыцці з гірай.

[caption id="attachment_108683" align="alignnone" width="600"]4-5 Най­ста­рэй­шы ўдзель­нік чэм­пі­я­на­ту 91-га­до­вы Паў­люс Гі­ліс.[/caption]

Горад над Нёманам упершыню прыняў чэмпіянат свету, які арганізавалі Міжнародная федэрацыя гіравых відаў спорту і Беларуская федэрацыя майстроў гіравога спорту і сілавога жангліравання. Нейкіх абмежаванняў па ўзросце не было, у васемнаццаці ўзроставых катэгорыях спаборнічалі 157 удзельнікаў з 17 краін. Найстарэйшага чытачы ўжо ведаюць, а самай маладой спартсменцы споўнілася шэсць гадоў. Вялікія па складзе каманды ўдзельнікаў ужо традыцыйна прадстаўлялі Беларусь, Расію і Украіну. Прыехалі таксама гіравікі з Латвіі, Літвы, Казахстана, Польшчы, Таджыкістана, Узбекістана і іншых краін. Два студэнты, якія вучацца ў Гродне, выступалі за Ірак і Нігерыю.

У чэмпіянаце ўдзельнічалі ўсе, хто пажадаў: не толькі вопытныя майстры гіравога спорту, рэкардсмены свету, уладальнікі рэкордаў Гінеса (дасягненні ва ўсіх пяці намінацыях, якія прызнаны штаб-кватэрай знакамітай кнігі ў Лондане, зараз належаць беларускім спартсменам), але і пачаткоўцы. Некаторыя з апошніх гіру (важыла яна, вядома, не максімальныя 32, а 4 кілаграмы) увогуле падымалі ўпершыню. Для іх правёў майстар-клас адзін з арганізатараў гэтых спаборніцтваў, шматразовы рэкардсмен свету і Гінеса Анатоль ЯЖОЎ.

— Гіравы спорт даступны як мужчынам, так і жанчынам любога ўзросту. Ён умацоўвае сардэчна-сасудзістую і імунную сістэмы, садзейнічае развіццю лёгкіх, дыхання, — зазначае гэты легендарны гіравік, які ўстанаўліваў рэкорды ў экстрэмальных пунктах усіх кантынентаў, мацерыкоў і частак свету, у тым ліку на Паўночным і Паўднёвым полюсах. — Я вельмі ўдзячны ўладам Гродзеншчыны за вялікую дапамогу ў арганізацыі гэтых спаборніцтваў.

Пасля майстар-класа ўсё для пачаткоўцаў адбывалася, як на сапраўдным чэмпіянаце высокага міжнароднага ўзроўню: афіцыйная заяўка, суддзя насупраць кожнага ўдзельніка, які фіксуе на электронным пульце яго вынік, і, зразумела, медалі прызёрам. Дарэчы, «бронзу» сярод навічкоў заваяваў калега аўтара гэтых радкоў, журналіст «Гродзенскай праўды» Сяргей ГАЎРЫЦКІ.

Што тычыцца Паўлюса Гіліса, то ён захапляецца плаваннем, веласіпеднымі прагулкамі, а гіравы спорт стаў яго хобі тры гады таму. І ўжо ў восьмы раз былы школьны настаўнік хіміі і біялогіі ўдзельнічаў у спаборніцтвах. З'яўляецца шматразовым чэмпіёнам Еўропы і свету ў сваёй узроставай катэгорыі, сярод яго дасягненняў — удзел ва ўстанаўленні калектыўнага рэкорду Гінеса, калі гіравікі на працягу пэўнага часу сінхронна падымаюць гіру.

— Заняткі гірай дапамагаюць мне падтрымліваць не толькі фізічны тонус, але і добры настрой, — кажа Паўлюс Гіліс.

У Гродне ён крыху больш чым за хвіліну 38 разоў падняў 8-кілаграмовую гіру. Мог бы, мусіць, дабіцца і лепшага выніку, але трэнер Вестурс Гаргурніс вышэйзгаданую нагрузку палічыў аптымальнай для ўзросту свайго падапечнага і даў яму сігнал закончыць выступленне.

А вось спартсменка з Польшчы Ганна ЛЕВАНДОЎСКА спецыяльна прыехала ў Гродна, каб устанавіць свой чарговы рэкорд. У гіравым марафоне (рывок на працягу гадзіны) яна ажыццявіла 1403 пад'ёмы 10-кілаграмовай гіры. Відэазапіс гэтага выступлення будзе накіраваны ў штаб-кватэру Кнігі рэкордаў Гінеса, і калі з боку яе прадстаўнікоў не будзе нараканняў, то спартсменка атрымае «рэкордны» сертыфікат.

Дарэчы, гродзенец Яўген НАЗАРЭВІЧ, пяціразовы ўладальнік рэкорду Гінеса, у гэтых спаборніцтвах з прычыны траўмы не ўдзельнічаў, выконваў абавязкі суддзі. Але на памост выйшаў яго 11-гадовы сын! Максім НАЗАРЭВІЧ устанавіў свой асабісты рэкорд, падняўшы 8-кілаграмовую гіру 223 разы за 10 хвілін. Сёння гэта сусветны рэкорд у яго ўзроставай і вагавой катэгорыі. Яўген Назарэвіч гатовы падзяліцца сваім вопытам з тымі, хто жадае заняцца гіравым спортам, хоча стварыць адпаведны клуб.

Зрэшты, чэмпіянат у Гродне пакіне пасля сябе не толькі чыста спартыўныя дасягненні.

— Адчуваеце, якая тут сяброўская атмасфера. Табе ўсе рады, — зазначае дацэнт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова 68-гадовы Алег УЛЬЯНАЎ. — Прычым усё робіцца выключна на грамадскіх пачатках. Прыязджаем на спаборніцтвы, робім грашовы ўзнос — і за кошт агульных сродкаў адліваюцца вось гэтыя гіры, закупляюцца судзейскія пульты. Пасля спаборніцтваў у Магілёве прывезеныя гіры нам, дарэчы, і пакінулі. Маўляў, займайцеся самі на здароўе і далучайце іншых.

Алег Іванавіч, згодна з узростам, павінен быў рабіць так званы «млын» (жым лежачы) з 10-кілаграмовымі гірамі. Аднак, атрымаўшы дазвол медыкаў, выйшаў на памост у Гродне з 24-кілаграмовымі. І выступіў выдатна!

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchіk@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».