Вы тут

Першыя падпісчыкі «Звязды»


з'явіліся яшчэ да рэвалюцыі.

За назваю гэтага артыкула хаваецца важная частка гісторыі. Падпісчык — асоба, якая падпісваецца на тое ці іншае газетнае выданне. Мецэнат — апякун, заступнік, матэрыяльны памочнік. Гэтыя паняцці аб'ядноўваюцца агульнай прыналежнасцю да пэўнага віду мастацтва — друкарскай справы.

[caption id="attachment_108695" align="alignnone" width="600"]4-18 Маск­ва, 1921 год. У.І. Ле­нін (ста­іць спра­ва ў пер­шай ша­рэн­зе) і К.Я. Ва­ра­шы­лаў (за ім) ся­род дэ­ле­га­таў Х з'ез­да РКП(б). Пра дэ­ле­га­таў бе­ла­рус­кай парт­ар­га­ні­за­цыі на гэ­тым з'ез­дзе пі­са­ла «Звяз­да».[/caption]

Сярод падпісчыкаў першых беларускіх газет сярэдзіны ХІХ стагоддзя — ксяндзы, прафесары, графы, бібліятэкары. Станаўленню беларускай друкарскай справы дапамагалі таксама замежныя мецэнаты Магдаліна Радзівіл, Раман Скірмунт, Тэрэза Гардзілоўская, Антон Івашэўскі. На старонках тагачаснага друку выраслі вядомыя літаратары, грамадскія дзеячы Браніслаў Тарашкевіч, Аркадзій Смоліч, Максім Гарэцкі, Янка Купала, Якуб Колас.

Падобныя працэсы звязаны з нараджэннем у пачатку ХХ стагоддзя газет «Правда» і «Звязда». Іх першымі падпісчыкамі былі грамадскія дзеячы, салдацкія і рабочыя калектывы, прафесіянальныя рэвалюцыянеры. У 1917 годзе салдаты перадалі першаму рэдактару «Звязды» А.Ф. Мяснікову каля 10 тысяч рублёў. Рэдакцыя прасіла бальшавіцкіх лідараў напісаць у «Звязду». Але даў згоду толькі Л.Д. Троцкі. Ён жа даслаў у газету ў 1925 годзе матэрыял, прысвечаны памяці загінулага на Каўказе ў авіяцыйнай катастрофе А.Ф. Мяснікова. Але некралог не пайшоў у друк з прычыны адсутнасці згоды з боку ЦК УКП(б). Дапамагалі «Звяздзе» фінансава стаць на ногі У.І. Ленін, Л.Д. Троцкі, Я.М. Свярдлоў, Р.Я. Зіноўеў.

У выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі адбылося тое, пра што раней толькі спявалася ў песнях і казалася ў казках, — «хто быў нікім, той стаў усім». Рэвалюцыя стварыла апарат кіравання, які называў сябе дзяржавай. Галоўным дапаможнікам гэтай дзяржавы стаў друк, у цэнтры якога ў Беларусі была «Звязда».

Так супала, што «Звязда» ўбачыла свет якраз тады, калі ў Мінску з'явіўся міністр земляробства Часовага ўрада Чарноў, які прыехаў, каб уціхамірыць бунты працоўных (яны адмаўляліся падпарадкоўвацца Часоваму ўраду). Яго спроба закрыць «калючае» выданне — «Звязду», якая заклікала да непадпарадкавання, друкавала артыкулы Леніна, — не прынесла жаданых вынікаў. Тым больш сам міністр якраз у гэты час пазбавіўся сваёй пасады: Часовы ўрад быў звергнуты... (Але не ўсе газеты падтрымалі бальшавікоў. Газета «Вольная Беларусь», напрыклад, аб прынцыповых зменах пісала наступнае: «Устанаўліваць у нас, пры нашай гаспадарцы і грамадскай адсталасці, сацыялістычны лад — гэта ўсё роўна, калі б хто-небудзь з малога дзіцяці раптоўна пажадаў зрабіць мужчыну і стаў бы цягнуць яго за вушы ўгору».)

У дні Кастрычніцкай рэвалюцыі віталі «Звязду» ваеннаслужачыя інжынернай роты Сібірскай стралковай дывізіі, Дывізійнага абозу І Кавалерыйскай грэнадзёрскай дывізіі, тэлеграфнай роты Сібірскага Інжынернага палка, члены салдацкага камітэта 289-га пяхотнага запаснога палка, салдаты 3-й і 4-й рот Мінгрэльскага палка, рабочыя і салдацкія дэпутаты Мінскага Савета. Апошнія не дазволілі Часоваму ўраду ліквідаваць друкарню «Звязды».

Дзякуючы знакамітым удзельнікам Кастрычніцкай рэвалюцыі — А.Ф. Мяснікову, М.В. Фрунзэ, В.Г. Кнорыну, В.В. Фаміну і іншым — «Звязда» і Кастрычнік сталі вельмі блізкімі з'явамі. Гэта якраз і адыграла значную ролю ў тым, што пазней «Звязда» ператварылася ў сапраўдны рупар новага грамадства. Газета ўваходзіла ў жыццё як орган Мінскага РСДРП(б). Тут, у Мінску, падкрэсліваючы шматнацыянальны характар насельніцтва, друкаваліся розныя газеты: «Вольная Беларусь», «Крестьянская газета», «Минская газета», «Новое варшавское утро», «Товарищ», «Фронт», «Дер Векер», «Арбайтер», «Луч» і інш.

Ці магла «Звязда» ўжо ў 1917 годзе друкавацца на беларускай мове? Мабыць, не. У акцёрскім свеце лічыцца, што ўбачыць талент акцёра дапамагаюць яго вочы. Такую ролю ў перыёдыцы выконвае тэматыка. «Звязда» і беларускамоўная газета «Наша ніва», якая выходзіла крыху раней, розныя ў тым, што апошняя вырасла на сваёй, беларускай, тэматыцы, а «Звязда» — першапачаткова на адлюстраванні грамадскага і дзяржаўнага жыцця Беларусі, як часткі агульнарасійскіх падзей. З гэтых пунктаў гледжання і фарміравалася кола яе чытачоў.

24 лістапада 1924 года «Звязда» надрукавала спіс «Правадыроў Кастрычніцкага перавароту» (14 чалавек), у якім І.В. Сталін значыўся трэцім пасля Л.Б. Каменева і Л.Д. Троцкага. Так у Беларусі, як і ў іншых месцах СССР, пачалася дыскусія І.В. Сталіна з Л.Д. Троцкім, выкліканая артыкулам апошняга «Урокі Кастрычніка». Не сакрэт, што Сталіна ў той час мала хто ведаў, затое папулярнасць Троцкага канкурыравала з ленінскай. Але ў партыю прыйшлі сотні тысяч новых людзей, якім імпанавала простае і даступнае для разумення сталінскае бачанне ўрокаў Кастрычніка і цяжка даваліся навукападобныя тлумачэнні Троцкага, якія нярэдка ўспрымаліся як спроба заняць месца У.І. Леніна ў гісторыі дзяржаўнага перавароту. Спрэчкі закончыліся абвінавачваннем Троцкага ў штучным развязванні дыскусіі. Гэтую ацэнку падтрымалі партыйныя арганізацыі Мінска, Магілёва, Віцебска, Мазыра і іншых гарадоў.

Як вядома, паміж тым, што пішацца і што выходзіць у свет, існуе рукапіс, які нярэдка сам пераўтвараецца ў асобны твор з асобнай гісторыяй. Той жа рукапіс кнігі Доўнар-Запольскага «Гісторыя Беларусі» быў у 1926-м забаронены да друку — за станоўчы водгук аб ролі беларускага сялянства ў нацыянальна-дзяржаўным будаўніцтве. Гэта быў першы рукапіс-ахвяра Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Беларусі — толькі з той прычыны, што аўтар паставіў на першае месца як галоўную рухаючую сілу не пралетарыят, як пісалася ў праграме УКП(б), а сялянства. Тады «Звязда» гэтую праблему «замаўчала», што паўплывала і на наступныя падзеі. У 1929-м у Мінску адсвяткавалі 45-годдзе навуковай дзейнасці М.В. Доўнар-Запольскага, але рэкамендацыю для яго абрання ў акадэмікі АН СССР не далі.

А ці была гатова «Звязда» ў прафесійным і інтэлектуальным плане для выканання сваіх задач у мірных умовах? Спачатку яе выратоўвала адсутнасць канкурэнцыі: яна была адзінай буйной газетай кампартыі ў Беларусі. Застацца на вышыні дапамагала беларусізацыя — газета пайшла ў вёску. Але існавалі і праблемы. Адна з іх — сінхронны пераклад газетных тэкстаў адразу на рускую, беларускую, яўрэйскую, польскую, літоўскую мовы! Давялося ўраду раіцца з пісьменнікамі. Яны палічылі больш эфектыўным ужыванне толькі дзвюх дзяржаўных моў: беларускай і рускай. Але на практыцы руская мова працягвала дамініраваць у мастацкай літаратуры, перыёдыцы, адукацыі. Агітацыя за беларусізацыю, якая ішла ў краіне (1924 г.), скараціла колькасць падпісчыкаў «Звязды» да кастрычніка 1927 года на 14 тысяч чалавек, што склала 70 працэнтаў ад іх агульнай колькасці (!). Пытанне экстранна разгледзелі 15 верасня 1927 года на пасяджэнні бюро ЦК КП(б)Б. Сярод прапанаваных дзеянняў: «Растлумачыць у масах, што «Звязда» была і застаецца адзіным цэнтральным органам КП(б)Б... Усе члены партыі павінны чытаць «Звязду» — вось лозунг, які акругкамы, райкамы і бюро ячэек павінны папулярызаваць сярод партыйцаў. Актыўная, больш свядомая частка беспартыйных і рабочых таксама павінна стаць чытачом «Звязды». Такую пастанову трэба даць усім ячэйкам КП(б)Б і прафарганізацыям».

У 20-я гады ажывіўся працэс цэнтралізацыі ўлады. Ізноў Беларусь стала называцца часткаю РСФСР. Зацягвалася прыняцце паўнавартаснай Канстытуцыі Беларускай ССР. Імя Беларусі не аказалася ў Рыжскім мірным дагаворы (1921 г.). Рэдактары «Звязды» перасталі ўваходзіць у рэспубліканскія партыйныя органы. Але заданні па падрыхтоўцы важных палітычных дакументаў яны ўсё ж атрымлівалі... Гэта былі праблемы росту новай дзяржавы, якія на ХVІІІ з'ездзе УКП(б) у 1939 годзе прызнаў нават Сталін. Але многія з тых, хто атрымаў заўвагі ў 1920-я гады, былі рэпрэсаваны ў 1937-м (Сталін ні пра што не забываўся). Драма часу не абмінула і лёсы многіх кіраўнікоў «Звязды»...

Вось што казаў у 1927 годзе аб друкарскай справе член праўлення Беларускага дзяржаўнага выдавецтва І. Цвікевіч: «Тут, у Мінску, дзе ў дарэвалюцыйныя часы ведалі і бачылі толькі друкаванне візітных картак, бланкаў для ўстаноў і цукерачных паперак, дзе паліграфічныя прадпрыемствы мелі напаўсаматужны характар і па сваім абсталяванні зусім не адпавядалі сучаснай кнігавыдавецкай тэхніцы — тут трэба было нанава, упершыню ствараць кнігу. Ствараць у сэнсе прывівання пашаны да друкаванага слова, у сэнсе перанясення на мінскі грунт «культу кнігі», які звычайна існуе ў старых кнігавыдавецкіх прадпрыемствах».

У выдавецкай справе актыўна ўдзельнічала і «Звязда». Прыклад браўся з ранейшых газет «Наша доля» і «Наша ніва», якія мелі ўласныя аднайменныя выдавецтвы. «Звязда» з лістапада 1917-га да заканчэння польскай інтэрвенцыі (1921 год) выдала дзясяткі брашур, пратаколы Паўночна-Заходняга абкама РКП(б), І з'езда КП(б)Б, Канстытуцыю РСФСР, праграму РКП(б), працы А.Ф. Мяснікова, В.Г. Кнорына, М.І. Калініна,
Д. Беднага і інш. «Звязда», як кажуць, сумленна і дзелавіта рабіла ўсё неабходнае для стварэння ў рэспубліцы сучаснай, узброенай высокакваліфікаванымі спецыялістамі, дзяржаўнай выдавецкай справы.

Які твар мела сама газета? Твар добраахвотнага ўдзельніка шматлікіх грамадскіх працэсаў. Асобай формай сувязі з жыццём з'яўляўся рабселькараўскі рух. У 1927 годзе ў Беларусі на ўліку 14 газет знаходзілася 1876 рабкараў і 2232 селькары. 70 працэнтаў ад агульнай колькасці мелі ўзрост да 25 гадоў, партыйныя і камсамольскія работнікі складалі 30 працэнтаў, жанчыны — 5—7 працэнтаў. Побач са станоўчым у добраахвотным карэспандэнцкім руху існавалі і недахопы: наяўнасць «падпольшчыны», жадання заставацца невядомымі для навакольных, перабор адмоўнага не на карысць станоўчаму, пісанне як спосаб расквітацца, злоўжыванне рабселькараўскім званнем, прызнанне партыйнага кіраўніцтва, але недавер да нізавых партячэек і асобных партыйцаў...

Жыццё віравала, было зменлівым як ніколі. За ім не заўсёды паспявалі карэспандэнцкія пёры. А свет чакаў ад Беларусі выразнага дзяржаўнага самавызначэння: з кім яна? З капіталізмам, сацыялізмам ці манархіяй? І ў адказ пачуў: «З сацыялізмам і з СССР».

Менавіта ў «Звяздзе» сфарміраваліся і сталі шырокавядомымі дзяржаўнымі і грамадскімі дзеячамі А.Ф. Мяснікоў, М.В. Фрунзэ, К.І. Ландар, В.Г. Кнорын, В.В. Фамін, І.І. Рэінгольд, Р.В. Нікель, К.І. Шутко, Г.Ф. Усцінаў і іншыя выбітныя асобы.

...Непаўторны класік рускай літаратуры М.В. Гогаль аднойчы сказаў: «У пісьменніка ёсць толькі адзін настаўнік — чытач». Гэтыя словы можна аднесці і да газетных работнікаў, бо дзякуючы названаму прынцыпу, дзякуючы вялікай павазе да свайго чытача «Звязда» змагла перамагчы многія перашкоды бурлівага часу і заняць пачэснае месца ў рэспубліканскай сістэме сродкаў масавай інфармацыі.

Яўген БАРАНОЎСКІ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.