Вы тут

Рост эканомікі пачнецца праз год


Таксама эксперты Сусветнага банка высока ацанілі інжынерны патэнцыял Беларусі.

На прэзентацыі новага эканамічнага агляду па Беларусі старшы эканаміст Сусветнага банка (СБ) Руслан Піянткіўскі паведаміў, што гэта міжнародная фінансавая ўстанова ў сваім дакуменце прадказвае аднаўленне росту валавага ўнутранага прадукту (ВУП) нашай краіны ў 2017 годзе. На 2015 год прагнозы Сусветнага банка па Беларусі засталіся ранейшымі — да канца года зніжэнне ВУП складзе 3,5%. «Налета падзенне працягнецца, але больш мяккімі тэмпамі — на 0,5%. А вось у 2017 годзе мы чакаем, што адновіцца рост ВУП, але ён будзе нязначным — на ўзроўні 1%», — сказаў прадстаўнік банка.

4-31

Неабходнасць структурных рэформаў

Кіраўнік прадстаўніцтва СБ у Беларусі Ян Чул Кім увогуле лічыць, што наша краіна валодае большасцю неабходных фактараў для паспяховай рэалізацыі структурных рэформаў. «Калі і існуе краіна, у якой ёсць большасць неабходных фактараў для паспяховай рэалізацыі структурных рэформаў, то гэта якраз Беларусь. Адзіная задача — перафарматаваць гэтыя існуючыя фактары, зрабіць так, каб беларускія вытворцы былі канкурэнтаздольнымі на сусветных рынках», — адзначыў кіраўнік прадстаўніцтва. Тут ён асобна падкрэсліў, што, калі ацаніць якасць чалавечага капіталу ў Беларусі, у тым ліку ў інжынернай, навуковай і вытворчай сферах, то не існуе прычын, чаму даходы насельніцтва Беларусі не могуць значна павялічыцца.

Курс на макраэканамічную стабільнасць урадам вытрымліваецца

Яшчэ Ян Чул Кім звярнуў увагу на тое, што макраэканамічная стабільнасць з'яўляецца папярэдняй і абавязковай умовай для правядзення структурных рэформаў. Калі робяцца нейкія значныя рэформы і перабудова ў эканоміцы, калі яна схільная да моцнай валацільнасці, то вынікі такіх структурных змяненняў могуць быць непрадказальнымі. «Першая ўмова для ажыццяўлення структурных рэформаў — стабілізацыя эканомікі і стварэнне перадумоў для генеравання большага аб'ёму даходаў — ужо пачынае выконвацца. Зразумела, што зойме пэўны час пазбаўленне ад назапашаных дысбалансаў. Важна адзначыць, што мы бачым з боку ўлад іх прыхільнасць і накіраванасць на выбраны курс — гэта відаць у тым ліку па палітыцы ў галіне інфляцыі і абменнага курсу», — падкрэсліў Ян Чул Кім.

Дакладчыкі адзначаюць, што гэта фінансавая арганізацыя ўжо з 2014 года праводзіць рэгулярныя дыскусіі па абмеркаванні кожнага з кампанентаў структурных рэформаў. Дарожная карта рэформаў, падрыхтаваная Сусветным банкам, працягваецца ў Беларусі апошнія 18 месяцаў і грунтуецца выключна на дыялогу. «Калі мы прадставілі адпаведны дакумент ураду, ён пагадзіўся з большасцю выбраных кірункаў», — паведаміў кіраўнік прадстаўніцтва.

Перспектыва — устойлівае развіццё

У новым аглядзе адзначаецца, што выкананне паслядоўных рэформаў пры падтрымцы міжнародных партнёраў і інвестараў можа стаць магутным стымулам эканамічнага росту краіны. Сутнасцю змен, якія прапануюць, эксперты лічаць ліквідацыю бар'ераў для больш эфектыўнага вядзення бізнесу, у першую чаргу за кошт вызвалення рэсурсаў, што сканцэнтраваны на дзяржаўных прадпрыемствах і малапрадуктыўна выкарыстоўваюцца, у тым ліку дзякуючы падтрымцы ў выглядзе льготных крэдытаў і рэструктурызацыі запазычанасці. «Прыйшоў час сістэмных і мэтанакіраваных дзеянняў па ліквідацыі ўнутраных дыспрапорцый эканомікі, што ў перспектыве павінна забяспечыць выхад на траекторыю ўстойлівага эканамічнага росту», — удакладняюць сваю пазіцыю спецыялісты Сусветнага банка.

Абвалу цэн не будзе

Не чакаюць распрацоўшчыкі эканамічнага агляду па Беларусі і рэзкага скачка цэн у нашай краіне. Ян Чул Кім адзначыў станоўчую ролю ў гэтым напрамку нашага фінансавага рэгулятара.

«За апошнія дзесяць месяцаў мы назіраем дастаткова паслядоўную грашова-крэдытную палітыку, што праводзіцца Нацыянальным банкам. Мы ў гэты перыяд не назіралі раней характэрнай палітыкі пашырэння грашовай масы, Нацбанк працягвае выконваць палітыку таргетавання інфляцыі і, наколькі мы бачым, мае намер і ў далейшым яе прытрымлівацца, таму рэзкага скачка цэн і росту інфляцыі не чакаецца», — сказаў кіраўнік прадстаўніцтва.

Згодна з прагнозам, што прадстаўлены ў новым аглядзе Сусветнага банка, рост індэкса спажывецкіх цэн сёлета складзе 17%, інфляцыя ў 2016 годзе будзе ў межах 15,2%, у 2017-м — 13%. Нагадаю, што раней Нацбанк выказаў здагадку, што інфляцыя ў краіне па выніках года не перавысіць прагноз у 18% плюс-мінус два працэнтныя пункты.

Мінэканомікі застаецца аптымістам

Трэба адзначыць, што валавы ўнутраны прадукт Беларусі летась павялічыўся на 1,6%. Першапачаткова прырост ВУП сёлета быў запланаваны на ўзроўні 0,2-0,7%, аднак паводле прагнозу Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Мінэканомікі, ён можа скараціцца ў бягучым годзе на 2,8%. Налета Мінэканомікі прагназуе павелічэнне ВУП на ўзроўні 0,3% у рамках базавага сцэнарыя, у якім закладзена сусветная цана на нафту 50 долараў за барэль.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.