Вы тут

«Свой певень бліжэй»


...Іду па вуліцы, не спяшаюся, бо надвор'е па-летняму цёплае, ды і горад наш пасля абласных «Дажынак» стаў вельмі прыгожым. Сустракаю знаёмых — мужа з жонкай. Таксама, бачу, не спяшаюцца — на шпацыр пад ручку выйшлі. Прыпыніліся, разгаварыліся — пра здароўе, пагоду, дзяцей-унукаў. «Аленка наша, ну што ў Амерыцы вучыцца, замуж выйшла», — хваліцца прыяцелька. «За негра», — дадае яе муж. «Не, ён проста цемнаскуры», — удакладняе жонка.

Мне што — гэта ж не мая ўнучка. Мая, дзякуй Богу, за беларусам, бо нікуды не з'язджала.

А мужчына далей гамонку вядзе. Кажа: «Я малодшай унучцы сказаў, каб за кітайца ці японца выходзіла, хай ужо ў нашай сям'і ўсялякія людзі будуць».

Пагаварылі мы так, пасмяяліся ды разышліся. А я мінулую восень чамусьці ўспомніла.

Мы ў сваім прыватным доме жывём, на падворку курэй трымаем. Неяк раніцай выйшла я да іх і бачу: пеўнік мой... нежывы ляжыць. Я аж заплакала, так яго шкада стала! Дужа ж гаспадарлівы быў! Як убачыць, што я ў градах, стане ля сеткі і кукарэкае. Разумею — трэба яго куркам зелля занесці... І так кожны раз...

Але ж — было, бо зараз трэба іншага пеўня шукаць.

Знайшла, прычым заморскага: на шчоках бакенбарды, на нагах шпоры, пер'е рознакаляровае... Ну, думаю, дагадзіла сваім куркам — такога прыгажунчыка займеюць!

Ці паверыце — не прынялі яго куры: дзяўблі, да корму не падпускалі, не кажучы пра іншае... Мусіць, думалі: «Ну якія з тым пеўнем кураняткі будуць?». Не іх жа парода.

А дзяўчаты, бач, апошнім часам пра гэта не думаюць. Самі прыгожанькія, а здараецца, такіх нягеглых мужчынак «замежнай вытворчасці» пад ручку вядуць... Можна падумаць, што яны за нашых хлопцаў лепшыя, харашэйшыя... Не, наўрад. А вось багацейшыя...

Зрэшты, вернемся да курэй, да таго пародзістага пеўня. Паназірала я за ім — ды назад аддала, памяняла на звычайнага. Помню, прынесла яго на падворак, развязала — ён тут жа, хоць і кульгаючы (лапкі звязаныя былі — памлелі), — да курэй... Спыніўся, гучна голас падаў: маўляў, вось я, слухаць маю каманду! І куры, бачу, адразу ж да яго — дзве бландзінкі нават біцца сталі. Бо тутэйшы ён, сваёй пароды, і кукарэкае, відаць, на той жа мове.

Валянціна Іванаўна Пабягайла, г. Ляхавічы

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.