Вы тут

Сплаў рамантыкі і прагматызму,


або Працоўны семестр на новы лад.

Днямі на цырымонію закрыцця Трэцяга працоўнага семестра ў Белдзяржфілармонію з'ехаліся найлепшыя прадстаўнікі студатрадаўскага руху сталіцы, а таксама тыя, хто дапамагаў моладзі правесці мінулае лета з карысцю.

5-3

Зацікаўленыя маглі ўбачыць некаторыя з аб'ектаў, на якіх працавала моладзь мінулым летам, на пляцоўцы «Будуем разам». Дарэчы, такіх месцаў было сапраўды шмат: Беларуская АЭС, другая Мінская кальцавая аўтадарога і стадыён «Дынама» — для будаўнічых атрадаў; дзіцячыя летнікі «Барок», «Гарызонт», «Хваля» і «Спадарожнік» — для педагагічных; агракамбінат «Ждановічы», таварыства «Шаршуны-Агра» і прадпрыемства «Вілія-Агра» — для сельскагаспадарчых; «Мінскзелянбуд», Бярэзінскі біясферны запаведнік і Мінскі лясгас — для экалагічных; прадпрыемствы «Атлант», «Белпошта» і «Белтэлекам» — для сэрвісных.

— Сёлета я ўпершыню трапіла ў склад студэнцкага атрада — і адразу ж стала яго камандзірам, — распавядае ўдзельніца мерапрыемства, студэнтка ІІ курса факультэта англійскай мовы Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Аліна КНЫШ. — Мы працавалі ва ўніверсітэце падчас прыёмнай кампаніі: дапамагалі абітурыентам запаўняць заявы і анкеты, дзяжурылі на экзаменах. Налета абавязкова паўтару гэты досвед.

А вось у студэнта V курса факультэта транспартных камунікацый БНТУ Уладзіслава МАРОЗА вярнуцца ў атрад не атрымаецца — гэты працоўны семестр стаў для старшакурсніка апошнім:

— Я працаваў на будаўніцтве другой кальцавой дарогі вакол сталіцы. Праўда, уласна будаўніцтвам мы не займаліся — гэта занадта адказны працэс. У нашы абавязкі ўваходзіла добраўпарадкаванне: сяўба травы, устаноўка сетак на ўзбочынах, укладка пліткі. Гэта быў мой чацвёрты будатрадаўскі досвед — дагэтуль ніводнага лета не прапусціў. «Чыжоўка-Арэна», Палац Незалежнасці — аб'екты, у якіх ёсць і доля маёй працы. Самае класнае ў студатрадаўскім руху — гэта людзі: я ўсе чатыры гады працую з аднымі і тымі ж хлопцамі, і за гэты час мы сталі сапраўднымі сябрамі. Ну і фінансавы фактар нельга не ўлічваць: за 40 працоўных дзён я атрымаў амаль 13 мільёнаў. Гэтага хопіць, каб аплаціць навучанне ў аўташколе, і яшчэ застанецца.

5-2

Падчас цырымоніі гучалі адсылкі да гісторыі студатрадаўскага руху ў Беларусі, якая неадрыўна звязана з гісторыяй савецкай. Але ці не значыць гэта, што сучасны будатрадаўскі рух — толькі даніна слаўнаму мінуламу?

— Безумоўна, час змяняецца, але гэта не значыць, што ад трэцяга працоўнага семестра трэба адмаўляцца, — лічыць першы сакратар Мінскага гарадскога камітэта БРСМ Юрый ЧАЧУКЕВІЧ. — На маю думку, наша задача — пераасэнсаваць студатрадаўскі рух, надаць яму новы штуршок. Магчыма, цяпер у студатрадах менш рамантыкі, чым было ў савецкія часы, бо сама моладзь стала больш прагматычнай. Але мы адказваем на запыты і прапаноўваем маладым людзям адпаведныя магчымасці — не толькі цікава правесці летні адпачынак, але і зарабіць грошы.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота Сяргея Нікановіча

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.