Вы тут

Самаробкін з Бадзінава


дровы коле... не сякерай.

Умелец з глыбінкі зрабіў трактар і шмат прылад для апрацоўкі зямельнага ўчастка. Дровы ён коле не сякерай, а на самаробным станку. У яго ў гасцях пабываў карэспандэнт «Звязды».
5-30

 Уме­лец і яго вы­ра­бы.

 

Жыхар вёскі Бадзінава Полацкага раёна Васіль Васільевіч Лабовіч не крыўдзіцца, калі яго называюць «самаробкін». Суседзі яго паважаюць за тое, што ніколі не адмовіць у дапамозе: нешта адрамантуе, ахвотна падзеліцца з аднавяскоўцамі самаробным агрэгатам.

— Усё, што вы бачыце: трактар, плуг, станкі, у тым ліку і для колкі дроў, кампрэсар, электрычны млын, здрабняльнік кармоў і іншае — сам зрабіў. Усё, на чым магу сэканоміць, прыдумваю, — распавядае Васіль Васільевіч.

У ліхія 1990-я гады, ён, маючы добрую кватэру, пачаў будаваць дом у вёсцы. Сваё жыллё жартам называе помнікам. Тое, што ў яго, як кажуць, рукі залатыя, тлумачыць проста: з дзяцінства падабаецца нешта майстраваць.

— Тата многаму мяне навучыў. Ён сам будаваў... Родам я з Магілёўшчыны. Пасля таго, як скончыў 8 класаў, паступіў у вучылішча, каб атрымаць дыплом электраманцёра. У той час па ўсім Савецкім Саюзе актыўна ўзводзілі лініі электраперадач. І я марыў хадзіць на вышыні птушынага палёту па правадах. Быў рамантыкам. Скончыў вучылішча з адзнакай. Майстар вытворчага навучання Уладзімір Сямёнавіч Грабеньчык настаяў, каб я вучыўся далей. У 1973 годзе паступіў у Пінскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум. Пасля службы ў арміі атрымаў дыплом і па размеркаванні прыехаў сюды — у край блакітных азёр. На той час ужо быў жанаты. З будучай жонкай пазнаёміўся падчас вучобы. Працуе яна разам са мной у Полацкім дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці (знаходзіцца ў гарадскім пасёлку Ветрына. — Аўт.). Яна таксама выкладчык. Мы рыхтуем электраманцёраў па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, — працягвае суразмоўца.

Амаль усё, што ён змайстраваў, паказаў на падворку. Пра вырабы распавядаў доўга і падрабязна. Станок для колкі дроў любой таўшчыні без сякеры, упэўнены, здзівіць тых, хто ўсё жыццё пражыў у вёсцы. Але мяне больш зацікавіў трактар.

— У 1986 годзе пачаў яго збіраць. Тады ў мяне не было нават шліфавальнай машынкі. Усё зроблена літаральна ўручную з вузлоў і агрэгатаў ад рознай тэхнікі. У прыватнасці, мост — ад «ГАЗ-51». Падчас мадэрнізацыі прыйшлося дарабляць крылы і дах, капот мяняў і рухавікі... Зрабіў і навясныя агрэгаты. Плуг мой — адначасова і бульбасаджалка: адразу можна араць і бульбу садзіць, — тлумачыць Васіль Васільевіч.

Паказаў майстар і арыгінальную цяпліцу, якая адчыняецца літаральна лёгкім рухам рукі.

Няўжо ніхто з прадпрымальных людзей ніколі не прапаноўваў майстру запусціць нешта ў прамысловую вытворчасць?

— Не было такога. Ды і навошта? Напрыклад, беларускі мотаблок каштуе, калі не памыляюся, больш за 30 мільёнаў рублёў. А кітайскі аналаг — у два разы танней. Так, наш лепшы, больш надзейны. Але няўжо тое, што я прыдумаў, у масавай вытворчасці будзе па цане канкурэнтаздольным? — разважае майстар на ўсе рукі.

Вясковец актыўна бярэ ўдзел у добраўпарадкаванні населенага пункта.

— Сёння ў вёсцы ў асноўным жывуць пенсіянеры і дачнікі. Усяго 42 прыватныя гаспадаркі і 73 жыхары. Васіль Васільевіч ва ўсіх мерапрыемствах па добраўпарадкаванні актыўна ўдзельнічае, — хваліць земляка Аляксей Лупач, старшыня Ветрынскага сельвыканкама.

У ліцэі, дзе выкладае Васіль Васільевіч, у «Галерэі славы» шмат дыпломаў. Дакументы сведчаць аб прызавых месцах у конкурсах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. За сваю творчую працу з навучэнцамі настаўнік атрымаў і прэзідэнцкую прэмію... У кабінеце, дзе ён праводзіць заняткі, паказаў метадычныя дапаможнікі для падрыхтоўкі будучых электрыкаў. Да іх падаецца ток. Такім чынам усё адпрацоўваецца грунтоўна на практыцы. У вучэбным класе праводзяцца прафесійныя «алімпіяды», у тым ліку і рэспубліканскія.

Ліцэйскі гарадок — комплекс з усімі выгодамі. Здзівіла, што нават ёсць фантан. Падчас экскурсіі педагог адзначыў, што сярод ліцэістаў усё больш хлопцаў, якія, як кажуць, і цвіка забіць не могуць. Іх падчас вучобы, безумоўна, навучаць у гаспадарчых пытаннях быць мужчынамі. Можна сказаць, што хлопцам пашанцавала з выкладчыкам.

Пра такіх, як Васіль Васільевіч, кажуць: «чалавек ад зямлі». Яны жывуць сваёй карпатлівай працай, не скардзяцца на жыццё. Майструюць, вырошчваюць добрыя ўраджаі садавіны, агародніны, упрыгожваюць падворкі. У іх іншае адчуванне сэнсу жыцця, чым у гарадскіх. Напэўна, менавіта на такіх людзях і «трымаецца зямля». У іх і ёсць сіла глыбінкі...

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота аўтара

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Полацкі раён — Віцебск

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.