Вы тут

«Камунальныя» праблемы вырашыць не толькі ЖЭС


У Мінску пачалі працу кантакт-цэнтр і сайт ЖКГ гарвыканкама.

На пачатку верасня ў кантакт-цэнтры ЖКГ Мінска ў якасці эксперымента была адкрыта тэлефонная лінія з нумарам 115 для жыхароў Партызанскага раёна. Яна аказалася вельмі запатрабаванай. З 1 лістапада адзіны нумар, па якім можна паведаміць аб праблемах у сістэме ЖКГ, стаў агульнагарадскім. Апроч таго, запрацаваў інтэрнэт-партал «Мой горад», на якім можна пакідаць заяўкі на вырашэнне камунальных непаладак.

5-37

Адказ праз 40 секунд

Патэлефанаваўшы па кароткім нумары 115, можна паведаміць аб праблеме ў сферы ЖКГ ці інфраструктуры горада, выказаць заўвагі і прапановы, выклікаць аварыйную брыгаду, падаць заяўку на аказанне бытавых паслуг.

Аператары адзінай дыспетчарскай службы (АДС) першага ўзроўню кантактуюць з гараджанамі, прымаюць заяўкі, перадаюць іх профільным службам для прыняцця мер, кантралююць выкананне работ і паведамляюць заяўніку пра вынік.

Спецыялісты другога ўзроўню маюць вялікі вопыт працы ў ЖКГ і прыцягваюцца для вырашэння складаных, у тым ліку аварыйных сітуацый, узаемадзейнічаюць з адпаведнымі камунальнымі арганізацыямі. Напрыклад, калі ў доме знікла электраэнергія, сігнал прымаюць супрацоўнікі першай лініі, а да вырашэння праблемы падключаюцца ў аўральным рэжыме спецыялісты другой.

— Кантакт-цэнтр — гэта незалежны інстытут абслугоўвання насельніцтва. Калі заяўка, накіраваная для рэагавання ў тую ці іншую службу, не выконваецца, высвятляем прычыны, звязваемся з вышэйшым кіраўніцтвам, прымаем іншыя меры для вырашэння праблемы, — патлумачыў дырэктар Цэнтра інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама Алег СЯДЗЕЛЬНІК.

Аб запатрабаванасці новаўвядзення сведчаць лічбы: толькі за першую змену працы з 1 на 2 лістапада АДС прыняла больш за тысячу заявак, з якіх 25% былі выкананы на працягу сутак.

Цяпер адначасова на тэлефонах дзяжураць 32 дыспетчары. Да 1 студзеня іх колькасць павялічыцца да 82. Мяркуецца, што час чакання злучэння з аператарам у большасці выпадкаў не перавысіць 40 секунд. Аднак у пікавыя ранішнія і вячэрнія гадзіны, а таксама ў выпадку ўзнікнення аварыйнай сітуацыі ў нейкай частцы горада гэты інтэрвал можа быць павялічаны, аб чым папярэджваюць спецыялісты.

На працягу лістапада — снежня мінчане яшчэ змогуць звяртацца і ў дыспетчарскія ЖЭС (ЖЭУ) — яны стануць прымаць заяўкі толькі ад АДС са студзеня 2016 года. У той жа час тэлефоны «Гарадской аварыйнай службы» будуць даступныя і налета. Так што ў гараджан будзе выбар, куды звярнуцца ў экстранным выпадку.

Тэлефанаваць па нумары 115 можна як з гарадскога, так і з мабільнага тэлефона. Аплата званка — выключна па тарыфах аператараў сувязі, без збірання якіх-небудзь дадатковых плацяжоў.

Сачыць за работамі ў рэжыме анлайн

Яшчэ адзін праект інтэрнэт-рэсурсу «Мой горад» (адрас у сеціве 115.бел) рэалізаваны на базе Цэнтра інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама. Цяпер усе ахвотныя могуць паведаміць аб праблеме ў гарадской сістэме ЖКГ на сайт і ў рэжыме рэальнага часу сачыць за тым, як рэагуюць профільныя службы.

Гэты партал будзе карысным для тых, хто сутыкаецца з тымі ці іншымі праблемамі гарадской гаспадаркі, але не заўсёды мае магчымасць ці жаданне кудысьці тэлефанаваць, хадзіць, размаўляць, дамагацца, каб у выніку атрымаць пісьмовы адказ аб прынятых мерах.

Партал прызначаны для дзвюх катэгорый: грамадзян, якія размяшчаюць свае заўвагі ў выглядзе тэксту і, па магчымасці, фота, а таксама юрыдычных асоб, адказных за ліквідацыю названых недахопаў.

Каб адправіць запыт, трэба зарэгістравацца на сайце. У паведамленні варта назваць адрас і характар праблемы згодна з класіфікатарам. Напрыклад, катэгорыя «Дваровыя тэрыторыі. Добраўпарадкаванне» ўключае раздзелы «Наяўнасць выбоін і ям на праезнай частцы двара», «Патрабуецца падрэзка дрэў», «Кінутыя аўтамабілі», «Патрабуецца рамонт абсталявання дзіцячай гульнявой, спартыўнай або гаспадарчай пляцоўкі»... Катэгорыя «Шматкватэрныя дамы. Санітарны стан» падзяляецца на пазіцыі «Не прыбраныя ад смецця месцы агульнага карыстання», «Патрабуецца знішчэнне грызуноў ці насякомых», «Не вымытыя вокны ў пад'ездзе»... Іншыя катэгорыі тычацца стану дарог і тратуараў, паркаў і сквераў, рэкламных канструкцый і іншых элементаў гарадской інфраструктуры.

— Класіфікатар створаны для таго, каб карыстальнікам было лягчэй арыентавацца ў разнастайнасці гарадскіх праблем, — растлумачыў Алег Сядзельнік. — З часам ён будзе дапаўняцца новымі катэгорыямі. Акрамя таго, прадугледжана папка «Іншае». Пасля паступлення запыт апрацоўваецца, час мадэрацыі — да 72 гадзін. Потым ён выстаўляецца на сайце з указаннем даты паступлення і накіроўваецца ў падраздзяленні Мінгарвыканкама або гарадскім службам для выканання. Час адказу — да 8 сутак. Адказы правяраем на тое, наколькі яны карэктныя, кампетэнтныя, і пасля выстаўляем. Зваротная сувязь з жыхарамі рэалізуецца праз прадастаўленне магчымасці прагляду статусу апрацоўкі апублікаванага запыту, а таксама аналізу вынікаў выкананай працы ў фармаце малюнкаў «было» і «стала».

На сайце можна спампаваць два мабільныя дадаткі: «Мой горад» 115.бел і «Мінск-Mіnsk», з дапамогай якіх мінчанам будзе зручней адпраўляць запыты і атрымліваць розную актуальную інфармацыю.

— Хачу звярнуць увагу на тое, што «Мой горад» 115.бел не з'яўляецца афіцыйным сайтам Цэнтра інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама і якіх-небудзь іншых дзяржаўных органаў і арганізацый, а запыты, што паступаюць, — зваротамі, якія варта разглядаць у адпаведнасці з заканадаўствам. Задача новага партала — перайсці да празрыстай практычнай працы без рэгістрацый, папяровай цяганіны і даць магчымасць неабыякавым жыхарам удзельнічаць у развіцці свайго горада, уплываць на паляпшэнне якасці паслуг у сферы ЖКГ. Такім чынам, забяспечваюцца шматузроўневы кантроль за выкананнем заявак і зваротная сувязь з насельніцтвам на аснове адзінай інфармацыйнай прасторы, — рэзюмаваў кіраўнік Цэнтра інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама.

У найбліжэйшыя два месяцы рэсурс будзе працаваць у тэставым рэжыме: патрабуецца час, каб усё наладзіць, адпрацаваць механізм узаемадзеяння паміж юрыдычнымі асобамі і грамадзянамі.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

seradzyuk@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.