Вы тут

Інспектар па справах... пажылых


Ці лёгка маладому сацработніку паладзіць з пенсіянерамі?

«Не адчыняе. Не чуе, напэўна». Разам з Настассяй ЛАБОВІЧ, найлепшым сацыяльным работнікам Мінска, мы стаім у пад'ездзе пяціпавярховіка і настойліва звонім у дзверы. Збіраліся наведаць адну з пенсіянерак, што жыве на Насціным участку. Але бабуля, у якой праблемы са слыхам, відаць, забылася пра наш візіт. Пачакаўшы яшчэ некалькі хвілін, вырашаем не марнаваць час і адпраўляемся да наступнай падапечнай.
5-24

 Каб да­па­ма­гаць сва­ім па­да­печ­ным, На­сця на­ват з дэ­крэт­на­га вод­пус­ку ра­ней вый­шла.

Адным — памочнік, іншым — суразмоўца

Тое, што яна — адна з найлепшых у сваёй сферы, Настасся пацвердзіла ўжо двойчы. Спачатку дзяўчына пераўзышла сваіх калег на «Мінскім майстры-2015», дзе прадэманстравала выдатнае веданне заканадаўства і паспяхова справілася з практычным заданнем. А на пачатку верасня стала найлепшым маладым спецыялістам у сферы сацыяльнай абароны на мінскім гарадскім конкурсе. Выпускніца Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава (Насця скончыла факультэт сацыяльнай педагогікі і псіхалогіі) яшчэ на другім курсе стала цікавіцца дзейнасцю тэрытарыяльных цэнтраў: пісала на гэтую тэму курсавыя і дыплом. Са сваёй спецыяльнасцю дзяўчына магла б пайсці і ў іншую прафесію, напрыклад, стаць інспектарам па справах няпоўнагадовых, але падчас навучальнай практыкі зразумела, што гэты варыянт не для яе: «Разам з інспекцыяй мы ездзілі па праблемных сем'ях, дзе ў бацькоў адбіралі дзяцей. Калі былі ў дамах-інтэрнатах, малыя беглі да нас і крычалі «мама», прасілі забраць іх. Мяне гэта вельмі ўразіла. Вырашыла для сябе, што не змагу бачыць, як бацькі ламаюць лёсы дзяцей».

Настасся працуе ў тэрытарыяльным цэнтры сацабслугоўвання насельніцтва Цэнтральнага раёна сталіцы. Пару месяцаў таму дзяўчыну павысілі: цяпер яна інспектар па асноўнай дзейнасці аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму. Знаёміцца з людзьмі, якіх трэба ўзяць пад апеку (і вырашае, ці сапраўды ў гэтым ёсць неабходнасць), падбірае для іх работнікаў, якія падыдуць па характары. У кожнага ж пенсіянера свае пажаданні: адзін просіць памочніка па гаспадарцы, іншы — цярплівага суразмоўцу. Яшчэ адзін з Насціных абавязкаў — вырашаць канфліктныя сітуацыя, якія ўзнікаюць паміж кліентамі і супрацоўнікамі. Пакуль наваспечанаму інспектару шанцуе: за той час, што яна на гэтай пасадзе, скаргаў не паступала.

— Большасць нашых падапечных — адзінокія людзі. Або тыя, у каго дзеці ўжо самі пенсіянеры, — кажа дзяўчына. — Але, на жаль, у апошніх не заўсёды атрымліваецца даглядаць сваіх бацькоў, а некаторыя проста не хочуць гэтым займацца і просяць сацработніка. Тэлефануе нам жанчына і кажа, што бабулю-суседку трэба ўзяць на сацыяльнае абслугоўванне. Мы выязджаем на месца і высвятляем, што гэта званіла яе дачка, якая жыве літаральна ў пяці хвілінах хадзьбы! Мяне вельмі засмучаюць такія выпадкі. Ну як гэта: дзеці жывуць у суседняй кватэры, а да бацькоў ходзіць сацыяльны работнік, прыносіць ім прадукты, прыбірае. Калі пытаем, чаму чалавек не дапамагае сваёй маці, часта чуем: «Мы з ёй у дрэнных адносінах. Нічога не хачу пра яе ведаць». І абураюцца, што сацыяльная служба не выконвае сваіх абавязкаў. Мне гэта незразумела. Я лічу так: бацькі выхавалі цябе, цяпер ты павінен паклапаціцца пра іх. Прынесці адзін раз на тыдзень прадукты па сілах кожнаму.

«Бабулі прапаноўваюць мне жыць разам»

Па наступным адрасе нас чакае Віялета Аляксандраўна, адзінокая пенсіянерка. Звычайна ёй дапамагае іншы сацыяльны работнік, але сёння да бабулі завітала маладая інспектар: спытаць пра здароўе і даведацца, ці задавальняе абслугоўванне.

— Праходзьце, праходзьце. Толькі галаву мыць збіралася! — упускае нас у кватэру Віялета Аляксандраўна.

Пакуль пенсіянерка прымае душ, Насця ставіць на пліту чайнік з вадой і наводзіць парадак на кухні. Расказвае, што не ўсе старыя, якім сапраўды патрэбна дапамога, згаджаюцца на паслугі сацыяльнага работніка: «Саромеюцца прасіць. Маўляў, што мы, нямоглыя? Усё самі зробім. Спрабуем угаварыць чалавека. Часам ідзём на хітрыкі. Кажам: «Да вас будуць прыходзіць проста пагаварыць». Бывае, зусім не хочуць ісці на кантакт».

Віялета Аляксандраўна візітам сацыяльнай службы радуецца. Бо, прызнаецца, жыць замкнута для пажылога чалавека небяспечна. Жанчына ўзгадвае, як улетку ішла на кухню, спатыкнулася і расцягнулася на падлозе. Падняцца сама не магла: зламала плячо. Дзякуй Богу, у той дзень сяброўка вырашыла ў госці зайсці. Віялета Аляксандраўна ёй даўно не тэлефанавала, і тая пачала хвалявацца.

— А да Паліначкі (так завуць сацыяльную работніцу, што абслугоўвае жанчыну. — Аўт.) прэтэнзій няма. Заўсёды ўважлівая да мяне, — зазначае бабуля.

— Падапечныя прывязваюцца да вас? — пытаюся ў Настассі.

— Так, могуць дачкой, унучкай называць. Гэта нармальная сітуацыя, бо больш блізкіх людзей у іх няма. Некаторыя прапаноўваюць разам жыць. Пачынаеш ім тлумачыць, што ты ўжо дарослая, у цябе свая сям'я, дзіця ёсць. Засмучаюцца.

З пажылымі дзяўчыне працаваць цікава. Ідзеш у краму — замаўляюць малако пэўнай тлустасці ці каўбасу любімага гатунку. Некаторыя паказваюць абгорткі савецкіх часоў і просяць набыць дакладна такі прадукт, хоць той ужо колькі гадоў не выпускаецца.

Жанчыны ў сацслужбе — жаданне кліентаў

Разгаварыліся з Насцяй пра сацыяльную службу ў іншых краінах. Што з еўрапейскага вопыту можна было б пераняць нам?

— Мне падабаецца замежны падыход да падрыхтоўкі спецыялістаў. Студэнты ў першы год вывучаюць тэорыю, а наступныя тры гады ў іх практыка на месцах. Мне здаецца, гэта нармальна для нашай прафесіі, таму што, калі выходзіш пасля вучобы на працу, узнікае шмат пытанняў. Напрыклад, як правільна весці дакументацыю. Што да самой сістэмы сацыяльнага абслугоўвання, то нельга штосьці вырываць з практыкі іншай дзяржавы. У нас адрозніваецца заканадаўства, менталітэт. Трэба падглядзець лепшае і адаптаваць пад нашы ўмовы, — лічыць мая суразмоўца.

Дзяўчына заўважае, што ў сацыяльную сферу стала прыходзіць больш моладзі. З Насціных аднагрупнікаў больш за палову працуюць па спецыяльнасці: у школах, інспекцыях па справах няпоўнагадовых, пашпартным стале. Амаль усе дзяўчаты. Сярод 60 чалавек, што вучыліся з Настассяй на патоку, было толькі пяць хлопцаў.

— Як думаеце, чаму сацыяльны работнік — жаночая прафесія? Справа толькі ў нізкім заробку?

— Ёсць яшчэ адна прычына, псіхалагічная — хлопцам звычайна больш складана знайсці кантакт з пажылымі людзьмі. Дый самі кліенты найперш хочуць бачыць жанчын. Калі тэлефануюць бабулі і просяць сацыяльнага работніка, а мы кажам, што ў нас ёсць мужчына, то чуем: «Ой, вы што, мы ж ненафарбаваныя будзем! Некаторыя знаёмыя не зусім разумеюць, чым займаецца сацыяльны работнік, даводзіцца тлумачыць, што гэта не прыбіральшчыца. «Мы не толькі парадак дапамагаем наводзіць. Набываем лекі, ходзім з нашымі бабулямі да натарыусаў. Падтрымліваем людзей, якія засталіся адны».

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.