Вы тут

Дзяўчаты-«школьніцы» і хлопцы ў белым


Якой бачаць моду маладыя дызайнеры?

Вы ўжо задумваліся, што надзенеце вясной? Пытанне здаецца нясвоечасовым толькі на першы погляд. Ва ўсім свеце дызайнеры прадстаўляюць калекцыі на наступны сезон яшчэ за паўгода, як ён пачнецца. Дык што будзе ў трэндзе? Цікавыя мадэлі для вясенне-летняга гардэроба мы шукалі ў калекцыях маладых дызайнераў, якія ўдзельнічалі ў конкурсе «Новыя імёны» на Беларускім тыдні моды.

[caption id="attachment_108871" align="alignnone" width="600"]Молодые белорусские дизайнеры пок Муж­чын­ская ка­лек­цыя ад Са­бі­ны Алы­шо­вай.[/caption]

Добрая навіна для тых, хто лічыць, што адзенне павінна быць зручным: камфорт — гэта модна. Дызайнеры ўжо не навязваюць нам вузкія спадніцы і топы «ў абліпку». Замест іх — свабодныя і прасторныя рэчы. Максімальна шырокія штаны, прамыя сукенкі-балахоны, аб'ёмныя блузы.

— Прасторнае адзенне прыдае вобразу мініяцюрнасць, — лічаць дызайнеры Валерыя КАПАН і Марыя НЕКРАШЭВІЧ. — За кошт вялікіх формаў, грубых ліній, як ні дзіўна, падкрэсліваецца жаноцкасць. Аверсайз (вопратка, быццам на памер большая, чым трэба. — Аўт.) — гэта камфорт і своеасаблівая абарона ад знешняга свету.

Пераможца конкурсу «Новыя імёны» Сабіна АЛЫШОВА лічыць, што вузкія рэчы, якія пэўны час былі папулярныя, проста надакучылі: «Хочацца свабоды, прасторы, руху. Уплывае заклапочанасць правільным ладам жыцця. На подыумах цяпер паказваюць адзенне, у якім цела «дыхае». Мне здаецца, будучыня за футурызмам, нейкімі новымі формамі і матэрыяламі, калі вопратка стане як другая скура».

Бадай, галоўная рыса ўсіх калекцый — мінімалізм. Творцы робяць стаўку або на колер, або на форму, або на дэталі. Зноў у модзе будзе высокая талія. Падкрэсліваць яе прапануюць не толькі з дапамогай адпаведных штаноў і спадніц, але і ўкарочаных цёплых кофтаў і лёгкіх топаў. Упэўнена, у многіх засталіся такія яшчэ з мінулага лета. Увогуле, некаторыя модныя тэндэнцыі будучай вясны перакачавалі з папярэдняга сезона, таму тым, хто пільна сачыў за подыумамі летась, абнаўляць гардэроб не давядзецца. А яшчэ лепш пакапацца ў рэчах бацькоў. Памятаеце школьную форму нашых маці? Тую самую сукенку з фартухом, якую цяпер папулярна апранаць на апошні званок? Дызайнеры вырашылі, што гэты фасон занадта ўдалы, каб прымяраць яго толькі раз у жыцці, і крыху дапрацавалі. Выбралі светлыя, менш кантрасныя колеры, падукарацілі ніз, прыбралі доўгія рукавы, «пагулялі» з формай фартуха — і сукенка на кожны дзень гатова.

[caption id="attachment_108873" align="alignnone" width="600"]5-9 Пра­стор­ная су­кен­ка для тых, хто лю­біць кам­форт.[/caption]

Незаменная рэч для мужчын наступнай вясной — светлы пінжак або лёгкае паліто. Мадэль знаёмая, але навізну ёй надаюць дэталі: устаўкі з пераплеценай тканіны, разрэзы, што складваюцца ў пэўны малюнак. «Мне падабаецца апранаць мужчын, яны пакуль абдзеленыя модай, — кажа стваральніца гэтай калекцыі Сабіна Алышова. — Натхненнем было падарожжа ў Азербайджан, у Баку. Я зрабіла простую канструкцыю, але выкарыстала шмат дэталяў, тое, што ўласціва ўсходнім народам».

На сёлетнім конкурсе маладыя дызайнеры павінны былі пашыць адзенне з лёну. Не самы зручны ў эксплуатацыі матэрыял, але маладыя творцы прыдумалі, як адаптаваць яго пад патрэбы рынку. Напрыклад, не адпрасоўвалі лён, які, як вядома, вельмі мнецца, а знарок зрабілі тканіну мятай. Ператварылі недахоп у «фішку». А мадэльеры Кацярына КАЗАК і Авігея ТОПАЛЬ прадставілі на паказе падшываны лён. «Глядзіцца, як іншы матэрыял, — заўважаюць дзяўчаты. — Думаем, многія ў будучыні звернуцца да гэтай тканіны».

Колер сезона? Адназначна белы. Маладыя куцюр'е раяць быць светлым чалавекам не толькі знутры. Калі ж вам даспадобы яркія колеры, спыніцеся на блакітным ці ружовым. У трэндзе таксама графічныя і акварэльныя прынты.

Вясна, на жаль, прыйшла пакуль толькі на подыумы. Па-за іх межамі куды больш актуальнае адзенне, у якім не змерзнеш. У чым сустракаць халады? Кацярына Казак і Авігея Топаль раяць купіць куртку-парку аверсайз і вялікія чаравікі накшталт мужчынскіх. Зручна і практычна.

[caption id="attachment_108872" align="alignnone" width="600"]5-8 Не па­зна­лі? Са­вец­кая школь­ная фор­ма на но­вы лад.[/caption]

— Насіце ўсё аб'ёмнае: шалікі, паліто. Рэчы буйной вязкі, — падказваюць Валерыя Капан і Марыя Некрашэвіч. — Вытрымлівайце манахромнасць у вобразе.

Сабіну Алышову мы папрасілі скласці «лук» для хлопцаў.

— Сёння шмат напрамкаў. Можа выбраць такія, як дэндзі, брутал, — прапануе дызайнерка. — Стыль «брутал» — гэта цёмныя паліто з шалікамі-«хамутамі», каўнярамі-капюшонамі. Па колерах — сіні, бэжавы, белы. Я б раіла насіць каляровы абутак. Увосень усё шэрае, самім хочацца схавацца ў цёмным паліто, а вось чаравікамі можна «пазіхацець». З аксесуараў — вялікія сумкі тыпу дарожных, капелюшы самыя розныя. Галоўнае — падкрэсліваць свае добрыя бакі. Але расстаўляйце правільна акцэнты: калі ў моду ўваходзіць тое, што вам не пасуе, не трэба гэта насіць.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.