Вы тут

Гонар і натхненне


З Каласавін мы вярталіся, калі ўжо ладна сцямнела. І хоць дзень быў насычаны рознымі сустрэчамі і гаворкамі, стома не адчувалася. Наадварот, настрой быў прыўзняты, святочны. Ад сустрэч з людзьмі, якія шануюць памяць пра песняра, ад цудоўных песень, ад гучання роднага слова. Было прыемна, што такі ж настрой адчуваўся і ў нашых гасцей з Санкт-Пецярбурга, Калінінграда, Кіева, літоўскага Друскінінкая, якія па запрашэнні Дзяржаўнага музея Якуба Коласа прыехалі, каб адсвяткаваць 133-ю гадавіну з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры.

— Едучы сюды, я перачытаў многае, што звязана з Якубам Коласам, захапіўся яго паэмай «Сымон-музыка», — сказаў, выступаючы на ўрачыстасці, адзін з гасцей. —
І зразумеў, што ваш Колас — пісьменнік планетарнага маштабу. Ён не толькі ваш, ён належыць усяму чалавецтву...

Я падумаў тады: «Колькі давялося нашым першапраходцам ад Скарыны і Сімяона Полацкага, ад Францішка Багушэвіча, ад Купалы і Багдановіча, ад сына гэтых стаўбцоўскіх палеткаў Кастуся Міцкевіча, які назваў сябе Якубам Коласам, ад пазнейшых Мележа і Танка, Быкава і Караткевіча даказваць сваёй адданай любоўю да Радзімы, сваім талентам і памкненнямі, каб беларусы сталі не толькі «людзьмі звацца», а занялі годнае месца ў супольнай сям'і народаў. Пераадольваючы самыя розныя перашкоды і адольваючы неверагодныя цяжкасці».

Мы шмат гаварылі потым пра ўзаемныя кантакты літаратараў, пра прыгажосць беларускай мовы, пра цудоўныя беларускія песні.

— Вы нават не ўяўляеце, як мы радуемся за вас, што ў вас тут мір і спакой, што вы так умееце адзначаць літаратурныя святы! — шчыра казалі замежныя госці.

6-33

Чуць такое было, несумненна, прыемна. Што і казаць, мы самі часам не заўважаем, як прыкметна ў нас вырасла за апошні час агульная культура ў адносінах да гістарычнай спадчыны, да культуры, да іншых сфер паўсядзённага жыцця людзей. Безумоўна, не ўсё так гладка, ёсць праблемы, але не заўважыць пазітыўных змен за апошнія дваццаць гадоў, якія адбыліся ў нашай краіне, было б яўна несправядліва.

Госця з Кіева, кіраўнік цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, казала мне ў прыватнай размове, што два гады іх сталічныя бібліятэкі не атрымлівалі ніводнага літаратурнага часопіса і толькі цяпер знайшліся грошы, каб выпісаць з новага года некалькі найменняў перыядычных выданняў.

Ну, а цяпер давай пра дарогі!» — усміхнецца скептык. А чаму б не? Хіба нашы дарогі не адрозніваюцца ў лепшы бок ад дарог суседзяў, хіба не працягнуліся на нашых абсягах сучасныя аўтабаны, хіба не з'явіўся даволі прыстойны прыдарожны сэрвіс з сучаснымі аўтазапраўкамі, дзе ёсць магазіны, кавярні, месцы для адпачынку?

Хіба не павялічыўся паток турыстаў, хіба не аднаўляюцца старажытныя замкі і палацы?

Іншая справа, што нехта хоча большага і лепшага, гэта добрае жаданне, ды яно патрабуе крокаў ад ужо новай, больш якаснай кропкі адліку.

Вельмі важна, што за гэтыя гады нашы людзі пачалі больш ясна ўсведамляць, што мы — краіна з багатай гісторыяй, уласнымі традыцыямі, што свабода і незалежнасць — не нейкія абстрактныя паняцці, а наша сённяшняя ява.

Усяго дванаццаць гадоў таму, калі я прыйшоў працаваць у замежную рэдакцыю беларускага радыё, яно вяшчала ў міжнародным эфіры чатыры гадзіны ў суткі на чатырох мовах. Сёння агульны аб'ём вяшчання міжнароднага радыё «Беларусь» складае 26 гадзін у суткі і нас можна слухаць у эфіры і інтэрнэце на васьмі мовах, уключаючы кітайскую.

Пошта прыносіць лісты, дзе слухачы пішуць, што яны шмат дазналіся пра нашы помнікі і славутых людзей, пра гісторыю і пра сённяшні дзень беларусаў.

І мы рады, што наша Беларусь паўстае ў вачах гасцей сучаснай еўрапейскай дзяржавай з цудоўным працавітым і адукаваным народам.

— Я хацеў бы жыць у Мінску, — сказаў мне падчас Коласаўскага свята музейшчык з Калінінграда. І гэта было для мяне яшчэ адным штрыхом для адчування гордасці за сваю краіну.

Хто мог яшчэ не так даўно ўявіць, што на футбольным стадыёне, які адпавядае ўсім еўрапейскім стандартам, у невялікім беларускім горадзе Барысаве, будуць выступаць найлепшыя футбольныя клубы Еўропы, што на канцэртных пляцоўках Мінска сваё майстэрства змогуць дэманстраваць зоркі сусветнага мастацтва, што многія нашы дзеячы навукі, культуры, мастацтва стануць лаўрэатамі прэстыжных міжнародных прэмій...

Але ўсё гэта — наша сённяшняя рэальнасць. Рэальнасць, якая не далася сама па сабе, рэальнасць, якая стала вынікам стваральнай працы нашых людзей, станаўлення нашай маладой суверэннай дзяржавы.

Ацаніць гэта і пайсці далей, развіваць і памнажаць усё найлепшае, ісці па шляху стварэння, а не разбурэння — вось што трэба нам цяпер, вось на што хочацца траціць свае талент, сілы, уменне і майстэрства.

Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.