Вы тут

Усе дарогі вядуць у... сталіцу


На днях стала вядома, што Маладзечна выбрана культурнай сталіцай Беларусі 2016 года. Што значыць гэтая падзея для жыхароў горада і ў цэлым Міншчыны, да чаго абавязвае, што новага будзе прапанавана гледачу? Пра гэта і іншае расказалі першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама Святлана Баранок і дырэктар Палаца культуры г. Маладзечна, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Святлана Сарока.

6-34

Святлана Баранок:

— Мінская вобласць прадставіла на саісканне гэтага звання два гарады — Слуцк, які ў наступным годзе адзначае 900-годдзе, і Маладзечна, якое ўжо трэці раз хадайнічае аб яго прысваенні. Маладзечна, можна з упэўненасцю сказаць, з'яўляецца некаранаванай культурнай сталіцай Міншчыны. У горадзе працуюць установы культуры абласнога падпарадкавання: Мінскі абласны драматычны тэатр, абласны тэатр лялек «Батлейка», абласны краязнаўчы музей, Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М.К. Агінскага. У раёне функцыянуюць філіялы дзяржаўных рэспубліканскіх музеяў: Янкі Купалы (вёскі Яхімоўшчына і Вязынка), Максіма Багдановіча (вёска Ракуцёўшчына). Акрамя таго, архітэктура, інфраструктура Маладзечна найлепшым чынам спрыяе таму, каб ён стаў культурнай сталіцай Беларусі. Бясспрэчна, гэта — важная падзея ў жыцці вобласці. Мы разлічваем, што, акрамя тых мерапрыемстваў у сферы культуры, якія праводзяцца на Маладзечаншчыне, пачэснае званне надасць новы імпульс для творчых сувязяў, абменаў, гастроляў прафесійных калектываў. Думаю, што сумесныя праекты з Міністэрствам культуры дазволяць яшчэ больш расшырыць межы культурнага супрацоўніцтва.

Святлана Сарока:

— Кожны год на маладзечанскай зямлі рэалізуюцца значныя культурныя праекты. Не стане выключэннем і наступны. На працягу яго пройдзе цыкл мерапрыемстваў «Майстры мастацтваў — культурнай сталіцы Маладзечна»: канцэртныя праграмы вядучых творчых калектываў і выканаўцаў, выставачныя экспазіцыі вядомых мастакоў, спектаклі, сустрэчы з прызнанымі майстрамі мастацтваў Беларусі, краін блізкага і далёкага замежжа. Гэта дапаможа прадоўжыць і ўмацаваць творчыя сувязі з гарадамі-пабрацімамі Маладзечаншчыны. Не кожны рэгіён можа пахваліцца такой колькасцю «братоў». А ў Маладзечанскага раёна іх 21 — з Расіі, Польшчы, Літвы, Украіны, Балгарыі.

Знакавым стане і правядзенне ХVІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі. Сёлета ён асаблівы — прысвечаны 75-годдзю з дня нараджэння народнага артыста СССР, усімі любімага песняра Уладзіміра Мулявіна.

На рахунку заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь сімфанічнага аркестра Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага і Маладзечанскага маладзёжнага народнага тэатра нямала творчых праектаў: пастаноўкі опер, канцэртныя праграмы не толькі ў Беларусі, але і ў Францыі, Эстоніі, Польшчы, Літве. На працягу двух апошніх гадоў з поспехам прайшлі канцэрты ў межах сумеснага тэлевізійнага праекта музычнага каледжа, Палаца культуры і Белтэлерадыёкампаніі «Навагоднія вечары ў Маладзечне», «Маладзечна запрашае». У наступным годзе плануецца працяг гэтага цудоўнага пачынання: аматараў класічнай, джазавай, сучаснай музыкі чакаюць незабыўныя сустрэчы. У міжнародным творчым праекце «Маладзечанцы — роднаму гораду» прымуць удзел выпускнікі музычнага каледжа, а цяпер — вядучыя салісты оперных тэатраў свету. У межах форуму адбудуцца творчыя вечары вядомых землякоў: заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі кампазітара Алега Елісеенкава, паэтаў Леаніда Путырскага і Кастуся Цыбульскага.

2016 год па традыцыі стане сталіцай танцавальнага дзейства — міжнароднага турніру па спартыўных бальных танцах «Кубак Маладзечна», падчас якога выступяць найлепшыя танцавальныя пары больш як з 11 краін свету.

Асаблівая падзея для моладзі — фестываль творчых ініцыятыў «Час жыць!», які набыў ужо папулярнасць. Ён дазваляе не толькі выявіць таленты, але і прыцягнуць сацыяльна неўладкаваных маладых людзей да актыўнага творчага жыцця і валанцёрскай дзейнасці.

Упершыню ў 2016-м адбудзецца творчы конкурс «Сімвал маладога пакалення», фестываль пясочнай анімацыі SаndАrt, таксама пройдзе ўручэнне штогадовай маладзёжнай прэміі «Рэспект года». Патрыятычнаму і маральнаму выхаванню будзе садзейнічаць маладзёжны праваслаўны баль «Грамніцы-2016», адкрыты конкурс харавых і вакальных калектываў духоўнай музыкі «Музыка душы маёй».

Не застанецца без увагі і старэйшае пакаленне. Фестываль «Звіні, наша песня, пераможным салютам», свята «Асенні настрой», адкрыты конкурс «Мы шукаем таленты» збярэ найлепшыя ветэранскія калектывы і выканаўцаў пажылога ўзросту.

Важная ўмова для нас — арганізацыя канцэртна-гастрольных праектаў. Гледачоў парадуюць міжнародны фестываль «Рок-каранацыя», канцэртныя праграмы вядучых выканаўцаў і калектываў беларускай і расійскай эстрады: Аляксандра Разэнбаума, Дзмітрыя Калдуна, Міхаіла Шуфуцінскага, Глеба Матвейчука і іншых.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.